Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Брама неўміручасці

2. Кароткі змест Хто смяецца апошнім

 

 

Кароткі змест Брама неўміручасці

Дзеючыя асобы:

Барыс Пятровіч Дабрыян — герантолаг.

Уладзімір Фёдаравіч Абадоўскі — генетык.

Павел Антонавіч Бабровіч — эканаміст.

Клаўдзія Пятроўна Кудрыцкая — медык.

Аляксандр Паўлавіч Варакса — гуманітарнік.

Іван Кірылавіч Змітрук — фізік.

Кузьма Захаравіч Адамейка — пажылы кандыдат навук.

Генка — малодшы навуковы супрацоўнік.

Наташа — малодшы навуковы супрацоўнік.

Марына Сяргееўна— жонка Дабрыяна.

Мякішава — прафсаюзны работнік.

Сідаровіч — рабочы, ударнік камуністычнай працы.

Алена Максімаўна— калгасніца-пенсіянерка.

Дажывалаў — пенсіянер з ваенных.

Караўкін — гаспадарнік.

Васіль Дарафеевіч Торгала — нехта з былых.

Аўдоцця Сцяпанаўна Застрамілава — яго знаёмая.

Антаніна Васільеўна — сакратарка Дабрыяна.

Скараспей.

Гары Болдвін — карэспандэнт.

Шусцік — шафёр-лявак.

Васюк.

 

Адзін з чаргі.

«Банкір».

Антон Іванавіч.

«Мадам».

«Ён» і «Яна».

Карціна першая

(Лабараторыя Дабрыяна)

 

Дабрыян паведамляе «добрым людзям», што з-за любові да іх адкрыў закон неўміручасці, пра што чалавецтва марыла на працягу ўсяго свайго існавання. Тлумачыць, што дамогся гэтага, зразумеўшы механізм старэння арганізма.

Вучоныя розных спецыяльнасцей абмяркоўваюць вынікі адкрыцця. Абадоўскі, генетык, лічыць, што чалавечы род перастане абнаўляцца: «Будуць жыць старыя малпы са сваімі старымі поглядамі, звычкамі, забабонамі, ды яшчэ будуць пладзіць падобных да сябе». Бабровіч, эканаміст, выказвае трывогу, што вельмі хутка неўміручае грамадства адчуе недахоп ежы, адзення. Гуманітарнік Варакса бачыць праблемы маральна-этычнага плану, бо неўміручымі стануць толькі тыя людзі, у арганізме якіх не пачаўся незваротны працэс. Кудрыцкая гаворыць пра новую грамадскую мараль, да якой звернуцца неўміручыя.

Вучоныя прыходзяць да высновы, што неўміручасці на ўсіх не хопіць, трэба стварыць Камітэт. Дабрыян прызначаецца яго старшынёй, бо «сам заварыў неўміручую кашу».

Карціна другая

(Кватэра Дабрыяна)

Марына Сяргееўна адказвае на бясконцыя званкі. Званкі не давалі спакою і ноччу.

Марына Сяргееўна пытаецца, што будзе, калі надаесць несмяротнасць. Згадвае загінуўшага адзінага сына. Яна ўвесь час жыве з віной, што пабаялася некалі больш раджаць, а цяпер зрабіць гэта позна.

 

Прыходзіць Наташа і, застаўшыся ўдваіх з Дабрыянам, прапануе сябе ў «якасці вечнага спадарожніка». Яна не спяшаецца: калі наперадзе несмяротнасць, то можна пачакаць, пакуль памрэ Марына Сяргееўна. Дабрыян не згаджаецца. Наташа патрабуе ад вучонага неўміручасці, той адказвае, што не раздае яе па знаёмству.

Марына Сяргееўна паведамляе, што ля пад'езда сабраўся народ.

У кватэру прарываецца Караўкін, грэбліва тлумачыць: тыя, што стаяць, «баяцца, каб не спазніцца. Думаюць, што неўміручасць тут ужо ў пакеціках раздаюць. Па паўкіло на рыла». Караўкін абяцае карміць неўміручае грамадства, бо з'яўляецца загадчыкам базы. Просіць у Дабрыяна неўміручасці для сябе, сваіх родзічаў і знаёмых. Раззлаваны Дабрыян пасылае яго «к чортавай мацеры».

Карціна трэцяя

(Невялікая пляцоўка ў горадзе. Справа — будынак паліклінікі. У чарзе людзі з бутэлечкамі, слоікамі, каробкамі)

Голас з рэпрадуктара паведамляе, якія даведкі і аналізы павінны прадставіць тыя, хто дабіваецца неўміручасці.

Шусцік пазнае ў чарзе знаёмых яму махляроў і злодзеяў, «Банкіра», Антона Іванавіча, тыя вымушаны адысці, Васюк прадае мачу для аналізу.

Застрамілава і Торгала дамаўляюцца аб сустрэчы неўміручымі. «Калі і падвядзе якая залоза, дык па старому знаёмству за мяне яшчэ ёсць каму закінуць слова. Запісачку дадуць», — гаворыць Торгала. Торгала купляе ў Васюка мачу, бо ў сваёй колер не той.

Карціна чацвёртая

Антаніна Васільеўна і Генка прыгадваюць знаёмыя пары, якіх падзяліла неўміручасць. Сакратарка гаворыць, што па дарозе на працу Дабрыяна «ўміручыя апанавалі... Прыйшоў засопшыся, гальштук на баку, гузікі ў пінжаку павырываны. Ледзь жывы вырваўся».

Наташа паведамляе Генку, што таксам а не трапіла ў неўміручыя. Генка прапануе ёй выйсці за яго замуж. «...Народзім кучу дзяцей, дзеці —- кучу ўнукаў, унукі — кучу праўнукаў — вось табе і неўміручасць». Наташа пагражае выпусціць неўміручага пацука, на якім ставіліся доследы. Генка палохаецца: «Герастрат нейкі там храм спаліў, дык і то цэлыя вякі яго праклінаюць, а ты хочаш усё чалавецтва скарміць пацукам».

У кабінеце Дабрыяна Дажывалаў, Караўкін, Торгала, Застрамілава. Хочуць ведаць рашэнне Камітэта. Антаніна Васільеўна прыносіць карткі. Дабрыян чытае ў іх, што Застрамілава паклёпнічала на сумленных людзей, Дажывалаў звольнены за... у Торгалы мача конская. Прэтэндэнты на неўміручасць пакідаюць кабінет незадаволеныя, што «раскапалі ўсю паднаготную». Прапануюць Наташы знішчыць неўміручага пацука: «Калі не мне, дык і нікому».

У кабінет Дабрыяна заходзяць прафсаюзны работнік Мякішава і ўдарнік камуністычнай працы Сідаровіч. Віншуюць вучонага з вялікім адкрыццём і расказваюць, што цудоўных людзей «вымушаны... дзяліць на вартых і нявартых». Сідаровіч адмаўляецца ад неўміручасці: «Жыў я спакойна, працаваў, людзі мяне паважалі, і ніхто на мяне крыва не глядзеў. Буду я лепш зноў такім, як быў. I дзяцей прытулю, як раней, і жонка не будзе глядзець як на марсіяніна».

Успамінае былое сяброўства з Дабрыянам Скараспей, які раней яго не пазнаваў, адварочваўся пры сустрэчы ў другі бок. Страшэнна абражаны словамі Дабрыяна, што яго асабістая справа ўладзіцца ў агульным парадку.

Антаніна Васільеўна безвынікова спрабуе не пусціць у кабінет карэспандэнта Гары Болдвіна. Болдвін прапаноўвае Дабрыяну прадаць сваё адкрыццё. У іх бы ўсё было па Дарвіну: «Натуральны адбор: дужы выжывай, слабы памірай». Дабрыян не прымае прапанову.

Услед за карэспандэнтам прыходзіць калгасніца з просьбай зрабіць несмяротнай яе кароўку, бо «вельмі ўжо удалая». Пачуўшы адмову, заяўляе: «Прыйдзецца скардзіцца, заяву пісаць... Правіцельству. Яно разбярэцца, што ў гаспадарцы больш патрэбна — каровы ці пацукі».

Наташа гаворыць Дабрыяну, што хоча яго выратавааць. Зняць усе праблемы. Дабрыян занепакоены.

У кабінет заходзяць вучоныя. Варакса гаворыць, што «быў у розных калектывах і пераканаўся: тое, што мы прапанавалі, — несправядліва, амаральна... Бар'ер гэты прайшоў па гарадах і вёсках, па калектывах і сем'ях, падзяліў бацькоў з дзецьмі, мужоў з жонкамі, парэзаў сувязі сяброўства і кахання». Абадоўскі заклікае не забіваць смерць: «Усё жывое памірае, і ўсё аднаўляецца для новага жыцця... Смерць — гэта неабходная ўмова вечнага абнаўлення... Няхай яна жыве». Усе ўражаны словамі Абадоўскага, не прымаюць іх.

Заходзіць Наташа і кладзе на стол нежывога пацука. Гаворыць, што ўвесьчас мяняла пацукоў: адзін здохне, на яго месца садзіла другога.

Вучоныя з палёгкай уздыхаюць, хоць ім крыху шкада «залатой мары». Дабрыян сядзіць, абхапіўшы галаву рукамі.

Калі ўсе пакідаюць кабінет, Наташа паказвае Дабрыяну здаровага, жывога пацука.

Дабрыян. Што людзі скажуць? Невук. Шарлатан. Ёлупень, якога абдурыла нікчэмная дзяўчынка, якой напляваць на навуку і мой аўтарытэт.

Наташа. А навукай мы будзем займацца і далей. Спакойна, без нервознасці. Я гатова прапанаваць сябе... Не бойцеся, не ў якасці вашай вечнай спадарожніцы, а ў якасці аб'екта доследаў... Людзі няхай тым часам падумаюць, што рабіць з неўміручасцю.

Мастацкія асаблівасці

«Брама неўміручасці» названа аўтарам фантастычнай камедыяй. Раскрываючы норавы сучаснага грамадства, Кандрат Крапіва высвеціў іх ідэяй неўміручасці. Ён па-мастацку спалучыў у творы рэалістычнае ўзнаўленне жыцця з фантастычным навуковым адкрыццём.

Сатырычны смех драматурга скіраваны супраць такіх, як Караўкін, Дажывалаў, Торгала, Застрамілава — даставалаў, злодзеяў, двурушнікаў, паклёпнікаў. Няблага ўладкаваўшыся ў свеце смяротных, яны ўпэўнены, што маюць права на неўміручасць. Пра іх нязводнасць, талент ужывацца ў любую сітуацыю пісьменнік гаворыць вуснамі Дабрыяна: «Бачылі неўміручых? Стараешся для добрых людзей, а тут усякая брыдота лезе. I, чаго добрага, пралезе яшчэ... Антона Фёдаравіча падключаць, яшчэ каго-небудзь».

У «Браме неўміручасці» Кандрат Крапіва не стварыў такіх яркіх адметных характараў, як у папярэдніх камедыях «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек». Твор выклікае цікавасць іншым — узнятымі маральна-этычнымі і філасофскімі праблемамі. Драматург папярэджваў пра непрадбачаныя вынікі навуковых адкрыццяў, адказнасць вучоных перад чалавекам і чалавечай цывілізацыяй.

 

 

 

Кароткі змест Хто смяецца апошнім

Дзеючыя асобы:

Гарлахвацкі Аляксандр Пятровіч — дырэктар інстытута геалогіі.

Анна Паўлаўна — яго жонка.

Чарнавус Аляксандр Пятровіч — прафесар.

Туляга Мікіта Сымонавіч — навуковы супрацоўнік.

Левановіч — сакратар парткома.

Вера — малодшы навуковы супрацоўнік.

Зёлкін —малодшы навуковы супрацоўнік.

Зіна Зёлкіна — яго жонка, сакратар.

Цёця Каця — прыбіральшчыца.

Нічыпар — дворнік.

Незнаёмая жанчына.

Чалавек у форме НКВД.

Кароткі змест:

Акт першы

(Дзеянне адбываецца ў калідоры — вестыбюлі ўстановы)'

Цёця Каця і Нічыпар гавораць пра новага дырэктара інстытута. Прыбіральшчыца расказвае, што ён «учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў». На заўвагу Нічыпара, нібыта Чарнавус не баіцца дырэктара, яна прарочыць, што Гарлахвацкі «з'есць і Чарнавуса ...як з'еў ужо Муравіцкага. Так падвядзе, што той не будзе і ведаць, адкуль што ўзялося».

Левановіч шукае супрацоўніка, які б мог прачытаць у падшэфнай часці лекцыю, расказвае Веры пра сваю працу.

Чарнавус трывожыцца, што з Масквы няма водгуку на працу, збіраецца арганізаваць новую экспедыцыю.

Перапалоханы Туляга расказвае цёці Каці, Веры і Чарнавусу, як па дарозе ў інстытут нейкі чалавек спытаў, ці не Падгаецкі ён. Тлумачыць калегам, якія іранізуюць над яго страхам, што ў Варонежы, дзе сапраўды ў гады грамадзянскай вайны ён працаваў, быў з такім прозвішчам дзянікінскі палкоўнік, вельмі падобны на Тулягу.

З'яўляецца Зёлкін і спрабуе выпытаць у цёці Каці, хто што гаварыў, прыйшоўшы на працу. Цёця Каця раіць яму глядзець за ўласнай жонкай, на што Зёлкін просіць не распускаць плёткі. Прыбіральшчыца расказвае пра перапалоханага Тулягу.

Цёця Каця дае зразумець Гарлахвацкаму, што ведае пра яго адносіны з Зіначкай. Дырэктар хоча ёй павялічыць зарплату, быццам за тое, што яна прыбірае лішнюю плошчу. Цёця Каця адказвае на гэта, што за сакрэты грошай не бярэ. Гарлахвацкі пасылае яе за папяросамі.

Заходзіць чалавек у форме НКВД, пытаецца Валодзю Пракаповіча. Разабраўшыся, дзе працуе гэты Валодзя, Гарлахвацкі адпраўляе чалавека ў форме шукаць свайго брата ў інстытут біялогіі, а не геалогіі, які знаходзіцца па вуліцы Шырокай.

Апошнія словы чуе Зёлкін. Яму карціць ведаць, чаго прыходзіў гэты чалавек. Гарлахвацкі, як бы не хочучы, адказвае: «Цікавяцца некаторымі асобамі».

Зёлкін успамінае — на Шырокай жыве Чарнавус. I тут жа дзеліцца навіной з цёцяй Кацяй, што Чарнавусам зацікавіліся адпаведныя органы. Потым ідзе з гэтым да Гарлахвацкага, называе прычыны, чаму так здарылася: Чарнавус мае за мяжой брата, збіраецца рабіць геалагічную здымку ў прыгранічным раёне, кніга, напісаная ім, шкодніцкая. На пытанне дырэктара, ці можа ён гэта даказаць, Зёлкін адказвае: «Няхай ён раней паспрабуе даказаць, што гэта няпраўда».

Ад Зёлкіна Гарлахвацкі даведваецца пра ранішняе здарэнне з Тулягам.

 

У кабінет да мужа з пакупкамі заяўляецца Анна Паўлаўна. Патрабуе, каб ён знайшоў такую працу, на якой бы меў машыну. Гарлахвацкі загадвае цёці Каці дапамагчы жонцы занесці дамоў пакупкі. Тэлефануе ў выдавецтва, папярэджвае пра шкодніцкі характар кнігі Чарнавуса.

Праглядаючы пошту, Гарлахвацкі знаходзіць водгук на працу Чарнавуса, дасланы з Масквы прафесарам Анікеевым. Паколькі прозвішча ў водгуку не называецца, а Гарлахвацкі, як і Чарнавус, Аляксандр Пятровіч, дырэктар вырашае, што «такая паперка» ад вядомага вучонага яму спатрэбіцца.

Чарнавус просіць сродкі на экспедыцыю. Дырэктар прымае яго вельмі ветліва. У час размовы даведваецца, што ў вучонага ёсць дачка-студэнтка. Пасля адыходу Чарнавуса ён тэлефануе ў інстытут, дзе вучыцца дзяўчына. Гарлахвацкі задаволены: «Чарнавуса ўпарадкаваў з большага. Кніга яго свету не ўбачыць, з работы яго, трэба думаць, таксама знімуць адусюль... А Гарлахвацкі не толькі з работы яго не зніме, а наадварот — найлепшы яго прыяцель, чулы і велікадушны. Павінен быць мне за гэта ўдзячны? Павінен».

Дырэктар выклікае ў кабінет Тулягу і прымушае даць згоду пісаць для яго навуковую працу.

Акт другі

Чарнавус не можа зразумець, чаму з выдавецтва вярнулі рукапіс, не дазволілі чытаць лекцыі на геафаку, нават з дачкой пачаліся непаразуменні. Цёця Каця шкадуе Чарнавуса. Вера прапануе дзейнічаць, змагацца за свае добрае імя. Вучонаму шкада на гэта часу. Вера абяцае дапамагчы разабрацца, і першае, што яна зробіць, пагутарыць з Тамарай, дачкой Чарнавуса.

Зёлкін, які, як звычайна, падслухоўвае, робіць вывад, што Вера палюбоўніца Чарнавуса. У вестыбюлі вісіць аб'ява пра выступленне Гарлахвацкага з навуковым дакладам «Новы від выкапня-жывёліны». Аб'яву заўважае Туляга, гаворыць сам сабе: «Назначаны дзень мае ганьбы. Адзін падлец будзе публічна прысвойваць сабе працу другога, а другі падлец, праклінаючы ў душы, будзе яму апладзіраваць». Уваходзіць Гарлахвацкі і пытаецца, як рухаецца праца. Туляга адказвае, што збірае матэрыял, зазначае аднак, што адкрыць новы від выкапня — занадта смелая заяўка. Пра гэта Гарлахвацкі раіць яму не турбавацца.

 

Чарнавуса Гарлахвацкі падбадзёрвае, заклікае не маўчаць: «Не, так нікуды не варта. Гэта сацыяльнае зло, з якім трэба змагацца. Так жа сёння вас, а заўтра мяне могуць ашальмаваць і вывесці са строю».

Левановіч шукае Веру. Цёця Каця просіць сакратара парткома заступіцца за Чарнавуса. Вера таксама просіць заняцца справай Чарнавуса. Калі заходзіць вучоны, Левановіч вітаецца з ім за руку, просіць даць пачытаць рукапіс, распытвае пра яго адносіны з дырэктарам.

Незнаёмая жанчына хоча зайсці да дырэктара. Гарлахвацкі загадвае ёй пачакаць з паўгадзінкі, а сам запрашае Зіну Зёлкіну. Да дзвярэй кабінета падыходзіць Зёлкін, дзверы замкнутыя. Незнаёмая жанчына гаворыць, што дырэктар зачыніўся з сакратаркай і не скора, відаць, вызваліцца. Зёлкін хоча паглядзець у замочную шчыліну, што робіцца ў кабінеце, жанчына смяецца з яго.

Да дзвярэй кабінета накіроўваецца Анна Паўлаўна. Незнаёмая жанчына і ёй паведамляе, з кім там зачыніўся Гарлахвацкі. Анна Паўлаўна стукае кулакамі ў дзверы, патрабуе ключ.

Пачуўшы жончын лямант, Гарлахвацкі праз акно вылазіць на вуліцу, а Тулягу прымушае залезці ў пакой і быць там.

Адчыняюцца дзверы — усе вельмі здзіўлены. Зёлкін хоча ўдарыць Тулягу. Уваходзіць з партфелем Гарлахвацкі, пытаецца, што здарылася, ушчувае Тулягу.

Калі ўсе пакідаюць кабінет, з'яўляецца Левановіч. Размова ідзе пра Чарнавуса. Гарачае заступніцтва Веры за вучонага Гарлахвацкі тлумачыць тым, што яна жыве з Чарнавусам. Левановіч здзіўлены пачутым («Натыкается на сюрпрызы, дзе іх зусім не чакаеш»). Дырэктар запрашае сакратара прыйсці паслухаць яго даклад. Лічыць, што даклад будзе пробным камнем для Чарнавуса («Магчыма, што ён паспрабуе зганьбіць маю працу і скампраментаваць мяне як вучонага. Тады мы яго і выкрыем»). Левановіч абяцае прыйсці.

Акт трэці

Карціна першая

Вера паказвае Чарнавусу артыкул «Об ошибках парторганизаций при исключении коммунистов из партии...», які з' явіўся ў «Правде». Падкрадваецца Зёлкін. Вера заўважае і прапаноўвае пачытаць, што ў газеце напісана пра яго. Зёлкін моршчыцца.

Гарлахвацкі віншуе супрацоўнікаў з выдатным дакументам, у якім «проста пальцам паказваюць на ворагаў, двурушнікаў, здраднікаў, усялякіх прахвостаў. Нам астаецца толькі руку працягнуць і за каўнер схапіць». Адвёўшы ўбок Чарнавуса, пытаецца, як настрой, абяцае пасля даклада заняцца яго справай.

Чарнавус верыць у шчырасць дырэктара, называе яго цудоўным чалавекам. Вера з нейкага часу пачала сумнявацца ў гэтым. Пытаецца ў Тулягі, што за чалавек дырэктар, які ён вучоны. Туляга з роспаччу гаворыць: «Лепш бы я памёр на той час, калі будзе чытацца гэты даклад». Чарнавус і Вера нічога не разумеюць. Дзяўчына гаворыць, што не паверыла ў сувязь Тулягі з Зіначкай. Туляга расчулены, дзякуе Веры «за чыстыя думкі».

Вера збіраецца ехаць у Маскву да прафесара Анікеева. З газетай у руках усхваляваны Туляга шукае Веру. Сутыкаецца з Левановічам. Рашаецца расказаць сакратару парткома пра Гарлахвацкага, пра тое, як дырэктар прымусіў пісаць яму даклад. Левановіч паверыў Тулягу, вырашыў сам праверыць «некаторыя факты». Туляга просіць Нічыпара знайсці якую-небудзь костку, толькі вялікую і не вельмі свежую.

Карціна другая

Гарлахвацкі чытае даклад. Нічыпар просіць дазволу паслухаць.

Пасля заканчэння дакладу Нічыпар просіць паглядзець костку, на аснове якой дырэктар адкрыў новы від выкапня-жывёліны — мамантаву свінню. Чарнавус пытаецца, да якога перыяду адносіцца знаходка. Гарлахвацкі не ведае нават перыядаў у геалогіі. Чарнавус выкрывае невуцтва Гарлахвацкага. Дырэктар згадвае водзыў аб працы «ўсім вядомага прафесара Анікеева». Левановіч іранізуе над практычным значэннем працы Гарлахвацкага.

Зёлкін у захапленні ад даклада. Просіць слова Нічыпар і здзіўляецца вучонасці дырэктара: «Гэта ж узяць тую звычайную костку, што пад нагамі валяецца, паглядзець на яе і ўгадаць, якія свінні былі мільёны год назад!» Гаворыць, што таго дырэктаравага знаёмага, які прынёс костку, і ён ведае, бо гэта. сабака Цюлік. Гарлахвацкі накідваецца на дворніка, што ён п'яны. Просіць выказацца Тулягу. Туляга называе даклад «вельмі, вельмі арыгінальным». Левановіч ставіць пытанне, як называецца адкрыты Гарлахвацкім від па-латыні.

 

Пачуўшы лацінскую назву «свінтус грандыёзус», Чарнавус называе дырэктара прайдзісветам і авантурыстам. Гарлахвацкі характарызуе выступленне Чарнавуса, як варожую дзейнасць.

З'яўляецца Вера. Яна выкрывае жульніцтва Гарлахвацкага з пісьмом прафесара з Масквы. Гарлахвацкі хоча пазваніць, каб Чарнавуса і Веру «зараз жа прыбралі». Левановіч не дае яму гэтага зрабіць, выступае з заключным словам: «Няхай жа веДаюць усе свінні — мамантавыя і немамантавыя: калі каторая з іх паспрабуе пакасціць у нашай савецкай навуцы, будзем біць проста па пятачку».

Гарлахвацкі раптам пачынае рагатаць і заяўляе, што ён разыграў калег, бо чытаў даклад не свой, а Тулягі. Левановіч кажа, што ён у курсе, хто з'яўляецца аўтарам «адкрыцця». Заяўляе, што ведае пра шкодніцкую дзейнасць Гарлахвацкага на Украіне.

Нічыпар кліча Цюліка і выкідае праз фортку костку.

Мастацкія асаблівасці

Сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім» з'явілася ў 1939 г. і прынесла Кандрату Крапіву шырокую вядомасць. Драматург стварыў запамінальныя і яркія характары-тыпы — Гарлахвацкага, Зёлкіна, Тулягі, звярнуўся да падзей і канфліктаў рэчаіснасці 30-х гадоў.

П'еса пранізана гуманістычным пафасам. Аўтар заклікае верыць чалавеку, ствараць атмасферу добразычлівасці і павагі. У вырашэнні гэтай праблемы істотная роля належыць Тулягу. Калі б не разуменне з боку Веры, Чарнавуса, Левановіча, калі б не артыкулу «Правде», як выяўленне даверу партыйнага кіраўніцтва да чалавека, наўрад ці перамог бы свой страх Туляга і аказаўся здольным на мужны грамадзянскі ўчынак.

Лсобнымі, але вельмі трапнымі штрыхамі пісьменнік перадаў грамадска-палітычную атмасферу ў краіне. Так, страх Тулягі, што яго прымаюць за дзянікінскага палкоўніка, зусім не беспадстаўны. Тут выявілася не толькі рыса характару персанажа, але пошук так званых класавых ворагаў, падазронасць, недавер, што панавалі ў грамадстве. Туляга баіцца, што не дакажа, кім быў у Варонежы ў гады грамадзянскай вайны — настаўнікам ці палкоўнікам, бо адпаведных дакументаў не мае. Пра тое, што справа можа павярнуцца такім чынам, сведчыць іншая сцэна ў творы. Зёлкін без ніякіх падстаў, нават не чытаўшы яе, называе навуковую працу Чарнавуса шкодніцкай. Доказаў гэтага ў яго не пытаюцца, адваротнае павінен даказваць аўтар кнігі.

Каб зрабіць ворагам Чарнавуса, хапіла таго, што ва ўстанову зайшоў чалавек у форме НКВД. Зразумела, п'еса «Хто смяецца апошнім» — твор камедыйнага жанру, дзе гіпербала— перабольшанне — з'яўляецца частым прыёмам. Аднак тое, што адбываецца вакол вучонага — «Учора лёг спаць як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Некаторыя знаёмыя не пазнаюць мяне, на другі бок вуліцы пераходзяць, калі сустрэнуцца», — узята пісьменнікам з рэчаіснасці 30-х гадоў.

З вышыні нашага часу кідаецца пэўная спрошчанасць вырашэння канфлікту ў творы: сумленныя прынцыповыя людзі (Левановіч, Вера, Чарнавус, да іх далучаецца і Туляга) выводзяць на чыстую ваду Гарлахвацкага. Пры гэтым значна перабольшаны магчымасці сакратара парткома, які можа «з свайго боку праверыць некаторыя факты», дакопваецца да «кіеўскага следу» Гарлахвацкага і выступае ў заключнай сцэне ў якасці грамадскага абвінаваўцы.

Кандрат Крапіва вымушаны быў аддаць даніну часу, паказаўшы Гарлахвацкага не проста прайдзісветам і авантурыстам, а шкоднікам (ён спрабаваў «разлажыць на Украіне адзін наркамат»). У сувязі з гэтым канфлікт п'есы аказаўся прывязаным да афіцыйнай ідэалогіі свайго часу: паколькі ўсюды могуць дзейнічаць замаскіраваныя ворагі, трэба класавая пільнасць.

Разам з тым нельга не заўважыць, што «варожая дзейнасць» Гарлахвацкага абмінаецца, не яна цікавіць пісьменніка. Гарлахвацкі выкрываецца ў творы як прайдзісвет, прыстасаванец, а не як злосны вораг савецкай улады. На падставе навуковых распрацовак Чарнавуса дзяржплан праекціруе будаўніцтва новых заводаў. Скампраментаваўшы вучонага, абвінаваціўшы яго ў шкодніцтве, Гарлахвацкі тым самым тармазіў развіццё эканомікі рэспублікі. Аднак пра гэта «вораг» нават не згадвае, яму трэба «прыбраць да рук» ці хоць бы нейтралізаваць Чарнавуса, каб той не раскрытыкаваў яго даклад.

П'еса заканчваецца не арыштам Гарлахвацкага, а яго маральным крахам. Усе разыходзяцца. Гарлахвацкі застаецца ў кабінеце, «стаіць... утаропіўшыся ў злашчасную костку». Нічыпар кідае костку праз фортку сабаку са словамі: «На табе тваё дабро назад!.. Праз цябе толькі непрыемнасці чалавеку! (Хітра падміргвае цёці Каці, і абое выходзяць.)»

Гарлахвацкі лоўка прыстасоўваецца да грамадска-палітычных абставін часу, прымушае іх працаваць на сябе. Ахвярамі яго круцельства становяцца сапраўдныя вучоныя, сумленныя людзі. Чарнавус таксама ахвяра, ён, як і Туляга, не можа супрацьстаяць Гарлахвацкаму, бо «гэта ж трэба кінуць працу і заняцца гэтымі бруднымі плёткамі, траціць час, трапаць нервы». Варта адзначыць, што, «прыручаючы Чарнавуса», Гарлахвацкі дзейнічае больш тонка. Калі ў дачыненні да Тулягі ім выкарыстоўваецца грубы шантаж, то гэтага вучонага ён імкнецца скампраментаваць у вачах іншых, сам жа да апошняй хвіліны разыгрывае перад Чарнавусам ролю клапатлівага кіраўніка і заступніка.

«Зблытаць карты, што свой свайго не пазнае», Гарлахвацкаму дапамагае Зёлкін. Гэта яго багатая фантазія плеткара і паклёпніка нараджае «справу» Чарнавуса. Гарлахвацкі шырока карыстаецца «паслугамі» Зёлкіна, і пры гэтым зусім не паважае малодшага навуковага супрацоўніка, не хаваючы ад яго сваіх адносін:

Зёлкін (уваходзіць). Аляксандр Пятровіч, навіна!

Гарлахвацкі. Плётка ці праўда — прызнавайцеся.

Зёлкін . За каго вы мяне лічыце ?

Гарлахвацкі. За Зёлкіна.

Зёлкін . Мне гэта нават крыўдна.

Кандрат Крапіва па-майстэрску выкарыстаў прыёмы і сродкі сатырычнага ўзнаўлення жыцця. Драматург шырока звяртаўся да падтэксту (ён прысутнічае ў рэпліках і заключным слове Левановіча ў другой карціне трэцяга акта; згадваючы мамантавую свінню і свінтуса грандыёзуса, партыйны сакратар гаворыць пра Гарлахвацкага), да іроніі, напрыклад, ацэнка Тулягам Гарлахвацкага ў першай карціне трэцяга акта, рэпліка Нічыпара ў заключнай сцэне і інш), да самахарактарыстык герояў (самараскрываецца ў п'есе Гарлахвацкі), да сітуацыі-непаразумення (выступленне Нічыпара пры абмеркаванні даклада) і г. д.