Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Лірыка

2. Кароткі змест Пан Шабуневіч


Кароткі змест Лірыка

Алесь Гарун вельмі любіў сваю радзіму і свой народ, засведчыўшы гэту любоў паэтычным словам і рэвалюцыйнай, антыўрадавай дзейнасцю, за што быў сурова пакараны. Знаходзячыся далёка ад роднай Беларусі, паэт думкамі, сэрцам быў з ёй. Яна паўставала перад Алесем Гаруном у вобразе жанчыны-маці.

Горам, матуля, цяпер ты замучана,

Стогнам спавіта у сець з ланцугоў,

Рукі і ногі да слупа прыкручаны,

Ціха наругу ты зносіш, без слоў,—

пісаў паэт у вершы «Мілая, родная старонка-маці!..»

Паэт нёс у сэрцы і нядолю, прыгнечанасць Бацькаўшчыны, і яе прыгажосць. Кантрасныя малюнкі-карціны роднага краю паўстаюць у вершы «Як надарыцца мінута...»:

Ты няшчасны і убогі,

Ты бяздольны і забіты,

Ты без шляху, без дарогі,

Ты абдзёрты і прапіты,

Подлай здрадаю праданы.

Ты не свой,—даўно забраны.

...Ты квяцісты, залацісты,

I прыгожы, і аздобны,

Ты лясісты, каласісты.

Можа, рай табе падобны —

Колькі ж моцы маеш скрытай,

Колькі сілы неспажытай.

У заключнай страфе верша гучыць вера ў адраджэнне роднага краю:

 

Ты паўстанеш, працавіты,

Гаратнічы, невымоўны,

Шчасця, долі прагавіты,

Мой сланэчны, мой чароўны!

Будзе час, пабачаць сведкі,

Хоць не мы, дык нашы дзеткі.

Два апошнія радкі сведчаць, што паэт разумеў няпростасць адраджэння. Каб «паўстаць», адрадзіцца, патрэбна праца, змаганне ўсіх і кожнага, патрэбна «дух свой з рабства распрастаць». Вершамі «Кліч», «Муляру», «Брацця, к агульнаму шчасцю...» Алесь Гарун заклікаў свой народ «к агульнаму шчасцю... жыццё кіраваць». У гэтых вершах гаварыў паэт-рэвалюцыянер, які хацеў збудаваць для ўсіх людзей

Мур вялікі, вольнай волі,

Мур высок! да нябёс,

Мур братэрства, роўнай долі,

Мур для радасці без слёз.

(«Муляру»)

Алесь Гарун адмаўляў прыгнёт адных народаў другімі («Крыўды людской нам не трэба, Слёз не бажаем нічых»). Яго чалавечымі і палітычнымі ідэаламі былі «роўнасць, братэрства і згода».

Але гаворачы пра «панства братэрства і працы, вольнасці, хлеба й святла», заклікаючы «новы ўсім лад будаваць», Алесь Гарун заставаўся сынам сваёй роднай зямлі, адстойваў права на сваю мову, культуру, незалежнасць. Па Гаруну, быць роўным сярод роўных не азначала пазбавіцца нацыянальнай адметнасці, у гэтым ён разыходзіўся з бальшавіцкім разуменнем інтэрнацыяналізму.

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,

Роднай мовы сваёй не цурайся;

Як не зрокся яе пад прымусам,

Так і вольны цяпер не зракайся, —

пісаў паэт у 1910 г. («Ты, мой брат, каго зваць Беларусам»). Як і Купала, Гарун не аднойчы звяртаўся да мінулага радзімы, шукаючы там «прычыны нашых бед і крыўд». У вершы «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам» паэтычнымі сродкамі ўзнаўляецца гісторыя роднага краю:

У старыну Беларус, не падданы,

Гаспадарыў, быў сам над сабою

I далёка ў свеце быў знаны

За літоўскай і ляшскай зямлёю.

Але насталі іншыя часы — «беларуская слава і воля адышла, адцвіла, закацілась».

У тым, што народ не знік, не загінуў, паэт бачыў заслугу мовы. Яна адна заставалася незабранай «у сялянскай аграбленай хаце». Як запавет нашчадкам гучаць апошнія радкі верша:

Дык шануй, Беларус, сваю мову —

Гэта скарб нам на вечныя годы;

За пашану радзімаму слову

Ушануюць нас брацця-народы!

Сваю «вяскову, просту, а святую» мову ўслаўляе паэт у «Гімне роднай мове». Услаўляе «за муку вечную», бо яна цярпела гэтак жа, як і людзі, што ёй не здрадзілі, за «вяліку справу», бо яна аб'ядноўвае народ, робіць яго духоўна прыгожым.

Будучы далёка ад роднай зямлі Алесь Гарун глыбока перажываў падзеі першай сусветнай вайны, разумеў, што яны яшчэ больш ўскладнілі становішча беларускага народа, памножылі яго няшчасці і гора. Як і ў М. Гарэцкага, творы Алеся Гаруна выразна антываенныя. Беларускія пісьменнікі з самага пачатку адчулі несправядлівасць вайны, яе грабежніцкі, захопніцкі характар. «Усё цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам... ва славу... ва славу... чаго? Вызвалення «малых» народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна», — ставіць пытанне Лявон Задума ў запісках «На імперыялістычнай вайне».

Сорам і ганьба для свету вайна,

Як ні мяркуй, ні судзі;

З боскіх законаў смяецца яна... —

заяўляе Алесь Гарун у вершы «Праводзіны» (1914). Аднак чалавек павінен ісці ваяваць, бо «кліча агульны прыказ». Твор напісаны ў форме наказу будучаму салдату, які пакідае «радзімую старану, сямейку»: памятаць пра блізкіх і родных, не быць палахлівым. А далей — нечаканае:

Будзе праціўнік пабіты, ляжаць, —

Ты пашкадуй яго, брат!

Раны завяжаш, паможаш устаць, —

I ён чалавек і салдат.

Брат, у далёкай сваёй старане

Мае ён дзетак, сям'ю...

Помста ці хцівасць цябе як штурхне,

Ўспомні сямейку сваю.

Старасці, цноце не помні ураз,

Гэтым сумлення не плям.

Быў чалавекам ты, браце, у нас,

Будзь чалавекам і там.

Алесь Гарун заклікаў да спагадлівасці, да чалавечнасці, проціпастаўляючы жорсткасці вайны міласэрнасць, дабрыню.

Творчая спадчына паэта тэматычна багатая і шматстайная. Побач з грамадзянскай лірыкай — глыбокія па думцы, арыгінальныя па мастацкаму выяўленню філасофскія вершы («Жыццё», «Як ліст вярбінкі маладой...» і інш.), маляўнічыя, настраёвыя прыродаапісальныя («У прыпар», «Вясна», «Вецер»), усхвалявана лірычныя, інтымныя («Дзяўчаці», «Пралескі»).

Лёс быў жорсткім да Алеся Гаруна. Большая частка яго твораў напісана ў выгнанні. Нельга назваць спрыяльнымі для творчай працы і апошнія гады жыцця, калі паэт вярнуўся на знявечаную, разбураную, разграбленую першай сусветнай вайной, пазнейшымі акупацыямі радзіму. Аднак ён ішоў у літаратуры сваім шляхам, «не з'яўляўся, — як сказаў пра Алеся Гаруна яго сучаснік М. Багдановіч, — нічыім падгалоскам».





Кароткі змест Пан Шабуневіч

Пана Шабуневіча «са старапапельскіх Шабуняў» да слёз узрушыла прамова чалавека, які гаварыў на роднай мове. Ён адчуў падтрымку ўласным уяўленням і перакананням.

Жонка пана Шабуневіча, шляхцянка і каталічка «аж з дзесятага калена», не можа дараваць мужу «ані рэлігійнай бесстароннасці, ані яго «простай», «мужыцкай» мовы». Пан Шабуневіч доўга не спрачаўся, «калі жонка пачынала аб веры», але ніколі не ўступаў, калі спрэчка перакідалася на мову. Гэтыя два пытанні заўжды парушалі сямейны лад і паразуменне.

Адбываюцца выбары ў земства. Шабуневіча запісалі ў польскую курыю. Сваёй, беларускай, ён не знайшоў, хоць ёсць руская, яўрэйская. Не дапамаглі і «разумныя кніжкі», газеты на роднай мове, якія ён пачаў чытаць і збіраць.

Радуе пана Шабуневіча, што дадзены дазвол у пачатковых школах дзяцей навучаць веры на той мове, якой размаўляюць бацькі. Толькі зноў расчараванне — «беларускую мову яшчэ раз выкасавалі з ліку родных моў».

Марыць пан Шабуневіч аб «школцы беларускай. Чытаць, пісаць і крыху гісторыі».

Мастацкія асаблівасці

Алесь Гарун уводзіў у беларускую прозу новыя тэмы, праблемы, узбагачаў яе новымі жанравымі формамі. Празаічная спадчына пісьменніка невялікая па памеру, аднак разнастайная і цікавая.

Апавяданнем «Пан Шабуневіч» пісьменнік падключаўся да адраджэнцкай праблематыкі. У творы ўзнаўляецца «вельмі паказальная і тыповая для Беларусі нацыянальна-моўна-рэлігійная сітуацыя, у якой праваслаўе існавала побач з каталіцызмам, рускія і палякі лічыліся бадай аднолькава паўнапраўнымі і раўнапраўнымі жыхарамі зямлі. I толькі беларушчыны ні адны, ні другія прызнаваць ніяк не хацелі» (У. Казбярук).

Герой апавядання — рамеснік-шавец Ян Шабуневіч. Слова «пан», якое ўжывае аўтар, у даным выпадку ідэнтычнае зваротам «спадар», «сударь», «таварыш» і г.д. Пан Шабуневіч — так званы просты чалавек, ён жыве з працы сваіх рук, добры муж і бацька. Вылучае яго сярод іншых нацыянальная самасвядомасць. Герой твора хоча афіцыйна называцца беларусам, гаварыць на роднай мове, вучыць сына ў нацыянальнай школе. Дзякуючы рэвалюцыйным падзеям 1905—1906 гг. нейкія зрухі ў гэтым плане пачаліся. Пан Шабуневіч акрылены вяртаецца дадому з мітынгу, пачуўшы выступленне беларускага прамоўцы. Потым з'яўляецца ў яго магчымасць чытаць перыядычныя выданні і кнігі на роднай мове. Аднак карэнным чынам сітуацыя не змянілася, у чым ён пераканаўся ў час выбараў у земства. Не адбылося станоўчых зрухаў і ў школьным навучанні — «беларускую мову яшчэ раз выкасавалі з ліку родных моў». I ўсё ж пан Шабуневіч не апускае рук, спадзяецца на лепшае, хоць прыкрасць і расчараванні падпільноўваюць яго на кожным кроку. Герой не можа даказаць слушнасць уласных высноў ні «дзяржаўным людзям», чыноўнікам, ні ўласнай жонцы. Апошняе якраз найбольш псуе нервы пану Шабуневічу. Яго жонка-каталічка аж «з дзесятага калена» не падзяляе погляды на мову і веру і імкнецца «перавыхаваць» свайго чалавека. Спакойны і лагодны па характару пан Шабуневіч вымушаны абараняцца. Такім чынам, канфлікты на нацыянальнай глебе псуюць адносіны паміж добрымі людзьмі, бо ва ўсім іншым пан Ян і пані Янова разумеюць адзін другога і жывуць душа ў душу;

Акцэнтуючы ўвагу на штодзённым жыцці героя, А. Гарун гаворыць пра рэлігійную і нацыянальную падзеленасць нашага народа, пра вялікія цяжкасці, што стаялі на шляху беларускага Адраджэння.

 

У галерэі вобразаў нацыянал-адраджэнцаў пан Шабуневіч займае асобнае месца. Наша проза звычайна паказвала прадстаўнікоў інтэлігенцыі, людзей, якія хоць і былі выхадцамі з вёскі, але змаглі атрымаць адукацыю (героі твораў М. Гарэцкага, Я. Коласа). Герой А. Гаруна так званы народны тып. Ён не прэтэндуе на ролю асветніка, кіраўніка маласвядомай вясковай масы. Пан Шабуневіч змагаецца за свае права быць беларусам і гэтым робіць уклад у адраджэнне роднага краю.

Побач з панам Шабуневічам у творы стаіць герой-апавядальнік, прычым ён з'яўляецца паўнапраўным удзельнікам узноўленых падзей, раскрываецца як асоба. Менавіта праз яго аўтар паказвае ўзрушэнне чалавека, які ўпершыню пачуў з трыбуны беларускае слова: «Ад першых слоў прыемна заказытала ў грудзях, на момант перахапіла дух... Ён (прамоўца. — Т.Г.) журыўся на чорную нядолю, якая агарнула бацькаўшчыну, на глуз і здзек, што запанавалі над ёю, на атрутнае занядбанне роднай мовы... Калі праўдзівым дакорам расцінаў ён сэрца, то і добрым словам гаіў яго, бо даваў I надзею, што ёсць мага хоць што, калі ўжо не ўсё паправіць. р Моцай іх падняў ён мяне па-над гэтай заляй, па-над гэтымі людзьмі і памчаў за горад...» Герой-апавядальнік расказвае пра жыццё, расчараванні і надзеі свайго знаёмага, пана Шабуневіча, і адначасова падсвечвае, карэкціруе, удакладняе, тлумачыць падзеі. Боль і клопат рамесніка яму зразумелыя, апавядальнік сам з'яўляецца адраджэнцам. Ён нават быў арыштаваны і высланы на пяць гадоў. Пра апошняе ў апавяданні паведамляецца своеасабліва: жандарм і паліцэйскія называюцца «даўным знаёмым з двума сваімі сябрукамі», арышт — «шчырым запрашэннем да сябе ў госці».