Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Роднае карэнне

2. Кароткі змест Ціхая плынь

3. Кароткі змест Літоўскі хутарок

 

 

Кароткі змест Роднае карэнне

Студэнт-медык Архіп Лінкевіч атрымаў ліст з дому. Чытаючы ліст, ён і злаваў, і смяяўся. Бацькі пісалі пра дзіўныя справы, што адбываюцца ў новай хаце. «Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці... Усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш... Сумна, сумна», — разважае Архіп. Ён вырашае кінуць справы ў горадзе і паехаць да бацькоў.

Едучы з балаголам дамоў, Лінкевіч убачыў у полі незразумелыя агні. Разгадку гэтай з'явы пачуў на наступны дзень: «нейкія шэльмы» ноччу ў полі папалілі бароны.

Сын і бацька пайшлі начаваць у новую хату. Архіпу сняцца страшныя і дзіўныя сны. Пачалася навальніца і маланка патрапіла ў сенцы, хата занялася полымем. Лінкевічы выскачылі праз акно.

Бацька цешыцца сынам: «малады, вучоны, прыгожы і добры такі. Сам земскі, сам к яму з рукою здароўкацца першы падыходзіць. I мужыкоў, сваіх людзей, сынок не цураецца, земляка, калі трэба, усюды абароніць і чужога не скрыўдзіць...» Сын з ім працуе плячо ў плячо на сенажаці. Архіпу добра ў вёсцы, аднак яго не пакідаюць думкі пра «незразумелае, таемнае, страшнае, незямное».

На станцыю Архіпа падвозіць дзед Яхім. Па дарозе на коней напалі ваўкі, але, падбягаючы да самых калёс фурманкі, толькі сярдзіта бліскалі вачамі, нікога не чапалі. Дзед тлумачыць студэнту, што ваўкам сутаргай пазаціскала зяпы, таму ўсё так абышлося. Стары і яго спадарожнік гавораць пра незразумелыя ў жыцці выпадкі, якія з часам тлумачацца. Яхім наказвае Архіпу: «...Чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі... А другое: часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе так яно здавацца табе страшным... Адным енкам ды стагнаннем бядзе людзей не паможаш... Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць...»

 

 

Кароткі змест Ціхая плынь

У раздзеле «Забыты край» апісваецца сучаснасць і мінулае вёскі Асмолава, якая «прытулілася... пры вялікім некалі шляху з Вялікага княства Літоўскага на Масковію». Побач. з ім знаходзіцца Лугвенева, шырока вядомае ў сівой мінуўшчыне». Гэты населены пункт таксама прыйшоў у заняпад. Нават гаспадар, князь, амаль забыўся на яго. Кіпіць жыццё толькі ля князёвага бровара. «Тое, што блізка Лугвенева з яго корчмамі і броварам, — губіць асмолаўцаў.

Стары «літоўскі» шлях можа пасведчыць, колькі замёрзла на ім нядбалых спіртавозаў... Бацька Дняпро можа пасведчыць, колькі залілося іх на пераправе... А тыя асмолаўцы возяць а возяць князёў спірт, болей а болей нялюдзеюць і хаваюцца самі ў сабе». Чакаюць людзі «нейкага дзіва — ці то аб зямлі, ці то аб волі».

У раздзеле «Герой гісторыі» паказваецца вёска летам, калі ўсе на полі ці на лузе заняты працай, і дома застаюцца ні на што не вартыя старыя і малеча. Потым аўтар заглядае ў «хату гаротнага мужыка-беларуса». Там на земляной падлозе сядзіць заплаканы хлопчык. Маці, «...не маючы большых дзетак-нянек», зачыніла яго «і сышла на дзень-год у поле жаць авёс». Хлопчык плача. «Безвыходнасць страшная і пакора лесу апошняя, крайняя — чуецца ў тым плачу...»

Так праходзяць першыя гады жыцця героя аповесці Хомкі.

«Горкая прамудрасць». Позняй восенню Хомку аддалі ў школу. Хомкаў бацька Юрка, звычайна ціхі і спакойны чалавек, калі выпіваў, станавіўся як вар'ят. Яго ў вёсцы пабойваліся, таму настаўнік Хомку прыняў. Але навука хлопчыку не даецца. У школу завітаў «айцец благачынны». Хомка перад ім зусім аканфузіўся: не змог ні чытаць, ні паўтарыць «Царю небесный», не ведаў, хто такі «скворушка». Хлопчыку сказалі прыходзіць у школу на наступны год.

Асмолаўскі настаўнік, былы унтэр-афіцэр, змагаецца з ненавіснымі словамі, на якія ніяк не забудуцца яго вучні, — як, дык, хай, няма, дабрыдзень, казаў і інш. За ўжытыя «простыя» словы, як пакаранне, ён дае вучням насіць бірку, драўляны брусочак. Найбольш цярпеў ад біркі Хомка, якому ніяк не забываліся свае словы. З-за яе ў Хомкі настаўнік забраў кніжкі, г. зн. выгнаў са школы.

«Школа жыцця». Па бацькоўскай лініі ў родзе Хомкі было нямала «слаўных выпівак», але ён не пераносіў нават гарэлачнага духу. Хлопчык мучыцца, дапамагаючы бацьку вазіць бочкі са спіртам.

 

Позняй ноччу бацька з сынам стукаюцца ў хату ў заезным двары. Там поўна вознікаў. Раніцай той, з кім спаў застуджаны Хомка на печы, шукае церассядзельнік і не знаходзіць. Абшчупваюць Хомку. «Бацька глядзеў, як каменны, гаспадыня глядзела з жалем, дзед той, добранькі вознік, глядзеў з крыўдаю, і ўсе вознікі глядзелі з паганаю цікавасцю на беднага хлопчыка». Падазрэнне падае на бацьку... Церассядзельнік знаходзяць на дварэ. Хлопчык «ведае, што ўвечары бацька нап'ецца на станцыі, дамоў нічога не прывязе, бо нічога не заробяць пасля той выпіўкі. Бацька будзе злосны, будзе крычаць, біць коні…»

«Млявыя сненні». Хомка пасе гаспадарскіх коней і засынае. Сняцца яму самыя розныя выпадкі і здарэнні жыцця: школа, калядны вечар, бацька, кабыла, якую нядаўна купілі, ашчаджваючы на ўсім. Бацька кабылу скалечыў, б'ючы калом за наравістасць. I плача ў сне Хомка не над маці, якую таксама жорстка б'е бацька, а над жывёлай.

Будзіць хлопчыка гаспадар, стукнуўшы «грабільнішчам са злою раз'юшанасцю» па разамлелым прыспаным целе.

«Кірмашовыя прыемнасці». Хомка збіраецца з гаспадаровым сынам на кірмаш. Хлопцу няма чаго адзець, бо бацька «не справіў яму нават штаноў «з чортавай кожы». Пабачыўшы роспач парабка (той горка плакаў, схаваўшыся ў пуні), гаспадар даў яму свае новыя штаны, наказваючы іх шанаваць. Боты Хомку даў Пятрок, сын гаспадара.

У Лугвеневе на кірмашы Хомка незаўважна застаўся адзін. Прыглянулася яму просценька адзетая дзяўчына з Гарадца. Хлопец пачаставаў Ганутку салодкай вадой, пернікамі. Пачалася бойка гарадчан з асмолаўцамі, у баку ад якой не мог застацца і Хомка. Шукаючы пасля бойкі Ганутку, ён выпадкова пачуў словы гарадчанскага хлопца: «Батрак... Хварсіць у чужых ботах і ў гнілым брылі». Дзяўчына слухала і смяялася. Але востры «гнеў хутка задыміўся цяжкім прыгнётам, роспаччу і злосцю да ўсяго на свеце — так, як бывала і ў яго дзеда і ў бацькі, алкаголікаў». Хлопцы знайшлі Хомку і ўпаілі нейкаю бурдою. Усю дарогу назад у Асмолава п'яныя Хомка з Петраком поўзалі па траве, смяяліся, крычалі.

«Парогі». Пачалася вайна. «Тужлівасць і нуда запанавала ў хатах. Зацяглая і безнадзейная вайна, як хмара, навісла кожнаму...» Хомка рупіўся на чужой гаспадарцы і за сябе, і за Петрака, і за старога. Як забралі адзінага сына, гаспадар махнуў на ўсё рукой. Да прызыўнога ўзросту Хомку не хапала два гады, але яму раптам прынеслі павестку. Бацька хадзіў у воласць, ды нічога там не дабіўся.

Стары развітаўся з батраком як некалі з родным сынам. Два дні прабыў Хомка дома. Потым пачалася армейская муштра, якая выбівала ўсе пачуцці. Праз некалькі тыдняў навабранцаў адправілі на фронт. Перад першым боем у акопе хлопцу сніцца родная хата, як бацька рэжа авечку.

Хомку забіла яшчэ перад атакай ад разрыву снарада.

 

 

Кароткі змест Літоўскі хутарок

Ганец прынёс вестку аб пачатку вайны і загад гаспадару хутарка Яну Шымкунасу ехаць з канем у гміну для патрэб мабілізацыі.

Ля хутарка на горцы стаіць паўбатарэя. Салдаты жартуюць з дочкамі Шымкунаса, дапамагаюць гаспадару зносіць снапы. Увечары салдаты гасцююць у хаце літоўца.

Чакаецца бой. Ноччу прыходзяць салдаты (ужо іншыя) ламаць вароты, дзверы на будоўлю бліндажоў. Старому абяцаюць заплаціць. Усё руйнуецца. Цэлы дзень ідзе бой. Немцы адступілі. Шмат забітых і параненых.

На нейкі час хутарок застаўся ў тыле. Праз месяц становіцца вядомым, што рускае войска адступае. Міма роднай хаты праходзіць сын Шымкунаса Блажыс. Ён раіць блізкім выкапаць за дваром яму, накрыць тоўстым бярвеннем з зямлёй і ў час бою хавацца там.

Пасля бою хутарок занялі немцы.

У Янавай хаце сядзяць нямецкія пехацінцы, п'юць кофе. Іх праганяе дзяншчык, бо кватэра патрэбна афіцэрам. Гаспадарам загадваюць пакінуць хату.

Праз два тыдні рускае войска перайшло ў наступленне. У сценах хаты Шымкунаса меціны ад куль. Не чуваць вясёлых галасоў Янавых дачок. Монцю немцы павялі нібы капаць акопы, а Ядвіська ляжыць хворая, непрытомная.

Нягледзячы на строгі загад мірных жыхароў не чапаць і за ўсё плаціць, салдаты грабяць хутаркі. У Яна паламалі калодкі, шукаючы мёд, выбіраюць з ямаў бульбу. З палону разам з іншымі дзяўчатамі і маладымі жанчынамі вярнулася Монця. «Сляды мук, перажытага сораму і гвалту адбіліся страшным выглядам на твары».

Зноў з боем адступае войска. Хутарок ужо нельга пазнаць. Палова будоўлі згарэла, страха ў хаце прабіта. Ян сядзіць на шкле ад пабітага акна. Вяртаюцца дамоў з хатулямі Монця і Ядвіся, не паспеўшы на машыну. Апошнія рускія салдаты пакідаюць хутарок.

«Адзадзі і справа гудзіць глухая, асцерванелая, нястрыманая кананада».

Мастацкія асаблівасці

Герой многіх твораў М. Гарэцкага інтэлігент у першым пакаленні. Ён выйшаў з вёскі, набыў ці набывае адукацыю, але не забываецца на той свет, у якім нарадзіўся. Гэта чалавек перадавых поглядаў, заклапочаны лесам народа, гатовы працаваць на яго карысць.

У Архіпа Лінкевіча, героя апавядання «Роднае карэнне» (1913), не ўзнікае непаразуменняў з роднымі людзьмі і з аднавяскоўцамі. «Люба тут. Люба у вечар цёплы, і ціхі, і добра-пагодлівы снапы вазіць. Люба раніцай у рацэ, у рацэ з вадою лёгкаю, не дужа халоднаю пакупацца... А ў ранні ў святы дзень устаць і ў лес пайсці... а потым — у царкву, у госці пайсці, а вечарком, скрыпку ўзяўшы, на вуліцы пад хатай пасядзець..,», — такія думкі і пачуцці поўняць студэнта-медыка ў бацькоўскай хаце.

Аўтар падкрэслівае ў характары героя дапытлівасць, імкненне ўсё спазнаць і растлумачыць. Архіп і вучыцца ў горад падаўся, спадзеючыся пра ўсё даведацца з кніг. Аднак чым шырэй адкрываўся перад ім свет, тым больш з'яўлялася пытанняў. Архіп пераканаўся, што навука перад многімі з'явамі бяссільная. Пакуль ён малады, поўны жыццёвых сіл і «пытанні шалёныя» яго не могуць надоўга забраць у палон. Праўда, дзед Яхім папярэджвае бацьку хлопца, каб той бярог сына, прыгадваючы Зроіла Давыдзёнка, які «адурэў... ад гэтай думы заўсягдашняй».

Магчымая драма ў жыцці Архіпа Лінкевіча толькі намячаецца. Апавяданнем аўтар гаворыць пра іншае — пра сувязь, якая павінна быць у інтэлігента з народам, з вёскай, пра адчуванне свайго абавязку перад родным людам, пра неабходнасць ведання мінулага роднага краю. Без такіх каранёў згубіцца чалавек і нічога не здолее дасягнуць. Пра ўсё гэта М. Гарэцкі гаворыць голасам вёскі — сівога разумнага дзеда Яхіма.

Але зусім не проста паразумецца вучонаму сыну з цёмнай, забітай маці-вёскай. Самыя шчырыя і тонкія чалавечыя пачуцці жорстка топчуцца з-за вясковай неадукаванасці, патрыярхальнасці, нежадання штосьці мяняць.

Жыццё беларускай вёскі, простага селяніна прыкоўвала ўвагу М. Гарэцкага. Выйшаўшы з гэтага асяроддзя, пісьменнік добра ведаў яго «светлыя» і «цёмныя» бакі. Любячы свой народ, хварэючы душой за яго лес, М. Гарэцкі разам з тым ніколі не ідэалізаваў вёску і селяніна. У тым, як жывуць асмолаўцы, сям'я Хомкі (аповесць «Ціхая плынь», 1917—1930) не ў малой ступені вінаваты і яны самі. Аўтар паказваў п'янства, што было досыць частай з'явай сярод спрацаваных, знявераных, страціўшых надзею на лепшае людзей, жорсткасць, сквапнасць, бруд і ўбогасць іх жылля. (Усё гэта бачаць і не прымаюць у вёсцы і героі-інтэлігенты.)

 

Хомка, герой аповесці, іншага жыцця не ведае, таму над нейкімі зменамі ў ім не думае. Разам з тым чыстая душа хлопца не можа пагадзіцца з п'янствам, з прыніжэннем, з жорсткасцю. Хомку балюча раніць і насміханне настаўніка над роднай мовай, і бацькава лютасць, і «здрада» Гануткі.

Значнае месца ў творы займаюць сны Хомкі, якія рэзка кантрастуюць з рэальнасцю, у якой жыве хлопчык. У снах ён шчаслівы, хоць бачыць самыя звычайныя з'явы і рэчы: пасвіць з іншымі дзецьмі коней, ловіць ракаў, назірае за маці, як тая прадзе... Са свету сноў Хомку заўсёды выводзяць грубыя воклічы дарослых — бацькі, вознікаў, гаспадара.

Пісьменнік жадаў свайму народу не нейкага незвычайнага жыцця, ён хацеў, каб «забыты край» адрадзіўся, каб людзі жылі па законах дабра, справядлівасці, прыгажосці.

Аднак жыццё яго герояў яшчэ больш пагаршаецца. Пачынаецца вайна. Якім ужо скупым было ранейшае жыццё на радасць і сонца, толькі з вайною іх стала яшчэ менш. «Людзей паменшала, дзяўчаты пасмутнелі без хлапцоў і вясёлых кірмашоў, старыя ж былі ўсе раздражнёныя і цераз сілу ўстрыманыя...», — зазначае пісьменнік.

Вайна забірае ў Хомкі не толькі лепшае, што было ў яго сумным і ціхім існаванні, але і само жыццё. Адна з аўтарскіх рэдакцый твора мела назву «За што?». Гэта назва падкрэслівала бессэнсоўнасць вайны, трагізм становішча простага працаўніка.

М. Гарэцкі на ўласным вопыце зведаў пекла вайны. Дакументальна-мастацкі твор «На імперыялістычнай вайне (Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы)» (1914—1926) вынесены з гэтага пекла.В «...Пісьменны каморнік Гарэцкі («Задума»), цяпер батарэец, малюе план пазіцый, вядзе падлік патрачаных боепрыпасаў, запісвае каманды, сочыць за артылерыйскім агнём і ўдзельнічае ў баях у якасці тэлефаніста, а дзе і санітара. Пад агнём бегае шукаць і ліквідаваць пашкоджанні тэлефоннай сувязі. Але папера, але аловак заўсёды пад рукой. I ў часе бою (падлічвае расход снарадаў і адначасова фіксуе свае думкі, адчуванні, назіранні), і пасля бою, калі можна падрабязна запісаць, расказаць самому сабе на паперы, як цябе забівалі і не забілі, як забіваў ты, як людзі рабілі і робяць гэтую дзікую і недарэчную справу — вайну», — гаворыць вядомы даследчык літаратуры А. Адамовіч пра тое, як пісаліся «Запіскі»...

Дзённікавыя запісы ў творы вядуцца салдатам Лявонам Задумам, але за ім стаіць сам М. Гарэцкі. Ваенная «адысея» Задумы — наступленні і адступленні, баі, доўгія пешыя пераходы, начлегі, раненне, шпіталь, кароткая паездка дамоў, вяртанне на фронт — гэта эпізоды ваеннага жыцця пісьменніка. Дзённікі — своеасаблівы жанр літаратуры, у іх раскрываецца найперш сам аўтар, яго адносіны да рэчаіснасці. М. Гарэцкі бязлітасны рэаліст і ў дачыненні да ўласнага «я». Ён паказвае праўду чалавечых паводзін, якой бы непрыгожай, неэстэтычнай яна ні была: «— Значок, каторым адзначаюць праўдзівых герояў, — сказана было, як раздавалі георгіеўскія крыжы... Седзячы цэлы дзень у акопах, пад страшэнным абстрэлам, 4 жніўня «праўдзівыя героі» — падпрапаршчык X. і старшы феерверкер 2. — пасылалі па розных справах пад кулі ніжніх чыноў, а самі «рабілі» ў акопе і закопвалі лапатачкамі... Мы, тэлефаністы, дасталі іх за той бой, калі зазвычай далёка не па-геройску спіраліся: «Ты ідзі злучыць провад!» — «А сам» — «А ты? » «А чарод чый? » — «А я за цябе старшы: мусіш слухаць».

Вайна высвечвала ў чалавеку ўсё — і дрэннае, і добрае. Гэтае «ўсё» без ніякага прыхарошвання ці, наадварот, драматызацыі, нагнятання жахаў стала зместам запісак «На імперыялістычнай вайне».

Па сваёй прыродзе Таленту М. Гарэцкі пісьменнік-дакументаліст, ён з вялікай павагай ставіцца да жыццёвай першаасновы. Падзеі, сюжэт, героі апавяданняў ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Рускі», «Генерал», «На этапе») убачаны пісьменнікам у ваеннай рэчаіснасці. Пра цесную сувязь фактаў рэальнага жыцця і мастацтва ў творчасці М. Гарэцкага сведчыць апавяданне «Рускі». Гісторыю салдата, які бяздумна забіў «аўстрыяка», такога ж, як і сам, апранутага ў шынель селяніна-гаротніка, аўтар расказвае ў запісках «На імперыялістычнай вайне». Сведкам душэўных пакут Рускага стаў у шпіталі паранены Лявон Задума. У апавяданні (жанры мастацкай літаратуры) гэтая гісторыя перадаецца без ніякіх змен, толькі ад імя героя-апавядальніка. Аднак успрымаецца яна як мастацкае ўзнаўленне жыцця, героі яе — вобразы тыповыя і абагульненыя.

Храналагічна паслядоўны, «дзённікавы» паказ падзей у «Літоўскім хутарку». Безабароннасць чалавека перад тварам вайны пісьменнік раскрывае праз знешнія змены выгляду хутара і яго гаспадароў. У пачатку твора — звыклае, мірнае жыццё сям'і літоўца, у якім з радасцю прымаюць удзел салдаты: «...Касілі, вязалі і насілі снапы. Ярмашчук і Дудзік жалі, і ўсе ўвесь час смяяліся з дзяўчынкамі і вялі гутарку з панам-татулем, катораму падабалася работа салдат, іх весялосць і жарты і велічанне панам». Пасля першага бою стары гаспадар сутыкнуўся з тым, у што ніяк не хацелася верыць. Стралялі не толькі блізка ля яго хаты, але і па ёй, вакол ляжала шмат забітых. «Няма сілы падабраць. Ляжаць цэпкамі, калонамі. Бог іх ведае, ці забіты так, ці параненыя спаўзліся ў адзін груд. Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі», — чуе Шымкунас словы палкоўніка. Потым хутарок занялі немцы. Паелі ўсю жыўнасць, наглуміліся над дзяўчатамі. Пасля новага бою — стаіць разграблены, напалову спалены хутарок і ў ім яго жыхары, духоўна надламаныя, разгубленыя, але пакуль усе жывыя. А наперадзе — прыход ворага, наступленні і адступленні войска. Што чакае хутарок і яго жыхароў? Аўтар пакідае пытанне адкрытым.