Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Лірыка

2. Кароткі змест Сцяг брыгады

3. Кароткі змест Цунамі

4. Кароткія змест Варшаўскі шлях

 

 

Кароткі змест Лірыка

Мастацкія асаблівасці

Аркадзь Куляшоў прыйшоў у паэзію вельмі маладым. Дванаццацігадовым хлопчыкам ён надрукаваў у акруговай газеце «Наш працаўнік» першы верш. Да ранніх вершаў паэта належыць знакаміты «Бывай...», пакладзены ў наш час на музыку.

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..

Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.

Назаўтра золкае, туманнае світанне,

Суровы позірк твой д мой нямы адчай.

У творы перапляліся смутак, туга і глыбокая любасць да каханай. Крыўды няма, бо прычына ростані — не адмова, не здрада, а жыццёвыя шляхі, якія павялі яе і яго ў розных напрамках. З біяграфіі паэта вядома, што Алеся на год раней за Аркадзя Куляшова закончыла Саматэвіцкую школу.

Лірычны герой твора зусім юны. Боль яго першай душэўнай страты востры, моцны, сапраўдны і разам з тым светлы. Каханая пайшла ў новае жыццё, «за ціхія, далёкія прасторы світальнай зоркай». Боль і смутак лірычнага героя выяўляецца праз дзеяслоў «пайшла», з якога пачынаюцца чатыры страфы верша. У гэтых строфах паэт перадаў рух пачуццяў лірычнага героя пры развітанні. Спачатку каханая блізка, ідзе знаёмым лесам і полем, потым яна знікае з вачэй, хаваецца за «далёкія прасторы» і адчуванне страты ўзмацняецца, гучыць тужлівае «бывай».

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,

Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,

Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе

На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,

Палынны жаль смугой ахутаных дарог,

Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны

Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся,

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Верш «Бывай...» напоўнены шчымлівым пачуццём развітання з сапраўдным каханнем, памяць пра якое будзе спадарожнічаць усё жыццё. Твор напісаны на адным дыханні, кампазіцыйна зладжаны. А яго аўтару было ўсяго чатырнаццаць гадоў!

Верш «Карусель» з'явіўся праз дзесяцігоддзе, у 1939 г. Яго лірычны герой ужо развітаўся з парой першых, на мяжы дзяцінства і юнацтва, сімпатый, захапленняў, радасцяў, аднак яны не паспелі яшчэ схавацца за далеччу часу. Яшчэ можна на момант вярнуцца ў былое, «на каруселі маляўнічай... адкружыць хвілінак пяць». Вяртанне ў мінулае — сапраўднае свята, таму яно адбываецца не ў звычайны, а ў кірмашовы дзень. Значнасць падзеі падкрэсліваецца ўжо ў першых радках верша. На кірмаш герой твора ідзе «бальшаком, на край зямлі і неба», ідзе «ўсю ночку цёмную». Для яго гэта сустрэча з роднымі мясцінамі:

Ёсць на свеце роднае мястэчка,

Там штогод бываюць кірмашы;

Міма школы меленькая рэчка

Без мяне адна плыве ў цішы.

Мне дакор яе далёкі, звонкі

У забытым чуецца трысці.

Заўтра кірмашовы дзень.

У жонкі

На дзень адпрасіўся:

— Адпусці.

Сустрэча з сябрамі, знаёмымі, з той, што на парозе дарослага жыцця ўсхвалявала сэрца:

Пачуццё былое да дзяўчынкі

Нёс і я.

I тут яе сустрэў.

Між густых аглобляў, як між дрэў,

Я іду на аганёк касынкі.

Настрой верша радасны, светлы, але і крышку настальгічны. Вакол ўсё, як і раней: «Той жа рып гармоняў, бубнаў гром. Тая ж з кірмаша пад гай дарога». Змяніліся аднак, сталі дарослымі, самі героі.

Сем гадоў не бачыліся — раз,

Замуж выйшла,

Добра ладзіш з мужам;

Дзе ж ты карусель? За ўсё адкружым,

Як усё кружылася за нас.

Верш «Карусель» увайшоў у вельмі папулярны ў канцы 30-х гадоў цыкл «Юнацкі свет». «Тут — той шчаслівы і рэдкі выпадак, — адзначае даследчык.творчасці А. Куляшова В. Бечык, — калі яно, паэтава пакаленне, з творчай сталасцю і юнацкай непасрэднасцю раскрыла, разгарнула свой унутраны свет, паведала лірычна-пранікліва — то са смуткам, то ўсмешліва, то ў складаным перапляценні розных настрояў — аб сваім каханні, аб сустрэчах і развітаннях, аб першым жыццёвым вопыце з яго салодкай самотнасцю і аб радасным адчуванні ўласнай маладосці».

У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшоў напісаў шэраг твораў выключнай лірычнай сілы і духоўнай змястоўнасці: «Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Балада аб чатырох заложніках». З усіх беларускіх паэтаў, якія не абмінулі трагедыю змагання народа з чужынцамі, А. Куляшову ў вышэйшай ступені ўдалося перадаць боль незваротнага, напружанне чалавечага духу, бязмежжа пакут і гора. «Ліст з палону» (1942) — гэта маналог дзяўчыны-беларускі, якую вязуць у няволю, вязуць на здзек і прыніжэнне. Рытм верша, а таксама частае паўтарэнне гукаў "р», «д» стварае ўражанне перастуку колаў цягніка:

«Дарагі!

Не хаваю тугі:

Невясёлы мой лес, невясёлы...

Пакідаю я родныя сёлы,

Па рэйках вязуць мяне колы

У Нямеччыну,

Нібы ў Турэччыну...

Не адна я, з дзяўчатамі, усіх нас вязуць у няволю».

З кожным ударам-тактам аддаляецца бацькоўская хата, родная зямля і набліжаецца тое пачварнае, што нясе ў сабе слова «няволя».

Твор пазначаны суровай і напружанай танальнасцю, паглыбленай псіхалагізацыяй. Дзяўчына не плача, яна «стала скупою на слёзы», прадчуваючы, што іх не хопіць, каб выплакаць свае гора. Слёзы з'явяцца тады, калі яе каханы прыйдзе і адпомсціць «за зямлю, што нас лёгка насіла».

Я ўжо буду не тая,

А след тваіх ботаў убачу —

Пацалую яго і, як баба старая,

Заплачу...

"У вершы паэт звярнуўся да фальклорных вобразаў, да сродкаў народна-песеннай стылістыкі, увёў у сферу лірычнага дзеяння шырокія пласты народнай свядомасці. Так, перад вачыма паланянкі, калі цягнік мінае Дняпро, паўстае нядаўняе гаданне. Тонуць дзявочыя вянкі, толькі яе «сіні вянок плыў у даль паміж хваль». Ён прарочыў сустрэчу з любым «у новай кашулі вайсковай», вяселле. Толькі спрадвечны ход жыцця перапынены вайной, паланянка рашуча абрывае ўспамін:

Але што я пішу, дарагую мне трачу паперу,

Я, ты ж знаеш, гаданням не веру, не веру, не веру.

«Ліст з палону» быў напісаны ў вельмі драматычны перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У вершы адчуваецца смутак усёй роднай зямлі, аддадзенай на здзек ворагу:

Шлях суровы, суровы...

Ці ён дойдзе,

Ці знойдзе

цябе, ліст звычайны мой, ліст папяровы.

Як не знойдзе, чытай па дарозе ад Оршы, ад Брэста

Ліст другі,

Ліст даўгі, што на шпалах пісала нявеста.

I калі не яна, не сама, то падругі пісалі няйначай,

Паліваючы кожную шпалу і рэйку слязою гарачай.

Аднак твор паэт заканчвае не драматычна-роспачнай, а аптымістычнай нотай, верай у перамогу над фашызмам: «Ты чытай і адказ на яго на штыку данясі да Берліна...»

У вершы «Над брацкай магілай» (1942), як лічыць даследчык літаратуры М. Арочка, «роздум не пра салдацкую смерць увогуле... а суровая, выключна сціслая ўзрыўная сіла пачуццяў, думкі, якія заглыблены ў сутнасць таго, што адбылося. Такое спасціжэнне смерці складае вышэйшую мудрасць паэзіі. Вытокі яе — ва ўзноўленай адчувальна-балючай канкрэтыцы, якая мае да таго ж дакладныя каардынаты:

Ёсць пад Стараю Русаю

руская вёска Лажыны.

Там, нібы ў Беларусі,

і вербы растуць і рабіны.

У ролі экспазіцыі выступае пейзаж, як сведчанне сваяцтва братніх зямель. Тыя ж дрэвы, тыя ж кветкі на лузе. А цяпер яшчэ — і сваяцтва іншае, сумнае і гераічнае, па-сапраўднаму братняе, таму што яно злучана і аплачана ахвярамі ў бітве за зямлю, родную для адных і другіх:

Там магіла ёсць брацкая ў лузе

за вёскай Лажыны,

Там хлапцы беларускія

чэсна галовы злажылі.

Радкі набываюць характэрную для Куляшова мужную суровасць («Мы без слёз іх хаваем...»). Дэталі пераплятаюцца, утвараючы шырока разгалінаваную вобразную сістэму...

Мы не плачам, хоць знаем,

не проста салдацкія косці

Засыпаем мы жвірам халодным,

а большае штосьці...

Засыпаем мы твары

з вачамі і вуснамі тымі,

На якіх пацалункі

дзяцей і жанок не астылі.

Жвірам сыплем на рукі,

якія дзяцей тых насілі...

...Словы паэта, быццам той пясок, жменя за жменяй, падаюць у брацкую магілу, на настылыя целы таварышаў, сяброў. Гэта толькі гаворыцца: без слёз хаваем. Тут плач унутраны, ён сціскае сэрца і прарываецца ў духоўным узрушэнні:

Хоць прымае іх гэта зямля,

як сыноў сваіх, шчыра,

Але просяць іх вочы

хоць жменьку палескага жвіра.

Толькі дзе яго ўзяць?

Як яны Беларусь пакідалі,

У дарогу з сабою

Мяшэчкаў з зямлёю

Не бралі

Што ім жменька зямлі той?

Ты ўся ім патрэбна, радзіма...

...Глыбока патрыятычны матыў...вырастае не з разумовай сузіральнасці, а з абвостранага адчування кроўнай далучанасці паэта, яго лесу да лесу тысяч такіх жа беларускіх хлопцаў, якія сутыкнуліся на полі бітвы з неабходнасцю ахвяраваць сабой... Голас паэта — гэта іх голас.

Аднак наступае момант, калі гаварыць ад іх імя ўжо не хапае сілы, становіцца нясцерпна. Гучыць усхваляваны аўтарскі голас, страсны голас бязмежнай і невынішчальнай любові:

Беларусь мая родная,

як жа я рвуся яшчэ раз

Пеша ўсю цябе змераць,

увесь і чабор твой і верас!..

Сэрца просіць шляхоў,

Што цяжкім маім ботам пад сілу;

Наглытацца хачу туманоў,

Твайго ветру і пылу;

Наглытацца хачу за сябе і за тых,

Што не ўстануць з нябыту...»

У пасляваеннай творчасці А. Куляшова назаўсёды засталася памяць аб вайне, яе пакутах, выпрабаваннях, яе строгай мерцы чалавечых вартасцей. Нават тады, калі паэт прама не гаворыць пра ваеннае мінулае, напрыклад, верш «Колас» (1946), памяць пра яго адцяняе і ўзмацняе радасць мірнага жыцця і працы.

Ты,, з працы ідучы, прыкмець

Ягоную работу, —

Вусамі ён варушыць ледзь,

Ён мокры ўвесь ад поту.

Ён з глебы гоніць кропляў шмат,

Іх грэе на праменні,

Бо трэба вырасціць зярнят

Яму не меней жмені.

(«Колас»)

Вайна як частка ўласнай біяграфіі згадваецца ў вершах «Крылы» (1945), «Маё пасведчанне» (1951), «Я хаце абавязаны прапіскаю...» (1963). Паэт імкнецца асэнсаваць пройдзены шлях, свой жыццёвы лес.

Характэрнай рысай таленту А. Куляшова з'яўляецца філасафічнасць. Аднак яна змагла па-сапраўднаму выявіцца толькі ў апошнія два дзесяцігоддзі жыцця паэта, у зборніках «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), у паэмах«Цунамі» (1968), «Варшаўскі шлях» (1972), «Хамуціус» (1974—1975). Гэта было звязана як з набліжэннем чалавечай сталасці паэта, так і са зменамі ў жыцці грамадства.

А. Куляшоў у многіх вершах разважае над сэнсам жыцця асобнага чалавека і чалавечай цывілізацыі ў цэлым, над лёсам планеты і лёсам зямлян, яе насельнікаў. Думка паэта ахоплівае свет і сусвет, сягае ў будучыню, у новы век. Так, вобраз новага веку прысутнічае ў вершах «Зайздрошчу я мастам...», «Хуткасць», «Маёй рукой пасаджанай бярозе...» і інш. Будучыня ў творах А. Куляшова — увасабленне чалавечнасці і справядлівасці, дзе "прарастуць», заявяць пра сябе толькі добрыя справы. Таму пасаджанай бярозе «гадоў якіх праз сорак, сорак пяць // Не пры глухой дарозе красаваць, //А ў будучага веку на парозе». «Патомак малады», хаваючыся ад спёкі, з удзячнасцю згадае ...Пра рукі і рыдлёўку, Што гэта дрэва не вятрам на здзек Тут пасадзілі, не для ўцехі ўласнай — Пераняслі яго, для долі яснай, Не з лесу ў поле — з веку ў новы век. («Маёй рукой пасаджанай бярозе...»)

У вершах «Маёй рукой, пасаджанай бярозе...», «Зайздрошчу я мастам...» паэт сцвярджае ідэю безыменнасці дабра і добрых спраў. Лірычны герой, які пасадзіў дрэва, зусім спакойна, без крыўды ўспрымае тое, што не ўспомняць «ні пра дамоўку забытую маю, ні пра мяне». Лірычны герой другога верша зайздросціць мастам, а не іх канструктарам, дарогам, па якіх імчаць саставы, «не помнячы праслаўленых імён». Ён хоча,

 

...Каб так і слова —

не жалезнае,

Знаёмае з пакутай і слязьмі, —

Ад славы і імёнаў незалежнае,

Трымала сувязь з часам і людзьмі.

Для А. Куляшова было важна, каб літаратура, мастацкае слова па-сапраўднаму балелі і радавалі, выклікалі смутак, гнеў, смех, клікалі на бой і адкрывалі прыгажосць. Усё іншае ўжо мала істотнае:

А аўтар хто? Дзе рос? Як празываецца?

Ёсць весткі альбо там яны ляжаць,

Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца? —

Знаць гэта важна, але можна і не знаць.

(«Зайздрошчу я мастам..:»)

Пэўна, ніхто з нашых паэтаў-класікаў не надаваў такой увагі тэме мастака і мастацтва, як А. Куляшоў. Ён імкнуўся асэнсаваць і паказаць сам працэс творчасці, гаварыў пра цяжкасці працы і вялікую адказнасць пісьменніка перад чытачом, разважаў пра месца творцы ў жыцці, пра змест і сэнс паэзіі і г.д. Слава, прызнанне, вядомасць — жаданыя ці не кожным чалавекам, тым больш мастаком, атрыбуты жыцця — таксама сталі прадметам асэнсавання і роздуму А. Куляшова. Ад «лёгкай славы» ён адмовіўся даўно.

Я ўпарты, не кіну пачатае справы,

Каменне крышу,

Разграбаю пяскі,

Пад кпіны аматараў лёгкае славы

Капаю рэчышча ўласнай ракі...

Бо прагай да працы ахоплены часта я,

I сэрца абпалена смагай радка,

Бо жыць не магу,

Як каня няшчасная,

Кропляй дажджу з лесавога лістка, —

пісаў паэт у вершы «Мая Бесядзь» (1940— 1946). Сталы А. Куляшоў добра ведаў кошт сапраўднай славы. Паэзія, якая рабіла творцу вядомым, была, аднак, суровай настаўніцай:

Каб рос хлапчук, не дбаючы аб цудзе,

Каб не лічылі людзі сысунком,

Яна да болю матчыныя грудзі

Пякучым націрала палыном.

Пасля, малыя выверыўшы крокі

На бітым шкле і на жарстве дарог,

Рукою паказала свет шырокі

I босага пусціла за парог.

(«Пра славу», 1973)

Аўтар гаворыць, што шлях да славы ляжыць праз расчараванні, сумненні, пакуты душы, непрыманне і абыякавасць... Нават чагосьці дасягнуўшы, стаўшы вядомым, творца «босым» ідзе ў «свет шырокі», гэта значыць, ён адкрыты для болю, жыццёвых нягод і цяжкасцей. Таму, «калі падносяць кубак славы», лірычны герой верша «лішняе спакусы не глыне». Ён добра помніць «гаркавы на смаглых вуснах прысмак палыну».

У творах А. Куляшова шырока прысутнічае вобраз часу («Мае пасведчанне», «Крылы», «Я хаце абавязаны прапіскаю...» і інш.). Час для паэта — філасофская катэгорыя. Будучы сам вечным, ён вызначае пачатак і канец існавання кожнай жыццёвай з'явы, сведчыць пра змены, якія адбываюцца з кожным. У вершы «Адзіны серп на сённяшнім жніве» (1973) А. Куляшоў параўноўвае праз цякучасць часу дзве эпохі. Пачынаецца твор з сумнага роздуму:

Заглух той дом, што быў маім гняздом,

Што ў свет пусціў і радасць і бяду маю.

Не вечна ўсё пад месяца сярпом,

Хоць ён не зжаў нікога, — так я думаю,

Сялом і полем ідучы з кійком.

Змены ў жыцці чалавека і народа пісьменнік паказвае праз замену звыклых з'яў і рэчаў новымі. На месцы электрастанцыі «магутнасцю на сорак кілават» высакавольтная лінія, камбайн і трактар выцеснілі з поля серп і каня. У звязцы старых і новых з'яў паэт бачыць і сябе. Па сцежках маленства ён ідзе з кійком, адзнакай калі не старасці, то позняй сталасці. У вершы гучыць сум, але няма нараканняў ці крыўды на жыццё, на няўмольную хаду часу. «Ды смешна прагай папракаць няўтольнаю // Зялёную траву, якой я рад», — гаворыць паэт. Ён глядзіць на жыццё па-філасофску, прымаючы яго рук і зменлівасць.

«Гаварылі мы пра многае, у тым ліку і пра смерць. Смерці ён не баяўся, гаварыў — добра ўсё рабіць, жыць трэба добра», — такі факт прыгадваў з апошняй сустрэчы з А. Куляшовым (у чэрвені 1977 г.) даследчык творчасці паэта В. Бечык.

 

 

 

Кароткі змест Сцяг брыгады

Алесь Рыбка вымушаны пакінуць родны Мінск. Развітваецца з хатай, з цацкамі сына і дачкі. З усіх хатніх рэчаў, якія «прасілі яго па чарзе, каб забраў іх з сабою», ён узяў толькі лыжку. Сэрца, вочы героя адмаўляюцца верыць У тое, што адбываецца вакол:

З самалётаў не зводжу вачэй

I не веру, — няўжо самалёты? —

Проста з неба ляцяць на дзяцей,

Сеюць смерць кулямёты.

Далёка ад горада Рыбку перастрэў патруль і, праверыўшы дакументы, адпусціў. Алесь стаў салдатам, камісар Зарудны даручыў яму ахоўваць сцяг брыгады. Брыгада трапіла ў акружэнне.

Асядлала брыгада шашу

I засела ў мястэчку...

Хоць хацеў бы я, не апішу

Бой за ўзгорак, за рэчку.

Не апішаш, бо слоў будзе мала

Для гэткага бою, —

Як бамбіць налятала

Пасем самалётаў на хвою...

Як патронаў у нашых байцоў,

Як снарадаў не стала.

Алесь Рыбка, сарваўшы сцяг з дрэўка, выбег на вуліцу. Вакол мёртвыя байцы, бой сціх, толькі рвуцца снарады. У баку ад гарматы Рыбка ўбачыў нерухомага акрываўленага Заруднага. Камісар жывы, жывы таксама і наводчык. З усёй брыгады ацалелі толькі яны.

 

Безназоўны ручай прывёў акружэнцаў у леснічоўку. Камісар пачаў апраўляцца ад ранення.

З камісарам у нас

Пры сустрэчах маўклівая змова:

Аб брыгадзе ўвесь час

Між сабой не гаворым ні слова.

Аднойчы Зарудны спытаў пра сцяг, а ўбачыўшы яго, загадаў збірацца ў дарогу. Леснічыха знайшла кожнаму цывільнае адзенне. Але камісару зноў стала блага і адыход на некалькі дзён адклалі.

З чужымі дакументамі акружэнцы ідуць па занятай ворагам зямлі. Заходзяць у вёску, дзе чутны гоман і крыкі. Тут «ладзіць... вяселле Мядзведскі — прыслугач нямецкі». Пагражаючы, што выдасць брата-камуніста, ён прымушае дзяўчыну выйсці за яго замуж.

На вяселлі іграць гарманіст

Не згадзіўся, і вёска

Аб'явіла таксама байкот —

Пуста ў хаце.

Мядзведскі ўзрадаваўся нечаканым гасцям, запрашае за стол, хваліцца, што Салаўкі яго вывелі ў людзі.

I выходзіць на хату Смірноў,

Наш таварыш Зарудны:

Ты, — гаворыць, — не ў людзі пайшоў,

А ў іуды...

Грымнуў стрэл, якога байцы не чакалі, нехта выстраліў у здрадніка з натоўпу.

Новым месцам адпачынку стала хата вясёлай кабеты Лізаветы. Жанчына паведамляе Рыбку, што немцы ўжо дайшлі да Урала, упрошвае яго застацца («Будзе люба нам жыць і ў горы, будуць ціха свяціць нам зоры...»). Але раніцай Рыбка і яго таварышы пакідаюць Лізавеціну хату.

Не вытрымаў няпэўнасці Ворчык:

Можа, войска няма,

Можа, праўду ўдава мне казала…

Можа, марна ідзём праз чуму —

Не патрэбны нікому?

Рыбка, Зарудны, Ворчык праводзяць тры дні ў лесе каля прыёмніка. Слухаюць голас Левітана, спаць кладуцца пад гукі «Інтэрнацыянала». Але прыёмнік даносіць і «лязгат гусеніц», фашысцкія маршы і песні. Развітацца з лясным шалашом, прыспешвае Ворчык.

— Што сядзім, камісар палкавы?

— Крыкнуў Ворчык. — Даволі!

— Будзем гэтак сядзець, то Масквы

— Не пабачым ніколі.

Мікіта Ворчык зноў занудзіўся, таварышы здагадваюцца чаму — недалёка бацькоўскі дом. Ноччу Ворчык пакінуў Заруднага і Рыбку, прыхапіў пры гэтым ватоўку з зашытым у ёй сцягам. Байцы не могуць зразумець, дзеля чаго яму спатрэбіўся сцяг. Яны ідуць у вёску, да бацькоў Мікіты.

Дзверы адчыніў сам Ворчык. Ён расказвае таварышам, як страціў надзею выйсці з акружэння, як «абрыдла сонца, жыццё», засталося спадзяванне, што, можа, забудзецца аб бядзе ў сям'і. Аднак, калі Мікіта вярнуўся дамоў, жонкі ў жывых не было. Яна павесілася, не вытрымаўшы дамаганняў нямецкага афіцэра. У запісцы прасіла Мікіту ад-помсціць. Пра сцяг, што быў зашыты ў ватоўцы, Ворчык забыўся.

Бацьку і маці Ворчыка Зарудны і Рыбка нічога не сказам («Хай не знаюць яны ў бядзе аб злачынстве сына»). Сын таксама не трывожыў родных, навек пакідаючы хату.

Ён магілу капае сам,

Сам сабе, на лясной паляне,

Мы чакаем...

Пішам мы смяротны прысуд

Ад імя брыгады...

Нам здаецца: не лес вакол

Тут стаіць у суровым маўчанні,

А байцы з батальёнаў і рот...

Асудзіць патрабуюць яны

Чалавека без веры,

Уцякаўшага ад вайны, .

Да вышэйшае меры...

 

Дарога вывела да родных мясцін Алеся Рыбкі, «сэрца б'ецца, рвецца дамоў, рвецца глянуць на сына, дачку». Уяўленне Рыбкі малюе сустрэчу з самымі блізкімі людзьмі:

...Гасцінца я для дзяцей

Не прынёс, як прыносіў даўней.

Я ад кожнага вока прынёс

Родным дзецям па жмені слёз...

Рыбка не хоча прыйсці ў дом «нікчэмным, слабым жабраком», ён «сонца ў дом прынясе на штыку», прыйдзе як вызваліцель, як бацька.

У родных ваколіцах Рыбку не пазнаюць, ён чужы для сваіх крыніц і ляснога ручая. На лясной палянцы акружэнцы сустракаюць бежанцаў, якія не паспелі «уцячы на ўсход». Рыбка бачыць сына, гукае яго. Васілёк, не пазнаўшы бацьку, гаворыць пра кавалачак хлеба. Рыбка і Зарудны аддаюць хлопчыку «паўбуханкі, НЗ», усё, што ў іх засталося.

«Сёмы дзень лістапада» Алесь Рыбка сустракае ў бліндажы.

Больш чым год мінуў з тае даты, —

I са сцягам былым да сяла,

Франтавыя прысады Абудзіўшы,

Брыгада ішла.

Мастацкія асаблівасці

Паэма «Сцяг брыгады» напісана ў форме дзённіка яе галоўнага персанажа Алеся Рыбкі. Абраная форма дазваляла А. Куляшову спыняцца на асобных эпізодах, даваць іх у пераказе, стварала адчуванне непасрэднай і жывой I плыні падзей. Свой «вандроўны дзённік» Рыбка пачынае з апісання першых дзён вайны, з развітання з родным горадам, хатай, хатнімі рэчамі. У творы «ажываюць», пачынаюць гаварыць цацкі дачкі і сына. Попел спаленай вуліцы, дзе ён жыў, стукае ў сэрца і патрабуе помсты. Пачатак вайны такі нечаканы і жахлівы, што ўсё, што адбываецца, здаецца герою прывідным, немагчымым: «Што мяне палявыя дарогі вядуць — я не веру, што па іх мае босыя ногі ідуць — я не веру...»

Гэтая частка паэмы, напоўненая выключным драматызмам і трагедыйнасцю, створана на аснове асабіста перажытага. З пачаткам вайны А. Куляшоў прыехаў у Мінск, але сям'і сваёй тут ужо не застаў. Пакінуўшы ахоплены полымем горад, падаўся бежанскімі дарогамі шукаць ваенкамат. Больш года пісьменнік насіў паэму ў сабе, пачаў працаваць над ёю ў верасні 1942 г., а праз месяц «Сцяг брыгады» быў закончаны. Стварэнню вобраза Заруднага дапамагло знаёмства А. Куляшова з членам Ваеннага савета 11-й арміі камісарам I. Зуевым. «Сустрэча з гэтым разумным, яркім чалавекам, які валодаў нейкай дзіўнай якасці прыцягваць да сябе людзей, запала мне, як гавораць, у душу...Я не пісаў[партрэт Зуева, аднак сустрэча з ім не магла прайсці бясследна, яна працавала на вобраз Заруднага», —згадваў у сярэдзіне 70-х гадоў А. Куляшоў.

Асноўная праблема твора — сцвярджэнне вернасці воіна свайму абавязку перад радзімай. Менавіта на вернасць праходзяць праверку героі паэмы, сімвалам яе з'яўляецца вынесены з бою і з акружэння сцяг брыгады. Вырашаецца гэта праблема па-мастацку, праз паказ карцін народнага жыцця, раскрыццё складаных адчуванняў і перажыванняў герояў. Пашыраюць, узбагачаюць рамкі паэмнага дзеяння раздзел пра жыццё ў леснічоўцы, дзе лечыцца камісар Зарудны, а Рыбка і Ворчык дапамагаюць гаспадару ўправіцца з сенакосам, песня жней, сустрэча галоўнага героя з роднымі мясцінамі і г. д.

Алесь Рыбка, сын земляробчага народа, не можа без душэўнага болю глядзець, як нішчыцца праца селяніна:

Я іду каля жыта.

Пакасілі яго кулямёты,

Усё пакасілі,

А тупыя фашысцкія боты

Яго малацілі.

Танкі гусеніц жорнамі

Жыта пасля памалолі,

Коні потныя, чорныя

Хлеб замясілі на полі.

Кроў была ім дражджамі,

Палілі агнём і жалезам...

Карціна здратаванага жыта набывае сімвалічны сэнс. За ёй паўстае разбуранае мірнае жыццё, асновай якога была стваральная праца. У песні жней зноў узнікае вобраз жыта, ён яшчэ больш трагедызуецца, бо тое, што павінна даваць жыццё (слова жыта сутнасна блізкае слову жыць), становіцца прычынай смерці. Жнучы на замініраваным полі, каб не пакінуць дачушку без хлеба, гінуць маці і бацька, жняя і араты.

Аўтар узнавіў у творы складаную псіхалагічную калізію. На шляху герояў, калі яны выходзяць з акружэння, паўстаў бацькоўскі дом. Ворчык не вытрымаў, пакінуў таварышаў. Сваю віну перад імі ён павялічыў яшчэ тым, што, забыўшыся, прыхапіў з сабой сцяг. Зарудны і Рыбка расстрэльваюць Ворчыка як здрадніка, бо здрадзіў памяці загінуўшых таварышаў.

Сустрэчай з бацькоўскім домам выпрабоўваецца і Алесь Рыбка, аднак ён змог заціснуць свой боль. Аўтар паэмы псіхалагічна матываваў учынкі герояў. Ворчык, пачуўшы ад Лізаветы, што немцы дайшлі да Урала, страціў веру, разгубіўся. Дома чакаў яго яшчэ большы ўдар: жонка павесілася, просячы ў перадсмяротнай запісцы адпомсціць за яе. Маральна знішчаны Мікіта прымае смерць ад рук таварышаў без ніякіх скарг і нараканняў, тым самым прызнаючы сваю віну і справядлівасць пакарання.

Рыбка аказаўся не толькі больш моцны духам і вытрыманы. У гэтым учынку героя таксама выявілася жорсткасць і прамалінейнасць ваеннага часу. Нежаданне Рыбкі прыйсці у свой дом «нікчэмным, слабым жабраком» уражвае, але не пераконвае, бо пабачыць у вайну жывога бацьку і мужа было вялікім падарункам лесу, бо гэтая сустрэча магла быць апошняй.

Прыхаваная палеміка з вырашэннем А. Куляшовым праблемы салдацкага абавязку выявілася ўжо ў гады вайны. У паэме А. Твардоўскага «Васілій Цёркін» байцы не абыходзяць вёску і дом свайго таварыша, сустракаецца з сям'ёй і салдат-акружэнец у наступным вялікім творы рускага пісьменніка «Дом ля дарогі».

Сёння паўстае яшчэ адно пытанне — пра справядлівасць такога пакарання Ворчыка, пра ступень яго віны.

 

 

Кароткі змест Цунамі

Ён і яна, мужчына і жанчына, на самаробнай пірозе пакідаюць чалавечы кантынент. Яны шчаслівыя ў сваёй адзіноце, аддаўшы «пірогу прыхамаці хваль па прыхамаці сэрцаў закаханых». «Нейкі цынік» іх папярэджваў, што такое падарожжа не навіна для Зямлі і не вырашэнне праблем, што свет пад пагрозай, прапаноўваў узяць з сабой лічыльнік Гейгера (прыладу для вымярэння ўзроўню радыяцыі). «Забыты цынік. Як добра ім адным!.. Які спакой!»

У адкрытым акіяне ён і яна сустрэлі чалавека на плыце. «Ён за вады крынічнае глыток прыёмнік аддаваў». Напаіўшы сустрэчнага, падарожнікі нічога з яго рэчаў не ўзялі: «Ім не трэба дапамога забытых імі вырабаў зямлі».

Праз нейкі час (падліку месяцам і гадам яны не вялі), трапілі ў шторм («На грэбнях чорных хваль зіма раве, завея слепіць лодку-недарэку»). Грозная стыхія пасунулася далей, ды «ўскінуў век, ахрышчаны Дваццатым, на даляглядзе выбуховы грыб». Уцякаючы ад страшнага відовішча, ён і яна дагналі шторм. Пірогу насілі хвалі два дні і ўрэшце выкінулі на бязлюдны астравок. Ён стаў Рабінзонам, яна—Пятніцай.

...З мінулай явы ў гэтую ўзялі

Яны сякеру, простую апратку,

Зярнят чатыры жмені — для раллі.

Яшчэ з сабою захапілі памяць,

Што можа скласці зруб — пад бокам бор,

Агонь здабыць, азначыць плотам двор —

Аседлы кут, які даўно пара мець.

Да Рабінзона з'яўляецца дзіўная незнаёмка, якая хоча вярнуць «да спраў былых».

На астравок зноў налятае шторм. Ён пакідае пасля сябе на беразе, «як дзве пірогі, тушы дзвюх акул, прасвечаных... смяротнай дозай». Ён і яна пакідаюць абжыты астравок. Мужчына абяцае адшукаць месца, «дзе б ні хмары, ні цёмныя трывогі не змаглі парушыць мар былых». Аднак жанчыну ўжо

...Не цешыць болей існаванне

Бяздумнае на ўлонні хваль сівых.

А на душы —

цяжкое прадчуванне

Няўхільных змен.

Няшчасцяў.

Бед ліхіх.

Адбываецца сустрэча з Зямлёй — караблём.Злавіўшы «самотны крык яе вачэй нямых», з карабля кінулі ў лодку транзістар, які стаў паміж людзьмі трэцім лішнім. Урэшце, спрабуючы суцешыць яго, яна выкінула прыёмнік за карму.

Да скалістага астраўка пірогу прыгнаў «няўхільны рух жыцця»: яна чакае дзіця. «Калыску памяць вострая змайстрыла», але калысцы суджана было стаць труной, сын нарадзіўся мёртвым.

Той выбух, ад каторага ўцякалі

Бацькі, той смерці атамныя хвалі

Яго дагналі. Тут. На астраўку.

Зноў аддацца ўладзе акіянскіх хваль яго і яе прымусіла гора. Пірога трапіла ў зону землятрусу — цунамі. Хвалі выкінулі падарожнікаў на бераг, «разбілі лодку. Ветразі, як сеці дзіравыя, павесілі сушыць».

Калі мужчына прыйшоў у сябе, то жанчыны побач не ўбачыў. Ляжала забытае люстэрка, на пяску былі яе сляды, якія ішлі ад яго.

У частцы «Замест эпілога» аўтар паказвае спякотны летні дзень. Мужчына і жанчына сядзяць на ўзмежку поля, шуміць зялёнай хваляй жыта. Іх дзіця ганяецца за пушынкай, падобнай на жывога матылька. Аўтар гаворыць, што, можа, гэта не яны, а іх далёкія патомкі.

Хто б ні былі яны, а толькі зноў

Яны — жыцця людскога сувязныя,

Дзве долькі неразлучныя, якія

Вякам перадаюцца ад вякоў.

Мастацкія асаблівасці

Паэма «Цунамі» (1968) належыць да філасофскіх твораў.

Асноўная праблема, якую вырашае ў ёй А. Куляшоў, — чалавек і цывілізацыя. У філасофскіх творах досыць часта сустракаецца ўмоўнасць абставін, сітуацый, характараў, ставіцца своеасаблівы мастацкі эксперымент, каб сцвердзіць альбо, наадварот, абвергнуць нейкую выснову. Характэрнай для філасофскіх твораў з'яўляецца абагульненасць вобразаў.

Ён і яна, мужчына і жанчына, героі паэмы «Цунамі». Пра іх вядома толькі тое, што «яму — за трыццаць, ёй — за дваццаць», і што яны кахаюць адзін аднаго. На старажытнай пірозе гэтыя двое пакідаюць Зямлю, чалавечую цывілізацыю і аддаюцца ўладзе хваль.

На даляглядзе —

вечная дарога,

Бясконцых хваль расплаўленае шкло.

Яны і далеч. Іншага нічога

Няма, не можа быць і не было.

Паколькі сучасны свет дыктуе кожнаму асобнаму чалавеку свае законы, часта жорсткія і несправядлівыя, нясе ў сабе патэнцыяльную пагрозу жыццю, здароўю, матэрыяльным і культурным набыткам, героі хочуць быць незалежнымі ад яго, быць па-за часам.

Яны, свае пакінуўшы стагоддзе,

Па добрай волі і сумеснай згодзе,

Да часу першабытнага плылі.

Сітуацыя-эксперымент, у якую трапілі героі, павінна адказаць на пытанні: ці можа сучасны чалавек «згубіцца» на планеце Зямля, пазбавіцца ўсякага ўздзеяння на сябе цывілізацыі, адмовіцца ад яе набыткаў, ці дастаткова для шчасця «быць усюды разам». I на першае, і на другое пытанні падарожжа дало адмоўныя адказы. Спраўдзілася якраз тое, аб чым папярэджваў сучаснік, якога ён і яна назвалі цынікам, убачыўшы ў яго словах намер перашкодзіць іх падарожжу.

 

Хто ў людскім свеце жыў ад нараджэння,

Без страт няўхільных не пакіне свет...

Дум не заменіць вам пасцель з травы,

Якой вы ўсё жытло сваё заслалі, —

гаворыць цынік. Гаворыць ён таксама пра пагрозу радыеактыўнага апраменьвання, прапаноўваючы ўзяць з сабою лічыльнік Гейгера. Папярэджвае, «што неспакой не лечыць адзінота, што адзіноту лечыць неспакой», і што «дасягнутае шчасце — палон».

Век 20-ы дагнаў вандроўнікаў атамным выбухам, смерцю, якую выпраменьваў на трыццаць міль вакол «вызвалены атам». Сын мужчыны і жанчыны, іх будучыня, нарадзіўся мёртвым.

Яшчэ да нараджэння дзіцяці пачалі ўзнікаць непаразуменні паміж ім і ёю. «Шэсць дзён маўчала. На абрыдлым сене бед прадчуванне непакоіць сны», — характарызуе аўтар душэўны стан гераіні. Потым жанчына з радасцю падхапіла транзістар, што кінула Зямля з карабельнай палубы. Калі Цунамі вярнуў пірогу на мацярык, жанчына пакінула мужчыну без тлумачэнняў, без пісьма.

Узяўшы ў рукі люстэрка, мужчына пераканаўся ў справядлівасці яшчэ аднаго папярэджання цыніка: калі яны пакінулі час, то час не пакінуў іх. Ён не пазнаў свайго аблічча:

Глядзіць і, як па сонечных гадзінах,

Вядзе падлік нелічаным гадам:

Дням восені глыбокай — па маршчынах,

Па сівізне — зімы халодным дням.

 

Якім бачыць паэт вырашэнне праблемы свабоды і шчасця чалавека ў сучасным ,свеце? Адказ знаходзім у эпілозе:

Над сонечным мацерыком разліта Духмянасць ніў спякотным летнім днём. Ён і яна ў цяньку сядзяць, дзе жыта Шуміць зялёнай хваляй за гумном, Як за кармою карабля. Пясчынкай Адпачывае на руках ралля. Ганяецца дзіця іх за пушынкай Падобнай на жывога матыля...

 

 

 

Кароткія змест Варшаўскі шлях

Штуршком для напісання паэмы «Варшаўскі шлях» (1972) стала смерць Аляксандра Твардоўскага, рускага савецкага паэта, добрага сябра А. Куляшова. Яны пазнаёміліся ў Мінску ў 1934 г., калі А. Твардоўскі разам з іншымі смаленскімі паэтамі наведаў Беларусь. У 1939 г. сустрэліся ў Маскве. Але дружба пачалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля таго як А. Куляшоў волей лёсу апынуўся ў сталіцы СССР.

Паэма складаецца з чатырнаццаці частак, роўных па колькасці радкоў (іх дваццаць чатыры), і эпілога. У першай частцы (яна з'яўляецца экспазіцыяй) акрэсліваецца асноўная тэма твора: «Пагутарым аб часе, аб Твардоўскім». Вобраз часу адзін са скразных у паэме. Ён шматаблічны: ваенны, пасляваенны, як выява лепшага ў чалавеку і як выява чалавечай дробязнасці, нікчэмнасці (пятая частка). Скразным з'яўляецца таксама вобраз Варшаўскага шляху, да якога звяртаецца, з якім вядзе дыялог-размову паэт. Варшаўскі шлях — гэта і канкрэтная дарога, Варшаўская шаша, і сімвал яднання людзей, сімвал чалавечага лесу. Цэнтральным у паэме выступае вобраз А. Твардоўскага, які раскрываецца шырока і шматгранна. А. Куляшоў згадвае ваенны лёс сябра («Жыццё і смерць. Дуэль радкоў з крыжамі. // З вайною, не кіруючы франтамі, // На ўсіх франтах, мой шлях, ён вёў баі»). Прыгадвае знакамітую паэму пісьменніка «Василий Тёркин» і пры гэтым гаворыць пра яго грамадзянскую пазіцыю, імкненне да праўды жыцця:

Не раз ён тут салдатам нёс уцеху

I жартам весяліў іх, каб яны

Забыліся на змрочны жарт вайны.

Здаралася, ён ім хлусіў для смеху,

Ды не маніў ніколі для маны.

Называецца таксама вядомая пасляваенная паэма «За далью — даль» (адзінаццатая частка).

Такія паэмы, як «Варшаўскі шлях», сведчаць пра вялікую змястоўнасць лірычнага твора і, у сувязі з гэтым, няпростасць яго ўспрымання. Прааналізуем наступныя радкі:

Яго дзялянка ўсім відна цяпер:

На ёй прыкметных дат і вех нямала,

Дзве кузні, дзве вяхі дзялянкі той:

Адна— Урал, кіпіць у строфах чулых,

Другая кузня,

шлях Варшаўскі мой, —

Зямлячка наша, памяць дзён мінулых.

Аднак ад курнай кузні каваля,

Што чорнай бляхай ад агню абшыта,

Да рудных гор —

яшчэ не ўся зямля,

Што ім раскарчавана і абжыта.

Яшчэ — і ўтаймаванне Ангары...

Пра Урал, край металургіі, які называлі «ўсесаюзнай кузняй», А. Твардрўскі пісаў у паэме «За далью — даль». Другая кузня, «памяць дзён мінулых», знаёмая паэту з дзіцячых гадоў — бацька А. Твардоўскага быў вясковым кавалём. «Утаймаванню Ангары» — пабудове магутнай Ангарскай ГЭС — зноў жа прысвечаны старонкі ў паэме. Паэмнае дзеянне рухае разгадка прычыны смерці А. Твардоўскага. Спачатку выказваецца версія, што паэт памёр ад «хваробы веку», ад раку. Услед за ёй прапануецца іншая — хвароба, як вынік перажытай вайны. Яна таксама быццам прымаецца. Але канчатковы адказ іншы:

Вайна ягоны век укараціла?.. Хвароба?.. Не!

Не падуладна ім

Любоў да працы прагнай, што спаліла

Звышчалавечым высілкам сваім Яго жыццё...

Не веру я, што Пушкіна Дантэс,

Што Лермантава некалі Мартынаў

Забіў. Не веру!

Волатаў скасіла

Паэзія, а ворагі — пасля,

Ясеніна — яна, а не пятля.

Думка аўтара пра талент А. Твардоўскага, пра яго месца і ролю ў літаратуры і жыцці грамадства натуральна кіруецца да разваг пра сэнс чалавечага існавання. У шостым раздзеле прыгадваецца надпіс на надмагільных камнях, які сустракаецца на хрысціянскіх могілках: «Спыніся, падарожны! // СваіМ маўчаннем ушануй мой прах. // Я дома, ты яшчэ ў гасцях». Паэт разважае, дзе сапраўдны чалавечы дом, на гэтым свеце ці на тым. Здаецца, ён нават прымае традыцыйнае хрысціянскае ўяўленне:

Я не агонь начлежны раскладаю

У гонар земляка.

Я ўпершыню

Сябе нібы дадому выпраўляю...

Аднак урэшце А. Куляшоў заяўляе, што яму крыўдна за тых, хто «свет замагільны домам называлі». Паэт упэўнены:

...Каб памёршыя знайшлі

Зваротную дарогу ў свет зялёны,

То адбівалі б толькі ёй паклоны,

Маліліся б шляхам сваёй зямлі.

Зямля для ўсіх, хто там, для ўсіх, хто тут, —

Адзіная сапраўднасць і бясспрэчнасць,

У ёй адной — іх вечнасць і нявечнасць...

Яна адзін для ўсіх вышэйшы суд.

У эпілозе, дапускаючы магчымасць новай вайны, паэт просіць свайго субяседніка, Варшаўскі шлях, тады яго «ўспомніць як салдата», а вершу дазволіць змагацца са злом.

Каб тут, на месцы векавых пакут,

Каб тут, дзе не загіне наша праца,

Ты, сын Зямлі, мог абдымаць Зямлю...