Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

Кароткі змест Песня пра зубра

На пачатку паэмы М. Гусоўскі расказвае, калі і з якой нагоды ён ўзяўся за пяро, каб «сказ... пра волата-звера песняй зрабіць». Просіць «твор справядліва судзіць», бо лепей валодае лукам, чым пяром.

У адпаведнасці з поўнай назвай паэмы — «Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго» М. Гусоўскі паказвае жыхара «дрымучых лясоў на землях літоўскіх». Пры апісанні выгляду аўтар аспрэчвае недакладныя звесткі пра гэту жывёлу, што прыжыліся ў літаратуры з часоў антычнасці.

М. Гусоўскі прыгадвае свой удзелу паляваннях, што адбываліся калісьці на радзіме. Там ён добра вывучыў нораў і паводзіны зубра, назіраў за жыццём зубрынага статку.

Радзіма паэта — багатая: «Многа ўсялякіх жывёл блукае і ў лесе, і ў полі...». Аўтара цешыць, што звер у яго краі — «ратнікам смелым раўня», можа спаборнічаць з чалавекам у сіле, смеласці, спрыце. Аднак паляваннем яго суайчыннікі займаюцца рэдка, бо вымушаны бараніць сваю зямлю ад ворагаў. Войны спусташаюць радзіму, нішчаць яе багацці, нясуць смерць і пакуты народу. «Мушу пра войны пісаць, — зазначае М. Гусоўскі. — Маўчанне было б тут ганебным. Бедства людзей вымагло словы і слёзы мае».

Аўтар звяртаецца са словамі ўхвалы да караля-сучасніка Сігізмунда (Жыгімонта), адзначае яго паляўнічае ўмельства. Шырока паказваецца князь Вітаўт, пры якім Вялікае княства Літоўскае было моцным і незалежным. Часы Вітаўта паўстаюць у паэме як гераічныя, дзе кожны чалавек мог сцвердзіць сваю годнасць, паважаўся за смеласць, мужнасць, талент. Пісьменнік паказвае спаборніцтвы воінаў-паляўнічых па стральбе з лука, кіданні коп'яў у зубра, бо «ўсюды і як толькі мог Вітаўт кагорты вучыў».

У творы падрабязна і дэталёва апісана паляванне на зубра. Спачатку звера скіроўваюць у загон, адасабляючы ад статку, потым цэляць у яго з лукаў, каб раззлаваць і прымусіць бегчы.

Грозны і страшны цяпер гэты лясны велікан.

Гневам напяты ўвесь, шыбуе праз пні і калоды,

Прагнучы, як наталіць ярасць крывёю ахвяр.

Пачынаецца поўнае драматызму адзінаборства людзей і магутнай жывёлы. Зубр умее за сябе пастаяць. Акрываўлены, раз'юшаны, ён «рушыць усё на шляху, быццам лавіна з гары». Нават знясілены гонам звер нясе смяртэльную небяспеку. Трэба мець адметны спрыт і немалую мужнасць, каб «пушчаў жыхар, наймагутнейшы звер, пераможаны ўкленчыў».

Думка аўтара зноў скіроўваецца да праблем чалавечага існавання. Ён са скрухай гаворыць, што слабее ад несупынных войнаў, людской нязгоды «Хрыстовая светлая вера». Асуджае моцных свету гэтага, якія не думаюць пра спакой і мір.

Апошнія старонкі твора — малітва да Дзевы Марыі. М. Гусоўскі просіць Маці Божую, абаронцу слабых і скрыўджаных, каб ворагі «не цягнулі ў ярмо бездапаможны народ», каб князі, каралі зразумелі ўласнае здрадніцтва, каб мір запанаваў на зямлі.

Гісторыя твора і яго мастацкія асаблівасці

«Песня пра зубра» напісана, як і некаторыя іншыя творы эпохі Адраджэння, на лацінскай мове. Выдадзеная ў 1523 г., яна, аднак, не была па належнаму ацэнена сучаснікамі М. Гусоўскага, а хутка і зусім аказалася забытай. Глыбою патрыятызм, нацыянальная самабытнасць твора ніяк не стасаваліся з палітыкай уціску, занядбання і ганьбавання ўсяго роднага, што стагоддзі вялася на беларускай зямлі. Не спрыяла папулярнасці твора, лічаць даследчыкі, і чужая мова, якая ўжо ў часы М. Гусоўскага выцяснялася з еўрапейскіх літаратур мовамі нацыянальнымі.

Вяртанне твора адбылося ў XIX ст., зноў жа няпроста. Паэта беспадстаўна прыпісвалі то да літоўскай, то да польскай, то да ўкраінскай літаратуры. Беларускі чытач з творам М. Гусоўскага пазнаёміўся толькі ў другой палове XX ст., дзякуючы перакладчыку Я. Семяжону. Нядаўна з'явіўся пераклад «Песні пра зубра» на беларускую мову Ул. Шатона.

Мэта, якая на пачатку стаяла перад аўтарам «Песні пра зубра» — пазнаёміць высокага чытача-чужынца з экзатычным зверам паўночных зямель, — аказалася замалой для таленту М. Гусоўскага. Зразумела, яна дасягнута ў творы. Пісьменнік ярка, рэалістычна-дакладна абмаляваў валадара беларускіх недраў. Ён грозны і магутны, горды і незалежны, можа быць лагодным і лютым, даваць жыццё і сеяць смерць. Але ён не крыўдзіць таго, хто ідзе да яго з дабром і мірам.

Аўтар апеў родную зямлю, прыгажосць і багацце яе прыроды, самабытнасць народа. «Песня пра зубра» прагучала як велічная песня пра Радзіму.

 

Разам з тым у паэме гучыць трывожны роздум над лесам роднага краю. Паэт-патрыёт бачыў, што яго любая Літва-Беларусь траціць сваю былую магутнасць і незалежнасць, а працавіты, мужны, спагадлівы народ пакутуе ад войнаў. М. Гусоўскі з гаркотай канстатаваў — тыя, хто стаіць над народам, забыліся на свае абавязкі:

Толькі адно ім наўме, аб адным заклапочаны вельмі,

Як бы на голаў каму зброю лацвей апусціць.

Іхні занятак — вайна на пагібель айчыннаму люду.

Паэт-гуманіст і адраджэнец асуджаў як міжусобіцы паміж беларуска-літоўскімі феадаламі, так і звадкі, суперніцтва паміж каранаванымі асобамі хрысціянскага свету («Што ж каралі сёння робяць для нас? А можа паснулі? Самі, прынамсі, яны дбаюць аб міры найменш»). У войнах, якія спусташаюць край, М. Гусоўскі бачыў немалую віну краін-суседзяў, гатовых дапамагчы ворагу, нажыцца на бядзе бліжняга. Аўтар «Песні пра зубра» паказаў трагічныя вынікі раз'яднанасці народаў «Хрыстовае веры такой жа». Іх чакае лес, падобны да тых, каго яны дапамагалі заняволіць.

Сучасным уладарам М. Гусоўскі супрацьпастаўляе князя Вітаўта, суровага, але справядлівага правіцеля, які караў махляроў, хабарнікаў, палахліўцаў і вылучаў людзей сумленных і адважных. Вітаўт — ідэальны вобраз у творы. Ён паказваецца як мудры палітык, мужны воін, абаронца роднай зямлі. Для аўтара істотна важна, што ён «сілу радзіме вярнуў, княствам вялікім зрабіў», прымусіў лічыцца з сабой і «татарына» і «маскавіта». Даследчыкі лічаць, што вобраз князя склаўся пад уздзеяннем «Пахвалы Вітаўту».

Напісаная класічнай латынню (элегічным двувершам), «Песня пра зубра» разам з тым з'яўляецца творам самабытным і нацыянальна-адметным.