Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

Кароткія апісання Лірыка

П. Панчанка адзін з самых шчырых, самых «псіхалагічных» сучасных паэтаў, ён валодаў рэдкім дарам вельмі канкрэтна, падрабязна, з увагай да дэталяў расказаць пра сябе і пра час. «Любоў да жыцця — ва ўсіх яго праявах — вось што ў вышэйшай ступені ўласціва П. Панчанку і яго востраадчувальнаму радку», — сцвярджае У. Гніламёдаў.

У 1939 г. малады П. Панчанка напісаў верш «Журавы», адгукнуўшыся ім на пачатак другой сусветнай вайны. Вайна была яшчэ далёка ад парога бацькоўскай хаты, аднак яе злавеснае дыханне паэт адчуваў. У вершы яна своеасаблівым чынам закранае і родную зямлю: туды, «дзе лютуе крывавы бог вайны», ляжыць жураўліны шлях.

Там гнёзды спалены,

Там птушаняты знішчаны,

Смяротны дым плыве над папялішчамі.

Пад залатымі сонечнымі промнямі

Не хочацца і птушкам паміраць,

I будуць доўга галасамі сумнымі

Радзіму жураўліную гукаць.

Удала знойдзены трагічны вобраз жураўлінага выраю, пранікліва-тужлівая інтанацыя, лірызм робяць твор непадуладным прайшоўшым дзесяцігоддзям.

Тое ж тычыцца і вершаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны «Краіна мая», «Кожны з нас прыпасае радзімы куток...», «Герой», «Сінія касачы», «Зварот» і многіх іншых. Паэт у творах збліжаў, ставіў побач самае запаветнае, светлае, мірнае («сінія касачы», «белагрудыя ластаўкі», «блакітны чабор») і страшнае, балючае, народжанае вайной («мёртвы попел», «дух пажарышча горкі»). Вобраз радзімы, а ён галоўны ў вершах гэтага перыяду, набываў канкрэтнасць, звязваўся з чымсьці вельмі дарагім, прыгожым, родным:

Пяць франтоў мяне пылам гарачым абсыпалі,

За вайну перамерана тысячы вёрст.

З успамінамі крочыў пад ветрамі сіплымі

I з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз.

I заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія

Усміхаліся мне і дамоў мяне клікалі Сінія касачы.

Нехта бруднымі ботамі, пэўна, іх вытаптаў,

Выбіў градкі, спаліў невысокі паркан.

I не мае аздобы зямля працавітая,

I сумуе па кветках маўклівы туман.

Прыйдзе час — зноў збудуем мы хаты утульныя,

А цяпер — біць дык біць!

I за слёзы матуліны,

I за сінія касачы.

(«Сінія касачы», 1942)

Верш-балада П. Панчанкі «Герой» (1943) выразна выдзяляецца сярод твораў гераічнай тэматыкі сваёй «ачалавечанасцю». Паэт паказвае подзвіг безымяннага ўдзельніка вайны, які ахвяраваў сабой, каб іншыя з боем пайшлі наперад. Ён зрабіў гэта сам, па загаду ўласнага сумлення. Яго таварышам выпала большае ў вайне:

...Ішлі ў атаку,

Гранаты кідалі ў бліндажы,

Калолі фрыцаў, палілі танкі

I сцяг перамогі ўзнімалі ранкам

На заваёваным рубяжы.

Пра гераізм салдата П. Панчанка гаворыць без патэтыкі, напачатку нават крыху будзённа.

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!

Мы не на пляжы, а на вайне».

I лёг на змяіныя скруткі дроту.

I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

Толькі ў апошняй страфе ўводзіцца дэталь, якая сведчыць пра пэўную выключнасць воіна — «А ён свае косці з іржавых калючак сваімі рукамі без стогну аддзёр». Аднак паэт адразу ж скіроўвае дзеянне ў іншае рэчышча, гаворыць пра боль, які адчувае, у адрозненне ад героя твора, прырода.

Зваліўся на травы, і стала балюча

I травам, і росам, і ветрам гаючым,

Што прыляцелі з валдайскіх азёр.

Праз адухаўленне роднай зямлі, яе прыроды паэт дасягнуў у творы арганічнай злучанасці гераічнага і трагічнага.

Вершы П. Панчанкі «Дзеці вайны» (1942), «Маё і тваё маленства» (1944) адкрывалі пранізліва-балючую тэму ў нашай літаратуры — абпаленага вайной дзяцінства. Да гэтай тэмы ў пасляваенны час шырока звярнуліся Р. Барадулін, Н. Гілевіч, Г. Бураўкін, I. Чыгрынаў, В. Адамчык, I. Пташнікаў і іншыя пісьменнікі, у якіх дзяцінства прыпала на гады ваеннага ліхалецця. Заглядваючы ў будучыню, калі «заціхнуць бітвы, вораг будзе знішчаны», у вершы «Дзеці вайны» паэт дакладна, псіхалагічна пераканаўча паказаў светаадчуванне маленькага чалавека, яго недавер да цішыні.

Пі пах лугоў, красой гаёў любуйся!

I ўсё ж іх сэрцы задрыжаць не раз:

Ім здасца самалётам першы бусел,

Пажарам здасца першая зара.

Лагодны гром за дальняю дубровай

Напомніць ім пра жах бамбардзіровак.

I часта, часта ў чыстыя іх сны

Ўрывацца будуць галасы вайны.

Тэма вайны досыць шырока прысутнічае ў творчасці паэта наступных дзесяцігоддзяў. Вайна для П. Панчанкі — вялікая народная і асабістая трагедыя.

«Паэзія Панчанкі вядзе да людзей, да іх штодзённых спраў, жыве людскімі клопатамі і трывогамі, — адзначае В. Бечык. — Народ для паэта — жывое паняцце, увасобленае ў лёсы, характары, жывую гаворку. Паэт вядзе дыялог з пакаленнямі, шмат разоў звяртаецца да моладзі, клапатліва-ласкава гаворыць пра дзяцей, з пяшчотаю, спачуваннем і разуменнем раскрывае глыбіні сэрцаў маці, жанчыны. ...I якое багацце настрояў і адчуванняў! I крыўда, і недаўменне, і роспач, і абурэнне, і радасць, і здзіўленне... Лірыка Панчанкі вызначаецца псіхалагічнай чуйнасцю, дакладнай душэўнай мерай адчутага і сказанага, с уверанасцю свайго і агульнага...»

Своеасаблівае месца ў творчасці П. Панчанкі займае тэма прыроды. Ён быў улюбёны ў лес, луг, поле, у нашых беларускіх птушак, увогуле ва ўсё жывое, з чаго складаецца вялікі і мудры прыродны свет. Ён вучыў кожнага з нас, людзей, бачыць вакол сябе прыгажосць, паэзію, быць справядлівым і добрым, не прымаў спажывецкія адносіны да прыроды. «Не люблю я слова «пакарыцель», не люблю я слова «уладар», — гаварыў паэт. Прымаючы ў цэлым навукова-тэхнічны прагрэс, ён, аднак, папярэджваў:

Акіян і космас вывучайце

З добрым сэрцам,

А яшчэ прашу:

Пакідайце і буслу, і чайцы

Больш вады і неба на душу.

(«Не люблю я слова «пакарыцель»... 1972)

П. Панчанка адзін з першых у нашай літаратуры ўзняў голас у абарону прыроды, загаварыў пра экалагічныя праблемы.

...Дык як мы любім?

I што ратуем?

Якое заўтра ўнукам рыхтуем?

Паціху ў нас лясы высякаюць,

Таму і рэчкі перасыхаюць.

Паглядзіш — і камяк у горле:

Парадзеў і збяднеў наш бор,

I блакітную скуру здзёрлі

Дзе-нідзе з нашых рэк і азёр:

Леглі плямы мазуту і нафты,

Бруд сцякае з усіх бакоў.

Як там птушкам пяецца?

Не надта.

Як там рыбы?

Спытай рыбакоў.

Смерць лясоў для мяне непрымальна,

Як і гібель павольная рэк...

Людзі, людзі, жывіце нармальна

I пра будучы думайце век.

(«Лясы і рэкі», 1973)

Рэчаіснасць апошніх дзесяцігоддзяў мала радавала паэта. У 80—90-я гады з-пад яго пяра з'явілася шмат роздумна-трывожных, гнеўных, сатырычна-знішчальных вершаў.

У канцы 80-х гадоў значны рэзананс у жыцці грамадства атрымаў верш «Развітанне», у якім паэт гаварыў пра становішча роднай мовы і культуры, пра гістарычнае безпамяцце і нігілізм, што, як іржа, раз'ядаюць народ.

...Мы спазніліся

На сотні, напэўна, гадоў,

А можа,

На цэлае тысячагоддзе,

Мы забылі пра вольнасць

Старажытных сваіх гарадоў.

Наш цягнік адышоў,

Знікла родная мова

У народзе.

Журботна-роспачная інтанацыя змяняецца з'едліва-сатырычнай, калі аўтар згадвае кіраўнікоў розных рангаў, што адарваліся ад народных каранёў, сталі «іванамі без роду і племені».

А нашы псеўдаасветнікі,

Сабраныя на канцылярскіх сметніках,

Магутныя бюракраты

Уласным сцверджанням рады:

«Гаворыш па-руску —

Інтэрнацыяліст;

Гаворыш па-беларуску —

Нацыяліст.

Вучы дзяцей французскай,

Ангельскай, эсперанта,

Але не беларускай...

Складаныя маральна-этычныя праблемы сучаснага жыцця ўзняты ў вершы «Ратуйце нашы душы!» Паэт б'е ў званы, бо «амаль што гіне пакаленне, а сэрцы раўнадушныя маўчаць». Паэт гаворыць, што сучаснай моладзі не патрэбны кнігі, газеты, вершы, што «іх дзіка аглушаюць дыскатэкі, распрадалі наркотыкі аптэкі». Аднак П. Панчанка не становіцца на пазіцыю абвінаваўцы, «тупых канцылярскіх сакратаў», якімі з усіх трыбун апавешчана, што

...У моладзі раздуранасць, распешчанасць,

Гультайства, параспушчанасць, разбэшчанасць

I месца гэтай моладзі за кратамі...

Ён, не апраўдваючы маладых, страсна даводзіць, што віна ў гэтым — бацькоў, настаўнікаў, школы, ідэалогіі, дзяржавы ў цэлым.

Вы — юныя, разгубленыя ў свеце,

Загубленыя сферай і маной.

Вы Богам недагледжаныя дзеці

I вашымі бацькамі. Ды і мной.

...Не навучылі вас, не прывучылі

Ні працаваць,

Ні хлеба шкадаваць.

У кожным доме — горкія прычыны

I некаму аб дзецях бедаваць.

Ад заклікаў паветра зноў трасецца...

Але, каб выбраць лепшую з дарог,

Патрэбна мудрасць працы, Нашых сэрцаў;

Патрэбны маці, бацька, педагог.

У 80—90-я гады ў паэзіі П. Панчанкі шырока загучала сатыра. Сярод антыгерояў новага часу ён убачыў «старых знаёмых» — прыстасаванцаў, бюракратаў, падхалімаў, кар'ерыстаў, каго гнеўным сатырычным словам кляйміў і высмейваў яшчэ ў творах 50-х гадоў. Звернемся да верша 1954 г. «Стары знаёмы». У ім аўтар стварыў вобраз кіраў-ніка, які «гарэў» на працы — грымеў прамовамі. «Званіў без стомы... // Пра торф і пільнасць, пра пасуду, // Пра партвучобу і пра друк». Аднак

...Без яго ў ягоным трэсце

Рабілі посуд і мяшкі,

Жакеты, цацкі, ложкі, крэслы

I першамайскія сцяжкі.

У гады вайны ў далёкім тыле «прамовамі ён зноўку бразгаў і на паседжаннях пацеў». Пасля Перамогі «вярнуўся ў Мінск і ў міністэрстве пралез у важныя чыны». Героя твора «падхалімскае майстэрства» трымала на пасадзе моцна («Дружыў з памочнікамі ўсімі, // Начальства звычкі добра знаў»). Апошняя страфа верша, напісанага амаль паўстагоддзя назад, актуальна гучыць і сёння:

Я б не патраціў столькі слоў

На верш, каб толькі цвёрда ведаў,

Што ўжо такіх вось дармаедаў

З усіх прагналі устаноў.

Герой верша «Здарэнне ў гасцях» (1956) таксама «важны чын», «адказны таварыш». Аўтар высмейвае яго паказную далучанасць да мастацтва. Калі «стары знаёмы» час ад часу слухаў оперу, дэманструючы вышэйшаму начальству сваю «культурнасць», то «адказны таварыш» стаў кнігалюбам. «Зашкленыя, моцныя шафы да столі з радамі тамоў залатых» уразілі гасцей. Аднак лірычны герой твора заўважае, што кнігі ніхто не чытаў, што яны «стаяць проста так, для красы». У гэтым вершы пазіцыя аўтара больш актыўная і наступальная. Ён называе «важнага чына»злачынцам, які зрабіў для кніг турму:

Начамі бяссоннымі сэрцы палілі

Стваральнікі сонечных кніг

Не дзеля таго, каб вы дома пылілі

Сваёй раўнадушнасцю іх.

П. Панчанка рашуча зрываў маскі з вялікага і малога зла, выкрываў хлусню і прыстасавальніцтва. Разам з тым ён разумеў, што змаганне з негатыўным — справа вельмі нялёгкая.

...I зло, і хлусня

Хітра маскіравацца

Вучацца спрытна штодня.

Нехта і подлы, і хіжы

Клятву паўторыць тваю:

З ворагам біцца — і выжыць,

Нібы салдат у баю, —

папярэджваў паэт у вершы «Мала сказаць ненавіжу...» (1976).

 

Балюча рэагуючы чулай душой на ўсё, што адбывалася ў жыцці, а зла, несправядлівасці ніяк не меншала, П. Панчанка не мог не думаць над спрадвечнымі маральнымі каштоўнасцямі, над прыгажосцю ў свеце.

I вера, і вернасць, і вечнасць,

I наш паэтычны туман —

А мо гэта ўсё недарэчнасць

I нейкі сусветны падман?

I гэта крынічнасць, сунічнасць,

Вавёрка, і верас, і бор —

Зялёная сімвалічнасць,

А шчасця ў жыцці недабор.

У вершы «I вера, і вернасць, і вечнасць...», з якога ўзяты строфы, паэт паказвае маральную дэградацыю сучаснага грамадства («Няма ўжо ні мар, ні натхнення: // Ля бездані — мудры наш род...»). Ці не ад таго ўсё гэта, ставіць пытанне аўтар, што

Мы захацелі замнога

У прагнасці лютай сваёй

Ад маці-прыроды, ад Бога,

Ад крохкай натуры людской?

Выйсце пісьменнік бачыў у вяртанні да мудрых законаў агульналюдскага жыцця, якімі кіраваліся продкі. Вопыт мінулага некаму можа падацца нецікавым, як непрыгожымі — кветкі крапівы і дзядоўніка. Лірычны герой верша «Паслядоўнік» не баіцца быць старамодным, адстойваючы важкасць і значнасць традыцыйнага выхавання, традыцыйнай маралі. «Яна (маці. — Т.Г.) прывучала мяне спачуванню // I птушцы падбітай і дрэву зламанаму». Яна

...Завяшчала сумленныя сцежкі,

Бо справядлівых шануе зямля;

I не саромецца простай адзежкі,

I не саромецца мазаля.

Паўтараючы матчыну навуку, герой верша заўважае прыгажосць жыцця, адкрывае яго сэнс. Стомленая на дарогах веку душа чалавека знаходзіць радасць і супакаенне. «Як хораша быць маці паслядоўнікам!», — усклікае паэт.

Усё сваё немалое жыццё П. Панчанка быў паслядоўнікам чалавечнасці, справядлівасці, дабрыні. «Прагнасць, зайздрасць ненавісны мне, колькі імі душ людскіх знявечана. Я змякчу прысуд, калі на дне нешта засталося чалавечае», — так характарызуе сябе паэт у вершы «Гнеў і літасць» (1975).