Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткія апісання Трэцяе пакаленне

2. Кароткія апісання Пошукі будучыні

3. Кароткія апісання Буланы

4. Кароткія апісання Вераснёвыя ночы

5. Кароткі змест Макаркавых Волька

 

 

Кароткія апісання Трэцяе пакаленне

Частка першая

Паранены чырвонаармеец Кандрат Назарэўскі ідзе на хутар па фурманку, каб яго падвезлі да горада. Гаспадыня хутара заяўляе, што коней узялі ў абоз, а гаспадара няма дома. На здымках у хаце Назарэўскі пазнаў Толіка Скуратовіча, які дызерціраваў нядаўна з арміі. Жанчына гаворыць, што пра сына нічога не ведае. З'яўляецца гаспадар, запрагае худога і хворага каня, якога кінулі тут салдаты.

Дзяўчынка-падлетак, якая жала авёс, спытала, чаму гаспадар не запрог добрага каня, яны ж у ельніку, зусім блізка. Дзяўчынка прыгадала і сына гаспадара.

Скуратовічу нічога не застаецца, як запрэгчы свайго каня. У мястэчку спакутаваны Назарэўскі загадаў спыніцца. Гаспадар хутара заехаў у двор далёкага сваяка. У хаце быў малы хлопчык. Праз нейкі час прыйшла тая дзяўчынка, што жала авёс. Зося расказвае пра сваю службу ў Скуратовіча і пра самога гаспадара, яго сябра, панскага сырніка Стафана Сэдаса.

Кандрат пакідае Зосі свой гарадскі адрас.

Гарадок Назарэўскага быў разбураны. Васьмігадовая сястра Ірынка сказала, што бацька ў бальніцы, бо афіцэр пранізаў яго шомпалам. Жывога бацьку Назарэўскі ўжо не пабачыў.

Праз некалькі тыдняў, аправіўшыся ад раны, ён вярнуўся на службу. Сястра засталася на ўтрыманні камітэта дапамогі чырвонаармейскім сем'ям.

Толік Скуратовіч хаваецца ў лесе ад мабілізацыі. Гаспадыня ўвесь час выгаворвае Зосі за яе наіўнасць. На хутары чырвонаармейцы шукаюць збожжа. Пастушок Міхалка падзяліўся з Зосяй, што ведае месца, дзе Скуратовіч схаваў мяшкі з жытам. Калі камісар запытаў у дзяўчынкі, дзе збожжа, яна павяла туды чырвонаармейцаў. Пасля гэтага старая Скуратовічыха выгнала Зосю.

Назаўтра ноччу невядомыя забілі Зосінага бацьку і браціка, дзяўчынцы ўдалося ўцячы. Хата яе згарэла.

Быў забіты камісар прадатрада. У адну з начэй запалаў Скуратовічаў хутар. Хутка пасля пажару памерла жонка Скуратовіча.

 

На хутар завітаў ляснік Сцепуржынскі. Міхалка, хочучы забраць у таго сваю раменную папружку, падслухаў частку размовы гаспадара з лесніком. На раніцу Скуратовіч распачаў гаворку пра яго хворага бацьку, наказваў хлопчыку не падслухоўваць больш і маўчаць. Вечарам ён перадаў Міхалкавай сям'і сала і хлеба. «З таго часу Міхалка вельмі выразна адчуў, як змяніліся да яго Скуратовічавы дачыненні. Міхалка цяпер быў лепш адзеты і ніколі не быў галодны. Час ад часу Скуратовіч засылаў што трэба і Міхалкавай сям'і».

Пастушок пачаў сачыць за сваім гаспадаром. Пераканаўся, што Толік Скуратовіч не ў арміі, як усім гаварыў яго бацька.

Атручаны нямецкімі газамі і паранены ў гады першай сусветнай вайны, памірае Міхалкаў бацька. Малы Тварыцкі застаецца адзіным кармільцам у сям'і.

Зося на пашы сустрэла Міхалку. Узрадаваны хлопчык расказвае.ёй пра схаванае Скуратовічам у лесніка Сцепуржынскага збожжа, пра гаспадаровага сына. Зося выказвае здагадку, што Скуратовіч сам падпаліў свой хутар, каб не здаваць прадразвёрсткі. Міхалка цешыцца, што гаспадара «папатрымае ў сваіх руках», што «ён яшчэ больш будзе даваць... усяго». Зося ўгаворвае хлопчыка ісці і ўсё расказаць камісару, які шукае бандытаў. Яна ўпэўнена, што Скуратовіч забіў блізкіх ёй людзей.

У Скуратовіча з'яўляюцца думкі «прыбраць з свету» Міхалку. Пастушок высачыў, як гаспадар штосьці закопваў пад грушай-дзічкай на полі.

Скуратовіч павучае хлопчыка: «Тое, што ты маеш, людзям не паказвай, бо адбяруць. А чалавека чорная часіна заўсёды можа спасцігнуць. Астрогу і торбы не заракайся. Трымай пры сабе і свае думкі і ўсё, што маеш, бо паразяўляюць горлы і глынуць з табою разам».

Старога Скуратовіча арыштавалі. Міхалку некалькі разоў выклікалі на допыт. Скуратовіча прызналі вінаватым у пажары і бандытызме і расстралялі.

Зося прапануе Міхалку ісці з ёй у горад да Кандрата Назарэўскага. Аднак таго ў горадзе не было. Суседка расказала пра сястру Назарэўскага, якая жыве ўжо некалькі дзён на вакзале, бо дзіцячы прытулак спалілі бандыты. Зося, Міхал і чырвонаармеец, які шукае Ірынку Назарэўскую, ідуць на вакзал. Дзяўчынка сядзела пад акном пры сцяне, «тварык белы, нос завастрыўся», яна была хворая. Чырвонаармеец забірае Ірынку, каб завезці да брата.

Міхалка знайшоў сабе службу на хутары, наказаўшы праз нейкі час Зосі, што гаспадару патрэбна парабчанка. Ён марыць пра ўласную зямлю і гаспадарку.

Вёрст трыццаць ад гарадка пры дарозе стаялі дзве старыя хаціны. У адной жыў каваль, у другой — кравец. Кравец дома спатыкаўся рэдка, хадзіў па вёсках і хутарах, шыў кажухі, ведаў увесь вакольны люд.

На змярканні кравец вяртаўся з хутароў, калі яго каля лесу перапыніў чалавек; Пачаў распытваць пра чырвонаармейцаў з атрада Назарэўскага. Чалавека гэтага кравец пазнаў, той яго таксама.

Дома кравец расказаў пра сустрэчу кавалю, каваль выклікаў атрад чырвонаармейцаў. Такім чынам было арыштавана некалькі бандытаў, уцячы ўдалося толькі Толіку Скуратовічу.

Частка другая

Міхал Тварыцкі знайшоў у лесе труп чалавека і каля яго пачак новенькіх трохрублёвак. Жонцы сказаў толькі пра дзве грашовыя паперкі, што ляжалі асобна. У час следства стала вядома, што з раённага банка ўкрадзена вялікая сума грошай і што забіты, магчыма, былы панскі сырнік Сэдас, які невядома як тут апынуўся. Звярнулі ўвагу, што перакопана зямля на полі каля дзічкі, быццам нечага вакол яе шукалі. Там таксама знайшлі некалькі новенькіх трохрублёвак.

Каля Дзвюх Хат (дзе калісьці жылі каваль і кравец) пачынаецца вялікае будаўніцтва. У родныя мясціны вяртаецца Кандрат Назарэўскі і Антон Несцяровіч, былы каваль, які ўзначальвае будаўніцтва электрастанцыі. Хату кулака Сцепуржынскага заняў нехта Наўмыснік, які хутка ўладкаваўся цесляром на будоўлю. Стаўшы брыгадзірам, Наўмыснік распарадзіўся разабраць краўцову хату на апал барака.

Кравец застаўся начаваць у хаце Міхала Тварыцкага, а потым знайшоў на ўсю зіму працу на хутарах. Ад яго Зося даведалася, што Кандрат Назарэўскі стаў вялікім начальнікам.

Міхал угаворвае жонку, каб наехала да Назарэўскага і папрасіла дапамогі. Зося не згаджаецца. Пачынаецца сварка і Міхал які ўжо раз выгаворвае жонцы, што калі б яна «сабе дапамагала, а не чорт ведае каму і чаму, то бацька і брат і дагэтуль жылі б!». Тварыцкі думае пра будучыню дачкі. Ён гаворыць Зосі: «I яно, гэтае дзіця, будзе такое, як мы... Нават будзе горшае. Гэтае пакаленне не на дабро радзілася на свет. Нашы бацькі на вайне мучыліся. Мы ў вайне і калатні гадаваліся. А гэтае малое перад чым, ты думаеш, стаіць? Хіба спакойна на свеце?»

Праз гады чатыры кравец шыў першы кажух Міхалу. Жывучы ў хаце Тварыцкага, ён заўважыў, што гаспадары «не ладзяць паміж сабою».

Знайшоўшы пачак грошай, Міхал стаў сам не свой, нейкая сіла яго цягнула на тое месца. Хаваючыся ад людзей, ён не раз хадзіў у лес і аднойчы ўбачыў грошы, шмат грошай, прыхаваных у моху.

Зося заўважыла перамену ў мужавых паводзінах, не аднойчы спрабавала з ім пагаварыць, але Міхал пачынаў злавацца і крычаць. Аднойчы, калі ён, напрацаваўшыся, спаў, яна агледзела Міхалаву вопратку і знайшла завязаны ў хустачку пачак новых трохрублёвак. У яе з'явіліся падазрэнні, ці не мае муж дачынення да аграблення і забойства. Адбываецца цяжкая, але безвыніковая размова з Міхалам. Зося гаворыць: «Ты зверам робішся! У цябе душа, як у гада. Я думала, што ты паразумнееш... А ты такі самы і астаўся, як і змалку быў. Я за цябе пайшла, я шанавала ў табе працавітасць, але ў які бок ты скіроўваеш гэтую сваю працавітасць?» Міхал адапхнуў жонку і моўчкі выйшаў. «З кожным днём яны ўсё больш пачыналі ненавідзець адно аднаго... Ім было праціўна быць блізка разам. Тую работу, якая вымагала гэтай блізкасці, яны стараліся як мага хутчэй скончыць, збыць з рук... Нарэшце пачалі рабіць работу па адным».

Пасля чарговай размовы-сваркі Зося прыгразіла, што калі Міхал не пойдзе да следчага сам, то заявіць пра ўсё яна («Я з злачынцам быць не хачу, і ў маёй сям'і злачынства не будзе!»). Міхал не мог паверыць, што жонка на такое рашыцца.

Вярнуўшыся ад следчага, Зося сказала Міхалу, якое падазрэнне падае на яго. Міхал шпурнуў у жонку сякеру, параніўшы ёй плячо. Уцякаючы, пастукаў у адну з хат, каб зайшлі да Тварыцкіх. Міхала арыштавалі.

У хату Тварыцкіх зайшоў Кандрат Назарэўскі. Зося тлумачыць колішняму знаёмаму: «Я рабіла ўсё ад шчырай душы. Мне яго шкада, я плачу над ім, ён гэтулькі вынес гора з самых малых сваіх год». Яна расказвае пра жыццё Міхала на хутары Скуратовіча, Назарэўскі — пра банду Толіка Скуратовіча. Гэта яны забілі Зосінага бацьку і браціка. Назарэўскі просіць Тварыцкую пашукаць грошы.

Жанчына ператрэсла ўсю хату, клець, хлеў. У старой салдацкай целагрэйцы, якую муж не здымаў усё лета і восень, яна знайшла зашыты пачак трохрублёвак. Пасля гэтага Міхал прызнаўся, што знайшоў і схаваў дзяржаўныя грошы.

На суд сабралася вельмі шмат народу. Тварыцкаму ставяць у віну ўтойванне дзяржаўных грошай (прычым ён ведаў, што з-за гэтага ледзь не спынілася будаўніцтва каля Дзвюх Хат) і замах на жыццё жонкі. У сваім слове Міхал скардзіўся на сваё ранейшае жыццё. На «гора» і «жыццёвую забітасць» падсуднага націскаў абаронца. Грамадскім абвінаваўцам выступіў Назарэўскі: «...Што такое яго тая хвалёная забітасць і яго баязлівасць чорнага дня? ...Колькі ...прайшло год з таго часу, калі Міхала Тварыцкага пакінуў эксплаатаваць Скуратовіч? Хто яго гэты час эксплаатаваў?.. За гэты час ранейшыя парабчукі сталі інжынерамі, калгаснікамі, майстрамі. А ён стаў адшчапенцам... Нават сям'я яго, жонка, адвярнулася ад яго. Тут яшчэ адно. На сваю дарогу ён накіроўваў свае дзіця, убіваў яму ў душу жудасць перад светам...»

У час суда над Міхалам вярнуўся дамоў кравец. Не знайшоўшы хаты, пайшоў да былога свайго суседа Несцяровіча, той яму прапанаваў жыць у апусцелай хаце высланага кулака.

Зося пасля суда над мужам пераязджае на будоўлю каля Дзвюх Хат. Туды з'яўляецца і Ірына Назарэўская, якая вучылася за настаўніцу. Зося і Ірына пасябравалі.

Частка трэцяя

Наўмыснік убачыў Славу Тварыцкую і пазнаў яе, зразумеў, што дзесьці тут на будоўлі яе маці. Ужо два чалавекі маглі яго пазнаць — кравец і Тварыцкая. Ён просіць у Несцяровіча даведку і хоча пераехаць у іншае месца, аднак Несцяровіч яго не адпускае.

Кравец, які працаваў муляром, упаў з рыштавання ізламаў нагу. Гэта было падстроена Наўмыснікам. Старога адвезлі ў раённую бальніцу. Вяртаючыся з бальніцы, кравец думаў, што кватэра яго будзе занята і ўсе пра яго забыліся. Аднак некалькі чалавек, калі ён падышоў да будоўлі, яго адразу прывіталі, а ў кватэры было прыбрана і нават з'явіўся на падлозе дыванок. Стары страшэнна расчуліўся: «.. .Што я такое рабіў на свеце, што вы так да мяне... Я паўвека свайго прахадзіў па свеце, шыючы кажухі. Там было так — што зарабіў, то і сцерабіў... Там у мяне паўвека прайшло, а тут усяго некалькі месяцаў».

Несцяровіч зводзіць разам Наўмысніка і краўца. Кравец пазнае ў Наўмысніку Сцепуржынскага, кулака. Несцяровіч пакінуў былога кулака працаваць на будоўлі, а краўца папрасіў нікому нічога не расказваць, сам аднак потым пазваніў у ахову будаўніцтва.

Сярод новых рабочых з'явіўся чалавек, які любіў сядзець на адным і тым жа месцы і да ўсіх прыглядацца. Наўмыснік заўважыў яго. Чалавек, а гэта быў Толік Скуратовіч, назваўся Чарпакевічам.

У час сустрэчы ў лесе Чарпакевіч патрабуе ад Наўмысніка «матэрыялы», хоча вярнуцца туды, адкуль прыйшоў. Наўмыснік нагадвае пра хутар, які яму абяцалі за «работу». Чарпакевіч гаворыць, што сітуацыя змянілася:

«Аварыя для іх ужо не страх... За добрых кіраўнікоў іхніх можа быць прыйдзецца ўзяцца». Чарпакевіч расказвае, як атрымалася, што ён забіў Сэдаса. Падыйшоўшы да рэчкі, Наўмыснік і Чарпакевіч раптам заўважылі Тварыцкага. Ноччу яны збіраюцца ўцякаць з будоўлі да сваіх замежных гаспадароў.

Міхал, добра працуючы, адбыў свой тэрмін і прыехаў на будоўлю шукаць сям'ю, Ён адчуваў, што пачаць усё спачатку з Зосяй будзе вельмі цяжка, «яго цягла Слава і тая справа, якую ён рыхтаваў ёй». Тварыцкі прынёс дачцы Скуратовічава золата, ён яго даўно выкапаў пад грушай-дзічкай. Убачыўшы, што багацце не трэба ні Славе, ні Зосі, папрасіў, каб золата перадалі дзяржаве. «Сэрца Міхала быццам упала кудысьці ўніз. На гэты час у душы яго стала страшэнна пуста. Душа на гэты кароткі момант як бы зусім спустошылася, каб быць гатовай да напаўнення».

Тварыцкі пайшоў у лес, каб пабыць на адзіноце. Раптам ён заўважыў Толіка Скуратовіча, той ляжаў на траве, прыкрыўшы галаву рукой.

Скуратовіч наставіў на Міхала рэвальвер, але той паспеў схапіць яго за локці. За плячыма Тварыцкага «чорнай прорвай глядзела ў неба «чортава вока», туды яго паціху пасоўваў праціўнік. Але ў нейкі момант Міхал схапіў Скуратовіча «ўпоперак цела і падняў гэты страшэнны ...цяжар ...Задыхаючыся... бачачы, што сам ён пачаў ужо грузнуць у багну, сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока».

Мастацкія асаблівасці

На самым пачатку 30-х гадоў у артыкуле «Пра сваю п'есу» Кузьма Чорны падзяліўся задумай стварыць цыкл твораў, «якія, разам узятыя, павінны даць карціну развіцця чалавечага грамадства за час ад паншчыны да бяскласавага грамадства». Пісьменнік адзначаў, што «цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасова і па лініі ідыёвых (філасофскіх. — Т. Г.) катэгорый... бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д.» Філасофская ідэя, што павінна была аб'яднаць цыкл раманаў Кузьмы Чорнага — гістарычны рух беларускага народа, чалавецтва, чалавека «ад стану, калі чалавек чалавеку воўк, да новага, калі знішчаецца і павінен знішчыцца назаўсёды той жах чалавечага жыцця, які панаваў на працягу ўсёй папярэдняй чалавечай гісторыі».

Раман «Трэцяе пакаленне» (1935) з'яўляецца часткай задуманага цыкла, ідэя яго — чалавек і гісторыя. Героі твора, а гэта тры чалавечыя пакаленні, жывуць на стыку дзвюх эпох, двух светаў. Стары свет з яго бесчалавечнымі законам! ўвасабляюць Скуратовічы, Сцепуржынскія, Сэдасы, Хурсы, «Філасофію» яго ў гаворках з Кандратам Назарэўскім, Міхалам Тварыцкім раскрывае Скуратовіч-бацька. «Вечнае ўсталяванне жыцця чалавека на зямлі» ён разумее як існаванне багатых і бедных. У кожнага з іх сваё месца: багатыя, тыя, што могуць зарабляць грошы, пакупляюць невялікія маёнткі, завядуць машыны, новыя сарты збожжа, а каля багатых і бедныя карміліся б і капейку зараблялі.

 

Кандрат Назарэўскі, не шкадуючы сябе, змагаецца на фронце з такім «вечным усталяваннем жыцця», змагаецца за будучыню, у якой не будзе эксплуатацыі чалавека чалавекам, не будзе нянавісці, зайздрасці, хцівасці, страху. Вобраз будучыні ў рамане Кузьмы Чорнага канкрэтызаваны — гэта лес трэцяга пакалення, лес дзяцей, Славы Тварыцкай.

Пісьменнік паказвае, што змаганне двух светаў праходзіць праз чалавечыя душы, асабліва складаным яно стала для людзей другога пакалення. Прадстаўнікі яго — Міхал і Зося — з'яўляюцца цэнтральнымі персанажамі рамана.

Характары герояў фарміраваліся ў вельмі блізкіх умовах. У дзяцінстве Міхалка і Зоська былі парабкамі ў Скуратовіча, сем'і іх жылі ў вялікай беднасці. Па-рознаму яны паводзяць сябе ў гады парабкоўства: Зося не падпала пад уплыў Скуратовічавай маралі, Міхалка, ненавідзячы свайго гаспадара, змагаючыся з ім, пачаў жыць па яго законах. Рознымі дарогамі, хоць і злучылі свае лёсы, нарадзілі дзіця, пайшлі героі ў дарослым жыцці. Зося імкнецца да новага, хоча жыць з людзьмі, яна адкрытая, даверлівая, шчырая. Міхал, як сказаў пра яго на судзе Назарэўскі, «узлюбіў душу свайго былога гаспадара Скуратовіча», ён адгароджваецца ад іншых, нікому не верыць. Будучыня для яго страшная, каб выжыць у ёй, патрэбна штосьці мець за душой — золата, грошы, гаспадарку...

Зося і Міхал будуюць розную будучыню сваёй дачцы Славе. Калі маці хоча, каб дзіця ішло па жыцці без страху, з верай у справядлівасць, то бацька вучыць Славу баяцца

ўсяго і ўсіх, бо свет і людзі неспагадлівыя, яны не працягнуць руку дапамогі, а стопчуць, знішчаць. Сімвалічнай з'яўляецца сцэна, калі дзяўчынка гуляе са шклом ад бутылью. «...Закрыла пальцамі адно вока, а да другога прыклала шкло. Свет адразу змяніўся. Ельнік стаў страшным, неба жудасным. Усё як бы закіпела, заварушылася... Здавалася, што расцярушаная на полі салома палае агнём. Дзіця адвяло шкло і глянула на свет сваімі вачыма. Усё стала звычайным».

Ствараючы раман «Трэцяе пакаленне», пісьменнік верыў у гуманізм і справядлівасць новага ладу, звязваў з ім свой ідэал пабудовы чалавечых узаемаадносін. Міхал, як носьбіт маралі старой эпохі, церпіць крах ва ўсім: яго пакідае жонка, дачка ідзе ў будучыню без страху, хата і зямля адыходзяць чужым людзям. Але самае вялікае расчараванне ён перажывае ў той момант, калі ўпэўніўся, што золата не мае ніякай улады: «На стале ляжала золата. Гэтулькі багацця! Зося холадна глядзела на гэтыя пакуначкі. Ніводзін твар не перасмыкнуўся рысай хцівасці, ні ў каго вочы не кінулі позірку сквапнасці. Як быццам бы ніхто з гэтых людзей не мае прагнасці забраць сабе ад другіх, забраць сабе аднаму... Нават кравец... Каб ён хоць крыху паказаў свае ранейшыя рысы, гэта магло б паслужыць, хоць на нейкі час, апірышчам рэштцы старых ідэалаў Міхала Тварыцкага». Але кравец не апраўдаў яго спадзяванняў, ён ужо адчуў на сабе гуманістычную скіраванасць новага грамадства і сам стаў новым чалавекам.

Новым чалавекам становіцца і Міхал Тварыцкі. Кідаючы ў багну Толіка Скуратовіча, герой адмяжоўваецца ад свайго мінулага, рашуча парывае са старым светам. Перад гэтай, заключнай у творы сцэнай, аўтар даў унутраны маналог Тварыцкага; «Твой бацька і ты, мучачы мяне, убівалі мне ў галаву, што чалавек на свеце ад веку да веку будзе рваць горла другому. I кожны павінен быць гатоў сам ірваць кожнаму горла, каб абараніцца. Выварочваючы маю дзіцячую душу, вы ўпэўнівалі мяне, што нявінныя дзеці, змучаныя і сіратлівыя, як пакалечаныя птушкі, будуць бадзяцца па пакутных дарогах... Вы гандлявалі маім маленствам і пакутамі майго абязвечанага вашым жа ўстанаўленнем бацькі! Цераз вас бачыў я сваё дзіця босым і голым на гэтых дарогах! Цераз вас я сам сябе бачу разарваным на дзве часткі!»

Наш час уносіць пэўныя карэктывы ў прачытанне рамана 30-х гадоў. На жаль, новая эпоха, пачаткам якой стала кастрычніцкая рэвалюцыя, аказалася далёкай ад ідэала. Па-іншаму мы сёння глядзім на селяніна-гаспадара і яго прывязанасць да зямлі, нежаданне ўступаць у калгас (Міхал Тварыцкі ў калгас не ўступіў), на раскулачванне, на расстрэл такіх людзей, як Скуратовіч, і г. д. Побач з Зосінай «праўдай» паўстае «праўда» Міхала, бо надта рашуча і безразважна кінулася ў новае жыццё гераіня. Жахлівае мінулае ў яе звязана з хатай, вёскай, сялянскай працай...

Да шчасліва вырашанай у «Трэцім пакаленні» праблемы будучыні пісьменнік вернецца ў раманах ваеннага часу і загучыць яна драматычна.

 

 

Кароткія апісання Пошукі будучыні

Першая частка. Украдзенае маленства

I

«Тыя гады прымусілі нас змалку дзён прывучвацца да плуга і касы, да пілы і сякеры, да гэбля і долата, да молата і кавадла. Гэтае начынне і прыладдзе, па якім яшчэ нядаўна хадзілі бацькавы рукі, было яшчэ і цяжкое і вялікае кожнаму з нас...» — зазначае на пачатку рамана аўтар.

Волочка Нявада вяртаецца з канём з поля. Ад бацькі з фронту ўжо больш за паўгода няма пісем. Дзяўчынка сама ўзарала поле. Каля вёскі яна сустрэла фурманку, на якой стаяла зачыненая труна, а побач сядзеў «увесь сціснуты, скамечаны палонны». Гаспадар фурманкі, хлопец-падлетак, пахаваў на могілках свайго бацьку, які не вытрымаў дарог бежанства.

Хлопчык-падлетак, палонны немец і салдат-канваір спыніліся на ноч у хаце Волечкі. Да хворага немца прыводзяць фельчара, дзяўчынка поіць яго малаком. Фельчар раіць хлопцу заставацца ў Сумлічах: «Жыві ў гэтай хаце і памагай гэтай малой жыць на свеце. Вам жа цяпер абаім важна, каб абы дзень перабыць. У яе вернецца бацька, і жыццё пачынаецца, а ты — скончыцца вайна, і вернешся на сваю Вілейшчыну».

 

Пакідаючы хату Волечкі Нявады, палонны немец запісаў адрас вёскі і, узрушаны тым, што перамог хваробу, застаўся жыць, аддаў малой гаспадыні залатыя гадзіннік, пярсцёнкі, крыжык. Ён іх хацеў завезці сыну Густаву, каб той з арандатара стаў гаспадаром.

Волечка і Кастусь Лукашэвіч, як брат з сястрой, жывуць у адной хаце, вядуць гаспадарку, падзяліўшы па прыкладу Ндарослых паміж сабой абавязкі. Кастусь прадаў старога Волеччынага каня, пакінуўшы свайго. Н Пілуючы ў лесе дровы, Волечка застудзілася. Хлопец прывозіць фельчара, які колькі часу назад лячыў палоннага немца. Фельчар пытаецца, куды Волечка падзела золата, раіць яго прыхаваць, бо пакінутыя немцам рэчы ляжаць у шуфлядзе сярод рознай непатрэбшчыны. Ён пераказвае Н змест пісем старога немца да сына. У першым, адчуваючы, што памірае, палонны развітваўся з сынам і з іншымі членамі сям'і. У другім пісаў пра радасць жыць: «Усе людзі на зямлі добрыя і мілыя. Каб вы толькі ведалі, як аба мне дбалі Ні пра мяне клапаціліся тыя чужыя людзі, у хаце якіх я ляжаў!.. Гэта ўжо не чужыя мне людзі, яны выратавалі мяне, і калі я ўстаў на ногі і ўбачыў, што жыву і ўжо здаровы... я не вытрымаў і... Густаў, мае сэрца баліць аб табе, што ты астанешся арандатарам... Я аддаў той дзяўчынцы тое, што было тваё... Што ж, гэта адзіны раз у жыцці ў мяне так ірванулася душа і павяла мяне на гэты ўчынак...» Разглядаючы пакінутыя немцам залатыя рэчы, фельчар заўважыў на гадзінніку надпіс «граф Паліводскі».

Восень змяняла зіма, зіму вясна, Волечка і Кастусь сталелі. «Надыходзіла новая пара ў іхнім жыцці. Яны не спяшаліся ёй насустрач. Яно само ўсё ішлося, а яны мелі радасць ад свае кожнадзённасці... Абое яны стаялі моўчкі каля свае хаты і як бы слухалі цішыню. Калі яго рука злавіла яе плячо, яна хіснулася да яго, як бы цвёрда ведаючы, што вызначанага не пераступіш і што ёй не можна быць далёка ад яго. I абодвум ім жыццё стала вялікім шчасцем».

II

У канцы 1920 года вяртаецца на радзіму Нявада, які быў у нямецкім палоне. Па дарозе ён спыняецца ў карчме, размаўляе са знаёмым з даваеннага часу яе гаспадаром. На сцяне карчмы прачытаў надпіс: «Памажы мне, Божа, знайсці дзверы ў маю будучыню. Граф Паліводскі». Карчмар расказвае гісторыю графа, якому не пашанцавала. На вайне ён быў паранены і зваліўся з каня. Акрываўленага Паліводскага падабраў селянін. Граф пражыў у яго больш года. Калі збавіцель урэшце сказаў, што трэба Паліводскаму шукаць якую працу, той яго абразіў, назваўшы хамам, і схапіўся за рэвальвер. Селянін выгнаў графа качаргой з хаты. Граф пайшоў служыць у польскае войска. Гэтую гісторыю, а таксама тое, што яго абакралі, карчмар чуў ад самога Паліводскага.

Нявада вярнуўся дамоў, ледзь пазнаў у сталай жанчыне, што выйшла на ганак, тую Волечку, з якой ён развітаўся, ідучы на вайну. Бацька шчаслівы, што дачка засталася жывой. Але Волечка вырасла без яго, «хтосьці злы адабраў ад яго яе.маленства».

Перабіраючы рэчы ў куфры, Нявада убачыў золата. Волечка тлумачыць, як трапілі да яе гадзіннікі, пярсцёнкі, крыжык. Нявада дапамагае зяцю будаваць новы дом. У яго нараджаецца ўнучка.

III

У мясцовасці, далёкай ад Сумліч, з'явіўся незнаёмы нікому чалавек, які «шукаў не зямлі і не хлеба, а толькі цішыні... Так, як ніхто, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў, саломіна за саломінай». У мясцовай улады ён прасіў надзел на чатыры душы і вымушаны быў расказаць пра свае жыццё. Нарадзіўся ён на Дзісненшчыне. Першая сусветная вайна яго з бацькам і сёстрамі выгнала з дому. Дарога на усход была адрэзана. Пахаваўшы бацьку і сястру, Ракуцька з другой сястрой вярнуўся на радзіму, але хата і амаль уся вёска аказалася спаленай. Блукаючы па наваколлю, брат і сястра натрапілі на пакінутую ацалелую хату і сталі ў ёй жыць. Праз нейкі час Ракуцька знайшоў параненага графа, дапамог яму вярнуцца да жыцця, але ўдзячнасці ад яго не дачакаўся. Уцякаючы ад свайго збавіцеля, граф ускочыў на худую Ракуцькаву кабылу.

Пасля рэвалюцыі Сымон узяў панскай зямлі і з панскага лесу паставіў побач са старой новую хату.

З бежанства вярнулася гаспадыня старой хаты. Яе муж загінуў на вайне, дзеці памерлі. «Маладая і адзінокая жанчына неўзабаве перайшла ў новую хату нязнанага раней маладога суседа, які, здавалася, бесперапынна піў вялікую асалоду даводзіць да дасканаласці сваю новую дамоўку». У Ракуцькі нарадзіліся сын і дачка.

Калі Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, да Сымона з'явіўся граф Паліводскі «ва ўсім бляску афіцэра польскага войска». Ён абяцае не спаганяць за панскую зямлю і хату з панскага лесу, калі Ракуцька аддасць тое, што забраў у яго. Селянін гаворыць, што замест падзякі за выратаванне граф украў калісьці ў яго кабылу, а цяпер робіць злодзеем.

Сымон Ракуцька прымае рашэнне ўцякаць у савецкую Беларусь. Цёмнай бяззорнай ноччу ён з дзецьмі і жонкай спрабуе перайсці граніцу. Раптам пачулася страляніна. Жонка з дзецьмі першымі рушылі назад. Сымон на нейкі час затрымаўся і быў арыштаваны савецкім пагранічнікам.

Вярнуўся Ракуцька ў тыя мясціны, дзе засталася жонка з дзецьмі, толькі ў 1939 годзе. Дайшоўшы да знаёмага кутка, ён ўбачыў дарагі яго сэрцу камень і маладую жанчыну, што сядзела на ім. Але гэта была не яго жонка, а яго дачка. Сустрэча і думка, «што мінулае не варочаецца»; настолькі яго ўразілі, што ён не адкрыўся дачцы.

Вярнуўшыся ў свой дом, трэці за яго жыццё, Ракуцька ўбачыў у двары жанчыну. Ён пазнаў яе з першага позірку. «Гэта яна! Такая! Без яго такая стала!.. I ён зыначыўся без яе. Ужо і старасць не вельмі далёка стаіць за плячыма. I ў яе таксама. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маладосць, і яе самую ўкраў. I яго маладосць украў... Злы ён і жорсткі, гэты страшны злодзей. I ніякая кара нідзе і ніколі не спасцігне яго...»

Новую бацькаву хату адшукаў Тамаш. Убачыўшы перад сабой дарослага сына, стары Ракуцька зайшоўся ад новага болю: «Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой арміі, і хіба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралі ад бацькі: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку...»

Другая частка. Вялікае скрыжаванне

I

«Вялікі шлях з усходу на захад праходзіць каля мястэчка Сумліч, але не праз іх... а крыху зводдалеку. Гэты шлях — старая Маскоўска-Варшаўская шаша».

На скрыжаванні дарог расла вялікая старая таполя, дзякуючы якой на сенажацях і палях сумлічан кожны год вырастала безліч дрэўцаў. Нявада аднойчы перасадзіў з сенажаці некалькі большых дубчыкаў бліжэй да вялікага дрэва. Праз колькі дзён убачыў іх стаптанымі «нечымі ботамі з шырокімі абцасамі».

На скрыжаванні пад дрэвам Нявада сустрэў маладую дзяўчыну. Яна ішла да бацькі. З гісторыі незнаёмкі Нявада даведаўся, што і ў бацькі гэтай дзяўчыны ўкралі маленства дачкі. Дзяўчына, яна назвалася Лізаветай, хоча ведаць, каго ёй ненавідзець за ўкрадзенае маленства.

 

Нявада і Лізавета заўважылі спячага ў кустах мужчыну. Паводзіць ён сябе незразумела і Няваду апаноўвае вялікая трывога: «Можа зноў тут блізка ходзіць той вялікі злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства». Незнаёмы хлопец заяўляе старому: «Ведаю! У цябе ўкралі маленства твае дачкі. А ў мяне ўкралі самога мяне. Так што ідзі сабе ў свой бок, а я ў свой».

Застаўшыся на скрыжаванні, незнаёмец пачуў пра пачатак вайны. Вестка яго ўзрадавала і абнадзеіла. На шашы пачаўся вялікі рух. Наляцелі нямецкія самалёты і пачалі бамбіць. Нявада збірае на фурманку ацалелых пад абломкамі дзяцей, калі малады чалавек з радасцю паведаміў, што немцы ўжо занялі Мінск, Бабруйск і Чырвоная Армія разбіта. Нявада з усяго размаху апусціў на галаву чалавека, «які так добра ўсё ведаў і так складна гаварыў», прэнт.

З-пад абломкаў і чалавечых трупаў выбіраецца Лізавета.

Малады чалавек, прыйшоўшы ў сябе пасля ўдару па галаве, сустракае немцаў, пытаецца пра графа Паліводскага і просіць есці. Нямецкі афіцэр у адказ паціснуў плячыма і кінуў з машыны ў дарожны пясок пачак галетаў.

Бомбы не зачапілі Сумлічы. Прыстроіўшы дзяцей, Нявада вярнуўся ў вёску, але дома нікога не было. Ноччу ў хату прыйшла Волька і расказала бацьку, што здарылася ў яго адсутнасць. Мабілізаваныя мужчыны не знайшлі ніякага начальства і вярталіся назад. Забралі ў афіцэра, які ўцякаў з фронту, кулямёт. Зброю пакінулі ў хаце Кастуся Лукашэвіча, пра што хтосьці данёс чужынцам. Тыя палічылі, што Лукашэвіч — камандзір нейкага атрада, забралі кулямёт і гаспадара хаты. Лукашэвічу ўдалося па дарозе ўцячы. Немцы аб'явілі, што калі Кастусь Лукашэвіч сам не явіцца да іх, то мястэчка будзе спалена, а кожны дзесяты яго жыхар расстраляны.

Кастусь прыйшоў дамоў ноччу, а раніцай усіх местачкоўцаў сагналі разам, запатрабавалі выдаць камуністаў. Адзін вясковы палахлівец назваў Лукашэвіча, але яму і на гэты раз пашчасціла ўцячы.

У хату прыходзіць Кастусь і, паведаміўшы, дзе яго можна знайсці, ідзе назад у лес.

Раніцай на ўмоўленае месца выпраўляецца Нявада. Просіць зяця, каб той дзе-небудзь схаваўся і прыціх, бо перад ім «жалезны звер». Просіць зрабіць гэта дзеля Лізы, унучкі. Кастусь адмаўляецца, хоць вельмі любіць дачку.

 

Калі Нявада вярнуўся ў Сумлічы, усюды гаспадарылі паліцаі. У хаце Волькі і Лізы не было. Стары з размовы паліцаяў даведаўся, што з немцамі з'явіўся граф Паліводскі і стаў начальнікам воласці.

У старой хаце ён убачыў сумную дачку. Яна паведаміла, што Лізу разам з іншымі маладымі дзяўчатамі і хлопцамі немцы павезлі кудысьці на машынах.

Праз некалькі дзён стала вядома, што атрад Кастуся адбіў дзве машыны з моладдзю, але Ліза трапіла ў лагер.

Волька ідзе ў атрад да мужа, а Нявада — ратаваць унучку. Ён верыць, «што чалавек не вытрымае, каб вечна быць зверам. Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым».

II

На ўскрайку лесу Ракуцька сустрэў незнаёмага маладога чалавека, адзенне якога ператварылася ў лахманы.

Праз нейкі час прыходзіць Тамаш, расказвае бацьку пра лагер, куды немцы сагналі некалькі тысяч чалавек. Ракуцька паведамляе сыну пра дзейнасць атрада Лукашэвіча і пра тое, што ў лагеры знаходзіцца дачка камандзіра Ліза. У лагеры апынулася і жонка Сымона Ракуцькі.

Незнаёмец чуў размову бацькі з сынам. Ён спавядаецца незнаёмым людзям. Імя яго Люцыян Акаловіч. Бацька Люцыяна страціў у час рэвалюцыі фальварак пад Клецкам, спадзяваўся з дапамогай Польшчы вярнуць яго. Са слова «Беларусь» Акаловічы смяяліся, упэўненыя, што ёсць толькі Польшча, якая хутка пра сябе заявіць. Малады Акаловіч вырас з марай пра свой фальварак. Граф Паліводскі завербаваў Люцыяна служыць немцам. Бацька блаславіў сына, бачачы ў Германіі тую сілу, якая зможа расправіцца з бальшавікамі.

Перад пачаткам вайны з Савецкім Саюзам Люцыян апынуўся на тэрыторыі Беларусі. Радасцю напоўнілася яго сэрца, калі пачуў, што немцы наступаюць. За гэтую радасць нейкі чалавек стукнуў Акаловіча па галаве.

Сустрэўшы выпадкова знаёмую жанчыну, ён даведаўся, што маці немцы жывую спалілі ў хаце, а бацьку павесілі. Акаловіч хоча адпомсціць Паліводскаму, ён ведае, што той стаў начальнікам, ведае, дзе яго шукаць.

Тамаш развітваецца з бацькам. Калі Сымон Ракуцька задрамаў, Люцыян уцёк.

У Баранавічы ранішнім цягніком прыехала пажылая пара. Іх сустрэў малады жыццярадасны чалавек у вайсковай форме. Машыны павезлі старых і маладога немца далей. На Вялікім скрыжаванні быў зроблены прыпынак. Стары немец доўга з трывогай углядаўся ў дрэва, яму здалося, што гэтую таполю ён калісьці ўжо бачыў. Прыгадаў мінулую вайну і свой палон. Гертруда, старая немка, баіцца гэтай зямлі. Сын супакойвае маці, што хутка на заваяванай тэрыторыі будзе ціха і бяспечна, бо «тут жывуць не людзі, а казюлі з нявольніцкай псіхалогіяй. Яны створаны, каб быць слугамі». Густаў-малодшы папракае старэйшага, што той калісьці «страціць сваю нямецкасць» і аддаў тубыльцам здабытае на вайне золата.

Сымон Ракуцька прыводзіць у лес шмат людзей на чале з Лукашэвічам. Ён расказвае, як трапіла да немцаў жонка. Пра дачку Лізавету Ракуцька нічога не ведае.

III

Густаў і Гертруда пасяліліся ў былым маёнтку нейкага тутэйшага пана. Маёнтак знаходзіцца недалёка ад лагера. Сын, выбіраючы для бацькоў месца жыхарства, падумаў і пра дадатковую ахову, і пра рабочую сілу.

Ліза Лукашэвіч трэці тыдзень ляжыць каля лагернага слупа хворая, «бяздум'е было яе ратункам, і ішло яно ад вялікай слабасці яе цела». Нейкім днём над спакутаванай дзяўчынкай нахілілася Ракуцькава жонка. Ліза сказала ёй «мама!». Гэтае магічнае слова скаланула душу і дзяўчынцы, і старой жанчыне.

Нявада дайшоў да маёнтка, дзе жыў граф Паліводскі. Перадаў праз жанчыну -служанку, што «прынёс тое, чаго шукаюць праз усё жыццё». Графу Нявада расказвае, як трапілі да яго залатыя рэчы і просіць выбавіць з лагера за вернутае золата ўнучку: «Ратуйце яе і мяне цераз гэта... Чалавек жа нават і акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу... Нявіннае дзіця...» Паліводскі амярцвела глядзеў на каштоўнасці. Урэшце пачаў крычаць, што стары позна іх прынёс, яны яму патрэбны былі дваццаць год назад.

Паліцэйскі паведаміў, што графа просіць прыняць сын Стафана Акаловіча. На вачах у Нявады Люцыян Акаловіч застрэліў Паліводскага.

«Тое, што Паліводскага ўжо няма жывога, не дало яму палёгкі. Безнадзейнасць і чорны смутак душылі яго». Акаловіч ідзе на захад, дзе родны дом. У лесе Люцыяна перастрэў нейкі чалавек. Ён не паверыў, што Люцыян забіў графа. Знайшоўшы ў Акаловіча нямецкае пасведчанне, незнаёмец выстраліў у яго. Акаловіч упаў мёртвы.

Партызаны напалі на Перабродскі лагер, дзе былі Ліза і жонка Ракуцькі. Тамаш загадаў таварышам ісці ў маёнтак, і забраць там усіх коней, бо ў лагеры шмат хворых і слабых.

Напалоханая стрэламі Гертруда выбегла ў сад, згубіўшы нават чаравікі. Гертруда з Густавам праседзелі ў кустах да ночы, потым жах іх пагнаў падалей ад маёнтка, дзе ляжалі забітыя салдаты і паліцаі. Гертруда памірае, праклінаючы мужа за той парыў, калі ён аддаў чужаземцам золата. «Гэта лёс Германіі за цябе расплачваецца з намі!» — гаворыць жанчына.

Густаў пахаваў жонку і пайшоў адзін. Пераапрануты ў вопратку тутэйшых людзей, выдаўшы сябе за чэха, ён трапіў у Сумлічы. Яго душэўны стан не мае пэўнасці: «Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: «Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты і слава фюрэра?» То хацелася сказаць: «Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!»

Густаў распытаў, дзе дом Нявады. Ён адразу пазнаў усё ў старой хаце, дзе калісьці раскрыў людзям душу. Прыняўшы Густава за чэха, гаспадары запрасілі яго за стол. Але ён спытаў пра золата, якое аддаў гэтым людзям шмат гадоў назад. Пачуўшы, што Густаў немец, мужчына загадаў яму выйсці з хаты.

У садзе Кастусь Лукашэвіч прыцэліўся і стрэліў. Потым ён убачыў на дрэве падмерзлую бэру. Падумаў, гледзячы на яе, узяў у пуньцы два яблыкі і панёс іх у хату хворай Лізе.

Мастацкія асаблівасці

У рамане «Пошукі будучыні» (1943) Кузьма Чорны паказаў трагічныя падзеі беларускай гісторыі, што мелі месца ў XX стагоддзі: першая сусветная вайна, падзел Беларусі на Усходнюю і Заходнюю, Вялікая Айчынная вайна. Героі яго твора хочуць жыць у сваім доме, працаваць на сваёй зямлі, мець сям'ю, гадаваць дзяцей. Але састарылася адно пакаленне, вырасла другое, нарадзілася трэцяе — і ўсе яны не маюць таго, да чаго імкнуцца. Будучыня, з якой звязваецца чалавечае шчасце, застаецца недасягальнай.

Ці не палемізуе сам з сабой аўтар (з уласнымі думкамі ў рамане «Трэцяе пакаленне»), укладаючы ў вусны Нявады наступныя разважанні: «Гэта тая, пра якую я думаў, што яна будзе шчаслівая! Вось і прыйшла яе будучыня! Божа мой, божа мой». У «Трэцім пакаленні» вайна ўяўлялася як жахлівы прывід старога свету. У новым рамане яна стала явай, рэальнасцю для трэцяга пакалення, для Лізы Лукашэвіч. Яе лічыў шчаслівай Нявада, параўноўваючы маленства ўнучкі і дачкі. Пры гэтым нараджалася ў душы старога чалавека пачуццё, падобнае да крыўды ці смутку: «Волечка... тая дзяўчынка, паўставала перад ім. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, ці то ў мінуўшчыне, ці то ў сучаснасці, ці то ў будучыні... Ужо не Волечка, а другая, вельмі цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад ім. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю маці і, як жывое ўвасабленне той Волечкі, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучыні. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра... I яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэта радзілася адразу на шчасце. «Тая варта большага замілавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыцці, як аб вясёлым свяце». Але калі ён пабачыў на Вялікім скрыжаванні патрушчаныя дзіцячыя косці, вобраз Лізы зліўся з вобразам Волечкі. Нявада імкнецца абараніць унучку ад «жалезнага звера». Ён нават просіць зяця, Кастуся Лукашэвіча, кінуць змаганне, не дражніць ліха, што прыйшло на родную зямлю. Калі Ліза апынулася ў лагеры, Нявада бярэ золата і выпраўляецца ў далёкую дарогу, да графа Паліводскага, ратаваць унучку.

У рамане паўстае трагічны вобраз украдзенага маленства. Няваду з Волечкай разлучыла першая сусветная вайна і дачка вырасла без бацькі, у Сымона Ракуцькі дзяцей амаль на дваццаць гадоў адабрала мяжа, што падзяліла Беларусь на дзве часткі. Пачуўшы гісторыю Ракуцькавай сям'і, Нявада зразумеў, што той вялікі злодзей, які ўкраў у яго малую Волечку, жыве. Таму знікае спадзяванне, што «ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей».

Хто той вялікі злодзей, які так жорстка наздзекваўся з Нявады, Ракуцькі, Волькі, Лізаветы, які з'явіўся зноў, каб адабраць будучыню ў Нявадавай унучкі? Пісьменнік дае адказ на пытанне. Гэта вайна, якая прымушае чалавека кінуць плуг, касу і ўзяць у рукі зброю, каб забіваць сабе падобных. Гэта чалавечая хцівасць і несправядлівасць, што нараджае жаданне адных жыць за кошт працы другіх. Гэта ўяўленне пра абранасць Богам, вышэйшасць сваёй нацыі... Аблічча вялікага злодзея мяняецца, але сутнасць яго адна і тая ж: ён крадзе ў чалавека радасць жыцця, прымушае яго пакутаваць, не пускае ў будучыню.

Творы ваеннага часу Кузьмы Чорнага развівалі, узбагачалі задуму цыкла раманаў, але былі адначасова і пераглядам яе. Усе філасофскія катэгорыі («бацькаўшчына», «будучыня», «уласнасць», «гуманізм» і інш.) правяраюцца перад тварам смяртэльнай небяспекі, якую нясе з сабой фашызм.

Сутнасць фашызму ў творы раскрываецца на вобразах бацькі і сына Шрэдэраў. Густава-старэйшага лёс двойчы прыводзіць на Беларусь. Спачатку, у гады першай сусветнай вайны, ён тут палонны і цяжка хворы. Чуласць, спагадлівасць мясцовых людзей да яго, чужынца, настолькі кранулі Шрэдэра, што душа немца раскрылася лепшым, што ў ім было. Але душэўны парыў насустрач чалавечнасці на радзіме Густава роднымі яму людзьмі быў расцэнены як слабасць духу, як здрада вялікай Германіі. Жонка і сын да канца жыцця будуць папракаць гэтым Шрэдэра. Другі раз Густаў прыехаў па запрашэнню сына абжываць новую тэрыторыю, дзе «праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год... стане карэнная Германія». I тыя самыя людзі, якія

два дзесяцігоддзі назад дапамаглі яму ўратавацца ад смерці, застрэлілі яго, бо перад імі быў вораг, які хацеў забраць самае дарагое—будучыню.

Густаў-малодшы не здольны ні на якія парывы, ён змалку выхоўваўся на ідэях вялікай Германіі. Ён прыйшоў са зброяй у руках «заваяваць гэтую краіну». Ён лічыць тутэйшых людзей «казюлямі з нявольніцкай псіхалогіяй». «Павесь пад іхнімі галовамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа загубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усёй светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч», — гаворыць Густаў маці, перакананы ў сваёй арыйскай вышэйшасці.

Чаго варты чалавек без бацькаўшчыны і радзімы Кузьма Чорны паказвае на вобразе Люцыяна Акаловіча. Ён стаў цацкай у руках палітычнага авантурыста графа Паліводскага і нікому — ні сваім, ні чужым — не патрэбны. Яго бессэнсоўнае жыццё закончылася такой жа бессэнсоўнай смерцю.

Раманы Кузьмы Чорнага займаюць своеасаблівае месца сярод твораў беларускай ваеннай літаратуры.Пісьменнік не імкнуўся ўзнавіць жыццё народа на акупіраванай тэрыторыі, змаганне з ворагам так, як гэта зробяць В. Быкаў, I. Шамякін, I. Чыгрынаў, I. Навуменка і інш. Батальныя, побытавыя ваенныя сцэны, іх не абмінуў аўтар «Пошукаў будучыні», мастацкай пераканаўчасцю не вызначаюцца. Мэта, якую ставіў перад сабой Кузьма Чорны, — «...вайну, фашызм паказаць і асэнсаваць з вышыні філасофска -гістарычнага і мастацкага вопыту чалавецтва» (А. Адамовіч).

 

 

Кароткія апісання Буланы

Зменлівы дзень позняй восені. Вецер гоніць хмары. Рэдкія сняжынкі змяняюцца дажджом. Ды раптам павеяла з поля вялікай воляю. I Буланага, старога спрацаванага каня, нечакана пацягнула з хлява ў паплавы. Ён крыху пастаяў у садзе, а потым, абмінуўшы купку людзей, паволі пабег на вуліцу. Ён перажываў пачуццё, якое ў маладыя гады прымушала «ляцець, задраўшы хвост, па загонах. Аж стогне зямля, аж енчыць дарога пад капытамі».

Гаспадар Буланага пасля роздумаў і незразумелай яму душэўнай барацьбы прымае рашэнне прадаць каня, бо карысці ў гаспадарцы ад яго няма. На кірмашы «нейкія людзі ў доўгіх крамных світках і чорных кажухах... доўга тузалі Буланага». Потым падышоў «высокі чалавек у зрэбных портках». Дагледзеўшы каня, ён таксама страціў да яго цікавасць. Па дарозе дамоў у Рамана з'явілася думка, што Буланага трэба будзе «пусціць пад нож на скуру». Нейкі час штосьці супраціўлялася ў свядомасці чалавека, ён не хацеў мець дачыненне да смерці. Потым прыйшло новае разуменне: «Дык Буланы гэта стары, яму ўжо канец падыходзіць... I не мной гэта ўсё зроблена, і не мной будзе перароблена».

Канавалы Карась і Бяляк знешне былі падобны паміж сабой, Аднак іх істотна адрознівалі адносіны да справы. Пускаючы ў справу нож, Карась нічога не адчуваў. Для яго «ўсё было роўна, усё было на сваім месцы». Мікалай Бяляк у гэты момант перажываў.унутраны ўздым, ён хацеў, каб вакол былі людзі і бачылі, якой незвычайнай працай ён заняты. Мікалай забраў з двара Буланага і павёў у поле. Але ў самы апошні момант, калі ў руках Карася бліснуў нож, конь, адчуўшы раптоўную трывогу, вырваўся. Незнаёмая сіла панесла яго па палявой дарозе.

Людзі адшукалі каня к вечару. Слабасць і мляўкасць апанавалі яго істоту і ён не супраціўляўся. «...Скрозь трывогу калацілася ў ім нешта падобнае да адчування, што пасля гэтага поля і гэтых людзей будзе нешта добрае». Пасля удару нажа Буланы абсунуўся ўперад, ткнуўшыся мордай у зямлю. Праз колькі хвілін людзі пачалі здзіраць з яго скуру.

Вясной на тым месцы, дзе ўпаў Буланы, вырасла густая высокая трава. Косці яшчэ з восені парасцягвалі сабакі. У чэрапе, які застаўся на полі, мурашкі заснавалі свой горад. Усё лета каровы абміналі траву, яе скасіў сусед Рамана Драгуна, разважыўшы, што «зімою ці восенню з'ядуць за мілую душу».

 

 

Кароткія апісання Вераснёвыя ночы

З учарашняга дня Агату не пакідала злосная раздражнёнасць. Даглядаючы гаспадарку, яна спаганяла сваю

злосць на ўсіх, хто трапляўся пад руку. Брат Фэлік расказваў, як Асташонак хваліўся, што за самагонку ўсунуў ёй старую царскую трохрублёўку. Але не сама грашовая страта хвалявала і злавала Агату. Малады, вясёлы і трохі жулікаваты Асташонак стараўся перастрэць яе на вуліцы ці ў полі, а цяпер колькі дзён ужо не паказваўся. Поруч з ім яшчэ больш непрывабным здаваўся Зыгмусь Чухрэвіч, братаў сябра, які паўтара гады дамагаецца яе рукі. Дзяўчыну адштурхоўвала і яго апратка, і. манера гаварыць, і нават далікатнасць абыходжання.

Фэльку, які ўжо некалькі гадоў жыў удаўцом, падабалася Алімпа. Дзеля яе свабодныя вечары ён бавіў у гурце моладзі. Агата сядзела на лаўцы ля хаты — яе равеснікі ўжо ўсе мелі свае сем'і. З нейкага часу дзяўчыне пачало здавацца, што брат стараецца яе звесці з Зыгмусем. Гэта яе таксама злавала і крыўдзіла. Прыходзіў Зыгмусь, садзіўся побач, гладзіў рукі і далікатна абдымаў. Агата ж міжволі лавіла ў вечаровым гомане голас і смех Асташонка.

Дзяўчына разумела: пакуль што яна многім падабаецца, хоць хлопцы вакол усе маладзейшыя. Але на зыходзе ўжо і другая маладосць. Да яе сваталіся, і нямала, толькі ніхто не прыйшоўся да душы. Ісці замуж без кахання Агата не хацела. З нейкага часу ёй вельмі хацелася мець дзіця і яна лашчыла і выцалоўвала братавага Стасіка. Потым з'явілася думка, што, можа, і сапраўды варта пайсці за Зыгмуся, так будзе лепш і брату, і ёй самой.

 

Фэлька запрасіў у нядзелю Алімпу з бацькамі і Зыгмуся Чухрэвіча з братам і жонкай. Гэта было падобна на заручыны дзвюх пар. Гледзячы за сталом, як цягнуцца адзін да другога фэлька і яго абранніца, Агата зноў востра адчула непрыязнасць да Зыгмуся. Змагаючыся сама з сабой, яна паспрабавала адарваць жаніха ад гаворкі пра коней. Аднак той паварочваўся, усміхаўся ёй і зноў пачынаў павольна і стала расказваць, як «жарабец яго парваў быў путы». Агата выйшла з-за стала і схавалася за перагародкай. Жахнула думка: «Ісці за яго! I каб маё дзіця было ад яго?». Дзяўчына выбегла з хаты, не ведаючы, што рабіць і куды дзецца. Раптам прышло рашэнне. Пляменніка, які трапіўся па дарозе, адправіла сказаць усім у хаце, што яна ідзе да Асташонка.

Пачынала днець, калі Асташонак прывёў Агату дамоў. Фэлька яшчэ не спаў. Агата падрыхтавалася да непрыемнай размовы з братам. Але той, паведаміўшы, што Зыгмусь пакрыўдзіўся, раптам сказаў: «Ты не крыўдзіся на мяне... Ты ж не дума еш, што я сілком цябе ўгаварваў ісці за Чухрэвіча. А яно не гэтак. Не ідзі ты за яго, калі гэтак не падабаецца...» Сястра заплакала, Фэлька гладзіўпа галаве і супакойваў. Ад слёз рабілася лягчэй. Агата ўсміхнулася і паволі пайшла ў двор, поўная жаночага хараства.

 

 

 

Кароткі змест Макаркавых Волька

Сафрон Дзядзюля, стоячы на сельсавецкім ганку, заўважыў жанчыну, якая зайшла на могілкі. Постаць і хада яе падаліся Сафрону знаёмымі і нагадалі адну асобу. Гадоў з дзесяць назад ён заляцаўся да Макаркавых Волькі, дачкі бежанца, што з'явіўся ў вёсцы ў гады першай сусветнай вайны. Ісці замуж дзяўчына не збіралася, бо хацела вучыцца. Да таго ж Сафрой ёй зусім не падабаўся. Каб адчапіцца ад назаллівага хлопца, Волька выказала яму ўсё, што пра яго думае. Назвала яго пустым ганарліўцам, які нікога і нічога не паважае, псуе ўсякую рэч, абы толькі да яе дакрануўся. Хоць дзяўчына гаварыла праўду, Дзядзюля пакрыўдзіўся і чакаў моманту адпомсціць.

Калі Волька паехала вучыцца на рабфак, ён напісаў першы ліст. Ён паведамляў у навучальную ўстанову, што Вольчын бацька — кулак. К гэтаму часу Сафрон стаў «вялікім актывістам». Хоць селянін «з ранку да вечара крукам вісеў у сельсавеце», даведку, што ён не кулак, атрымаць не змог. З рабфака Вольку адлічылі, аднак у вёску яна не вярнулася, уладкавалася ў горадзе на працу. У другім лісце (начальніку ўстановы) Дзядзюля характарызаваў Вольчынага бацьку не толькі як кулака, але і як спекулянта. Пасля смерці жонкі той прадаў купленае цяля, а грошы аддаў дачцы. Стары зноў не змог дастаць у сельсавеце патрэбную даведку.

Па тым, што дзяўчыну не знайшла тэлеграма і яна не прыехала на пахаванне бацькі, Сафрон зразумеў, што ў горадзе яе не было. Пра смерць блізкага чалавека Волька праз нейкі час даведалася з ліста суседзяў. У вёску яна больш не прыязджала. Усе гэтыя гады Дзядзюля цешыўся думкай, што адпомсціў за колішняе прыніжэнне.

Назаўтра ён даведаўся, што гэта сапраўды Макаркавых Волька. Яго ахапіла незразумелая трывога. У самым канцы рабочага дня жанчына зайшла ў кабінет і папрасіла адпусціць цвікоў", бо хоча абгарадзіць бацькоўскую магілу. Змяніўшы голас, каб яго нельга было пазнаць, Сафрон у просьбе адмовіў. З размовы ён даведаўся, што Волька скончыла інстытут і працуе доктарам. Гнеў і злосць ахапілі ўсю істоту Дзядзюлі.

Вечарам Сафрон трапіў пад халодны дождж і моцна застудзіўся. Па доктара ехаць было далёка, паклікалі Вольку. У Дзядзюлі пачыналася запаленне. Каб выпісаць лекі, Волька папрасіла паперу. Разгубленая Сафронава жонка выцягнула з шуфляды нейкія лісты. Узяўшы адзін з іх, Волька раптам убачыла сваё імя. Гэта былі чарнавікі пісьмаў, якія, помсцячы ёй, Дзядзюля пасылаў у горад. Доктар выпісала патрэбны рэцэпт, сама паставіла Сафрону банкі, але да яго больш не пайшла. Каб даведацца пра здароўе хворага, пасылала суседку.

Калі Дзядзюлю стала лепш, ён, абклаўшыся падушкамі, пачаў пісаць новы ліст. У ім скардзіўся на няўважлівасць маладога доктара, нагадваў пра яе кулацкае паходжанне. Вось толькі куды яго было пасылаць? Вольчынага адраса ён не ведаў. Аднак выйшаўшы на працу, Сафрон пачуў радасную для сябе навіну: Волька збіралася перавесціся ў родныя мясціны.

У тыя ж дні Волька ў лісце да сяброўкі расказвала пра сустрэчу з Дзядзюлем: «Я дазналася, праз каго я тады гэтулькі перацярпела знявагі і крыўды... Я гэтага чалавека лячыла. Як мне было агідна дакранацца да яго рукамі... Прыйшоўшы дадому, я доўга мыла рукі і думала: зусім можа быць, што ён зноў пачне займацца падобным шальмоўствам».

Мастацкія асаблівасці

Алавяданні «Буланы» (1926) і «Вераснёвыя ночы» (1928) напісаны маладым Кузьмой Чорным. Яны сведчаць пра цікавасць пісьменніка да самых розных праяў жыцця, пра разуменне ім складанасці свету. «I ў цішыні — буры, і ў бурах — цішыня», — «гэтыя афарыстычна-парадаксальныя словы выяўляюць сутнасць светабачання творцы.

Асабліва выразна філасофская ідэя адбілася ў апавяданні «Буланы». Зместам твора аўтар разважае над праблемай жыцця і смерці. Цікава, што гэта праблема, да якой тысячагоддзі звяртаецца сусветная літаратура, у творы беларускага аўтара вырашаецца на матэрыяле будзённых рэалій сялянскага жыцця. Састарэў конь і з ім трэба штосьці рабіць. Пісьменнік паказвае, як успрымаюць смерць (у даным выпадку жывёлы) і ставяцца да яе Раман Драгун, Карась і Мікалай Бяляк. Калі гаспадар, Раман Драгун, «забівае» Буланага сваім рашэннем (К. Чорны падрабязна прасочвае, як гэта рашэнне фарміруецца ў яго свядомасці), то канавалы сапраўды пазбаўляюць жывёлу жыцця.

Чаму павінен памерці Буланы і чаму яго смерць не паказваецца аўтарам як трагедыя — адказ на гэтыя пытанні знаходзім у разважаннях Рамана Драгуна: «Утварылася вострае раздзяленне... матэрыял і істота; матэрыял для жыцця і жыццё; і матэрыял для жыцця ад жыцця. Глядзі ты на матэрыял — што скажа жыццё? Глядзі на жыццё, каб цвіло — Буланы робіцца матэрыялам...» Іншымі словам!, вечнае, бясконцае жыццё складаецца з маленькіх жыццяў жывых істот. Вечнае не можа быць нерухомым, яно пастаянна абнаўляецца праз смерць адных і нараджэнне другіх. На пэўным этапе свайго існавання Буланы стаў матэрыялам для жыцця іншых. Мяса яго з'елі ваўкі, на месцы, дзе пралілася кроў, вырасла трава, у чэрапе пасяліліся мурашкі.

Значнае месца ў творы адведзена вобразу Буланага. Можна сказаць, што ён з'яўляецца галоўным героем апавядання. Праз каня аўтар паказвае адчуванні істоты на мяжы жыцця і смерці. Праз адносіны да Буланага раскрываюцца характары людзей. У абмалёўцы гэтага вобраза выявілася псіхалагічнае майстэрства К. Чорнага. Аўтар нідзе не падмяняе свайго «героя», не надзяляе яго чалавечым адчуваннем свету.

У апавяданні «Вераснёвыя ночы» «буры ў цішыні» звязаны з імкненнем гераіні да звычайнага жаночага шчасця. Здаецца, усё добра і зладжана ў жыцці брата і сястры, якія вядуць агульную гаспадарку, разумеюць і паважаюць адзін другога. Фэлька, вядома ж, жадае Агаце толькі дабра, калі раіць выйсці замуж за Зыгмуся, сапраўды някепскага чалавека і дбайнага гаспадара. Аднак дзяўчына хоча не толькі быць каханай, а і кахаць сама. К. Чорны псіхалагічна глыбока перадае гаму душэўных перажыванняў гераіні. Надзея, спадзяванне, крыўда, сум, злосць поўняць яе сэрца, вырываюцца наружу праз раздражнёнасць, слёзы, несправядлівыя папрокі брату.

Паказваючы няспраўджаны жаночы лес, пісьменнік не спрашчае жыццёвую сітуацыю. Агата можа не выйсці замуж за маладзейшага за сябе і несур'ёзнага Асташонка. I ўсё ж у Агаты ёсць выйсце, праўда, не дужа прыстойнае з пункту погляду традыцыйнай народнай маралі — нарадзіць дзіця, стаць маці. На такое могуць рашыцца толькі валявыя, рашучыя натуры. Гераіня К. Чорнага якраз належыць да іх. У апавяданні «Вераснёвыя ночы» выявілася глыбока гуманістычная пазіцыя пісьменніка, ён з разуменнем ставіўся да кожнага чалавечага лесу.

У 20-я гады шмат гаварылася (літаратурай таксама) пра разняволенне жанчыны, свабоднае каханне, непатрэбнасць традыцыйнай сям'і. Агату таксама можна аднесці да новых людзей. Будуючы ўласны лес, яна здольна кінуць выклік спрадвечным уяўленням пра жаночае шчасце. Аднак пры гэтым яна не ставіць пад сумненне каштоўнасць сямейных адносін і абавязкаў.

 Канфлікт у апавяданні «Макаркавых Волька» (1938) звязаны з негатыўнымі з'явамі грамадскага жыцця ў 30-я гады. Каб чалавека выключылі з навучальнай установы, звольнілі з працы, дастаткова было недобразычліўцу напісаць паклёпніцкае пісьмо.

Сафрон Дзядзюля таксама новы чалавечы тып, народжаны паслякастрычніцкай рэчаіснасцю. Аднак яго пісьменнік малюе сатырычнымі фарбамі, раскрываючы подласць, помслівасць, нікчэмнасць яго натуры. Вось адна з характарыстык персанажа: «...Дзядзюля быў вялікім актывістам. Хоць работа ў яго дома і стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезці ў цэнтр «вялікіх» спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля і ў сельсавет... У гэтай справе Сафрон Дзядзюля быў сапраўдны талент, можна сказаць, глыбокі і тонкі. Дзядзюля задаволіўся тым, што пакінуў за сабой агульнапрызнаную годнасць то «душы ўсіх спраў», то «цэнтра ўсіх спраў» у сельсавецкім маштабе. Вядома, з такога чалавека кпілі ў кожнай хаце, але за вочы. У вочы ж ніхто не хацеў з ім звязвацца... Скончылася тым, што словы «душа» і «цэнтр» з'ядналіся разам і пачалі зваць Дзядзюлю «цэнтральнай душой».

У апавяданні К. Чорны акцэнтуе ўвагу не на сацыяльнай, а на маральнай сутнасці канфлікту, Сафрон не толькі пасылаў паклёпніцкія пісьмы. Працуючы ў сельсавеце, ён не дазволіў Вольчынаму бацьку атрымаць патрэбныя даведкі. Такім чынам, у перажытых дзяўчынай цяжкасцях і непрыемнасцях вінаваты Дзядзюля адзін. Аўтар паказвае, што з гэтай няпростай сітуацыі Волька выйшла пераможцам. Яна не толькі дасягнула пастаўленай мэты: атрымала адукацыю, стала ўрачом, — яна не страціла веру ў дабро, справядлівасць. Вышыня душы, чалавечнасць асабліва выяўляюцца ў сцэне, калі Волька, ужо ведаючы пра Сафронаву подласць, лечыць яго.

Хоць Сафронам падрыхтаваны новы паклёпніцкі ліст, які прынясе маладой жанчыне новыя непрыемнасці, яе пісьмо да сяброўкі (і ўсё апавяданне) заканчваецца аптымістычна: «Пасля сапраўднага асенняга дажджу зноў стаіць яснае надвор'е і яшчэ цвітуць познія кветкі...» Апісанне прыроды ў даным выпадку сімвалічнае. Аўтар верыў, што чалавечнасць і справядлівасць павінны перамагчы.