Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Зацюканы апостал

2. Кароткі змест Выбачайце, калі ласка



Кароткі змест Зацюканы апостал

Дзеючыя асобы:

Тата.

Мама.

Сын.

Дачка.

Дзед.

Палітычны каментатар.

Месца дзеі — недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага...

Час дзеі — якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй. Акурат у свежай баразне паміж імі.

Кароткі змест:

Дзея першая

Карціна першая

(Сучасная кватэра накормленага чыноўніка... Злева — шырокае акно, таму ў пакоі вельмі светла... Вялікі пакой. Тут усяго багата, як на нашай планеце. Але найбольш уражвае... на ўсю сцяну суцэльны кніжны стэлаж, напакаваны рознымі-рознымі кнігамі. Каля стэлажа лёгкія лёсачкі, якімі часта карыстаецца сын, каб дастаць кніжку з верхняй паліцы... Мама шукае месца новай карціне...)

Высвятленне адносін паміж Татам і Мамай пачынаецца з карціны і статуэткі, аднак тут жа яно пераключаецца на выхаванне дзяцей.

Мама. ...Я выхоўваю ў сваіх дзяцей павагу да рэальных рэчаў.

Тата. Да вадасцёкавай трубы, да тумбы, да тэлеграфнага слупа, каўбасы, ботаў... Яшчэ да чаго?

Дачка прыбягае з вуліцы і расказвае, што «наш малыш толькі што паскандаліў... расквасіў Мухамеду нос». Тата задаволены, што сын «натоўк морду». Мама збіраецца сына пакараць. Дачка пайшла забраць Малыша з вуліцы.

 

Высвятленне адносін працягваецца. Тата «суіснаваць» дзеля дзяцей не згодзен. Мама быццам прымае «разрыў», але папярэджвае, што дзеці застануцца з ёй.

Прыходзяць Дачка і Сын. «Міжнародная камісія» ў асобе Таты і Мамы разбіраецца — «быў гэта акт агрэсіі ці самаабароны». Тата расцэньвае ўчынак Сына як самаабарону. Мама — па-іншаму, таму абяцае цэлы месяц не выпускаць яго з дома. Сын нагадвае гісторыю грэка Паўзанія, якога за здраду гораду замуравалі ў храме, і першы камень паклала на парог храма яго маці. Пытаецца, ці не хоча Мама паўтарыць подзвіг грачанкі. Тата катэгарычна заяўляе: «Малыш будзе свабодны! Рукі прэч ад Малыша!»

Паміж бацькамі ўспыхвае спрэчка. Мама заяўляе пра развод, пытаецца ў Дачкі, з кім яна застанецца. Дачка, плачучы, выбірае Маму. Сын у гэты момант бяжыць глядзець час палітычнага каментатара. Пасля настойлівых патрабаванняў Мамы ён заяўляе, што падумае. Потым пытае ў Таты, ці будзе «кампенсацыя за матэрыяльныя страты», за парваную ў бітве з Мухамедам шапку. Тата абяцае і Сын выбірае яго.

Карціна другая

Дачка нібыта рыхтуе ўрокі. Замаскіраваўшы ў падручніку люстэрка, яна перад ім вучыцца какетнічаць. З'яўляецца Сын з бярэмам кніг, часопісаў і газет. Ён узбіраецца на лесачкі, праглядвае газеты і часопісы.

Мама шукае сваю памаду. Дачка дастае яе са свайго партфеля. Мама надзела прыгожую модную занадта кароткую сукенку, настойліва выпраўляе дзяцей на вуліцу. Сын нагадвае пра месячнае пакаранне, якое яшчэ не скончылася, потым заяўляе, што з дзецьмі яму сумна. Улучыўшы момант, Сын хаваецца ў нішу з Будай. Мама, пераканаўшыся, што ў кватэры адна, тэлефануе студэнту, дамаўляецца пра спатканне вечарам. Сын падае з нішы голас, яго зацікавіла, што такое калёквіум, на які яна збіраецца вечарам ісці. Мама амаль што ў шоку. Прыйшоўшы ў сябе, яна хоча пакараць сына. Той прапаноўвае мір на наступных умовах: Мама купляе яму кеды, новы дыпламатычны слоўнік і навушнікі, а ён усё забывае. Мама ідзе «на вольнае паветра» абдумаць «мірныя прапановы».

Сын разважае над сітуацыяй: «Яна пра мяне хоча ўсё ведаць, а я пра яе ўсё ведаць не магу. Але ж дзеці павінны ўзбагачацца вопытам бацькоў. (З крыўдай.) Ад мяне дык патрабуюць — што б я ні зрабіў, нават калі нашкодзіў — не ўтойваць, прызнавацца. А чаму ж яна? А можа, і яна нашкодзіла?» Успамінае пра палітычнага каментатара.

Дачка пытаецца, за што ён пакрыўдзіў Маму. Малыш гаворыць, што яна пайшла не пакрыўджаная, а заклапочаная, «бо кеды і навушнікі лёгка знайсці, а дыпламатычны слоўнік пашукаць трэба». Дачка здзіўлена, як яму так лёгка ўдаецца ўсё выпрошваць у бацькоў.

Сын: «Можна сілай адабраць, а можна і веданнем. Я вырваў «знанием».

Тата прынёс сыну самалёцік і яшчэ нейкі скрутак. Дачка пакрыўджаная, пра яе, як і заўжды, бацька забыўся.

Тата прапаноўвае дзецям пайсці на вуліцу. Сын хоча забраць з сабой тэлефон, каб «весці двухбаковыя перагаворы з Мухамедам цераз плот». Бацька ставіць апарат на месца і нецярпліва паглядвае на гадзіннік. Пакуль Тата ў спальні, Малыш хапае сястру за руку і цягне пад стол. Тата тэлефануе мадэмуазель у філіял Арганізацыі Аховы Маралі, дамаўляецца пра сустрэчу сёння і запрашае на імяніны да сябра заўтра. Нечакана заўважае пад сталом Сына.

Малыш прапануе Тату купіць індульгенцыю. Аднак той расказвае прытчу пра рыцара, які па настойлівай просьбе манаха купіў у яго індульгенцыю аб адпушчэнні грахоў і мінулых, і будучых і тут жа абрабаваў божага служку. Сын прытчу зразумеў, просіць толькі не забывацца на Дачку.

У размове з сястрой Малыш крыўдуе, што не расце ў яго барада. Тады б ён пачаў перадвыбарную кампанію за пасаду прэзідэнта. Сястра заўважае, што брат надта рвецца да славы. Малыш разгортвае пакунак, які Тата купіў сябру на імяніны. Там — «надзімная гумавая жанчына без ніякай маскіроўкі — галыш». Сын танцуе з лялькай, парадзіруючы твісты, рок-н-ролы.

Дзея другая

Карціна трэцяя

Сын вырашае для сябе пытанне: ці ёсць у яго патрэбныя рысы характару, каб «стаць на чале дзяржавы, стаць правадыром нацыі...» Веды ў яго ёсць, чужога вопыту хопіць. «Сучасны цэзар,— заяўляе Малыш, — павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фальшывым, цвёрдым і ўпэўненым, нават калі грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор...» Сястра не хоча бачыць такім свайго брата, гаворыць, што ў яго няма патрэбных якасцей.

Сын збіраецца праверыць гэта на сваіх блізкіх.

Дачка зайздросціць, што ў Малыша шмат цацак, і ўсё таму, што ён выбраў Тату. Сын тлумачыць, што «паслухмяным заўжды меншы кавалак дастаецца». Вучыць быць больш патрабавальнай.

Прыходзіць Мама, аддае Сыну кнігу і пакуначак з падарункамі. Дачка патрабавальна выцягвае руку, гаворыць: «Малыш правільна выбраў. Тата яго болей любіць, чым ты мяне... Толькі ты глядзі, мама! Акалі ўсе ўбачаць, што дзеці пайшлі не за табой, а за татам? А?» Мама ў роспачы ідзе на кухню.

Дачка пачынае шкадаваць, што пакрыўдзіла Маму. Сын задаволены эксперыментам, ён праверыў, як можна выкарыстаць зайздрасць, просіць у сястры прабачэння.

Прыходзіць Тата, але без падарунка, бо яго «бюджэт проста не вытрымлівае».

Дачка бяжыць на званок і вяртаецца з тэлеграмай у руках. Тэлеграму (ад Дзеда) Малыш забірае, каб праверыць магчымасць «узаемапаразумення паміж татам і мамай на базе павагі да продкаў». Дачка і Сын прымушаюць Маму і Тату танцаваць, падключаюцца да танца самі. Раптам Малыш кідаецца з дзікім крыкам на сястру. Пачынаецца бойка. Мама і Тата расцягваюць дзяцей. Спрабуюць зразумець, што здарылася. I тут жа ўспыхвае спрэчка паміж дарослымі, якая гатова перарасці ў бойку. Дзеці расцягваюць бацькоў. Сын нагадвае пра тэлеграму.

Дзядулю сустрэць ужо спазніліся. Сын робіць так, што Мама ідзе гатаваць закуску, а Тата ў" краму за каньяком (грошы пад працэнты яму даў са сваёй капілкі Сын). Маме прыходзіць у галаву думка адправіць дзяцей да бабулі з дзедам на ферму, адправіць надоўга, на год ці два. Дачка і Сын супраць. Сын падстройвае, што Мама кінулася Тату на шыю, калі той вярнуўся з магазіна.

Незаўважаным уваходзіць Дзед з сумкай і чамаданам. Ён разглядае ўнукавы самалёты, абураецца неразумнай тратай грошай. Сын паведамляе Тату пра намер Мамы адправіць яго з сястрой на ферму. Просіць Маму пагаварыць з Дзедам, каб той дапамог Тату з працай. Мама да просьбы ставіцца непрыязна. Малыш заўважае сабе, што бацькоў раз'яднаў, пасварыў, а цяпер трэба з'яднаць.

 

Дзед і ўнук гавораць пра сучасную моладзь, стары называе яе несур'ёзнай, Малыш даказвае, што ёсць і іншая.

Мама запрашае абедаць. Дзед расказвае, як быў грэкам і «памагаў арабам здабываць свабоду», дапамагаў таксама эфіопам, іспанцам. Малыш пытаецца, колькі ён «на свабодзе і незалежнасці» зарабіў.

Тэлефонны званок. Малыш падымае трубку, называе свайго суразмоўцу хамам. Потым паведамляе Тату, што званіў яго шэф. Каб выратаваць бацьку ад «рабства», залежнасці ад начальніка, збіраецца пазваніць шэфу шэфа за акіян. Тата забірае тэлефон.

Дзед гаворыць, што забярэ ўнука на ферму на перавыхаванне. Раззлаваны Малыш «выдае праўду»: што Мама і Тата яго не любяць, нават. ненавідзяць за тое, што ён выпадкова выкрыў іх падман, што дарослыя ніколі не гавораць праўду. «Я — маленькі, і мая хлусня маленькая. А вы вялікія. I ваша хлусня — аграмадная! Для мяне яна аграмадная. Запомніце! Самая вялікая хлусня — гэта хлусня маленькаму чалавеку...»

Дачка здагадалася, што Малыш распачаў чарговы эксперымент, хоча яго спыніць.

Тата, выведзены з цярпення, гоніць Сына вон, Дзед расшпільвае папругу. Малыш забіраецца на самы верх лесачак, крычыць, што з'яднаў блізкіх людзей праўдай, нянавісцю да праўды. Ён адштурхоўваецца з лесачкамі ад кніжнай паліцы і вылятае за акно. Мама страціла прытомнасць, у Дзеда падкасіліся ногі, Тата аслупянеў. Дачка выглянула ў акно і кінулася ратаваць брата.

Убачыўшы з трэцяга паверха, што Малыш цэлы, Тата, Дзед, Мама пачынаюць шукаць вінаватага, ківаць адзін на другога.

Сястра прыводзіць брата. Малыш ідзе павольна, галава высока ўзнята. Аднак твар яго дзіўны, «не зразумець — ці то ён цяпер святы, ці то ён чокнуты. Вочы пустыя, чужыя, тоўсты язык не змяшчаецца ў роце». На роспыты — ты не разбіўся? табе не баліць нічога? і сіняка няма? і не страшна было? — Сын адказвае вяла і аднатонна. Усе садзяцца за стол, накладваюць Малышу на талерку, ён старанна жуе. Уключаюць палітычнага каментатара — з боку Сына ніякай рэакцыі, выключаюць тэлевізар — тое самае.

 

Дачка (раптам адкрыла). Ды ён жа ідыётам стаў! Тата! Мама!

...Тата (адварочваецца). А можа, гэта і лепш?..

Дзед. Вам?... Вам — лепш.

Мама. Ды і яму.

Дачка не згодна, што гэта лепш. («Я на касцёр! На эшафот! На крыж пайду, каб не стаць такой, як ён!»)

Сын. Ты заўсёды такая. Вы заўсёды такія.

Ён бярэ толстую кнігу і вельмі павольна ўзнімаецца па лесачках на самы верх.

Мастацкія асаблівасці

«Зацюканы апостал» (1969) з'яўляецца першай напісанай А. Макаёнкам трагікамедыяй, творам, у якім складаныя, драматычныя праблемы раскрываюцца камедыйнымі сродкамі. Аўтар звярнуўся да прыёму тэатральнай умоўнасці (умоўныя абставіны, у якіх дзейнічаюць персанажы). Вобразы ў творы абагулены да сімвалаў. Іх «імёны» гавораць пра ступень роднасці і прыналежнасці да пэўнага пакалення — Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед. Сын часам называецца Малышом. Пералічваючы на пачатку п'есы персанажаў, драматург дае ім досыць шырокую характарыстыку, якая пасля пацвярджаецца ўсім дзеяннем.

Так, Тата — «звычайны, хатні, такіх многа. Зусім ручны: хто паманіць, да таго і ідзе... Праўдзівы, як большасць мужчын». Аўтар падкрэслівае тыповасць, «сярэднясць», нічым не вылучанасць гэтага персанажа і ў рэмарцы на пачатку першай карціны («Сучасная кватэра накормленага чыноўніка. Ва ўсякім разе, сёння яго сям'я сытая»). Аднак Тата сабраў вялікую бібліятэку. У пакоі, дзе адбываюцца ўсе падзеі, «найбольш уражвае, выклікае пачуццё, нібы ў храме, нібы ў свяцілішчы, — на ўсю сцяну суцэльны кніжны стэлаж, напакаваны рознымі-рознымі кнігамі». Гэтыя кнігі не дзеля моды, яны чытаюцца, да іх апелююць у размовах і спрэчках Сын і Тата. Часцей Сын, бо ён яшчэ ў стадыі засваення вопыту і мудрасці пакаленняў. Тата ў кнігі ўжо не заглядвае, ён толькі цытуе ці штосьці пераказвае з іх, выяўляючы пры гэтым і эрудыцыю, і дасціпнасць.

 

Тата можа крытычна паглядзець на сябе і сваё становішча ў грамадстве. Бяда яго ў тым, што ён нічога не можа (не хоча альбо, больш верагодна, страціў веру) штосьці змяніць у жыцці. (Сын. Значыць табе падабаецца рабства, залежнасць, прыгнечанасць, падначаленасць? Так?

Тата. Не! Не так! Але гэтага не пераменіш! Так было і так будзе!)

Тата хоча бачыць Малыша моцным і дужым фізічна і маральна, «Я падахвочваю веру ў свае сілы. Упэўненасць! Я хачу, каб вырас дужы, моцны чалавек, здольны выжыць у гэтых дзікіх чалавечых джунглях», — гаворыць ён у спрэчцы з Мамай. Іншага вопыту Тата Сыну перадаць не можа.

Мама, як адзначае аўтар, «гаварыць можа і правільна, а што яна думае... Яна хоча, каб усе жылі паводле правілаў хрысціянскай маралі, а сабе дазваляе іншы раз і так... як-небудзь...» Яна хлусіць не менш за Тату, але пры гэтым лічыць сябе сумленнай. Менавіта Мама «задае» Малышу задачку пра яго віну, калі ён падслухаў размову з «нявопытным студэнтам»: «Дапусцім, усё было, як было, толькі я не падслухаў... Тады ўсё было б прыстойна?.. Нават калі б я і падслухаў, але стаіўся і прамаўчаў — таксама ўсё было б прыстойна, і я і мама былі б харошыя. Дзіўна. Не разумею».

Самы складаны ў п'есе вобраз Сына. А. Макаёнак называе яго вундэр-палітыкам, так пра сябе скажа па ходу дзеяння і Малыш. Ён мае высокі ўзровень інтэлектуальнай культуры, дасведчаны ў розных пытаннях навукі, літаратуры, мастацтва, палітыкі, маралі, валодае здольнасцю ўсё гэта крытычна ўвязваць з жыццём, са сваім часам. Але куды скіроўвае Сын свой розум і веды? Ён хоча стаць прэзідэнтам, таму што менавіта прэзідэнт, сучасны цэзар, мае ўсё — уладу, грошы, славу, незалежнасць. Персанаж думае, такім чынам, толькі пра сябе. Нават вызваленне Таты ад рабства, ён разглядае ў сувязі з будучым сваім становішчам. («Не, не будзе! Для гэтага табе трэба толькі стаць бацькам прэзідэнта. I ты ім станеш!)

Сын сур'ёзна рыхтуецца да прэзідэнства, выпрацоўвае ў сабе пэўныя рысы характару, эксперыментуе над блізкімі. Спагадлівую, добрую сястру ён прымушае, выкарыстаўшы яе хвілінную зайздрасць, «качаць правы» перад Мамай. Распальвае супярэчнасці паміж бацькамі, то мірыць іх, то сварыць, становіцца ў сям'і маленькім дэспатам. Разам з тым нельга сказаць, што ён дрэнна ставіцца да сястры. Пасля свайго эксперыменту Малыш просіць у яе прабачэння, нагадвае Тату, каб не забыўся купіць падарунак і ёй. Ён шукае праўду, хоча жыць у іншай, чалавечай атмасферы. «Ма-а-ма! Ты не крыўдуй на мяне. Слухай, мама, з табой жа я шчыра. Як з мамай. А з кім жа яшчэ? Я што падумаў, тое і сказаў. Калі не так, ты навучы», — гаворыць ён на пачатку п'есы. Аднак Мама, занятая думкамі пра студэнта-негра, адмахваецца ад Сына, а праз некалькі хвілін дае яму добры ўрок хлусні і няшчырасці.

Чаму Сын такі? Аўтар тлумачыць гэта маналогам самога Малыша: «Я толькі пасеяны. Я яшчэ расту... Расту ў атмасферы вашых буйных скандалаў і дробных інтарэсаў. (Ён нібы чытае па памяці.) Мінуўшчына, увекавечаная ў кнігах (паказвае на паліцы), уяўляецца мне мешанінаю з гразі і крыві, несправядлівасці і крыўд... I кнігі, кожная з іх — гэта абеліск... Абеліскі светлым марам, светламу розуму, светлым надзеям. (Пералічвае кнігі.) Дабраце, спагадзе. Маленькім блізнятам — чысціні і наіўнасці. Які пачэсны могільнік! Так што я не толькі ваша дзіця, я — дзіця гісторыі, дзіця гэтых кніг...» Засвоены Малышом з кніг вопыт пакаленняў пераконвае яго, што не дабро і справядлівасць кіруюць светам. Узаемаадносіны ў сям'і, пабудаваныя на хлусні і фальшу, а ўсё гэта звязана — ён ужо ўпэўніўся — з вялікім светам, прымушаюць шукаць свой шлях. Малыш змагаецца са. светам крывадушша і няпраўды, але выбірае для гэтага яго ж сродкі і метады — хітрасць, шантаж, нахабства, жорсткасць і г. д.

Трагізм Малыша ў тым, што ён супрацьстаіць усяму свету (у заключнай сцэне ім не задаволены Тата, Мама, Дзед і нават Сястра), перамагчы ў такой сітуацыі ён не можа.

У ацэнцы вобраза Сына даследчыкі творчасці А. Макаёнка разышліся. С. Лаўшук называе п'есу «Зацюканы апостал» унікальнай, бо яна не мае ніводнага станоўчага персанажа, да адмоўных ён адносіць побач з Мамай, Татам, Дзедам Сына і Дачку. Я. Усікаў лічыць па-іншаму: «Сын — гэта адначасова і носьбіт аўтарскай ідэі, персанаж-рэзанёр, і канкрэтны, жывы характар, і вобраз-сімвал. Усё падаецца праз прызму ўспрымання Малыша, усё разглядаецца яго вачамі, ацэньваецца яго розумам. Але за спіной Малыша ўвесь час быццам бы стаіць аўтар, кіруе яго ўчынкамі, паводзінамі, словамі. Ступень умяшання драматурга ў справы свайго героя даволі прыкметная». Даследчык, такім чынам, гаворыць пра аўтарскую сімпатыю да Сына.

Цікавыя ў п'есе таксама вобразы Дачкі і Дзеда. Дачка з'яўляецца антыподам Сына. «...Яна ахвотна падбірае тыя яго якасці, якія ён аДкідвае прэч, як непатрэбныя: дабрату, шчырую сумленнасць, ласкавасць». Але ж яна, як ніхто іншы, разумее Малыша, падтрымлівае яго і нават дапамагае ў эксперыментах. Апошнія яе словы ў творы даюць надзею, што яна будзе адна змагацца супраць свету хлусні і эгаізму.

 

Аўтар не аднойчы падкрэсліваў у творы, што дзеянне адбываецца за мяжой, у капіталістычным свеце, што і персанажы і праблемы «імпартныя». Але такая настойлівасць наводзіць на думку, што «імпартнасць» матэрыялу (абставін, праблем, чалавечых узаемаадносін) — толькі неабходная для свайго часу шырма. А. Макаёнак узняў у творы няпростыя агульначалавечыя, актуальныя і сёння для нашага грамадства, праблемы.

 

 

 

Кароткі змест Выбачайце, калі ласка

Дзеючыя асобы:

Калібераў Сцяпан Васільевіч.

Антаніна Цімафееўна.

Моцкін.

Печкуроў Кузьма Прохаравіч.

Гарошка Ягор Сяргеевіч.

Марыя Кірылаўна.

Наташа.

Лёня.

Ганна Чыхнюк.

Міхальчук.

Гардзіюк.

Курбатаў Сяргей Іванавіч.

Кароткі змест:

Дзея першая

 

(Ліпеньскі ранак. Кватэра Каліберава)

У старшыні райвыканкома Каліберава дрэнны настрой, бо атрымаў вымову за заганны стыль работы. Жонка хоча

неяк дапамагчы мужу, прапануе паснедаць, пераапрануцца. Калгасніца Ганна Чыхнюк прыходзіць за мяшкамі, у якіх Калібераву прывозілі купленую бульбу. Ганна гаворыць, што раённае начальства павінна больш патрабавальна ставіцца да старшыні, каб ён крыху варушыўся.

З'яўляецца адказны за хлебанарыхтоўкі Моцкін. Антаніна Цімафееўна,, жонка Каліберава, жаліцца на мужаву хваробу — камні ў печані, хоча, каб яго шкадавалі і паважалі.

Моцкін паведамляе Калібераву «сакрэтны сакрэт» — як выйсці на першае месца па хлебанарыхтоўках. Для гэтага трэба, каб дырэктар спіртзавода выдаў распіскі, што калгасы здалі яму збожжа. Старшыня райвыканкома, выслухаўшы Моцкіна, пачынае разважаць, на каго з кіраўнікоў калгасаў можна выйсці з такой справай. Потым абвінавачвае свайго памочніка ў тым, што ён штурхае «на падман партыі, на падман дзяржавы, на злачынства». Абяцае, што калі Моцкін хоць раз яшчэ згадае свой «план», то выкрые яго «камбінатарскія махінацыі» на бюро райкома. Моцкін спалохаўся.

Антаніна Цімафееўна тлумачыць Моцкіну, што гнеў Каліберава несур'ёзны («Ён жа толькі ведаць не хоча. Яму не трэба гэтага ведаць»).

Прыходзіць дырэктар спіртзавода Печкуроў з просьбай уратаваць ад вайсковых збораў. Пасля некаторай нязгоды Калібераў тэлефануе маёру Дуеву.

З двума кошыкамі агуркоў нясмела заходзіць старшыня калгаса Гарошка. Антаніна Цімафееўна запрашае ўсіх на снеданне. Жонка нагадвае Калібераву, калі ён таксама бярэцца за чарку, пра яго «камні ў пячонцы». Гарошка просіць не завышаць хоць у гэтым годзе план хлебазакупа. Калібераў разважае пра інтарэсы дзяржавы. На клопат старшыні, што ў калгасе нізкі працадзень, ён гаворыць: «Таварыш Гарошка! Я яшчэ не помню такога выпадку, каб за нізкі працадзень каму-небудзь абвясцілі вымову. А за адставанне з хлебапастаўкамі — я асабіста... ведаю такіх кіраўнікоў, якія па дзве і тры вымовы маюць. Ясна? »

Дзея другая

(Двор старшыні калгаса «Партызан» Гарошкі. На верандзе сын Гарошкі малюе, ён сам спіць)

Марыя Кірылаўна, жонка Гарошкі, будзіць мужа, гаворыць, што прыехаў Калібераў. Старшыня хоча схавацца ад раённага начальства на гарышчы, бо не выканаў план паставак збожжа за тыдзень. Жонка і дачка спыняюць яго.

Калібераў, з'явіўшыся, адразу пытае пра план паставак. Моцкін нагадвае, што ў калгасным свірне ляжыць сем тон намалочанага збожжа. Тое, што гэта насенны фонд, начальства не цікавіць. «Калібераў. Трэба не забываць першую запаведзь: лепшы хлеб у першую чаргу — дзяржаве. А вы, як аднаасобнік, як прыватнік разважаеце. Больш таго... Вельмі падобна на кулацкую тэндэнцыю». Ён патрабуе зняць калгаснікаў з усіх работ і кінуць на малацьбу, камбайн зняць з цімафееўкі і паслаць на жыта. Брыгадзір Міхальчук адмаўляецца пераводзіць людзей на іншую працу ў гэты дзень. Пагражаючы старшыні калгаса пасяджэннем бюро Калібераў і Моцкін пакідаюць Гарошкаў двор.

Прыбягае раззлаваная Ганна, заяўляе, што з насеннага участка збожжа не аддасць. Моцкін, які вярнуўся, гаворыць ёй пра датэрміновае выкананне і перавыкананне планаў. Спрабуе Ганну запалохаць: «Вы гарлапан! Вы зрываеце хлебапастаўкі! Вы сабатуеце дзяржаўнае мерапрыемства!..»

Ганна выказвае Моцкіну ўсё, што думае: «Я знаю, дарагі ты наш начальнік, чаго табе хочацца. На чужым гарбу ў рай! Табе абы толькі хутчэй план выканаць, перад начальствам пахваліцца, тэлеграму ў вобласць паслаць».

Застаўшыся з Гарошкам, Моцкін прапаноўвае напісаць спіртзаводу гарантыйную распіску на хлеб. Старшыня вагаецца, баіцца Каліберава, пракурора, потым пытаецца, якая выгада дырэктару Печкурову даваць квітанцыі. Моцкін тлумачыць, што ён пабудаваў сабе дамок, а склады адрамантаваць забыўся.

Пасля напамінку пра пасяджэнне, куды яго выклікае Калібераў, Гарошка згадзіўся даць распіску. З'яўляецца Печкуроў з гатовымі квітанцыямі, усе ідуць у праўленне ставіць пячатку.

Пракурор Курбатаў пытаецца ў Лёні, сына Гарошкі, дзе бацька, маці, сястра. Яго цікавіць Наташа. Курбатаў і Наташа дамаўляюцца пра вяселле, плануюць мядовы месяц. Лёня стаў сведкам, як сястра пацалавала пракурора.

 

Вяртаецца Гарошка, сын паведамляе пра прыезд пракурора. Убачыўшы ўсхваляваную жонку, старшыня зусім разгубіўся, не можа зразумець, што Курбатаў прыехаў сватацца да яго дачкі.

Дзея трэцяя

(Службовы кабінет Каліберава)

Настрой у старшыні райвыканкома найлепшы. Ён падлічвае працэнты. З'яўляецца жонка з газетай у руках, зачытвае тое месца, дзе гаворыцца пра перадавікоў. Калібераў уключае радыё, гучыць яго голас: «...Мы з чэсцю будзем трымаць першынство ў вобласці па выкананню дзяржаўных абавязацельстваў па хлебанарыхтоўках. Парукай таму — зладжаная арганізацыя працы, працоўная дысцыпліна і добрае надвор'е».

Чуваць раскаты грому. Антаніна Цімафееўна марыць пра вяртанне ў сталіцу.

Уваходзіць Моцкін. Ён занепакоены выступленнем Каліберава, папярэджвае, што цяпер кожную хвіліну трэба чакаць карэспандэнтаў. («Вопыты, метады, перадавікоў ім дай, тое пакажы, гэта раскажы... А што мы ім раскажам?») Калібераў абяцае з Моцкіна «зрабіць блін».

Моцкін : «...За што? Калі б я што-небудзь якое, дык я ж ніколі, нічога, ніякага... Квітанцыі я не выпісваў, распіскі не даваў, на старшынь не націскаў і па радыё таксама не выступаў». Ён раіць начальніку выклікаць старшынь і паказаць, што ведае пра іх махінацыі.

У кабінет заходзіць журналістка. Калібераў імкнецца ёй спадабацца, хваліць яе артыкулы. Запрашае спыніцца ў яго на кватэры. Гардзіюк хоча высветліць, як раён дабіўся такіх поспехаў. Калібераў гаворыць пра наладжаную арганізацыю працы і пералічвае праведзеныя сходы, сесіі, семінары, нарады, злёты. Журналістка здзіўлена іх колькасці.

Нясмела стукаецца Гарошка. Калібераў знаёміць яго з Гардзіюк, намякае пры гэтым, што ведае, як арганізаваў здачу збожжа старшыня-перадавік.

Калібераў настойліва выпраўляе журналістку пераапрануцца ў сухое. Тэлефануе жонцы, каб сустрэла яе.

Старшыня райвыканкома адчытвае Гарошку, пагражае аддаць пад суд. Кіраўнік калгаса ледзь не плача, хоча растлумачыць, як усё атрымалася. Яму ставяць умову — за суткі здаць хлеб і вярнуць распіскі.

 

Ганна скардзіцца Калібераву на непарадкі ў калгасе, на Моцкіна, які ўчора нагнаў страху на старшыню і ўсе вазілі збожжа на прыёмныя пункты, а зжатае засталося на полі, цяпер гіне. Калібераў, каб супакоіць калгасніцу, абяцае прыехаць на сход.

У кабінет вяртаецца Гардзіюк. Калібераў імітуе прыступ болю ў печані. Журналістка прапануе паклікаць доктара. Усе выходзяць, акрамя Каліберава і Моцкіна.

Уваходзіць пракурор. Гаворыць, што на складах у дырэктара спіртзавода няма столькі збожжа, колькі паказана ў зводцы. Просіць Моцкіна з усімі квітанцыямі зайсці ў пракуратуру.

Жонка паведамляе, што карэспандэнтка паехала з Гарошкам і Ганнай. Калібераў выклікае машыну, каб ехаць у «Партызан», але Антаніна Цімафееўна на машыне адправіла карэспандэнтку. Ён раздражнёны і разгневаны, але верыць, што, націснуўшы на старшынь, можна становішча паправіць.

Дзея чацвёртая

(Пляцоўка перад канцылярыяй праўлення калгаса «Партызан»)

Гарошка падпісвае акт рэвізійнай камісіі, старшыня якой Ганна Чыхнюк. Цікавіцца, дзе «карэспандэнтка спецыяльная» і ці распіша яго ў газеце. Ганна абяцае, што абавязкова распіша, яна яе аб гэтым прасіла.

Наташа пытаецца ў Курбатава пра віну бацькі. Курбатаў не ведае, што рабіць у гэтай сітуацыі. Наташа: «Ну чаго ты хочаш? Хочаш, каб я сказала: «Аддавай бацьку пад суд, запры яго ў турму? » Гэтага ты хочаш? » Пракурор ідзе правяраць накладныя.

Уваходзіць Гарошка і Марыя Кірылаўна. Наташа папракае бацьку: «Вось які ты мне падарунак да вяселля падрыхтаваў. Мне што цяпер рабіць? А як яму? Ён жа пракурор!.. З кім цяпер я павінна застацца? З табой ці з ім? Парай, ты ж бацька...» У Гарошкі падкасіліся ногі.

З'яўляецца Моцкін. Раіць вырашыць усё па-сямейнаму, бо пракурор жа зяць. Няхай дачка папросіць яго і справу закрыюць. Наташа абураецца. Марыя Кірылаўна плача.

 

Уваходзіць Калібераў і накідваецца на Моцкіна, потым на Гарошку. Загадвае, каб старшыня замест сходу адправіў калгаснікаў на перавоз збожжа. Ганна, пачуўшы пра гэта, вельмі здзіўленая. Тлумачыць Калібераву, што Гарошка прызнаўся ў махінацыях і без сходу не абыйсціся. З'яўляецца журналістка. Калібераў паведамляе ёй, што выкрыў у калгасе «абураючы выпадак ачкаўцірацельства». Наступае на Гарошку: «Як вы асмеліліся, таварыш Гарошка?! Хацелі ашукаць савецкую ўладу?!» Гардзіюк цікавіць, ці гэта выключны выпадак. Курбатаў гаворыць, што Печкуроў назваў яшчэ чатыры такія «перадавыя» калгасы. Калібераў прапануе зараз жа ачысціць калгас ад махінатара. За старшыню заступаецца Ганна: «Тут дзяліць трэба пароўну: і гэты паганяльшчык (на Моцкіна) нечага варты». Гарошка ўспамінае Калібераву, як ён з Моцкіным націскаў на яго, розным! фармуліроўкамі палохаў.

Калібераў увесь свой гнеў пераключае на Моцкіна: «Значыць, і вы — такі ж прайдзісвет? Як ты асмеліўся сваімі бруднымі рукамі паганіць святую справу?..» Моцкін бароніцца: «Выбачайце! Вы ж не першы раз чуеце, Я ж вам расказаў яшчэ да прыезду таварыш Гардзіюк пра махінацыі Гарошкі і Печкурова... Вы таксама хацелі стаць перадавіком. Ух, як вы хацелі! І графік такі прыдумалі!.. А цяпер на стрэлачніках хочаце выехаць! А?»

Міхальчук нагадвае, што чакае сход. Калібераву сход не патрэбны, ён разбярэцца ва ўсім сам. Лёня паведамляе пра прыезд сакратароў райкома і абкома партыі. Калібераў схапіўся за бок і аж заенчыў ад болю. Але людзі не вераць у яго «камень у пячонцы». Ганна заяўляе, што «ўсё роўна перад народам і перад партыяй прыйдзецца адказваць».

Мастацкія асаблівасці

З'яўленне сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка» (1953) расцэньваецца як грамадзянскі і творчы подзвіг драматурга. Спектаклі па п'есе выклікалі шырокі рэзананс ў краіне, прынеслі А. Макаёнку ўсесаюзнае прызнанне.

У той час, калі ў літаратуры панавала тэорыя бесканфліктнасці і ў творах змагалася добрае з лепшым, малады драматург звярнуўся да вострага жыццёвага канфлікту, паказаў залежнасць калгасаў ад раённых кіраўнікоў. Макаёнак вывеў старшыню райвыканкома, які дзеля кар'еры ідзе на падман дзяржавы, з'едліва высмеяў стыль кіраўніцтва, калі жывая праца падмяняецца пасяджэннямі. Калібераў — тыповы кіраўнік савецкага часу, і высмеяны драматургам, ён не адно дзесяцігоддзе кіраваў калгасамі, раёнамі, прадпрыемствамі, абласцямі, нават рэспублікамі, ён выдатна ўпісаўся ў сённяшнюю рэчаіснасць.

Як нельга лепш адносіны такога кіраўніка да народа характарызуе наступная рэпліка: «Таварыш Гарошка! Я яшчэ не помню такога выпадку, каб за нізкі працадзень каму-небудзь абвясцілі вымову. А за адставанне з хлебапастаўкамі я асабіста... ведаю такіх кіраўнікоў, якія па дзве і тры вымовы маюць». Мэта Каліберава — вярнуцца ў сталіцу. Там ён займаў нейкую адказную пасаду, але не справіўся з абавязкамі, і яго «панізілі» — перавялі на працу ў раён. Даючы прадгісторыю персанажа, А. Макаёнак гаварыў пра заганную практыку савецкіх і партыйных функцыянераў — кіраўніка, які не ўмее ці не хоча працаваць, не здымаюць з пасады, а пераводзяць у іншае месца.

Талент Калібераў мае, але зусім не той, каб разумна наладзіць працу ў раёне. Ён выдатны дэмагог, за клопатам пра дзяржаву лоўка хавае свае эгаістычныя намеры. Метады ў яго тыя ж, што і ў Гарлахвацкага («Хто смяецца апошнім»), ён запалохвае Гарошку фармуліроўкамі тыпу «сабатаж», «кулацкая тэндэнцыя», «шкодніцтва». Перад пагрозай выкрыцця «здае» сваіх бліжэйшых памочнікаў, звальвае віну за прыпіскі на Моцкіна. Ён сапраўды нібыта ў баку, у яго прынцыповасць і сумленнасць доўга вераць Гарошка і калгаснікі.

Моцкін — другі цікавы характар у п'есе. Ён дзейнічае актыўна, нахрапіста, яму няма за каго хавацца. Дапамагае Калібераву таму, што ад старшыні райвыканкома не ў малой ступені залежыць — уздымецца Моцкін ці не па службовай.лесвіцы.

А. Макаёнак адкрыў новы тып — запалоханага, зацюканага начальствам старшыні калгаса. Гарошка ўнутрана сумленны чалавек, дбайны і разумны гаспадар. Калгас, якім ён кіруе, не з горшых, за што раённае начальства пастаянна завышае гаспадарцы план здачы збожжа дзяржаве.

Становішча, у якое трапіў Гарошка — стаў, не жадаючы таго, махляром — аўтар тлумачыць асаблівасцю яго характару. Персанаж не вызначаецца ні настойлівасцю, ні рашучасцю, ён падатлівы, палахлівы, баіцца начальства, баіцца калгаснікаў. Аднак такое тлумачэнне нясе ў сабе пэўны момант спрашчэння і згладжвання жыццёвага канфлікту. Супрацьстаяць самаўладдзю раённага начальства, калі зверху дыктавалі, што сеяць і калі ўбіраць, было вельмі цяжка і старшыням валявым, рашучым.

 Нават ідучы на махінацыі, Гарошка кіруецца інтарэсамі калгаса, думае, што можна «і другія работы падцягнуць, не будзе той гарачкі». Даўшы гарантыйную распіску Печкурову, ён жыве ў трывозе, душэўна пакутуе. У п'есе адбываецца «перавыхаванне» Гарошкі, ён пераадольвае сваю нерашучасць, палахлівасць і выступае супраць Моцкіна і Каліберава. Дапамагаюць гэта зрабіць старшыні калгасніца Ганна Чыхнюк, брыгадзір Міхальчук, сакратар райкома партыі, які прыязджае на сход.

Пры ўсёй смеласці пастаўленых праблем камедыя «Выбачайце, калі ласка» застаецца творам свайго часу. Аўтар крытыкаваў асобных кіраўнікоў, хоць і падкрэсліваў пры гэтым іх тыповасць і жывучасць. Пытанне пра Сістэму, пра дзяржаўны стыль кіраўніцтва ён не ставіў.

У камедыі шмат сцэн, напоўненых іскрамётным смехам, дасціпным гумарам. Так, паказваючы здзелку Гарошкі і Печкурова, А. Макаёнак «абыгрывае» імёны персанажаў: Печкуроў. Э-э, ды Ягор Сяргеевіч можа нас аб'ягорыць.

Гарошка. Што вы, Кузьма Прохаравіч? Каб вы мяне не падкузьмілі.

Альбо: старшыні райвыканкома Курбатаў гаворыць выпадкова, яшчэ не ведаючы пра ролю ў махінацыях Каліберава, што «аферысты бываюць розных калібраў». Старшыня, быццам не пачуўшы, перапытвае, хоча ўпэўніцца, што стаіць за словамі пракурора, бо Калібераў і калібр вельмі блізкія па гучанню.

Мова персанажаў індывідуалізавана. Гарошка, напрыклад, не толькі пазнаецца праз сваю любімую прымаўку «хоць круць-верць, хоць верць-круць», але дзякуючы ёй акрэсліваюцца рысы яго характару, яго становішча. Яму сапраўды даводзіцца «круціцца», «варочацца», трымаючы адказ перад начальствам, якому патрэбны «план», і перад такімі сумленнымі калгаснікамі, як Ганна.

Дыялогі камедыі поўныя дынамікі, драматург часта звяртаецца да падтэксту, іроніі.