Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Лірыка

2. Кароткі змест Родныя дзеці

 

 

Кароткі змест Лірыка

Лірыка Н. Гілевіча моцна прывязана да Лагойшчыны, малой радзімы пісьменніка. Ужо раннія вершы паэта былі словамі любові, адданасці роднай зямлі. Тэма малой радзімы з'яўляецца скразной у творчасці Н. Гілевіча і раскрываецца яна шматаспектна, рознабакова.

У вершы «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...» (1958) гаворка ідзе пра нядаўняе мінулае, Вялікую Айчынную вайну. Лірычны герой твора ганарыцца тым, што родная зямля не скарылася ворагу, узнялася на бітву з фашызмам, стала «краем неўміручай партызанскай славы». Да пачуцця гонару далучаецца ў вершы іншае, народжанае асабістымі стасункамі з вайной. Дзяцінства Н. Гілевіча супала з ваенным ліхалеццем, і многія вобразы верша створаны на аснове побытавай памяці пра мінулае, пра маленства. Зямлянка ў лесе, «гаркавы дым» кастроў і бітваў вядомы яму не з чужых слоў. «Мяне б і зараз памяць прывяла / Да той зямлянкі на пясчанай выспе», — зазначае паэт. Лірычны герой удзячны роднай зямлі, што яна, як маці, аберагала яго, давала сілу і моц. Тады, у трывожны і грозны час, нараджалася ў сэрцы любоў да радзімы, бацькаўшчыны.

Услаўляючы патрыятызм, гераізм народа, Н.Гілевіч гаворыць і пра трагічны бок вайны, пра чалавечыя ахвяры і пакуты:

Тут грозны час сяброў мне не збярог,

Ім светлы дзень сустрэць не давялося.

Адметнасцю паэтычнага голасу Н. Гілевіча з'яўляецца выхад да філасофскіх абагульненняў на аснове жывой жыццёвай канкрэтыкі. Так, верш «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» (1970), у якім уздымаецца праблема пераемнасці народных традыцый, пачынаецца паэтычным апісаннем летняй чэрвеньскай ночы над ракой дзяцінства. Аднак свята Купалы, з яго вогнішчамі, гаданнем на вянках, пошукамі кветкі-папараці, сучаснікамі забыта. «Ды ні гуку над Гайнай — пад цёмным шатром./ Толькі зоркі — як вочкі Купаліны».

Паэт заклікае маладых, дзяўчат і хлопцаў, «паліць Купалля агні». Народныя святы, звычаі, песні, казкі для яго не ёсць вяртанне ў мінулае, а падмурак для пабудовы будучыні. Лепш, ясней убачацца «наступныя дні», калі чалавек дакранецца душой да вытокаў. Гэтае сцвярджэнне вынашана Н. Гілевічам, пераправерана на практыцы. Ён добра ведае вусную народную творчасць, з'яўляецца даследчыкам і збіральнікам беларускага фальклору, шмат гадоў выкладаў гэту дысцыпліну студэнтам БДУ.

Не выпадкова ў заключных строфах верша «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» згадваецца Янка Купала.

Раскладайце агні — хай плывуць па рацэ,

Можа, у зыркім святле іх вы ўгледзіце

Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ —

Запрасіце яго прысуседзіцца!

Лагойская зямля, ціхаплынная Гайна— родныя мясціны народнага песняра. Свята Івана Купалы — гэта адначасова і дзень нараджэння паэта, і яго псеўданім. Існуе таксама больш глыбокая сувязь: для Купалы, як і для Гілевіча, народная культура выступае арганічнай часткай той спадчыны, што завецца «ўсяго старонкай роднаю».

Верш «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» элегійны па гучанню. Аўтар у ім заклікае не адмаўляцца ад спадчыны, што вякамі збіралася народам.

Да гэтай праблемы Н. Гілевіч звярнуўся таксама ў рамане «Родныя дзеці». Сцяпан Вячорка знаходзіцца ў роднай вёсцы купальскай ноччу. Ноч зусім не падобная на тую, якой яна запомнілася з гадоў маленства. «Нічога з колішняга свята / Не засталося ўжо — няма», вёска перастала святкаваць Купалле. Аднак герой рамана не можа пагадзіцца, «што праблема знята./ Зняла гісторыя сама!». Ён бачыць, як на месца занядбанага народнага свята, народнай традыцыі прыходзіць штосьці іншае, на жаль, далёкае ад духоўнасці і паэзіі:

Вось — не палілі вогнішчы хлопцы,

Вянкоў дзяўчаты не вілі —

Дзень цэлы дзюбалі па стопцы

I, ачмурэўшы, спаць ляглі...

У рамане праблема адносін да спадчыны вырашаецца публіцыстычна адкрыта, пісьменнік звяртаецца да сатырычных сродкаў.

З гадамі Н. Гілевіча ўсё больш цікавіць гістарычны лёс Бацькаўшчыны, яе поўны драматызму шлях праз вякі. Гісторыя няшмат захавала ад былой велічы, славы, прыгажосці, здабытых і створаных нашымі продкамі. Гэта асабліва кідаецца ў вочы пры параўнанні архітэктурных збудаванняў, якія могуць захоўвацца тысячагоддзі. Знаёмства з чужымі гарадамі, з «не нашымі помнікамі не.нашай славы» наводзіць лірычнага героя верша «Лёс і песня» (1983) на горкі роздум:

Нелітасцівы быў наш лёс, браты:

Красу, што продкі з любасцю стваралі,

Чужынцы з лютасцю агнём сціралі,

Каб не ўцалелі нават і сляды.

Паэт захапляецца настойлівасцю, мужнай цярплівасцю народа, які, калі мінала бяда, аднаўляў разбуранае і знішчанае: «I паўставала з небыцця нанова / Краса ў абліччы каменя і слова.» Але гісторыя паўтаралася, адбудаванае «зноў рабілася прахам праз гады».

Некаму толькі здаецца, што мінулае і сучаснасць у жыцці народа існуюць паасобку; яны цесна пераплецены, знітаваны адзін з другім. Іншы, менш трагічны ў мінулым лес роднай зямлі, даў бы магчымасць нам сёння не ўздыхаць з сумам аб страчаным, а, як тое робяць многія народы, ганарыцца плёнам працы і таленту продкаў. Гэту повязь выразна адчувае паэт, таму ў яго песні «праступае горыч», яна ідзе «з глыбінь вякоў: там — бездань гаркаты!» У многіх вершах Н. Гілевіч стварае прыгожы, паэтычны вобраз роднага краю. У ім «гаючыя крыніцы» лечаць ад балючых ран, «на лад пявучы старажытнай мовы» гамоняць пушчы і шумяць дубровы, радуюць вочы «вераснёвыя долы», лёгка ідуць ногі «па шляхах бясконцых». («Край мой беларускі, край!..», 1966). Прыродныя з'явы і карціны ў творы адухаўляюцца, надзяляюцца рысамі і ўласцівасцямі людзей (да гэтага прыёму Н. Гілевіч звяртаецца досыць часта). Паэт знаходзіць свае, непаўторныя словы і інтанацыі, каб выказаць сыноўнюю любоў да роднай зямлі. У вершы «Край мой беларускі, край!..» гучыць замоўніцкая, малітоўная інтанацыя:

Край мой беларускі, край!

Дай мне наглядзецца, дай!

На твае на пожні,

На лугі ды рэкі,

Каб у час апошні

Ўзяць з сабой навекі, —

Дай жа наглядзецца, дай!

Змена карцін-вобразаў, рытмічная арганізацыя верша «Бальшак» (1964) стварае адчуванне хуткай язды па дарозе. Першая страфа, якая складаецца з шаснаццаці радкоў, з'яўляецца адным разгорнутым сказам:

Праз долы-нізоўі,

Дзе ўвечар туманы ўстаюць,

Праз водар мядункавы

Спелых лугоў у пракосах,

Праз рэкі і рэчкі,

Што петлі блакітныя ўюць,

Праз ранішні гоман стозыкі

Пасёлкаў і вёсак,

Праз пушчу, дзе сосны

Струменяць жывіцу-пяршак,

Праз ліўні густыя,

Што раптам заслоняць паўсвета,—

Спяшаецца ўдалеч

Стары беларускі бальшак,

Спяшаюцца людзі,

Спяшаецца век-непаседа.

Вобразам лірычнага героя звязваецца сучаснасць і мінулае роднага краю. Герой уяўляе, як калісьці тут «прашчуры босыя сцежку сабе пракладалі», як гэтай дарогай «пляліся чужынцы здаля», губляючы на ёй «штандары і шапкі», г. зн. вярталіся пераможанымі.

Лірычнае пачуццё выяўляецца ў вершы шчыра, эмацыянальна-адкрыта і разам з тым нешматслоўна-стрымана:

Без гэтых бароў задуменных,

Без гэтых азёр,

Без гэтых палеткаў

Я шчасця на свеце не знаю.

У Н. Гілевіча шмат пейзажных вершаў, у якіх выяўляецца любоў паэта да роднага краю, раскрываецца яго светаадчуванне, уменне бачыць і захапляцца прыгажосцю звычайнага.

Белыя сыплюцца долу крышталікі,

Белыя крышацца хмаркі ўгары.

Сосны захутаны ў белыя шалікі.

Белая мітусь у белым бары.

Белая, мяккая ціша няхрусткая,

Белай дрымотай спавіты кусты.

Белая казка... Зіма беларуская...

Што ж мне не дорыш снягурачку ты?..

(«Белыя сыплюцца долу крышталікі...», 1965)

Шматразовае паўтарэнне эпітэта «белы» працуе ў вершы на стварэнне зрокавага вобраза-карціны — заснежанага, сцішанага, казачна-прыгожага роднага краю.

Верш «Родная мова», напісаны ў 1947 г., у зборнікі 50— 70-х гадоў не ўключаўся. Наіўна, але шчыра і горача малады паэт гаварыў пра сваю любоў да роднай мовы. Яе ён чуў на парозе жыцця ад бацькі і маці, на ёй упершыню прачытаў дарагія для кожнага чалавека словы «мама», «радзіма».

...I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,

Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,

I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй

Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала.

А задумае вораг з далёкага краю

Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю —

Не дазволю.

Не дам.

Непрадам. Не змяняю.

I да смерці за волю тваю пастаю!

Н. Гілевічу давялося змагацца за волю роднага слова. Але не з ворагам «з далёкага краю», а з блізкім, сваім, з дамарослым манкуртам, які забыўся на роднае, наскае. Вершы гэтай тэматыкі склалі большую частку зборнікаў паэта 80—90-х гадоў («Жыта, сосны і валуны», «Адраджэнне», «Талісман», «На высокім алтары»).

Паэзія Н. Гілевіча тэматычна і стылёва рознапланавая. У ёй спалучаюцца грамадзянская мужнасць, устурбаванасць сённяшнім днём і сцішаны, мяккі лірызм, гарачае захапленне прыгажосцю і такое ж гарачае непрыняцце заганных з'яў, роздум над складанасцю, неадназначнасцю жыцця і дыдактызм, павучальнасць. «Паэтычны голас Н. Гілевіча, — адзначае В. Каваленка, — моцна чуцен у сучаснай паэзіі. У яго творчасці выразна праступаюць адзнакі думання і турбот усёй сучаснай беларускай літаратуры.Шмат якія вобразы, сітуацыі, паэтычныя рашэнні, адкрытыя ім, успрымаюцца і развіваюцца іншымі паэтамі, і разам з тым ён сам таксама чуйны да творчага дыхання беларускай паэзіі... Пры ўсім шматгалоссі паэзія Н. Гілевіча на дзіва цэльная і канцэптуальная ў адчуванні складанага аблічча жыцця».

 

 

Кароткі змест Родныя дзеці

ЗАПЕЎКА

Аўтар паведамляе чытачу, што напісаў твор пра няпростую, шмату чым нявызначаную сучаснасць. «Я ж выбраў працу без гарантый:/ Дыханне часу сцерагу / I ад надзённасці гарачай / Убок падацца не магу». Ён імкнуўся ў рамане праўдзіва ўзнавіць жыццё.

Прычына

 

Кампазітар Сцяпан Якубавіч Вячорка, хоць за гэта і дакараў сябе не раз, доўгі час не быў у роднай вёсцы. «Знябыўшыся ў журбе», да сына ў горад прыязджала маці і сувязь з вёскай усё ж не перарывалася. У адзін з такіх прыездаў маці паведаміла, што да іх у школу прыслалі настаўніцу, Альжбету Францаўну Кудзёлку.

Разводка быццам бы... Але

Па ўсім відаць, што не свісцёлка.

Да ўсіх з павагай у сяле...

Вестка аглушыла Вячорку. Гэта жанчына — яго першае і адзінае каханне, ад якога да гэтага часу ў душы горыч і скруха. Сцяпан баяўся сустрэчы з Аляй («Калі нават попел-прысак / Астыў — нашто капацца ў ім?»), лічыў, што сустрэча не будзе ў радасць і ёй, бо «ўзрушыць памяць гаркатой». Але прыйшло ад брата пісьмо-напамінак, што маці хутка семдзесят гадоў.

Згадкі ў дарозе

Па дарозе дамоў Вячорка ўспамінае, як знайшла сабе спадарожніка жыцця сястра Лёдзя. Апынуўшыся ў горадзе, яна добра памятала матчын наказ: «Хаця ж не слухай кавалераў,/ Культурных гэных, гаваркіх./ Няхай іх выкаціць халера — / Тых ашуканцаў гарадскіх». I раптам дзяўчына даведалася, што хлопец, які прадставіўся рабочым і кожны вечар праводзіць да інтэрната, —прафесарскі сынок. Сцяпан тады прыехаў у горад «у розведы». Вінька Шкут падаўся яму дзіўным, але самастойным хлопцам: «...З бацькамі ў контры — і ўсур'ёз./ Ён не бярэ ў іх ні капейкі.../ Жыве на ўласныя грашы./ Працуе. Вучыцца завочна».

«Народнік», так нязлосна звала мужа Лёдзя, мала змяніўся за два пражытыя дзесяцігоддзі, па-ранейшаму сыпаў афарызмамі, як і што народ робіць, думае, жыве. Вячорка нават усміхнуўся, уявіўшы, які «славесны шторм» узнімуць пры сустрэчы зяць і браты. Антось быў філосафам-сацыёлагам, працаваў дацэнтам у сталічнай ВНУ. Мікіта з'яўляўся выключэннем у вялікай і дружнай сям'і. Ён быў зводным братам Сцяпана. Бацька Мікіты, сельскі актывіст Зміцер Рэпа, пакінуў жонку і сына ў «год пералому». Жанчына плакала, маліла мужа не сіраціць дзіця. Услед за маці слёзна прасіў бацьку і пяцігадовы сын. Але «не апрытомнеў Зміцер», пайшоў да другой жанчыны.

 

Душы ж дзіцячай неакрэплай Ён рану страшную нанёс. На ўсё жыццё Мікіта Рэпа Застаўся з крыўдаю на лес...

Хлопец вырас «непамяркоўным, грубым, злым». У дзяцінстве, пасля паездкі ў заапарк, да Мікіты прыліпла клічка «Абіззян», А ў вёсцы спакон вякоў было, што «дасціпнае імя» застаецца з чалавекам нават пасля яго смерці: «I дзеці вырастуць і ўнукі / Пад гэтым імем...»

Адступленне першае — патэтычнае

Аўтар гаворыць пра сваю любоў да роднага краю.

...Я скалясіў і змераў пешкі

Твае прасторы ўдоўж і ўшыр —

I ўсе шляхі, дарогі, сцежкі

Пакрыжаваліся ў душы.

Не знаю сам, якога зелля

Ты падліваеш мне ў пітво,—

Што гэтак моцна, гэтак хмельна

Тваё чаруе хараство...

Белы май

У маладосці Альжбета Францаўна Кудзёлка «была дзяўчына, як вясёлка: уся свяцілася ажно». Сцяпан убачыў яе на вечары ў студэнцкім інтэрнаце, куды хлопцаў прывёў Юзік Бэнсь. Аля запрасіла Вячорку на белы танец. Толькі разгаварыцца з дзяўчынай хлопец тады не змог, быццам язык праглынуў. Ён пачаў кожны вечар хадзіць каля інтэрната педвучылішча, спадзеючыся на сустрэчу. Урэшце Сцяпану пашанцавала.

Сказаць пра свае пачуцці хлопец вырашыў вершам. Аднак на танцах замест запаветнага кавалачка паперы ён выцягнуў незнарок з кішэні «глянцавітую банкноту — ні больш ні менш—на сто рублёў». Зусім разгубленага, з ніякавелага Сцяпана Аля спыніла ўжо ў завулку. Так пачынаўся іх «белы май».

На Алю «паклаў вока» і Юзік Бэнсь. Убачыўшы дзяўчыну з сябрам, ён пакляўся разлучыць закаханых.

Ганьба

Выпадак скампраментаваць Вячорку надарыўся досыць хутка. Студэнты паехалі з канцэртам да падшэфных у вёску. Сцяпана з Юзікам брыгадзір завёў начаваць да заможнага гаспадара Базыля Крата, які меў дачку, «даўно нявесту». Бэнсь шапнуў Плене, што яна спадабалася яго сябру, толькі той надта нясмелы, каб сказаць пра гэта самому. Намякнуў таксама бацьку і маці на ўзаемную сімпатыю дачкі і госця. Гаспадары ўзрадаваліся з'яўленню «зяця», які мог бы прыкрыць «дзявочы грэх» Плены. Вячорку напаілі і паклалі спаць у ложак да дачкі. Раніцай, ледзь толькі Сцяпан адкрыў вочы, спрабуючы зразумець, дзе ён і што з ім здарылася, Тэкля і Базыль прыбеглі віншаваць дзяцей «са шлюбам».

Вячорка кінуўся прэч з хаты. Бэнсь хацеў яго спыніць, палохаючы выключэннем з камсамола і адлічэннем з кансерваторыі. Але хлопца палохала іншае — Аля. Як ёй пра ўсё расказаць? Ці захоча яна зразумець, што ён не вінаваты?

Адступленне другое — іранічнае

Аўтар выказвае свае адносіны да формы твора. Ён не прыхільнік складаных метафар, незразумелай мовы, «ламанага» радка і іншых навацый, якія лічацца адзнакай сучаснасці, інтэлектуальнасці.

...Ну, што ж: вялікі свет парнаскі!

А мне й на гэты раз, браткі,

Слугуе ямб — тутэйшы, наскі,

Рухомы, гібкі, трапяткі...

Разлад

Альжбета заўважыла, што Сцяпан вярнуўся з вёскі «разгублены, пануры», хлопец нічога ёй не растлумачыў. Праз нейкі час Вячорка стаў супакойвацца — яго ніхто нікуды не выклікаў. Юзіка пасля таго вечара ён перастаў лічыць сябрам.

Надрукавалі напісаную Вячоркам песню, і зайздрасць да поспеху таварыша штурхнула Бэнся да дзейнасці. Альжбета атрымала пісьмо; невядомы паведамляў, што ад яе «любімага Сцёпы» зацяжарыла дзяўчына. Называлася вёска, куды ездзіў з канцэртам Вячорка.

 

Дзяўчына не паверыла каханаму. Сцяпан, кінуўшы вучобу, праз месяц з'ехаў на цаліну. Да такога рашучага кроку прычыніліся дзве акалічнасці: ён убачыў у скверы Алю з нейкім курсантам і ў камітэт камсамола паступіла на яго ананімка.

На ўзвеях часу

Сцяпан удзень хадзіў цяслярыць —

Дамы цаліннікам стаўляць,

А вечарамі, каб памарыць,

Вымаў баян, садзіўся граць.

Хутка баяніста паставілі кіраваць маладым саўгасным хорам. Гэты хор выканаў яго «Цалінную песню», якая спадабалася слухачам, яе пачалі спяваць не толькі цаліннікі. Вячорка зразумеў, у чым яго прызванне, і праз нейкі час паехаў у Маскву давучвацца.

Праз шмат гадоў ён вярнуўся ў стольны Мінск жанатым чалавекам. Жонка, карэнная масквічка, не хацела ехаць «на перыферыю», не магла зразумець цягу мужа «да каранёў». Яна была вельмі далёкай ад таго, чым жыў Вячорка. «Сцяпан мірыўся, колькі мог,/ Што аднадумца-друга ў жонцы / Яму не даў скупеча-бог». Цяжка было змірыцца з іншым — яго Феня не магла нарадзіць дзіця. Таму калі пасля смерці цесця жонка паставіла ўльтыматум: Масква ці развод, Вячорка без асаблівых згрызот выбраў апошняе.

Адступленне трэцяе — гістарычнае

Аўтар гаворыць пра слаўнае мінулае роднага краю, які меў

...На зайздрасць свету і цесляроў, і маляроў,

I летапісцаў, і паэтаў,

I музыкантаў-дудароў!

Якой асветай і культурай

Твае здзіўлялі гарады —

Не толькі Полацак ці Тураў, у

А й Друцак, зніклы назаўжды!

Пісьменнік спрабуе знайсці адказ, калі «пад цяжкім гнётам змусты» пачаўся заняпад роднай зямлі, поўніцца радасцю ад таго, што любы край змог «паўстаць амаль што з небыцця».

Бацькоўскі кут

Ля весніц Сцяпана сустрэла маці і Анця (братава жонка) з гуртам «белабрысых малых сваіх «тамашанят». Пакуль збіраюцца госці, Вячорка вырашыў схадзіць на могілкі.

Насустрач неслася пыльная бура — наступства бяздумна праведзенай меліярацыі.

Сцяпан глядзеў, працяты болем,

Глядзеў, бяссільны, хоць заплач,

Як грозны дух нясе над полем

Сарваны з долаў плодны пласт.

Зямля ляціць у небе пылам...

За сотні год на гэтым месцы

Не нарасце яна цяпер,

I ўжо ніхто тут не наесца —

Ні чалавек, ні птах, ні звер!

Азірнуўшыся, Вячорка ўбачыў, як змяніўся родны кут — «стаў роўны і гладкі — нібы стол». На месцы кустоўя, балотца цягнуліся рады бульбы, каласілася збажына. Аднак гэта не вельмі радуе Вячорку, бо ён думае пра будучыню, ці будзе гэта зямля радзіць праз дзесяцігоддзі.

На могілках ляжалі сястра і брат. Сцяпану прыгадаўся той першы пасляваенны галодны год, калі Крысця пайшла ў горад «на хлеб не ад зямлі», каб дома «гурт паменшаў хоць на адзін галодны рот», як плакала тады маці, праводзячы старэйшую дачку на край сяла.

Стаяў Вячорка пад сасною

I скрушна-горка шкадаваў,

Што рэдка бачыўся з сястрою,

Гадамі ў брата не бываў...

Вяртаючыся з могілак, Сцяпан спрабуе адказаць, чаму чалавек ходзіць сюды: «...Паплакаць горка?/ Паспавядацца? Клятву даць?/Ці, можа, з гэтакіх пагоркаў / Свае жыццё нам лепш відаць?». Думкі незаўважна пераключаюцца на сэнс жыцця:

Рабі дабро! Хоць нават коштам

Апошніх сіл, апошніх мук.

I не пытай: каму? завошта?

Рабі — без просьбаў і прынук!

Сустрэча

Пакуль жанчыны накрывалі стол, мужчыны «пускалі дым у асалоду / Вялі гаворку між сабой». Сцяпан апынуўся ў цэнтры ўвагі. Ён не падтрымаў «высокі шціль» і тэму дырэктара школы Крутарога, загаварыў пра набалелае — пра незваротныя змены на роднай, найпрыгажэйшай зямлі, пра непавагу да яе. Думку брата падхапіў Тамаш, нагадаўшы Сцяпану, што іх віны, тых, хто жыве і працуе на зямлі, у гэтым не больш, чым яго, гарадскога.

Вячорка адразу пазнаў у жанчыне, якая ішла «дарожкай жоўтаю ад весніц»,.сваю былую абранніцу. Уразіў выгляд Альжбеты Францаўны:

Ёй сорак год, а паглядзеўшы —

Намнога болей можна даць.

Напэўна, лёс зусім не цешыў,

Жыццё не песціла, відаць».

Ён кідаў позірк на Альжбету —

I сэрца кроіў боль скразны:

Амаль нічога — ані следу

Ад той дзяўчынкі, з той вясны!

Адступленне чацвёртае — у гонар маці

Аўтар бачыць глыбокі сэнс і мудрасць жыцця ў тым, што маці спачатку чуе не смех дзіцяці, а плач.

 

Ягоным смехам, словам, спевам

Пасля ўмудрэеш... А спярша —

Патрэбен плач, каб болем спелым

Магла напоўніцца душа.

I колькі ты жывеш на свеце —

Спакон вякоў, здавён-даўна —

Ты сэрцам там, дзе плачуць дзеці...

Увесь раздзел— светлы, шчымліва-шчыры, узнёслы гімн маці, простай зямной жанчыне.

Пашанаванне

На покуць, самае ганаровае месца за сталом, садзяць маці. Тамада дзядзька Лёкса запрашае ўсіх гасцей тройчы пажадаць Сохвіі Пятроўне здароўя «На сто гадоў! На сотню лет!» і выпіць першую чарку. Затым слова даецца Сцяпану. Выказваючы самую шчырую ўдзячнасць роднай матулі, Сцяпан згадаў і Маці-Беларусь, і Матухну-Зямлю.

Увагу Вячоркі прыцягнула незнаёмая маладая дзяўчына, як ён хутка зразумеў, не родзічка. Альжбета Францаўна ўмлела, калі ўбачыла, што яе дачка чокаецца са Сцяпанам, а той зашмат надае ёй увагі.

Тост Мікіты не абышоўся без сутычкі з зяцем. «Народнік» Вінька ўклініўся ў паўзу, і абражаны Мікіта Рэппо сеў не скончыўшы. Застолле ўсё ж упрасіла яго дагаварыць, ніякаватасць, якую адчулі госці, была згладжана. Аднак аматар «пацвельваць радню» Вінцусь не супакоіўся. Ён

Хоць апетытам некапрызным

Быў прыкаваны да стала —

Сваім абсурдным афарызмам

Ураз любога даставаў.

I так у гутарку ўключаўся,

Такі даваў ёй паварот —

Што ўжо крыху бянтэжыў часам

Не толькі швагра, а й «народ».

Гамана ў застоллі

Настаў момант, калі застолле загуло. «Хто — з суседам,/ Што каля боку, хто — праз стол,/ Хто — сам з сабой, хто — з цэлым светам.../ Усе — гавораць!...» Гаворкі самыя розныя: праблемныя і пустыя, сур'ёзныя і смешныя.

Маці запрашае суседзяў і радню частавацца, паспрабаваць «смачненькі кусочак», бо заўсёды «судзілатак сяло: / «Было ўсяго — і піць, і есці,/ Але прымусу не было!..»

                                           Адступленне пятае — кулінарнае

Ярка, апетытна апісваюцца беларускія нацыянальныя стравы. Аўтар не бачыць нічога заганнага, што чалавек аддасць належнае і засмажанаму парасяці, і падсушанай на гарышчы каўбасе, і вантрабянцы, і бабцы, і блінам з мачанкай-верашчакай, і калдунам, і многаму іншаму, што ставіцца руплівай гаспадыняй на стол. Але з апетытам есць той, хто перад гэтым добра папрацуе, аўтар пра гэта не забываецца.

Калі на свеце нехта дзесьці

Умее добра працаваць, —

То ўмее ён і смачна з'есці

I — адпаведна — згатаваць!

Таму — дастойна, без эфекту

Прымай падзяку-пахвалу —

І беларускаму палетку,

I беларускаму сталу!

Іскрынка

Госці просяць Альжбету Францаўну пачаць песню. Дырэктар падказвае: «У гонар маці — песню сына!» Жанчыны спяваюць «Дуброву», Вячорка расчулены.

Пачуўшы ў сенцах магнітафон, моладзь выпырхнула з-за стала. Мар'яну запрасіў на танец Мікітаў сын Артур. Вячорка таксама пасля песень падаўся на двор.

Мар'яну і Сцяпана, якія стаялі ля кветніка і аб нечым зацікаўлена размаўлялі, Альжбеце Францаўне паказала Анця, шапнуўшы — «Пара— на падбор». Крыўда, разгубленасць, боль напоўнілі жаночае сэрца. Альжбета Францаўна раптам адчула страшэнную стомленасць і непрыкметна пакінула гасцінны двор. Дома, крыху супакоіўшыся, яна падумала, што Сцяпан, пэўна ж, не ведае, чыёй дачкой ён зацікавіўся. Не ведае і Мар'яна, хто такі для яе маці Вячорка.

Купальскія васількі

Купальская ноч, але знямелая вёска спіць. З сумам Вячорка ўспамінае мінулае, калі «ў вёсцы да зары —/ Ганялі ведзьму-патарочу,/ Агні палілі на гары...» Ён хацеў быў таксама ўжо ісці спаць, калі пачуў крокі. Ішла Мар'яна. Сцяпан з Мар'янай ідуць за ваколіцу. Дзяўчына дзякуе Вячорку за музыку, песні, якія ён стварае:

Я вашу музыку звычайна

Па першых гуках пазнаю,

Што нейкай сілай ачышчальнай

Душу ў палон бяруць маю.

Мар'яна спявае песню яго маладосці, першы, забыты ўжо Вячоркам варыянт, які магла ведаць толькі Альжбета Францаўна. «Дачка!../ На міг сцяло, здавіла / Яму ў грудзях—не прадыхнуць».

Альжбета Францаўна, прачнуўшыся сярод ночы і не ўбачыўшы на ложку дачкі, сэрцам адчула, з кім яна можа быць у гэты час. Мар'яна, калі акрыленая і шчаслівая вярнулася дамоў, убачыўшы матчын твар, аж спалохалася — «акамянелы, пастарэлы, якісь нядобры і чужы».

Альжбета ўсе гэтыя гады жыла надзеяй на сустрэчу. I вось яна адбылася, але як жахліва ўсё паварочваецца. «Маё ж дзіця мне будзе вораг — / Вось да чаго я дажыла», — думае ў роспачы жанчына, Раніцай яна ідзе да Вячоркі, просіць «знайсці ў сэрцы літасць» і адступіцца ад Мар'яны. З сумам у вачах Сцяпан гэта абяцае.

Адступленне шостае — педагагічнае

Аўтар спявае ўзнёслую оду хлебу, аснове жыцця. Для яго існуе адна педагогіка, правераная вякамі: «Вучыць любові і пашане / Да хлеба труднага ў жыцці».

Вечар у полі

Прыцемкам Сцяпан прыйшоў «забраць» Тамаша з камбайна. Па дарозе дамоў браты гавораць пра змены, што адбываюцца ў наваколлі і ў чалавечых душах. Тамаш трывожыцца, што некалі «у горкай крыўдзе нашы дзеці / Нам страшны вынесуць прысуд». Сцяпана ўзрушыла знікненне дарогі (вымерла вёска, да якой ішла гэта дарога), а з ёю было так шмат звязана ў гады дзяцінства.

Брат пытаецца, чаму злосна піша пра яго музыку крытык Шпачынскі. I Вячорка-кампазітар расказвае пра няпростыя, далёка не заўсёды шчырыя і сумленныя ўзаемаадносіны ў свеце творцаў, дзе прыжыліся такія, як Юзік Бэнсь.

Тамаш нечакана мяняе тэму размовы, раіць Сцяпану знайсці спадарожніцу жыцця, мяркуе, што добрай жонкай была б настаўніца іх, Альжбета Францаўна. «...Яна жанчына — дзіва!/ Такія — рэдкасць на вяку». Вось толькі схіліць на гэта яе будзе цяжка, бо жанчына не можа забыцца на сваё першае каханне. Тайну Альжбеты Францаўны Тамаш ведае ад жонкі, з якой настаўніца сябруе. Сцяпан настолькі ўзрушаны пачутым, што просіць брата крыху памаўчаць.

Бяссонне

Пасля вячэры Антось з хваляваннем дастаў выпадкова знойдзеныя ў архіве запіскі дзеда Тодара.

Вясковы, бедны і бяспраўны

Настаўнік школы прыхадской,

Ён прагнуў вольнасці і праўды,

Тужыў па шчырасці людской.

На царскай катарзе ў Сібіры

Ні маразы, ні шампалы

У ім надзеі не забілі —

Народ свой вывесці з імглы.

Антось хацеў надрукаваць «Тэстамент...», аднак рэдактар забракаваў яго за «дробны змест».

Сцяпан збіраецца заўтра вярнуцца ў горад. Лежачы ў пуні на сене, ён адчуў, як «незнаёма востра ў сэрцы / Упершыню азваўся боль», з'явілася думка застацца на дзень ці два, шчыра пагаварыць з Альжбетай. Аднак ён стрымлівае сябе: «Не атрымалася ж размовы!/ I зноў — бязвінны вінават.../ Дзе судзіць лес — што значаць словы?/ Той май быў столькі год назад!..»

Сон не ішоў, і Сцяпан вырашыў прайсціся, наведаць школу. Ля школьных веснічак ён убачыў постаць. «Уміг здавіла грудзі хваля —/ Што ўзняў з прадоння ураган», — стаяла Альжбета Францаўна.

Што вельмі ўразіла перш-наперш —

Твар — незвычайнай белатой

I дзве рукі — ля сэрца накрыж, —

Як на іконе ў прасвятой.

—...I ты даўно стаіш тут?.. Аля!

— Яшчэ ад той вясны, Сцяпан.

У вялікай узрушанасці і разгубленасці Вячорка апусціўся на камень. I раптам пачуў незвычайную, цудоўную мелодыю, якая плыла ў душу. «Гучала мякка, задуменна / I ўся праменіла святло./ Ад калыханкі нешта мела,/ I штось ад гімна ў ёй было». Вячорка просіць Альжбету Францаўну паказаць яму заўтра школьны музей. З гэтым мужчына і жанчына развітваюцца.

Лежачы ў пуні і гледзячы ў начное неба, Вячорка думае, што не скора вернецца ў родныя мясціны.

ДАПЕЎКА

Аўтар тлумачыць, чаму ставіць кропку, не завяршыўшы сюжэт. Лічыць, што не мае права гадаць, што далей было з героямі. Да таго ж не хоча транжырыць час чытача — пісаць «многатомныя, многатонныя і манатонныя эпапеі».

Мастацкія асаблівасці

«Родныя дзеці» — першы ў нашай літаратуры раман у вершах. Форма твора наклала свой адбітак на змест. Мова верша і ў эпічным творы застаецца лаканічнай, вобразнай, эмацыянальна афарбаванай, інфармацыйна насычанай.

Туды, туды — увага, сіла,

I грошы-сродкі ўсе — туды,

Каб цаліна ўскаласіла

На незлічоныя пуды.

...Ад уяўлення, што за зерне

У свірны прыйдзе, хлеб які!—

Яшчэ глыбей Нечарназем'е

Туліла твар у хмызнякі.

У працытаваных васьмі радках Н. Гілевіч сказаў, якое значэнне надавалася ў 50-я гады асваенню залежных аблогаў у Казахстане і на Алтаі. Гэтая эканамічная, а дзесьці і палітычная акцыя забірала сродкі, рабочыя рукі, якія так неабходны былі асвоеным землям. Пакуль «пёкся» небывалы цалінны каравай, Нечарназем'е зарастала кустоўем і лесам.

Падзейны сюжэт рамана нескладаны. Аднак гісторыя пра ўшанаванне маці-юбіляркі абрастае многімі пабочнымі лініямі—гісторыямі яе дзяцей, успамінамі пра першыя пасляваенныя гады і дзесяцігоддзі. Значнае месца ў творы належыць разважанням герояў пра месца чалавека на зямлі і сэнс яго існавання, пра тыя змены, што адбыліся і адбываюцца ў жыцці чалавека і ў навакольным асяроддзі. Лакальны «сямейны» сюжэт такім чынам набывае шырокае грамадскае гучанне. У параўнаўча невялікім па памеру творы пісьменнік змог сказаць пра многія сучасныя маральна-этычныя, сацыяльныя, экалагічныя праблемы, стварыць галерэю непадобных чалавечых характараў.

Ідэю рамана (галоўную думку) выказвае Сцяпан Вячорка, калі віншуе маці з юбілеем:

Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:

Мы — дзеці роднае сям'і,

I — дзеці Маці-Беларусі,

I — дзеці Матухны-Зямлі.

Трайны ён круг, ды недзялімы:

Бо сёння — як ні паглядзі —

А лес Дзяцей, і лёс Радзімы,

I лес Планеты — лёс адзін.

I ўсе мы разам у адказе

За гэты вечны круг жыцця.

Найшырэй у творы паказаны «першы круг» — дружная, працавітая, таленавітая сям'я Вячоркаў. Н. Гілевіч без высокіх і гучных слоў гаворыць пра мацярынскі подзвіг Сохвіі Пятроўны. Пасляваенная ўдава паставіла на ногі сямёра дзяцей, навучыла іх дабрыні, спагадлівасці, павазе да чалавека і мазольнай сялянскай працы. Выключэннем з'яўляецца Мікіта, сын Сохвіі Пятроўны ад першага мужа. Штосьці нядобрае перадалося яму, пэўна, па генетычнай спадчыне ад бацькі. Таго не расчулілі слёзы дзіцяці. Навек пакідаючы сям'ю, ён нават на развітанне не прыгарнуў хлопчыка. У творы ёсць тлумачэнне, чаму ў дружнай сям'і, у клапатлівай маці сын вырас «непамяркоўным, грубым, злым, амбіцый меў ажно зашмат». Неакрэплая дзіцячая душа аказалася зламанай чэрствасцю і здрадай дарослага чалавека.

Па Н. Гілевічу сэнс жыцця жанчыны — у дзецях, яны яе шчасце ці.гора, яе спраўджаныя ці няспраўджаныя надзеі, мары, спадзяванні. Вобраз маці, Сохвіі Пятроўны Вячоркі, раскрываецца праз нешматлікія трапныя, псіхалагічна-дакладныя дэталі. Ёй, адвеку сціплай і непрыкметнай, цяжка быць у цэнтры ўвагі на святочным застоллі. «А божа мой, ці не ўсё роўна / Старой мне, бабе, дзе сядзець?...» — адмахваецца жанчына ад патрабаванняў гасцей сесці на покуць. Унутраная прыродная дабрыня, павага да чалавека, а побач з гэтым і да пасады, звання, выяўляецца ў сцэне, калі Антось стварае парадыйны слоўны партрэт вучонага Нестара Шалудзькі. Сыны смяюцца, маці на гэта глядзіць няўхвальна, ушчувае сваіх дарослых дзяцей. Сохвія Пятроўна жыве дзецьмі і дзеля дзяцей. Калі застолле жадае ёй на доўгія гады здароўя, яна, выцершы хусцінкай завільгатнелыя вочы, пераводзіць пажаданне ў сваё, мацярынскае рэчышча: «Дай божа вам здароўя, дзеці,/Пры вас я буду здарава!..»

Аўтар прасочвае лёс дзяцей Сохвіі Пятроўны Сцяпана, Тамаша, Мікіты, Антося, Лёдзі, а таксама Крысціны і Лёні, якім выпаў кароткі жыццёвы шлях. Цэнтральным героем рамана з'яўляецца Сцяпан Вячорка, асаблівая гордасць маці і асаблівы яе клопат. Жыццё не песціла Сцяпана і тады, калі таленавіты вясковы хлопец стаў студэнтам кансерваторыі. На яго шляху паўстаў зайздрослівы, амбіцыйны, помслівы Юзік Бэнсь. Вячорку нават давялося на нейкі час развітацца з вучобай, з любімай справай, бо Бэнсю было мала, што скампраментаваў таварыша ў вачах каханай дзяўчыны, новую ананімку ён даслаў у камітэт камсамола. Юзік (ён стаў тэарэтыкам мастацтва) і падобныя да яго не даюць Сцяпану Вячорку свабодна дыхаць і ў творчасці. Ён творыць для народа, перакананы, што мастацтва «павінна мець адзнаку сваёй зямлі», г.зн. быць нацыянальна адметным. Бэнсь, нібыта дбаючы пра агульначалавечае, папракае Вячорку ў адставанні ад прагрэсу, несучаснасці.

Праз вобраз Сцяпана аўтар выходзіць на другі і трэці кругі праблем, што выяўляюць ідэю твора. Герой шмат думае, разважае над экалагічнымі праблемамі, над адносінамі сучаснага чалавека да роднай зямлі, да народных традыцый, культурнай спадчыны. Яму баліць душа за неразумнае асушэнне, безгаспадарчасць, за страту гістарычнай памяці, нігілізм у адносінах да матчынай мовы, песні. У сваёй трывозе за лёс роднай зямлі Сцяпан не адзінокі. Гавораць пра гэта, таксама хварэючы душой, Тамаш і Антось, дзядзька Лёкса.

Адрыў ад народных каранёў пісьменнік паказвае на вобразе Мікіты. Ён змяніў выразна беларускае прозвішча Рэпа на больш мілагучнае і самавітае, як яму здаецца, Рэппо. Мова гэтага персанажа трапна характарызуе яго жыццёвыя памкненні, культурна -адукацыйны ўзровень. Яна ўяўляе сабой набор газетных штампаў і трафарэтаў, калек, змененых стыхіяй роднай гаворкі русізмаў, якія рэжуць слых і выклікаюць смех:

...— А трэцім качаствам гардзіцца

Найболей нада, што ўдава

Зрасціла нас, как гаварыцца,

I ў жызь пуцёўку нам дала.

У ту вужасную разруху,

Благадара і вапракі,

Ана не пала сілай духу:

Пускала нас — как пціц з рукі!..

Вячорка перакананы, што агульначалавечыя каштоўнасці складаюцца з тых духоўных, культурных, маральна-этычных скарбаў, якія мае кожны асобны народ. А захаванне чысціні і непарушнасці прыроднага асяроддзя, беражлівыя адносіны да ўсяго — жывога і нежывога, — што акружае чалавека, гэта клопат пра наш агульны дом, планету ў цэлым.

 

Гісторыя кахання Сцяпана і Альжбеты — самастойная сюжэтная лінія ў рамане. Н. Гілевіч псіхалагічна пераканаўча і глыбока раскрывае пачуцці герояў на розных этапах іх жыцця: рамантычна-узнёслы, адкрыты, паэтычны свет юнацтва, разважліва -насцярожаныя, прыпраўленыя скрухай і горыччу адчуванні сталых людзей. Вельмі няпроста ідуць насустрач адзін другому саракагадовыя Сцяпан і Альжбета, хоць каханне іх не памерла. Аб чым будзе гаворка на наступны дзень у школьным музеі, ці зробяць яны апошні, рашаючы крок, каб пайсці па жыцці побач, застаецца невядомым. Тут пісьменнік таксама ідзе ад праўды жыцця, ад складанасці чалавечых узаемаадносін.

Кампазіцыя рамана «Родныя дзеці» ўскладняецца так званымі лірычнымі адступленнямі, у якіх слова бярэ аўтар. Іх шэсць, і кожнае адступленне мае сваю тэму і праблему, што пашырае і паглыбляе праблематыку твора. Праз лірычныя адступленні раскрываецца вобраз аўтара, яго адносіны да Бацькаўшчыны, да народнай спадчыны, да мастацтва і літаратуры, да нормаў маралі і паводзін сучаснага грамадства і г. д. Пазіцыя пісьменніка па-грамадзянску прынцыповая, разам з тым ён зыходзіць з нормаў народнай маралі і этыкі.