Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Лірыка

2. Кароткі змест Люцыян Таполя

 

 

Кароткі змест Лірыка

Каля сямідзесяці гадоў гучаў ў беларускай паэзіі голас Максіма Танка. Паэт пакінуў нашчадкам вялікую, мудрую, павучальную спадчыну, творчыя абсягі якой надзвычай шырокія. Але «песня песняў» паэта — пра радзіму, якая ўвайшла ў творчасць з першых яго радкоў. Ствараючы вобраз радзімы, Максім Танк гаварыў пра яе гісторыю і паданні, яе маляўнічыя краявіды, стагоддзі працы, мар і спадзяванняў, пра яе шчыры сумленны народ, яе спеўную мілагучную мову. Усё гэта паэту не аднойчы даводзілася абараняць.

Так, адзін з ранніх вершаў «Калі няма на свеце маёй мовы...» (1931) быў напісаны ў сувязі з выказваннем тагачаснага польскага міністра асветы, што праз дзесяць год у Польшчы (да верасня 1939 г. часткай Польшчы з'яўлялася Заходняя Беларусь) нават са свечкамі не знойдзеце ніводнага беларуса. Такія адносіны да беларускай мовы і яе носьбіта, народа, былі досыць распаўсюджанай з'явай. Паэт узяў эпіграфам да верша радок з нейкай рэакцыйнай газеты пачатку 30-х гадоў. Заяўляючы, што «Няма ніякіх беларусаў і іх мовы», аўтар радка пайшоў яшчэ далей за міністра пана Скульскага. У творы выявіўся характэрны для Танка іранічна-ацэначны падыход да з'явы, у ім гучыць не проста непагадненне, абурэнне, а знішчальны смех:

Калі няма на свеце маёй мовы,

Майго народа і мяне самога, —

Дык для каго будуеце, панове,

Канцлагеры, катоўні і астрогі?

Супроць каго рыхтуеце расправы

I шыбеніцы ўзносіце пад хмары,

Штодня арганізуеце аблавы

I ўсіх арганізуеце жандараў?..

Сваю зямлю і мову абараняў народ (у баку ад змагання не застаўся, вядома, і паэт) у гады Вялікай Айчыннай вайны. Першая страфа верша «Родная мова», напісанага ў самы пік ваеннага змагання, у 1943 г., гучыць светлым, радасным гімнам неўміручаму роднаму слову:

З легендаў і казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,

З сузор'яў і сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлівых крыніц,

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

I з гора, і з радасці, і з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святыні народа, бяссмерця яго, —

Ты выткана, дзіўная родная мова.

У заключнай страфе родная мова сімвалізуе перамогу, адраджэнне знявечанай вайной зямлі. Паэт верыць, што яна не толькі не загіне, не скарыцца чужынцу, але зноў прашуміць вясновым дажджом, зазвініць у кожнай хаце, усміхнецца вуснамі дзіцяці.

Сустрэча з жывым народным словам для Танка заўсёды была прыемнай падзеяй. 3 «вандроўкай праз сёлы, праз край шырокі, вясёлы» не маглі зраўняцца падарожжы «ў любыя Таўрыды», у самыя экзатычныя краіны. Бо гэта вандроўка не проста ў дарагое, блізкае з дзяцінства, а, як піша паэт, — у невядомае, неадкрытае:

О, колькі яшчэ не адкрыта

Адценняў у ёй і блакіту,

Патрэбных народу, паэтам,

Каштоўнай руды, самацветаў!

(«Я гэта люблю падарожжа...» 1956)

У «Дзённіках» сустракаем Танкаў запавет самому сабе: «не быць пустазеллем на сваёй зямлі», гэта значыць, шчыра і аддана любіць яе і служыць ёй, любіць родную мову, народ, сярод якога нарадзіўся. Родная зямля для паэта была «хлебам надзённым», гэта значыць — самым дарагім, самым неабходным у жыцці. Яна — лес і жыццё паэта. Таму ў вершы «Мой хлеб надзённы» (1957) Максім Танк гаворыць:

Часамі ён горкі ад пылу быў,

Часамі салёны ад поту быў,

Часамі гарачы ад пораху быў,

Але і салодкі ад дружбы быў .

Мой хлеб надзённы.

Іншы хлеб — другая Радзіма, другая зямля паэту не патрэбны.

I не кладзіце мне хлеб другі

У кайстру, калі я ў дарогу іду,

На стол, калі я бяседу вяду,

На сэрца, калі на ім рукі складу, —

такімі радкамі заканчваецца твор.

«Прынцыповая навізна лірычнай паэзіі Танка заключалася ў тым, што ён увёў новага героя — прафесійнага рэвалюцыянера, камуніста і здолеў напоўніць гэты вобраз большым чалавечым зместам, чым яго папярэднікі і сучаснікі», — гаворыць У. Калеснік пра давераснёўскі этап творчасці паэта. Такога героя сустракаем у вершах «Спатканне», «Песня кулікоў», «Паслухайце, вясна ідзе...» і інш.

Малады вязень выглянуў ранкам у акно і ўбачыў незвычайнае: куст бэзу

Расцвіў, агнём гарыць,

Такім пахучым, мяккім, сінім;

На дрот калючы, на муры,

Як хустку, полымя ўскінуў.

Вясна, квітнеючы бэз выступаюць у творы сімвалам непадуладнай кратам і варце волі. «З вінтоўкай стражнік ноч і дзень пільнуе куст пахучы бэзу», аднак ён усё роўна цвіце. На фоне пахмурых турэмных сцен яго вясновая краса яркая, кідкая, яна як выклік тым, хто хоча знішчыць мары аб свабодзе, запалохаць змагароў. У вязняў «ад слёз сінелі вочы бэзам» — паэт не баіцца паказаць іх расчуленасць, узрушанасць. Але верш заканчваецца суровай, мужнай нотай: «I недзе хруснула ў худых руках іржавае жалеза».

Верш «На пероне» (1938) таксама напісаны М. Танкам у «давераснёўскі» перыяд і ўзнаўляе рэаліі заходнебеларускага жыцця. Пачынаецца ён апісаннем гарадскога (віленскага) перона: «Гудкі і калёс перазвон, — // Памалу цягнік пад'язджае. // Абмыла вячэрні перон У/ I песня, і мова чужая». Паэт нібыта глядзіць на родную зямлю вачыма прыехаўшых чужынцаў:

I ўсё іх дзівіла у нас:

I беднасць зямлі,

I багацце,

Палёў хараство,

I вясна,

I нашы лазовыя лапці.

Яго ж вочы, яго душа бачаць іншае, што не заўважаецца гасцямі:

На захад ідуць цягнікі —

Лён,

Жыта,

Сасна і бяроза...

Ён бачыць «чужую бацькаўшчыну», багацці якой не належаць народу, а вывозяцца чужынцамі-гаспадарамі.

«На пероне» па форме — верш-замалёўка. Аднак спакойная інтанацыя твора хавае ў сабе шчымлівы боль паэта-патрыёта за заняволеную радзіму.

Любоў да сваёй зямлі, мовы, да нялёгкай сялянскай працы Максім Танк атрымаў ў спадчыну ад родных і блізкіх людзей. Не аднойчы паэт звяртаўся да іх вобразаў у творах, з павагай і захапленнем расказваючы прабабку Улляну, дзеда Хведара, дзядзькоў Фадзея- і Ціхана, пра маці і бацьку. Талент мастака свае, асабістае рабіў тыповым, агульнапазнавальным. Так, у вершы «Рукі маці» (1951) паўстае вобраз беларускай жанчыны, сялянкі. Верш уражвае, як адзначае У. Калеснік, «буйнай метафарычнасцю, якая ўласціва лепшым давераснёўскім творам паэта, і здзіўляючай прастатой, яснасцю, даходлівасцю... Зямля і неба цалавалі гэтыя рукі — пяшчотнымі вуснамі, каласамі, спякотай, вятрамі, дажджамі... Верш задуманы і выкананы як вялікая сінекдаха: біяграфія рук з'яўляецца біяграфіяй чалавека... Наймацнейшы акцэнт перанесены ў канец верша:

Толькі заўсёды,

Як мы зберымося дамоў

I на стол пакладзе рукі маці,

Быццам ад сонца, ад іх пасвятляе ў хаце

І ў сэрцы».

Паэзія Максіма Танка цесна злучана з зямлёй, з першаасновамі сялянскага жыцця. Святымі для паэта былі спрацаваныя рукі селяніна («Рукімаці», «Мыццё бабкі Улляны»), стол, ручнік, бохан хлеба. Лірычны герой верша «Перапіска з зямлёй» атрымаў адказ толькі на адзін ліст — «напісаны плугам». Зямля адказала хлебным караваем. Іншыя пісьмы, што пісаліся пяром паэта, «смыкамі ўсіх скрыпак», «якарамі і мачтамі караблёў», «штыком і сапёрнай лапатай» і г. д., зямля пакінула без адказу. З гэтага, вядома, не вынікае, што пісьменнік лічыць нявартымі ўсе роды дзейнасці чалавека, акрамя хлебаробства, сярод якіх згадваецца і абарона айчыны ад ворага. У творы Максім Танк гаворыць пра ўзаемаадносіны чалавека з зямлёй, а зямлі, каб яна каласілася збожжам, радавала ўраджаем, патрэбны дбайныя, гаспадарскія, сялянскія рукі.

З першых крокаў у літаратуры Танк дбаў як пра змест, так і пра форму твора, прывучваючы чытача да складаных асацыятыўных вобразаў, да вершаў, у якіх адсутнічаюць традыцыйныя рыфма і рытміка. Максім Танк з'яўляецца адным з самых паслядоўных прыхільнікаў верлібра (свабоднага верша) у нацыянальнай паэзіі. Верлібрам напісаны «Рукі маці», «Мыццё бабкі Улляны», «Перапіска з зямлёй» (1964), «Гравюры Скарыны» (1988), «Просьба аб дараванні» (1988) і многія іншыя вершы. Роздумна-элегічны, з заглыбленнем у быццё, багата насычаны самым! розным! паэтычнымі сродкамі верлібр Максіма Танка безумоўны набытак сучаснай беларускай паэзіі.

Гаворачы пра гравюры Францыска Скарыны, у невялікім па памеру творы паэт змог змясціць і драматычны лёс першадрукара, і яго любоў да роднай зямлі, гуманізм, і розныя адносіны да Скарынавай спадчыны на працягу стагоддзяў, і значэнне яго дзейнасці для сучаснага грамадства, і ідэю нацыянальнага адраджэння:

Гравюры Скарыны!

Ён выразаў іх

На спаконвечным

Дрэве гісторыі

Свайго народа,

Хоць мог бы падабраць

I больш падатлівы,

I больш удзячны

Матэрыял.

I выразаў ён іх

Не штыхелем-разцом,

А промнем сонца.

Промнем сваёй веры

I любові да народа.

Таму штрых кожны

Быў такі глыбокі,

Што ні агонь,

Ні забыццё,

Ні ворагі,

Ні час

Гравюраў гэтых

Знішчыць

Не змаглі.

I сёння

Нейкая чароўная

Жыве ў іх сіла,

Якая сляпым

Вяртае зрок,

Глухім — іх слых,

Няпомнячым — іх памяць,

А без'языкім — мову.

(«Гравюры Скарыны»)

Некаторыя даследчыкі літаратуры верлібр называюць вершаванай прозай, лічаць, што такая форма, у параўнанні з паэтычнай, больш натуральна і арганічна перадае жыццё. Думаецца, слушнасць такіх разважанняў пацвярджаюць вершы М. Танка «Акамянелыя волаты», «Працягласць дня і ночы» (творы ўвайшлі ў кнігу «Збор калосся», 1989).

На нашай зямлі параскідана шмат вялікіх і малых камянёў. Некаторыя з іх лічацца незвычайнымі, надзеленымі добрай ці злой сілай. Такім камням пакланяліся нашы продкі, народная фантазія стварала легенды і паданні. М. Танк у вершы «Акамянелыя волаты» аправяргае навуковае, далёкае ад паэзіі, тлумачэнне паходжання камянёў.

Зусім не

Нейкі там

Скандынаўскі ляднік

Зямлю нашу

Сваімі валунамі

Засеяў.

Гэта — акамянелыя

Волаты спяць,

Што свой край баранілі.

Ён называе «камяні Глеба, Рагнеды, Адама, Кастуся, Багушэвіча...»

У гэтым вершы мала тропаў, адсутнічае рыфма і рытм у традыцыйным яго разуменні (як чаргаванне націскных і ненаціскных складоў). Твор быццам сапраўды напісаны той мовай, на якой звычайна гаворыць чалавек. Разам з тым з'ява рэчаіснасці паэтызуецца, ёй надаецца высокі сэнс.

 

Многімі вершамі М. Танк засведчыў уменне бачыць незвычайнае — прыгожае, значнае — у звычайным, будзённым. Таму і не прымае ён дом паэта з «такім бетонным ганкам», «глухімі сценамі», «непрамакаемай страхой», «шчыльна зашклёнымі вокнамі», «дзвярэй з засовамі» і «такога высокага парога». Аўтар верша «Паказваюць дом паэта...» даводзіць, што знешняе (як жыў творца) не выяўляе сутнасць (чым жыў).

Бо як бы да яго

Маглі ўсе залятаць вятры,

Усе птушкі, зоры,

Заходзіць усе дрэвы,

Кветкі, людзі,

3 якімі ён дружыў, —

ставіцца пытанне.

Сваімі творамі М. Танк імкнуўся навучыць нас бачыць у жыцці прыгожае, узвышанае. Сам ён быў вялікім творцам і вялікім адкрывальнікам таямніц, багацця, эстэтычнай напоўненасці з'яў, прадметаў роднага беларускага свету.

 

 

 

Кароткі змест Люцыян Таполя

Паэма «Люцыян Таполя» (1946) развівае скразную ў беларускай літаратуры праблему народных талентаў. У яе аснове канфлікт народнага ўмельца, разьбяра, з саноўнікам царквы, які па законах феадальнага грамадства вёў нагляд за душамі «паствы», кантраляваў і рэгламентаваў нават мастацкую фантазію, асабіста вырашаючы, што ў ёй ад Бога,а што ад д'ябла. Д'ябальскай штукай выдалася віленскаму біскупу Сямашку мастацкая праўда. Шчыры мастак Люцыян Таполя, робячы навагоднюю батлейку, паказаў Багародзіцу падобнай да вясковай прыгажуні Тэклі, у якую сам разьбяр быў закаханы, а цара Ірада зрабіў падобным да свайго прыгонніка-пана. Мастак слухаў голас сэрца, арыентаваўся напраўду жыцця, шукаў і знайшоў святых і грэшнікаў сярод добрых і паганых людзей. Біскуп жа кіраваўся царкоўнымі догмамі, засланяўся імі ад жыцця, таму і ўбачыў у праўдзівых вобразах мастака блюзнерства і абразу божай вялікасці, парушэнне запаведзяў, свядомы паклёп на ўстаноўлены Богам парадак. Багаслоў загадаў мастаку знішчыць батлейку і пад пагрозай праклёну дзесяць гадоў не браць у рукі разца. Адлік гэтых гадоў належыць да лепшых мясцін паэмы, тут узор гуманістычнага ўспрымання плыні часу:

Дзесяць год!

За гэты тэрмін дрэва

Дзесяць раз убор зялёны зменіць,

Дзесяць пакаленняў салаўіных

Выкалыша на сваіх галінах,

Дзесяць залатых кругоў адложыць,

Як пярсцёнкаў каля сэрцавіны.

Што тады казаць пра чалавека!

Мастак пасівеў і так змяніўся за дзесяць пакутных гадоў, што нават сябры перасталі яго пазнаваць, і (помста жыцця!) крыўдзіцель біскуп Сямашка даручыў непазнанаму Люцыяну Таполі збудаваць не батлейку, а новую сапраўдную святыню.

З гэтага моманту фабула паэмы развіваецца паводле прынцыпу помста жыцця — помста мастака, як у народных казках. Назло саноўнаму артадоксу Люцыян Таполя дазволіў сабе поўную свабоду творчасці, даў выйсце пакутлівай патрэбе справядлівасці. Творчая апантанасць разьбяра падаецца Танкам як самавітае чарадзейства, выбух неспазнаных таямнічых сіл быцця:

Пад яго рукамі,

Бы ад нейкіх чараў,

Ажывала нават нежывое,

Немагчымае рабілася магчымым:

Гнуўся камень,

А з звычайнай цэглы,

Быццам з бронзы,

Паўставалі здані.

Не самой помстай, а творчым і стваральным парывам поўнілася душа мастака, ён хацеў пакінуць людзям запавет, асудзіць уціск над творчасцю. Сілы зла паказаны у вобразах хімер, падобных да паноў і духоўнікаў-езуітаў, «да айца Сямашкі». Усе яны заўзята паўзуць «па душу, па думку чалавека, што як сонца слепіць вочы ім... — чорным сілам пекла». Мастак даняў свайго крыўдзіцеля за жывое:

Дзесяць дзён хварэў Сямашка біскуп

I крычаў, каб прывялі Таполю.

На дзесяты дзень памёр світаннем.

Люцыян Таполя вымушаны быў ўсё ж уцякаць ад жывых прататыпаў сваіх хімер. Ён знік у народзе, і толькі новыя творы, што выплывалі з народных глыбінь, гаварылі пра неўміручасць таленту і мастацкай праўды, якім няма і быць не можа ні канца, ні пачатку...»

У. Калеснік. Максім Танк. Нарые жыцця і творчасці