Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Людзі на балоце

2. Кароткі змест Подых навальніцы

3. Кароткі змест Завеі, снежань

 

 

Кароткі змест Людзі на балоце

Частка першая

Раздзел першы

Вёска Курані стаяла сярод балот, як на востраве, большую частку года адрэзаная ад усяго свету.

У гэту чэрвеньскую раніцу куранёўцы збіраліся на сенакос. На ганак выйшаў «хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цёмнай чупрынай, з упартымі, невясёлымі губамі». Васіль не задаволены, што маці, шкадуючы яго, не пабудзіла раней. За снеданнем просіцца на балота меншы брат Васіля Валодзька, але яго пакідаюць дома ў дапамогу дзеду.

Па дарозе Васіль нагнаў фурманку Чарнушкаў. Убачыўшы на возе сваю равесніцу, задзіру Ганну, якая «у апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ёй — смяялася ці нават здзеквалася з яго», хлопец вырашыў абагнаць суседа. Але парвалася супонь і Дзятлікі прыехалі на сенажаць пазней за Чарнушкаў.

Гэта першы самастойны сенакос у жыцці Васіля, ён хоча выглядаць сапраўдным гаспадаром. «Усё мацней угравала. Пот мачыў цвёрдыя, двух колераў валасы, поўз на лоб, абпалены сонцам, засцілаў вочы, цёк на кволыя, яшчэ амаль дзіцячыя грудзі, прыклейваў да спіны ўшчэнт змакрэлую сарочку. Каса станавілася ўсё цяжэйшая. Рукі наліваліся ўтомаю, балелі ў локцях і плячах, слабелі, нагам было млосна». Але Васіль трываў. Гэтаму яго вучыла маці, «вучыў не багаты і не малы горкі вопыт».

Вечарам стары Чарнўшка і Васілёва маці вяртаюцца ў вёску. Васіль застаўся з Ганнай і яе меншым братам Хведзькам. Хлопец вырашыў трымацца свайго воза, але за ім прыбег Хведзька. «Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады». Там, на лузе,Ханна папрасіла хлопца не крыўдзіцца на яе: «Як што за язык цягне мяне — каб цябе зачапіць... Я не ад зла на цябе... А што вочы такія ў цябе — дык мне ето, папраўдзе, да спадобы! Такіх ні ў кога няма болей! I сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты. Усё адно як грэбуеш дзеўкамі ці баішся!»

 

Раздзелы другі, трэці

Усё лета перад. хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая рабіна. Нікому яна не кідалася ў вочы, пакуль не заружавела ў жнівеньскім росквіце гарачым полымем агністых гронак. Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Хлопцы гарнуліся да яе і пабойваліся, асабліва яе вострага язычка.

Гарачы жнівеньскі час быў не для кахання, але Васіль, ледзь толькі пачне гусцець поцемак, бег да жардзянага плота каля Чарнушкавага агарода. Там чакала Ганна. Нібы праз туман, даходзіла да хлопца, як жылі гэтымі днямі Курані.

У адну з восеньскіх начэй да Васіля з Ганнай падыйшлі трое з абрэзамі і прымусілі хлопца паказаць хату вясковага актывіста Ахрэма Грыбка. Грыбку нічога не зрабілі, толькі папалохалі, каб сядзеў ціха, бо перадзел зямлі атаман Маслак адмяняе. Назаўтра Васіля арыштавалі. Міліцыянеру Шабету ўнурысты, унутрана насцярожаны Дзятлік падаўся падазроным чалавекам.

Раздзел чацвёрты

Ганніну Душу поўняць самыя розныя пачуцці да Васіля: і шкадаванне, любасць да яго, і непрыязнь (спалохаўся, павёў бандытаў), і крыўда (нават не глянуў, ні слова не сказаў, калі ішоў куранёўскай вуліцай у Алешнікі), і адчуванне віны. Ганна вечарам пайшла да Хадоські, спадзеючыся пачуць, што Васіля адпусцілі. Сяброўкі дома не было, яна, ідучы назад, натрапіла на гурт моладзі. Хадоська паклікала пасядзець з імі. Прыйшоў Яўхім, сын першага куранёўскага багацея Глушака. Ён наўмысля зачапіў дзяўчыну, тая ў даўгу не засталася, высмеяўшы яго чуб, «святую мужчынскую красу». Калі Ганна паднялася ісці дамоў, Яўхім пайшоў за ёй, быў нечакана лагодны, прасіў не злаваць на яго.

Назаўтра Ганна з Хадоськай ідуць працаваць да Глушакоў, адрабляць за пазычанае вясной. Душа Хадоські трымціць ад радасці, усё, што робіцца ў Глушакоў, выклікае ў яе зачараванне і страх. «Усё адно як не Корч стары, а цар перад ёй!» — мімаволі ўсміхнулася Ганна. Яна ведае, што сяброўка сохне па Яўхіму. Ганне тут быццам не хапае паветра, такая гнятлівая атмасфера. Глушакі малоцяць. У іх — свая малатарня. Пры машыне — стары з Яўхімам, Ганна зверху падае снапы. «Пахадзіла, пабегала так — дыхаць пачала часта, засаплася, рукі, ногі, спіна наліліся цяжарам утомы... Але яна як бы і не заўважала ўтомы: не ў навіну гэта... Калі стары махнуў ёй, што падаваць ужо не трэба, Ганна ледзь магла стаяць на нагах».

За дзень змалацілі ўсё. «На другі дзень да самага вечара круцілі веялку, ссыпалі чыстае збожжа ў мяхі... Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, і сам хвіліны не пастаяў, і другім стаяць не даў».

Усе два дні Яўхім не спускаў вачэй з Ганны, што ўрэшце заўважыў бацька, адвёў сына «за рог гумна і стукнуў па галаве лапаткай», потым, адаслаў яго падалей ад дзяўчат. Вечарам Яўхім з'явіўся зноў. Застаўшыся ўдваіх з Ганнай, палез да яе цалавацца, дзяўчына ледзь вырвалася. Закаханая ў яго Хадоська была ласкавай і падатлівай. Паабяцаўшы жаніцца, Яўхім дамогся ад яе чаго хацеў.

Раздзел пяты

Васіля з Алешнікаў на фурманцы завезлі ў Юравічы, у турму. Самае цяжкае для хлопца ў турме было «проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, без працы». Аднойчы ён нават не вытрымаў; папрасіўся на працу. Вартавы адрэзаў: не загадана.

Прыйшла маці, расказала пра вясковыя навіны. Усхвалявала з іх Васіля адна — тое, што за Ганнай пачаў улягаць Яўхім. Праўда, маці супакоіла, што дзяўчына не надта горнецца да маладога Карча.

На другі дзень Васіля ўпершыню выклікалі працаваць. «Забыўшыся на становішча сваё, ён пілаваў з тою заўзятасцю і ахвотай, з якімі робіць чалавек, што ўзяўся за жаданы занятак. У гэты час на яго радасна было глядзець, ён нібы пахарашэў: стаяў жвавейшы, паружавеў і падабрэў». Нечакана Васілю дапамагае аднавясковец Косцік Хвост, які жыў і працаваў у мястэчку. Ён паручыўся за Васіля перад Апейкам. Старшыня валвыканкома Апейка сустрэўся з хлопцам, пагаварыў з ім, пагаварыў з начальнікам міліцыі Харчавым. Васіля адпусцілі дамоў.

Ён быў ужо блізка каля хаты, калі раптам пачуў Ганнін голас. Яна ішла з Яўхімам. «Яны ішлі асобна, не вельмі блізка адно ад аднаго... Ішлі проста як знаёмыя. I ўсё ж і гэта апаліла Васіля гарачай рэўнасцю, пякучай крыўдай...»

Пачыналася зіма.

Частка другая

 

Раздзел першы

На наступны дзень першым Васіля ўбачыў сусед Міканор, які ў яго адсутнасць вярнуўся з арміі. Васіль на яго пакрыўдзіўся за «арыштанта», сказанага жартам. Маці доўга давялося ўгаворваць сына, каб зайшоў да Міканора пагаманіць, бо той запрашаў, маці падтрымаў дзед Дзяніс.

У Міканора сабралася шмат аднавяскоўцаў. Прыйшлі Хоня і вясковы гарманіст Алёша Губаты запрашаць на вячоркі, з'явіўся Грыбок, з якім больш за ўсё не хацеў сустракацца Васіль, Ганнін бацька. Гаворка заходзіць пра асушэнне балота, пра добрыя землі. Ніхто не верыць, што куранёўцы нешта змогуць зрабіць. Асцярожна гавораць пра бандытаў, але Васіля не чапаюць.

У Ігнатавай хаце збіраецца сход. Выступае настаўнік з Алешнікаў: з Куранёў ходзяць у школу толькі двое з тых, хто павінен вучыцца. Пад грозным позіркам старшыні сельсавета Дубадзела ўсе паднялі рукі за тое, каб куранёўскія дзеці ішлі ў школу. З'явілася Ганна, і Васіль не мог уважліва слухаць нават тое, што цікавіла яго на сходзе, — пытанне пра падатак. Ганна нават не глянула ў той бок, дзе сядзеў Васіль, праціснулася да Хадоські і села з ёй на ложак.

З Юравіч на сход прыехаў Апейка, ён спазніўся і нейкі час ціха і непрыкметна стаяў сярод людзей. Старшыня валвыканкома выступіў з прапановай пабудаваць грэблю. Першая рэакцыя куранёўцаў — нязгода:

«— Тут і без таго: куды ні кінь — клін!.. Етаго шчэ толькі і не хапало!..

— I без таго, як уюн круцішся!

— Не мела, грэц яго, баба клопату!

— Столькі сілы ўняць! Перарвацца! Коней замучыць.

— ...Жылі, тым часам, і так! I нічога.

...Не першы раз бачыў Апейка — на добрую, карысную для сябе справу, людзі не хацелі даваць згоды». Ён пачакаў, хай нагаворацца. Спакойна павёў размову далей: «Анігадкі жылі бацькі і дзяды, як паны жылі! Душыліся дымам, пухлі з голаду, мерлі без помачы. Калі ж вельмі прыпякала, прабіваліся і цераз гэту душагубку. Ламалі калёсы, коней тапілі, самі, мусіць, тапіліся?!» Людзі пачалі думаць па-іншаму. Горача агітаваў за грэблю Міканор, нават загаварыў пра асушку балота. Праўда, хутка зразумеў, што гэта пакуль лішняе і прапанаваў утварыць на першым часе меліярацыйнае таварыства. Ніхто яго не падтрымаў.

Сход прыняў рашэнне — вясной, адсеяўшыся, рабіць грэблю. Па прапанове Апейкі старшым выбралі Міканора.

Васіль дачакаўся, пакуль Ганна выйшла ад Хадоські, павітаўся, але дзяўчына адказала няласкава, моўчкі пайшоў побач. Хутка іх дагнаў Яўхім, прыстроіўся з другога боку. Васіль адчуў сябе лішнім,

Калі вазілі галлё к грэблі, да Васілёвага воза падышоў стары Чарнушка, спытаў, чаму ён перастаў да іх заходзіць. Сказаў, каб хлопец не думаў чаго пра Ганну, яна чакае яго, а Яўхім — пустое.

Раздзел другі

Міканор рыхтуецца да будаўніцтва грэблі. Падабаецца яму калоць і складаць дровы, бачыць зімовую прыгажосць лесу, лугу. Ён на.вячорках прыглядаецца да куранёўскіх дзяўчат і вылучае сярод усіх «бялявую «канапляначку» Хадоську і Чарнушкаву Ганну... Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська». Але нядаўняму чырвонаармейцу, як і найлепшаму яго сябру Хоню, тут не пашчасціла.

«...I з Міканорам Канапляначка не павесялела: ішла ў кароценькім кажушку з чорным барановым каўнерыкам, у акуратных лапціках і белых анучках... быццам і слухала Міканораву гаворку, а сама — чулася —... абыякавая была». Цікавей было з вясёлай, дасціпнай Ганнай, аднак тут ён быў «не тое што трэці, а — чацвёрты лішні». Побач з ёю заўсёды тапталі снег «хмурны, насцярожаны сусед Васіль... і ганарлівы, упэўнены, нахабны Яўхім Глушак».

Шмат што Міканору паўставала ў родных Куранях не такім, як павінна быць. «Пасля мазырскага бруку... прыпяцкага вясёлага прастору — як бы сплюшчаным, затопленым гразёю, дрымотным і балюча бедным убачылася дарагое сяло. Сум зашчымеў яшчэ горш, калі ступіў на родны ганак, у сенцы — якая ж яна крывая і гнілая, бацькава хата! I цесная, і цёмная якая!..»

Міканорава душа не прымае і затхлы хатні пах, і свіней у сенцах, а то і разам з людзьмі. I лазні няма, і школы, і чытальні, і крамы. Разумее Міканор, што «і вінаваціць людзей нельга — беднасць, нішчымніца... б'юцца, як рыба аб лёд, каб скарынку хлеба, расол мець...»

Змаганне са старымі парадкамі і звычаямі Міканор пачаў са сваёй хаты. «Багі і ўсялякія святыя — от з чым ваяваць трэба». Але маці Міканор не перамог і ўрэшце, пашкадаваўшы старую, адступіў з атэістычнымі пропаведзямі. Мала хто падтрымаў Міканора ў гэтым і сярод моладзі.

Пачаліся зімовыя святы — памінанне продкаў, каляды. Хаваючыся ад сына, бацькі ўчынілі брагу, закалолі парсюка. «Мала калі выпадала Міканору столькі расчаравання, як у гэтыя дні. Колькі ні стараўся, а перадсвяточная вясёлая ліхаманка ў Куранях не толькі не ападала, а — было чутна — усё мацнела.

Марудна і нудна цягнуліся для Міканора перадкалядныя дні. У калядную ноч дзеці, падлеткі, моладзь ходзяць па хатах. Прыязджае з суседняй вёскі замужняя Міканорава сястра, збіраюцца іншыя сваякі. Маці просіць сына памаўчаць перад гасцямі пра Бога і пра святых.

На вуліцы пачынаецца бойка. Білі «чужакоў» з Глінішчаў, аднаму з хлапцоў гасцяванне ў Куранях ледзь не каштавала жыцця.

Раздзел трэці

Міканор з нецярплівасцю чакаў, калі можна будзе вывесці куранёўцаў на будаўніцтва грэблі. Цёплым майскім днём ён зыбраўся ў Алешнікі. Зайшоў на пошту, куранёўцы тры месяцы былі адрэзаны ад усяго свету. Сустрэўся з Апейкам, з сакратаром партячэйкі Гайлісам. Апейка абяцаў прасачыць, каб Алешнікі выйшлі на будаўніцтва ў адзін дзень з Куранямі.

Міканор зноў хадзіў па хатах, збіраў куранёўцаў на грэблю. Пасварыўся з Васілём, у якога «тут работы — па горла».

Куранёўцы збіраліся доўга і неахвотна. Міканор размеркаваў абавязкі. Узяўся капаць канаву сам — «рынуўся ў рудую з прозеленню твань — уехаў аж па грудзі». Але хутка яго адправілі наверх, каб увесь час людзей бачыць. Калі адпачывалі, Міканор адчуў, што настрой у людзей змяніўся, нешта ў іх скранулася. «I нашы куранёўцы не горай за другіх», — плылі думкі ў Міканора.

Амаль два тыдні дзень у дзень збіраліся куранёўцы на грэблі. Але падступіла касавіца і работа спынілася.

Раздзел чацвёрты

Ішоў жнівень. Амаль ва ўсіх куранёўцаў жыта не ўрадзіла. «Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галашэнне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей». Ганна жала разам з мачыхай. На сваёй палосцы шчыраваў Васіль з маці.

 

Глушакі звозілі збожжа, у іх яно ўрадзіла. На Чарнушкавай паласе Яўхім заўважыў побач з гаспадарамі Дзятлаў, што яго непрыемна ўкалола.

Ён сам не заўважыў, як захапіўся Ганнай усур'ёз. Не мог дараваць «няўклюду, галяку» Васілю, што дзяўчына хінецца да яго. Колькі ён папахадзіў за Ганнай, але нічога не змянілася. Вырашыў плюнуць на ўсё і забыцца. З'явілася леснікоўна Верачка, «лагодная, пяшчотная, радая яму». Але хутка «хвароба» вярнулася зноў, з-за гэтай ганарліўкі вечарам не сядзелася ў хаце, начамі не спалася. Яўхім вырашыў дзейнічаць рашуча — не дабіўся дабром, даб'ецца сілай.

Кладучы снапы на воз, ён убачыў, што Ганна ўзмежкам падалася да лесу. Знайшоўшы прычыну (арэшынкі нагледзеў), пайшоў праз нейкі час за ёй. Але каля лесу да яго кінулася Хадоська. Яна вельмі змянілася: «...Твар яе бляклы, нездаровы, вочы запалі, шчокі абвіслі — нібы не дзяўчына, яблыка наліўное, а чэзлая падалка». Яўхім які ўжо раз пашкадаваў, што звязаўся з ёю, «плаціў за рэдкія ўцехі... такой вялікай цярплівасцю, слухаў яе бясконцыя страхі, папрокі, на памінкі...» Хадоська з плачам, з вялікай пакутай у голасе паведаміла, што цяжарная. Яўхім адказаў, што ад яго яна не магла зацяжарыць, потым дадаў, што ў Глінішчах ёсць знахарка. I пайшоў, злосны на сябе і на Хадоську. Трывожыўся ён нядоўга. «Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць».

Ганна збірала маліны. Убачыўшы Яўхіма, не здзівілася, не спалохалася. Нейкі час Яўхім абіраў ягады і ссыпаў у гладышку. Раптам абхапіў яе адной рукой за плечы, другой — за шыю. Убачыўшы поўныя нянавісці вочы, падумаў, можа і праўда пусціць, лепей па-добраму з ёй. Але загаварыла мужчынскае самалюбства.

Саўладаць з Чарнушкай ганарліўкай ён не здолеў і на гэты раз. На момант узняў руку, каб выцерці вочы, і ад болю аж заняло дыханне, так Ганна стукнула па носе.

К вечару Курані гулі пра Яўхіма і Ганну. Грозны Чарнущка пашыбаваў да дачкі, якая разам з Хадоськай корпалася на бульбянішчы. Ганна сказала, што нічога не было. Бацька паспакайнеў, пайшоў к гумну ўжо ціха.

Ганна заўважыла няшчасны Хадосьчын твар. Сяброўка адвярнулася і затрэслася ад плачу, потым моўчкі пайшла дамоў.

У той жа вечар Ганна сустрэла Васіля. Раўнівы Васіль паверыў плёткам, абазваў «багацейкай», «Карчыхай». Пакрыўджаная Ганна, каб дапячы хлопцу, сказала, што «па-добраму, па згодзе ўсё було!»

Стары Глушак, пачуўшы, пра што гудуць Курані, наляцеў на Яўхіма. Грозна крыкнуў: «Жаню!!!» Яўхім згадзіўся. Але паставіў умову: «Кеб з тым, з кім хочу!» Ён назваў Чарнушкаву Ганну.

Раздзел пяты

Некалькі дзён у Глушакоў ішла вайна. Нарэшце стары здаўся, што ў яго хату прыйдзе галадранка.

Ганна ўбачыла Глушакоў з агарода, на якім брала буракі. «Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла?»

Бацька асабліва не ўгаворваў, насядала мачыха, нагадала і пра Васіля (чаго ён круціць пачаў, за вярсту аббягае?), і пра старога бацьку, і пра малога Хведзьку. «Яна потым багата разоў успамінала гэты момант, успамінала з болем і шчымлівым шкадаваннем. Думала, балела душой: як багата бяды выпадае чалавеку за іншы адзін крок».

Пераапрануўшыся, Ганна выйшла да сватоў. Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. «Глушакі, дзядзькі, цёткі Глушакоў пілі ў цеснай Чарнушкавай хаце самагонку, елі так упраўна, што наганялі на мачыху страх, бязладна і голасна гаманілі». Потым пачалі дамаўляцца пра вяселле. Бацька хацеў адкласці вяселле тыдні на два-тры, Яўхім настойваў, каб хутчэй. Дамовіліся гуляць праз два тыдні.

Ганна выйшла на вуліцу. «Васіль... Васіль...» — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое... Кончылася. Не суджано, значыцца. Бувай!.. Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары!.. Кончылася воля дзявочая — спатканні, мілаванні, развітанні!» Паўз плот хтосьці ішоў. Ганна пазнала Васіля. Была думка — выйсці, пагаварыць, памірыцца. Але не зрабіла гэтага, яны былі ўжо чужыя.

Вельмі цяжка было у той вечар і Васілю. Супакойваў сябе, што не такая яму жонка трэба, што ён пакажа сябе, стане гаспадаром, тады і Ганна пабачыць.

Частка трэцяя

Раздзел першы

Чарнушкі жывуць клопатам, як і чаго назбіраць на вяселле. «Разорыць нас вяселле етае! Толькі ж і паддавацца вельмі — сарамата! Зяць такі!..», — кажа мачыха. Чарнушка адмаўляецца купляць «гарадскую гарэлку», гаворыць пра Ганніна адзенне.

У нядзелю Чарнушкі выпраўляюцца ў Юравічы на кірмаш. Гандаль ідзе вяла, збыць авечак дапамагаюць Яўхім і Ларывон, якія таксама з'явіліся на кірмаш. Яўхім па праву жаніха забірае Ганну «пахадзіць, паглядзець, што робіцца». Дзяўчыне непрыемна, што ён чапляецца да людзей, строіць злосныя кепікі. Яўхім, Ларывон і Ганна абедаюць у Ёселевай «сталоўцы», потым ідуць у краму і жаніх купляе нявесце падарунак. Прымяраючы хустку перад люстэркам («Ах, якая квяцістая, якая вогненна-яркая, цудоўная, век такой хусткі не насіла!»), яна раптам убачыла Васілёў твар. Адразу зніклі святочная весялосць і ўзрушанасць.

Перад самым ужо ад'ездам дамоў, мех бульбы купіла «чарнявенькая, кволая дзяўчына ў кароценькім гарадскім паліто і шапачцы». Калі Чарнушка падвозіў дзяўчыне бульбу, разгаварыліся. Дзяўчына спытала Ганну, ці любіць яна жаніха. «...Кеб усе ішлі толькі тыя, што любяць, дык болей за палавіну ў дзеўках век сядзела б!.. Сцерпіцца — злюбіцца, кажуць», — гаворыць Ганна. Параска, так звалі дзяўчыну, вынесла падарунак на вяселле — кнігу. Ганна, як сама прызналася, чытаць амаль не умела.

На другую раніцу Чарнушка выправіўся купляць Ганне на кофту. Бацька, хоць для яго гэта і дорага, набраў па парадзе Ёхіма «саціны атласнай з самога Кіева».

Раздзел другі

Перад самым вяселлем прыйшла ў дом Глушака яшчэ адна непрыемнасць, чутка, што будуць рабіць перадзел зямлі. У вёсцы гэтая чутка не абышла нікога.

Хутка склікалі сход і выбралі камісію, якая павінна была перамераць нанова зямлю. Камісія знайшла лішняе ў Глушака, лесніка Міці, Пракопа. Халімон бушаваў, выліваў свой гнеў на жонцы. Раптам за маці ўступіўся меншы сын Сцяпан, ён папракнуў бацьку таксама зямлёй. Стары Глушак, не помнячы сябе ад шаленства, «даў сыну па твары. Той не зварухнуўся, слова не сказаў, толькі штосьці нядобрае, непрымірымае ўспыхнула ў незнаёмым — дарослым і самастойным — позірку». Бацька заявіў Сцяпану, што вучыцца ён больш не пойдзе, будзе дома за парабка, калі такі разумны стаў.

 

Стары шкадуе, што няма Маслака, інакш бы пацішэлі гарлапаны. Яўхім адказвае, што атаман можа раптам і аб'явіцца. «Яўхім так спрытна пусціў чутку, што пад поўдзень у Куранях не было чалавека, які б не ведаў, што Маслак — жывы і здаровы — аб'явіўся зноў...»

Глушак падкупляе Зайчыка, каб той уступіўся за яго на сходзе, адпраўляе Яўхіма запрасіць на вяселле Дубадзела, спадзеючыся на яго дапамогу.

Ідучы на сход, Халімон Глушак адчуваў сябе вельмі дрэнна. Увагу старога прыцягнуў незнаёмы чалавек у прэзідыуме. «Позірк быў востры, пранізлівы, нібы прабіраўся ў сярэдзіну, і такі ўпэўнены, што рабілася нядобра». З'явілася адчуванне, што ён гэтага чалавека ўжо дзесьці бачыў. Сход быў бурны, тыя, у каго знайшлі не ўлічаную зямлю, незадаволены працай камісіі. Парадак наводзіць вайсковец, які так зацікавіў Глушака, упаўнаважаны з воласці Зубрыч. Ён адказвае і на пытанні пра Маслака, заклікае «грамадзян» не баяцца «нейкага пігмея». Пасля выступлення Зубрыча куранёўцы сталі больш маўклівыя і насцярожаныя. Упаўнаважаны яўна перастараўся, заступаючыся за дзяржаўныя інтарэсы ў правядзенні землеўпарадкавання. Пачуліся прапановы пачакаць з перадзелам. Але ўскочыў «нецярплівы, ашалелы Васіль: «Чакаць, чакаць! Усё чакаць!» — крыўда, роспач і лютасць кіпелі ў яго ляманце». Сход вырашыў пачаць перадзел заўтра.

Раздзел трэці

Вяртаючыся са сходу, Васіль трывожыўся, але не шкадаваў, што не ўтрымаўся і загаварыў. Дома яго падтрымаў дзед, наказаў, каб і заўтра, пры дзяльбе, не драмаў.

Васіль прачнуўся вельмі рана. «...Жыла ў ім, цешыла і вярэдзіла душу турбота пра зямлю. Да ўчарашняга дня ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках». Раптам прыйшла думка — узяць каня і заараць кавалак, стаць такім чынам гаспадаром.

Чым больш святлела на зямлі, тым больш мацнела ў душы Васіля трывога. Першымі заўважылі Васіля з канём і плугам на Глушаковай зямлі Ларывон і Зайчык. Ларывон хутка падаўся да сяла.

Маці прыйшла з клуначкам, прынесла есці. У гэты момант Васіль убачыў Яўхіма, але з баразны не сышоў. На падмогу сыну бег стары Глушак. Яўхім ударыў першы. Дзятліха кідалася то да аднаго, то да другога, але ашалелым мужчынам даць рады не магла. Нечакана з'явіўся Сцяпан, ён пачаў адцягваць брата ад Васіля. Дзятліха паклікала людзей, што ўжо сабраліся на полі, на дапамогу. Хлопцаў ледзь расцягнулі. Падышлі Дубадзел і Зубрыч.

Зубрыч затрымаў Васіля і Яўхіма. Дзятліку ён нагадаў пра турму, паабяцаў вярнуць яго назад і загадаў ісці дамоў, чакаць рашэння. Яўхіму ён перадаў прывітанне ад Маслака. Назваў пароль, з якім прыйдзе да Глушака чалавек, калі Яўхім ім спатрэбіцца.

На наступную раніцу Васілёва маці заўважыла на дзвярах хаты вялікі чорны крыж. Маці і дзед раяць Васілю быць асцярожным.

Яўхіма падпільнавала Хадоська. Губы яе дрыжалі, на вачах былі слёзы, але сказала цвёрда: «...Няхай табе на тым свеце будзе так, як мне — на етым... От і ўсё мае слово! Астатняе!.. Болей не прычаплюся! Можаш не баяцца!.. I не пабачыш болей!»

Раздзел чацвёрты

Былі ў Хадоські думкі пайсці да Ганны і расказаць усё. Аднойчы нават рашылася ісці да старога Карча, «ён слухаецца бога, па-божаму жыць стараецца, няхай і рассудзіць па-божаму!.. Крыўдна. Ой, як крыўдна. Ад крыўды слёзы ўсе выплакала. А боль пякучы ў грудзях не ўціхае, не ападае». З'явілася думка пра самагубства. Успомніла пра Захарыху.

«Усё аказалася такім страшным, такім балючым, што дзіва, як выцерпела. Балела, як ніколі, нішто. Але горш за ўсё — было страшэнна брыдка, агідна, сорамна». Вярнуўшыся дамоў, «хадзіла, завіхалася, як магла», са страхам заўважыла, што ўсё больш слабее. Назаўтра бацькі выклікалі ўрача і той загадаў неадкладна везці дзяўчыну ў бальніцу. На грэблі фурманку Ігната сустрэлі Чарнушкі. Ганна падбегла да Хадоські. «Яна быццам не адразу пазнала яе, але, калі пазнала, ажыла, павекі варухнуліся трывожна, непрыхільна».

Раздзел пяты

Мачыха выпраўляе бацьку пазычыць на вяселле штаны ў Грыбка. Чарнушка раззлаваўся: «I так — чорт душу скрабе! Не да штаноў паганых, каб яны згарэлі! Тут на душы такое, а яна, грэц ёй, — штаны, латы!..»

Мачыха і дружкі ўбіраюць маладую. Убачыўшы дачку ў вянку, у вэлюме, ён, «як ніколі яшчэ, пачуў бяду... страшную, грозную». Прыязджае малады з дружынай «выкупляць» нявесту. Яўхім падарыў мачысе боты і яна рада, як дзіця.

 

У царкву ехалі трыма вазамі, паперадзе ішлі музыкі. Па дарозе ўграз воз маладой, Яўхім і іншыя хлопцы, правальваючыся ледзь не да пояса ў балотную твань, выцягваюць яго. Потым, на сухім, чысцілі коней, вазы, прыбіраліся самі, хлопцы «з рогатам завіхаліся каля Яўхіма: здымалі боты, выкручвалі анучы, абціралі штаны».

Самым важным момантам вянчання Ганне здаўся, калі бацюшка надзяваў Яўхімаў персцень ёй на палец, а яе персцень — Яўхіму.

Дома госці дружна накінуліся на яду. Калі сталі сварыцца прыпеўкамі сваты і дружкі, Ганна зноў убачыла Васілёвага браціка. Яна глушыла ў сабе жаданне падысці да малога. «Ледзь толькі перасталі спяваць, за сталамі зрабілася вельмі сумна. Усё было з'едзена, гарэлкі не налівалі. «Як ні пяліся, не хапіло!».— прайшло ў Ганнінай галаве».

Падзялілі каравай. Засмучоны Ганнін бацька, якога ахапіла вялікае шкадаванне да дачкі, даў маладому «бедны падарунак, на які толькі і наскраблі грошай — картовыя штаны ў пасачку». Госці ахвотна пачалі вылазіць з-за стала: наперадзе была і лепшая гарэлка, і закускі шмат.

Маладую і скрыню з пасагам вязуць у дом маладога. У хаце Глушакоў усе былі ціхія і паважныя, амаль і не гаварылі голасна. Адзін Дубадзел трымаўся вольна, аглядваў Ганну так, што ёй было няёмка. Ён, парушыўшы парадак, падняўся першым віншаваць маладых. Потым загадаў Ганне сесці паміж ім і Яўхімам. Яўхім не пярэчыў «уладзе», і Ганна не адразу, але паслухалася, перасела. Дубадзел пачаў чапіцца з гарэлкай. Ганна адмовілася піць, што не спадабалася Яўхіму. «Яшчэ не згулялі вяселля, а ўжо счапіліся, так счапіліся, што, відаць, і адзін не саступіць, і другая не паддасца».

Маладых неяк памірылі і астатак вечара прайшоў як трэба. Кладучыся спаць, Яўхім нагадаў спрэчку, але без злосці. Сказаў, што слухацца яго павінна. Ганна ўспомніла яму тое, што ўжо калісьці гаварыла: «...Са мной трэба — кеб па-добраму!»

На трэці дзень, калі вясельны тлум сціх, свякруха разбудзіла Ганну яшчэ на досвітку і загадала карміць свіней.

Куранёўцы і алешнікаўцы, што рабілі грэблю, нарэшце, сышліся. Праз дзень, у нядзелю быў мітынг, народу сабралася, як у кірмашовы дзень. З Юравіч на свята прыехалі Апейка і двое рабочых. Было весела, ігралі гармонікі. Васіль спадзяваўся ўбачыць Ганну, але ўбачыў Яўхіма.

З мітынга Васіль вяртаецца разам з Міканорам і Хонем. Ён скардзіцца, што грэблю зрабілі, а Глушак як сядзеў на зямлі, так і сядзіць. Міканор пераводзіць гаворку на Ганну, што такую дзеўку ўпусціў. У словах Васіля пачуўся такі сум, такі боль, што Міканор сумеўся.

 

 

 

Кароткі змест Подых навальніцы

Частка першая

Куранёўцы зноў збіраюцца на балота. Ганна бярэ на сенакос малую Верачку. На другі дзень у дзяўчынкі паднялася тэмпература, везці ў бальніцу дзіця стары і Яўхім не палічылі патрэбным. На раніцу, калі Яўхім пайшоў запрагаць каня, было ўжо позна, Верачкі не стала.

Вестка пра смерць Ганнінай дачкі не выклікала ніякага спачування ў душы Хадоські. Пасля бальніцы яна вельмі змянілася, за тры гады, што прайшлі з таго часу, ні разу не бачылі яе ў гурце, сярод моладзі. «Божачко, злая я, злая, — каялася з адчаем яна. — Што мне рабіць, парай, памажы мне, божачко! Няма дабраты ў мяне. Не магу забыць, не магу!»

На лузе з'явілася таратайка Апейкі. Вечарам ля вогнішча адбываецца сход. У калгас уступае шэсць сем'яў. Міканор рвецца ў вёску, каб абагульніць гаспадарку, але іншыя яго спыняюць. Рашаюць разам касіць і жаць, а ўхапіўшы за добрым надвор'ем гэта, потым звесці разам жыўнасць.

Глушак шкадаваў унучку, але душа яго балела за большае, ён прадчуваў, што ўсё ідзе на звод. Аддзяліў Яўхіма, думаў, што менш у вочы будзе кідацца багацце. Але цвёрдым падаткам абклалі і яго, і сынаву гаспадарку. Глушак кінуўся да Міканора, потым у воласць да Апейкі. Нідзе не знайшоўшы паразумення, жыў у чаканні вайны. Стрымліваў гарачага Яўхіма, які не хацеў цярпець і чакаць. «Трывога перад заўтрашнім была самаю вялікаю трывогаю яго цяперашняга жыцця. Як агромністая хмара, вісела яна над Глушаком... і ўсё ж, хоць чуў яе над сабою... жыў, як і ўсе, як іншымі гадамі: араў, баранаваў, касіў. Хоць без радасці, без лёгкасці былой, стараўся, асабліва на сенакосе, гнаў сябе і падганяў другіх».

Некалькі разоў Міканор ездзіў у Юравічы па каморніка, каб адмераць калгаснікам поле, але каморніка не давалі. Аднойчы, вяртаючыся ў вёску, ён убачыў ля цагельні Васіля і Нібыто-Ігната з коньмі, папярэдзіў, што тут будзе калгаснае. Васіль на гэта сказаў, што Міканор яшчэ не ўся ўлада. Праз дзень старшыня куранёўскага калгаса даведаўся, што сусед засеяў узаранае.

Міканор плануе калгасны двор. Каб зрабіць канюшню для калгасных коней, разбірае сваё гумно.

Частка другая

Апейку ледзь не штодня даводзілася выпраўляцца ў дарогу. Як непадобная была прырода, зямля, такімі ж непадобнымі, заўважыў старшыня райвыканкома, былі і людзі. «Былі сярод заможных багацеі-кулакі, п'яўкі, што толькі і жылі з чужой крыві, з чужога поту, а былі і такія заможнікі, дзе дастатак увесь набываўся тым, што сям'я ўся — з падрослых, працавітых дзяўчат ды хлопцаў, якімі правіць суровы, бязлітасны камандзір -бацька... камандзір катаржнай каманды. Былі і такія заможнікі, у якіх адно лічылася зямлі больш, як у іншых; але як зямля тая жаўцела жоўценькім пясочкам, то заможнікі тыя праўдзіва нагадвалі голых каралёў... Не блізнятамі былі, бачыў Апейка, і тыя, каго аб'ядноўвалі адным імем — бядната... Бедныя — ад беднасці зямлі, ...ад недахвату цягла... паспрабуй, разгарніся без каня! — ад таго, што хворыя кармільцы... Былі бедныя, што век у працы, у клопаце, і бедныя, што чухаліся і то з лянотаю; былі век цвярозыя і век п'яныя».

Юравіцкі раён паслаў на станцыю першыя чырвоныя абозы — збожжа, сабранае калгаснікамі. Адзін з абозаў вёў новы сакратар райкома Башлыкоў, другі — Апейка. Калгасаў пакуль мала і яны невялікія. Але больш чым гэта турбуе Апейку, што ў калгасах мала ладу і парадку. «Багата што яшчэ невядома; і чым далей, чым шырэй разгортваецца калгаснае, тым больш гэтых загадак. Але галоўнае: як дабіцца, каб людзі стараліся, каб рабілі ад усёй душы; каб любілі і зямлю, і коней агульных, як любяць сваё, адзінае!..»

Дома Апейку чакаюць з яго паездак, часта далёкіх і доўгіх, жонка-настаўніца, сын і малая дачка.

Ідучы раніцой на працу, Апейка заўважыў на сцяне нардома аб'яву. Паведамлялася, што ў нядзелю «пачынаецца чыстка членаў і кандыдатаў партячэйкі Юравіцкага райкома партыі КП(б)Б», Прасілі ўсіх беспартыйных мястэчка Юравічы, а таксама селькораў з'явіцца і «падрыхтаваць факты пра работу і недахопы партыйцаў з ячэйкі, асабліва — кампраменціруюшчыя матэрыялы».

Апейку каля кабінета звычайна чакала чарада дзядзькоў і цётак. На гэты раз гурт школьнікаў прасіў заступіцца за настаўніка, якога нядаўна звольнілі з працы за тое, што ў гады першай сусветнай вайны быў царскім афіцэрам. Дзяцей Апейка супакоіў, але паабяцаць цвёрда, што настаўніка вернуць у школу, ён не мог. Прыйшоў Глушак Сцяпан, які парваў з бацькам-кулаком і прасіўся ў камуну. Старшыня райвыканкома не мог не паверыць у шчырасць хлопца. Вельмі ўстрывожыла Апейку гісторыя яго колішняга вучня, маладога паэта Алеся Маёвага. Маці Алеся з плачам і лямантам падала газету. Нехта «Студэнт Г-скі» называў Маёвага «нацдэмаўскім падбрэхічам», «буржуазным паслугачом», «перараджэнцам» і «адшчапенцам». Алеся выключылі з камсамола, стаяла пытанне пра адлічэнне з універсітэта. Апейка наколькі мог супакоіў жанчыну, вырашыў высветліць усё, калі паедзе ў Мінск на сесію.

Дапамагаючы сваім капаць бульбу, Ганна сустрэла на полі Васіля. Ён быў адзін, і жанчына вырашыла падысці, пераканалася, што Васіль яе кахае, як і раней.

Васіль і Ганна пачалі сустракацца. Праз нейкі час па вёсцы папаўзлі чуткі. Свякруха, даведаўшыся, узялася праклінаць нявестку. Яўхім, калі б не бацька і брат, прыбіў бы ці знявечыў жонку. Лютаваў і ад мужчынскай абразы, і ад непакорлівасці Ганны. Яна не прасілася, не плакала, моўчкі трывала боль.

Васіль з цесцем і братам жонкі быў на зрубе, калі Ларывон Бугай сказаў, што ён, пэўна ж, прывядзе ў новую хату Ганну, а не Маню. Пракоп і Пятро моўчкі падаліся дамоў.

Ганна і Васіль, не згаворваючыся, прыйшлі на ўмоўленае месца. Разумелі, што гэта апошняя сустрэча, што за кожным з іх сочаць і дома, і за домам. Ганна кліча Васіля кінуць усё і куды-небудзь з'ехаць разам. Яна ўжо рашылася («Надумалася — і пайду ...Як прападаць тут век, дак мо знайду што!..»). Ведаючы, як для Васіля гэта няпроста, сказала ціха: «Не канешне зразу рашаць. Падумай... Як надумаешся, дай знак!»

Чыстка праходзіла ў нардоме. Першым перад камісіяй і людзьмі, якіх назбіралася поўная зала, стаў сакратар райкома Башлыкоў. Пра яго гаварылі нядоўга, «камраментуючы матэрыял» зводзіўся да таго, што Башлыкоў не з усімі вітаецца і часам бывае грубым. Страсці разгарэліся вакол Апейкі. Хоць зале было «ўсё ясна» — Іван Анісімавіч «правераны народам, бальшавік», — член камісіі па чыстцы Галенчык абвінаваціў старшыню райвыканкома ў «родственнай сувязі з класава чуждымі элементамі» (родны брат Апейкі быў кулаком), у служэнні і дапамозе ім. Ён паставіў пытанне, ці можа такі чалавек займаць адказны савецкі пост і быць у партыі. Пра «класавую блізарукасць», «непрынцыповасць», «мяккацеласць» Апейкі гаварыў камсамольскі сакратар Віктар Кудравец, якога калісьці Іван Анісімавіч рэкамендаваў на працу з моладдзю, а таксама Зубрыч. Два члены камісіі — Белы і Беразоўскі — прагаласавалі супраць прапановы Галенчыка, але той паабяцаў «далажыць пра гэта вышэйстаячым інстанцыям».

Без асаблівага напалу прайшла чыстка Харчава, начальніка міліцыі. Абвінавачанні ў недаверы да людзей, у незаконных арыштах аправяргалі Башлыкоў і Галенчык.

 

«Ішлі дзень за днём, а Васіль усё не мог дайсці да якой-небудзь цвёрдасці. Усё нібы круцілася на раздарожжы... То ён гатоў быў ужо змірыцца з тым, што ёсць: «Як склалася, так склалася, не пераменіш...» То раптам з адчаем находзіла рашучасць: «Пайду! Кіну ўсё! Прападзі яно пропадам! Што б век за яго мучыцца!..» Набольш пёк жаль да маленькага сына. Пра Маню, жонку, не думаў, шкадавання да яе не было. Пэўнасць прыйшла, калі ўбачыў сваю палоску, маладую рунь: «Поле, бяда яго і радасць! Яго сіла і надзея яго! Быў ён з імі і астанецца з імі! 3 імі толькі і жыць яму! Не кіне ён ніколі поле гэтае, якім не нацешыўся, хату, у якой не жыў яшчэ; не кіне — каб і хацеў! Не можа кінуць; як не можа сам сябе загубіць!»

Ганна ўбачыла Васіля ў гурце людзей, калі ў Куранях паказвалі кіно. Па тым, як ён адвёў вочы, усё зразумела.

Частка трэцяя

Апейка едзе ў Мінск на сесію ЦВК, дзе павінна было гаварыцца аб калгасным будаўніцтве. У гасцініцы Апейка сустрэўся са старшынёй ЦВК Беларусі Чарвяковым. Сустрэча з ім пакінула ў душы светлы, лагодны след.

У Апейкі быў свабодны дзень і ён заняўся справай Алеся Маёвага. Зайшоў ва універсітэт, у студэнцкі інтэрнат, знайшоў яго ўрэшце на кватэры. Пагаварыўшы з Алесем, ён пераканаўся, што той не вінаваты, на яго ўзвялі паклёп. Але на душы было трывожна і горка. З Алесевай справай Апейка пайшоў да Белага, той паабяцаў разабрацца.

Апейку не даюць спакою думкі: «Чаму... абараняць цяжэй, чым абвінавачваць? Чаму... той, хто абвінавачвае, загадзя стаіць нібы вышэй? Нібы ўжо самім тым фактам, што можа абвінавачваць, нападаць, —даказвае сваю адданасць!Чаму, — адкуль гэта ўзялося? — той, хто каго-небудзь абараняе, рызыкуе нібы паказаць сваю мяккацеласць, трапіць апартуністы?»

Міканор прывёз каморніка і Гайліса. Калгаснікам па рашэнню адпаведных органаў выдзяляюць лепшую зямлю. Бурна праходзіць сход у Куранях, але згода большасці жыхароў вёскі ўжо не патрэбна, бо яны не калгаснікі. Раніцай на шляху камісіі, абараняючы свае палоскі, сталі Нібыто-Ігнат (яго, звязанага павезлі на возе ў Юравічы), Глушакі, Васіль. Васіль кінуўся да Міканора біцца.

Нібыто-Ігната Гайліс адпусціў, наказаўшы, каб гэта было «апошні раз». Глушакі вырашылі параіцца з Зубрычам. Той тлумачыць Яўхіму, што нічым дапамагчы не змог, раіць гаспадарку пераводзіць у грошы, бо ўсё будзе рэквізавана для калгасаў. «Буралом гэты не абміне нікога. Усіх захопіць... не абміне ні дужае, ні слабое дрэва. Ні кулака, ні — бедняка», — гаворыць Зубрыч.

На пахаванні Хоневай маці, на могілках, Хадоська падышла да Ганны. «Злая була я. Паганая. Божачко, якая паганая!.. Плечы Хадоські задрыжалі, галава ўпала на Ганніна плячо. — Даруй мне, Ганначко! — Няма ў мяне зла на цябе. I не було, — стрымана адказала Ганна, не зводзячы вачэй з магілкі малой».

Хадоська пагадзілася выйсці замуж за Хоню, пайшла наперакор бацьку, Нібыто-Ігнату. Але паставіла ўмову: вянчацца ў царкве і каб Хоня выйшаў з калгаса. Хоня, які столькі гадоў чакаў Хадосьчынай згоды, паабяцаў зрабіць усё так, як яна хоча. Міканор не захацеў яго зразумець, назваў дзяўчыну кулачкай, прыгразіў выключыць хлопца з камсамола.

Адкрываў сесію ЦВК Чарвякоў. Старшыня Саўнаркома Галадзед гаварыў пра тэмпы калектывізацыі. 3 думкай, што калгасны рух у «шэрагу раёнаў перарастае нашы адпаведныя органы», Апейка не пагадзіўся. Не пагадзіўся таксама, што «сяляне... нечуванай хваляю ўліваюцца ў калгасы». Гаварылася на сесіі «пра насільственную калектывізацыю», пра высяленне кулакоў, класавую пільнасць, падрыўную дзейнасць варожых элементаў, а побач з гэтым — пра недахоп кадраў, тэхнікі і самага звычайнага — адзення, абутку, гузікаў, нітак...

 

З сесіі Апейка вёз адчуванне, што сур'ёзная размова заменена шмат у чым святочнай, што не ведае, як зрабіць, каб «удзесяцярыць тэмпы», калі няма тэхнікі, патрэбных кадраў. «Няўжо я, праўда, не разумею чагосьці, — як мне паказвае Башлыкоў... Пагрозным успомнілася тое, што жорстка абвясціў у першы вечар ...Чарвякоў: жыццё бязлітасна адкіне ўсіх, хто не зможа ісці нага ў нагу! Нібы папярэджанне сабе чуў Апейка...»

У Юравічах Апейка праз нейкі час атрымаў пастанову, у якой «дзялілася рэспубліка па тэмпах і тэрмінах калектывізацыі на некалькі зон. ...Раён быў уключаны ў зону, дзе калектывізацыю завяршыць поўнасцю трэба было ўжо не ў два-тры гады, а за вясну, можна лічыць, за тры месяцы».

Ганне дапамагае знайсці выйсце Параска, прапанавала перайсці да яе ў школу ў Глінішчах. Да Ганнінага ўчынку ў Куранях паставіліся па-рознаму. Старыя не помнілі, каб у вёсцы калі-небудзь жонка кідала свайго чалавека, ды яшчэ такога, як Яўхім.

Васіль зноў пайшоў у Юравічы да Апейкі. Той, зычліва выслухаўшы, стаў угаворваць уступіць у калгас. Васіль вяртаўся «невясёлы, але і не з такой балючай роспаччу, як мінулы раз: нібы прывыкаў ужо да бяды».

Звонкім зімовым днём Хоня пад'ехаў з гаманою да Хадосьчынай хаты, каб адправіцца ў царкву. Хадоська глядзела стрымана, Хоня рагатаў і галёкаў, быў задаволены сваёй удачай, доляй.

 

 

Кароткі змест Завеі, снежань

Кароткі змест:

 

Частка першая

Ганна ўсім, хто цікавіўся, адказвала і паказвала, што ёй жывецца добра і бесклапотна. Але глыбока ў душы жыў неспакой — Яўхім слоў на вецер не кідаў, да таго ж Ганна трэці месяц насіла ў сабе новае жыццё.

Услед за бацькамі праведаць Ганну зайшоў Міканор. «Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела... Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! I палёгку дасць, і прыціснуць можа... Не дарэмна частуюць ледзь не ўсюды!» Прапанаваў Ганне выйсці на ганак і сказаў, што хоча за ёй «паўхаджаваць». Калі жанчына выказала свае адносіны да яго, абазваў «кулацкай падсцілкай».

Праз дзень прыйшоў Васіль. Пажаліўся, што адабралі зямлю каля цагельні, пасеянае перааралі. Павініўся, што не пайшоў з ёю.

Яўхіма душыць злосць не толькі з-за Ганны, але і з-за калгаса, ён разумее, што жыць не дадуць, пагражае прыдушыць Міканора. Бацька стрымлівае, бо... «ў іх уласць і сіла».

У Глінішчах распаўся калгас. Ратаваць становішча прыязджаюць Апейка і Башлыкоў. У школе збіраюць сход, былыя калгаснікі ідуць на яго неахвотна. Гайліс, Параска, Апейка гавораць на сходзе з людзьмі спакойна, згадваюць непаразуменні і цяжкасці, заклікаючы ўсё пачаць спачатку. Башлыкоў прапануе глінішчанам «загладзіць віну» перад савецкай уладай «аднагалосным рашэннем аднавіць калгас». Сход ад такога рашэння адмаўляецца і Башлыкоў пачынае пагражаць сялянам, абураныя людзі разыходзяцца па хатах.

Едучы ў вазку ў раён, Башлыкоў адчувае варожасць да вяскоўцаў: «...Духата, густы, едкі дым папярос. Цяжкі дух поту, аўчын і світ. Цёмныя, з неспакойнымі ценямі абліччы. Потныя, непадатныя. Злосна ашчэраныя раты. «Няма такога права!» «Ето не па закону!..» Яму не спадабаліся выступленні Параскі (далікацтва нейкае развяла), Міканора (гаварыў без упэўненасці) і асабліва Апейкі (узор апалітычнасці, апартунізму).

Хоць была глыбокая ноч, Башлыкоў накіраваўся не на кватэру, а ў кабінет. Яго чакалі два лісты з роднага Гомеля, ад сябра і ад сястры. Пісьмо ад сястры зусім сапсавала настрой. Ніна віншавала з новым сваяком «таварышам Шэпелем». Меншы брат Барыс прападаў у дачкі нэпмана, гаспадара некалі багатай аптэкі і моднага парфумнага магазіна. «Каб раней гады два-тры! Зразумець яшчэ неяк можна было б!.. Але зрабіць такое глупства ў цяперашні час — калі ідзе такі наступ! Паставіць сябе і яго, брата, у такое становішча!» Башлыкоў не хацеў ведаць, што абранніца Барыса вельмі прыгожая, адукаваная, выхаваная дзяўчына.

Частка другая

Раніцай Башлыкоў выклікаў да сябе Апейку, каб выказаць незадаволенасць учарашнім: «Сапсавалі ў рашучы момант! Замест таго каб... наперад, туліцца да зямлі сталі. Лавіраваць! Падладжвацца». У Апейкі іншы погляд на сітуацыю ў Глінішчах. Ён лічыць, што ў першую чаргу вінавата кіраўніцтва, даўно гаварылі пра непарадкі ў калгасе, але ніхто нічым не дапамог: «Тыя людзі, якіх мы ўчора угаворвалі, прыйшлі самі ў калгас. Сярод першых... А от пабылі, паспрабавалі абяцанага і ледзь не ў адзін голас: «Не хочам!» I ўгавораў новых не паслухаліся. I ўгавораў, і пагроз!.. От што павінна трывожыць». Башлыкоў у разважаннях Апейкі бачыць «непатрэбную, проста шкодную цяпер жаласлівасць». Ён катэгарычна заяўляе: «Рэвалюцыю нельга рабіць напалавіну! I жаласць у ёй — штука небяспечная. Асабліва тут, у сяле. Дзе ў кожным жыве ўласнік!.. Дзе гэты самы мужычок і ў табе ўвесь час гаворыць!» Разышліся, як заўсёды, не задаволеныя адзін другім, нічога не даказаўшы. У Башлыкова спее рашэнне «неадкладна прыняць меры»: абмеркаваць паводзіны Апейкі на бюро, папярэдзіць акружком.

Башлыкоў даў заданне Харчаву прыняць самыя строгія меры супраць варожых элементаў, што выявіліся ў Глінішчах. Выклікаў то аднаго, то другога работніка райкома, адказных работнікаў раённых устаноў — было ў ім ліхаманкавае жаданне дзейнічаць, Вечарам правёў бюро райкома. Слухаючы сваіх памочнікаў, «іх абяцанні, ён адчуваў, што яго клопаты мала турбуюць іх. Што змен асаблівых не будзе. Гэта вярэдзіла яго, злавала».

Заняты работай, устрывожаны, раззлаваны, Башлыкоў са здзіўленнем лавіў сябе на тым, што раз-пораз успамінаў глінішчанскую незнаёмку.

На наступны дзень Башлыкоў разам з Дубадзелам і Міканорам хадзіў у Куранях па хатах, агітаваў за калгас. Зайшоў да Чарнушкаў, дзе варожа сустрэла Ганніна мачыха. У Ларывона за сталом сядзеў Яўхім. «I... ад таго, што ён бачыў, якая лютасць за гэтым і якая смеласць у вачах кулацкага выкармыша, ён адразу зразумеў, які небяспечны гэты тып. I як неабходна ўжыць належныя захады, каб яго абясшкодзіць», Зусім вывеў Башлыкова з раўнавагі Ігнат Глушак. Ён прапанаваў яму стаць старшынёй, тады пойдзе ў калгас. Ад Дубадзела Башлыкоў даведаўся, як Ігната арыштавалі за супраціўленне камісіі, што мерала зямлю пад калгас, і як Гайліс яго адпусціў. Сакратар райкома пераканаўся, што ў Алешніцкім сельсавеце кіраўніцтва не на ўзроўні, «займае апартуністычную лінію, не вядзе належнай барацьбы з антыкалгаснымі, кулацкімі праявамі». Ён прыйшоў да вываду, што Гайліса і Міканора Глушака трэба прыцягнуць да суровай адказнасці, пакараць з усёй строгасцю.

Успамінаў гнілую, цесную хату Дзятла Васіля і пякла злосць: «... Было б за што чапляцца! Быў бы не тое што рай, а было б хоць чалавечае жыццё... А то ж — беднасць, галеча, цемра, бруд, смурод. I ўсё адно — «асмеліцца трудно!»

Частка трэцяя

Башлыкоў заехаў у Глінішчы. У хаце была адна Ганна. Пераадольваючы сябе, сваю прынцыповасць, трывогу, сакратар райкома прызначыў ёй спатканне. Ганна, пагадзіўшыся, адчула віну і ніякаватасць перад Параскай. Яна чула, што Башлыкоў быццам быў неабыякавы да настаўніцы. Але Параска супакоіла: «Нічога не было... Разы тры заехаў. Увесь грэх». Ганна разумее, што яны не пара: «Што дуб і лаза... Не дацягнешся... Каб і можна було...»

У навагоднюю ноч 1930 года Башлыкоў нагадаў Апейку пра выступленне Сталіна, дзе «ўсё — па палічках раскладзена». Звыклы верыць правадыру, Апейка ўбіраў думку за думкай, пакуль не зачапіўся за радок: «У нас няма... рабскай прывязанасці селяніна да шматка зямлі... якая ёсць на Захадзе...» Гэта пярэчыла ўсяму вопыту Апейкавага жыцця, таму, што нарадзілася з незлічоных сустрэч з людзьмі. Як стрэмка, упіліся ў памяць словы Сталіна «смешнае пытанне!» Пытанне тычылася палітыкі раскулачвання. «Не менш смешным, — гаварыў далей Сталін, — здаецца другое пытанне : ці можна пусціць кулака ў калгас ?.. Нельга, бо ён з'яўляецца заклятым ворагам калгаснага руху...»

Тое ў дакладзе, што выклікала нязгоду, непаразуменне, занепакоенасць Апейкі, якраз вельмі спадабалася Башлыкову. Ён «з уцехай знаходзіў усё новыя доказы правільнасці сваіх меркаванняў... Ён, Башлыкоў, не памыляўся, бачачы небяспечную шкоду ў Апейкавых павучаннях пра «псіхалогію» і нейкі спецыяльны падыход да селяніна... Асабліва хвалявала і радавала тая частка прамовы Сталіна, дзе ён аб'яўляў аб пераходзе ад палітыкі абмежавання кулацтва як класа да раскулачвання». Башлыкоў «вычытаў» і тое, што было адкрыта не сказана, але вынікала з усяго зместу: «...Раскулачванне... мае значэнне не толькі як справядлівая дзея супраць кулака... Раскулачванне дасць адчуць іншым, што Савецкая ўлада не збіраецца доўга ўгаворваць. Не збіраецца цырымоніцца надта. Дасць адчуць не толькі кулакам, а і астатнім сялянам».

Побач з думкамі пра палітыку, калектывізацыю жыло адчуванне сустрэчы. Але радасць, нецярплівасць змянялі трывога, одум. Згадвалася нават яе становішча: школьная тэхнічка, прыбіральшчыца, ды тут жа ўзнікала нязгода. Злаваў на сябе, чаму гэта жанчына займела над ім такую ўладу...

У першую сустрэчу яны нядоўга пасядзелі ў вазку сярод поля. Потым Башлыкоў паехаў на сход у Загаллі. У наступную — ён завёз Ганну ў Нароўлю. Павячэралі ў сталоўцы.Вяртацца дамоў было позна, папрасіліся ў незнаёмую хату пераначаваць.

Калі пад'ехалі да Глінішчаў, Ганна «асмелілася на тое, што гняло і што баялася адкрыць». Сказала, што яе муж Глушак Яўхім. «Твар Башлыкова раптам вачавідкі пашарэў. Твар гэты працяла трывога». Ганна нейкі момант глядзела на яго, быццам нечага чакала. «Тады штосьці ўскінулася ў ёй. Хутка, парыўна ступіла да яго, сціснула, пацалавала. Аддала пацалунку, здалося, усю сябе». Пайшла, разумеючы, што ідзе назаўсёды.

Мастацкія асаблівасці

«Я не мог — рана ці позна — не напісаць гэтыя раманы — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», — бо насіў іх у сабе як радасць і пакуту доўгія гады... Родная вёска, людзі, мае юнацтва — усё гэта жыло ў маім сэрцы і не давала спакою», — гаварыў I. Мележ у адным з інтэрв'ю. Спачатку была задума «напісаць аповесць пра Палессе... пра барацьбу палешукоў з прыродай» у пасляваенны час. У 1956 г. пісьменнік ужо бачыў у сваім уяўленні не аповесць, а «раман аб простых людзях беларускага Палесся». Ажыла ў творы не сучаснасць, а рэчаіснасць 20-х гадоў.

Напісаўшы ў 1960 г. «Людзі на балоце», I. Мележ зразумеў, што сказаў у рамане не ўсё, што жыло ў душы. У 1965 г. з'явіўся «Подых навальніцы», у 1976 г. — «Завеі, снежань». У архіве пісьменніка засталіся накіды, планы, асобныя сцэны і гатовыя раздзелы яшчэ двух раманаў «Палескай хронікі» — «За асакою бераг» і «Праўда вясны». У іх I. Мележ хацеў расказаць пра жыццё дарагіх яму людзей у 30-я і 40-я ваенныя гады.

«Палеская хроніка» паказвае жыццё беларускай вёскі напярэдадні і ў час правядзення калектывізацыі. У першай частцы хронікі («Людзі на балоце») паўстае звычайнае, вякамі ўсталяванае вясковае жыццё, напоўненае працай, клопатам пра кавалак хлеба. За дзесяцігоддзе, што прайшло пасля рэвалюцыі, мала што змянілася ў Куранях, якія большую частку года адасоблены, аддзелены непраходнай тванню нават ад суседніх вёсак. Гэтую нерухомасць, застыласць жыцця асабліва востра адчувае Міканор Глушак, які дзякуючы службе ў арміі пабачыў свет. Вярнуўшыся ў бацькоўскую хату, ён у многім перажывае тое, што і героі твораў М. Гарэцкага: любоў, замілаванасць родным суседнічаюць у яго сэрцы з непрыняццем, адмаўленнем.

Міканор марыць пра лазню, пра хату-чытальню, пра школу. Запаветная яго мара — адваяваць зямлі ў балота, аднак пакуль ён пры падтрымцы раённага начальства арганізаваў аднавяскоўцаў толькі на будаўніцтва грэблі. У хуткім часе грамадска -сацыяльныя падзеі паставілі яго над аднавяскоўцамі і павялі за сабой. У другім рамане Міканор узначаліў невялікі калектыў добраахвотнікаў, якія рашыліся аб'яднаць свае гаспадаркі.

Новае ў жыцці Куранёў заявіла пра сябе так уладарна і рашуча, што не абмінула ніводнага чалавека, падзяліла людзей, зблізіла непрымірымых ворагаў. Так, калі каморнік | наразае зямлю калгасу, на абарону ўласных надзелаў выйшлі побач з заможнымі Глушакамі беднякі Васіль Дзяцел і Нібыто-Ігнат. Васіль і Яўхім, якія не на жыццё, а на смерць былі шчапіліся на полі каля цагельні, хапаюць загрудкі Міканора.

Узнаўляючы падзеі калектывізацыі, I. Мележ імкнуўся «больш глыбока і без падсалоджвання паказаць гэты важны працэс», не абмінуць ні добрае, ні дрэннае, што нараджалася ў тыя гады. Не ставячы пад сумненне правамернасць правядзення калектывізацыі ў цэлым пісьменнік і паказаў трагізм чалавечых лёсаў на гістарычным зломе.

Трагедыйная сутнасць падзей, якія перажывала вёска ў канцы 20-х пачатку 30-х гадоў, асабліва выразна паказана ў творах на вобразе Васіля Дзятла. Дзве страсці, дзве любові ў гэтага персанажа — зямля і Ганна. Нейкі час, і гэта самы шчаслівы час у яго жыцці, яны суіснуюць побач. Васіль становіцца гаспадаром, узвальвае на свае не надта моцныя юнацкія плечы ўвесь сялянскі клопат. Тады ж нараджаецца глыбокае пачуццё да суседкі-равесніцы. У час спатканняў, горнучы да сябе дзяўчыну, ён думае-марыць пра зямлю. Калі Ганна выходзіць замуж, у яго застаецца адна любоў — зямля. Дзеля яе ён узяў за жонку непрыгожую, нібы век сонную Пракопаву Маню. Аднак у яго жыццё зноў уваходзіць Ганна. Васіль пастаўлены перад выбарам: зямля ці каханая жанчына — і герой выбірае першае. Аналізуючы сцэну, у якой растрывожаны Васіль ідзе на сваё поле і бачыць, як «кволыя сцяблінкі, калі стаў перад паласою, паварушыліся — нібы віталі яго, радаваліся яму», С. Андраюк зазначае, што герой ніколі не думаў пра Ганну так узвышана і паэтычна, як пра зямлю.

Ад Ганны герой адмовіўся сам^а зямлю забралі, зрабілі нічыёй. У тым жа маналогу Васіля пісьменнік паказвае, што значыць для героя свая зямля: «Аддай сваё поле, дзе кожную сцяблінку, здаецца, сагрэў бы сам! Ішоў бы ад адной да другой ды хукаў бы, каб не мерзла!.. Аддай поле — ето ўсё адно што — аддай душу! Папробуй, адарві душу!» Не, не ўласнік так разважае, а чалавек, звязаны з зямлёй малаком маці, памяццю продкаў, усім сваім жыццём.

Васілёву прывязанасць да зямлі разумее Апейка. Закліканы праводзіць калектывізацыю, ён верыць, што гэта мерапрыемства дапаможа сялянству выйсці з беспрасветнай галечы і беднасці, зробіць працу лягчэйшай і больш прадуктыўнай, бо на шырокія калгасныя палеткі прыйдуць машыны. Але ён хоча, каб на абагульненай зямлі селянін працаваў так, як і на сваёй. А гэта магчыма пры ўмове, калі чалавек не страціць сваю прывязанасць і любоў да поля і таго, што на ім расце.

Праз вобразы Васіля і іншых прадстаўнікоў сялянства (Глушакі, Нібыто-Ігнат, Чарнушкі, Хоня, Міканор і яго сям'я, Сарока і г. д.) пісьменнік паказвае працэс калектывізацыі знутры, як яна адбілася на лесе вяскоўца, на адносінах яго да зямлі, да працы, да людзей. Вобраз Апейкі асэнсоўвае тое, што адбываецца з селянінам, нясе погляд зверху і збоку.

Калектывізацыя ў любых варунках істотна закранала інтарэсы селяніна-гаспадара. Апейка не супраць цвёрдага падатку, якім абкладваліся заможныя гаспадаркі (няветліва сустрэў ён старога Глушака, калі той прыйшоў да яго са сваёй бядой), не супраць рэпрэсіўных мер адносна кулакоў. Але ён хоча, каб такія, як Васіль, самі прыйшлі ў калгас, пераканаўшыся, што там лепш, а для гэтага патрэбен час. Часу селяніну якраз і не давалася, у новае жыццё яго гналі сілай і гвалтам. Шматзначнай сцэнай завяршаецца сюжэтная лінія Васіль — Апейка ў другім рамане. Васіль прыйшоў да старшыні райвыканкома скардзіцца на самаўпраўства Міканора: забралі зямлю і нават перааралі пасеянае. Апейка ў гэты час атрымаў паперу, якая паведамляла, што калектывізацыю трэба правесці не за два-тры гады, а за тры месяцы. I Апейка ўгаворвае селяніна ўступіць у калгас, дзе ўся зямля стане яго —- гаворыць тое, што і ненавісны Дзятлу сусед Міканор. У трэцім рамане «Заве!, снежань» Апейка і Васіль не сустракаюцца. На змену ўдумліваму, разважліваму гуманісту Апейку павінны прыйсці іншыя калектывізатары. З Васілём у гэтым творы знаёміцца Башлыкоў, у хуткім часе менавіта ён будзе вырашаць лёс селяніна.

Над Апейкам хмары пачынаюць збірацца ўжо ў другім рамане. Грознае папярэджанне сакратару райвыканкома —- партыйная чыстка, дзе нявартымі годнасці камуніста былі пададзены яго чалавечнасць, прынцыповасць, інтэлігентнасць. Але тых вывадаў, што маглі яго ўратаваць, Апейка не зрабіў. У сваім заключным, вельмі кароткім выступленні, ён сказаў: «Калі я памагаў каму-небудзь з тых, у кім сумняваецца таварыш Галенчык, то таму, што лічыў, што гэтыя людзі могуць быць карысныя нам. I лічыў подлым таптаць людзей, якія хочуць жыць па-новаму... Я і далей буду рабіць так, як падказвае мне партыйнае сумленне. Не азіраючыся на выкрыкі тых, у каго кульгаюць ці разважнасць, ці, можа быць, сумленне...»

Праз лёс Алеся Маёвага мастак паказаў тое страшнае, што нараджалася ў жыцці савецкай краіны ў канцы 20-х гадоў — пошукі ворагаў, падазронасць, недавер. У творы згадваюцца беларускія пісьменнікі Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Уладзімір Дубоўка, з якіх пачыналася актыўнае цкаванне нацыянальнай інтэлігенцыі. Да інтэлігенцыі належыў і былы настаўнік Апейка.

Пасля выступлення Сталіна (раман «Завеі, снежань») спадзяванняў на шчаслівае вырашэнне лёсу старшыні райвыканкома не застаецца. Яго погляды на жыццё, адносіны да чалавека прыйшлі ў супярэчнасць з генеральнай лініяй партыі, якую, на даным этапе, выяўляе жорсткі, рашучы, прамалінейны Башлыкоў. У трэцім рамане вельмі шмат месца займаюць спрэчкі старшыні райвыканкома і сакратара райкома партыі. Апейка і Башлыкоў — гэта два супрацьлеглыя падыходы да правядзення калектывізацыі, у іх спрэчках вырашаецца лёс Васіля, лёс усяго сялянства. На жаль, абставіны грамадска-палітычнага жыцця ўздымаюць наверх не Апейку.

У дачыненні да «Палескай хронікі» можна гаварыць пра галерэю яркіх, моцных сваёй рэальнай шматграннасцю характараў. Гэта не толькі цэнтральныя героі твора — Ганна, Васіль, Яўхім,стары Глушак, Міканор, Апейка, Башлыкоў, але і героі другога, трэцяга планаў — Чарнушка, Нібыто-Ігнат, Сарока, Андрэй Руды, Хадоська, Хоня, Параска, Дубадзел і г. д. Кожны з іх — адметны, непаўторны, жывы, запамінальны. Дасягнуў гэтага пісьменнік дзякуючы глыбокаму пранікненню ў свет чалавечых адчуванняў, перажыванняў, памкненняў, выдатнаму веданню жыцця. Ствараючы характары, I. Мележ шырока звяртаецца да партрэтнай характарыстыкі і апісання знешнасці, да няўласна-простай мовы (калі голас аўтара і персанажа нібы зліваюцца), да моўнай індывідуалізацыі, да мастацкай дэталі, да сімвалічных вобразаў і інш.

Здаецца, I. Мележ пісаў пра вядомае ў літаратуры. I самі падзеі — пярэдадзень, а пасля калектывізацыя, — і людзі таго часу — сяляне з іх недаверлівасцю да новага, з іх прывязанасцю да зямлі, гаспадаркі — не аднойчы паказваліся ў творах. Традыцыйныя канфлікты, сюжэтныя лініі: любоўны трохкутнік, у якім багаты і бедны жаніх, розныя адносіны кіраўнікоў да калектывізацыі, да сялян. Аднак раманы I. Мележа наколькі традыцыйныя, настолькі і наватарскія.

Так, пісьменнік па-новаму паказвае вобраз кулака. Калі ў першай частцы хронікі ў вобразе Халімона Глушака, па-вулічнаму Карча, паслядоўна падкрэсліваецца непрыемнае і нават драпежнае ў знешнім вобліку, у характары («тхарыныя вочы, вострыя і праніклівыя», «каршуковы позірк», «груганячая постаць», панурасць, затоеная лютасць), то ў другой частцы куранёўскі багацей ужо пачынае выклікаць спачуванне. Аўтар гаворыць, як нялёгка здабывалася заможнасць, якой працай, потам, сілай яна падтрымліваецца. Улада забірае не толькі нажытае праведнымі і няправеднымі сродкамі багацце, але і права жыць на сваёй зямлі, сярод сваіх людзей. У выступленні Сталіна сказана адназначна: кулака пускаць у калгас нельга, бо ён з'яўляецца заклятым ворагам, але ж і аднаасобнікаў не пакінуць у роднай вёсцы, значыць — раскулачванне, высылка.

 

Шмат новага, нечаканага ў паказе сыноў Халімона Глушака Яўхіма і Сцяпана. Такіх гарачых і нястрыманых, ганарыстых людзей, як Яўхім, улада сваімі дзеяннямі штурхала на крайняе — на жорсткае супраціўленне, лютую помсту.

«Палеская хроніка» I. Мележа — мужнае, праўдзівае слова пра так званы вялікі пералом, пра калектывізацыю. А побач з гэтым — пра наш народ, працавіты, мужны, спагадлівы, таленавіты, цярплівы. Першы раман адкрываецца аўтарскім прысвячэннем «Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі».