Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Лірыка

2. Кароткі змест Новая зямля

3. Кароткі змест Сымон-музыка

4. Кароткі змест Калядны вечар

5. Кароткі змест Малады дубок

6. Кароткі змест Хмарка

7. Кароткі змест Крыніца

8. Кароткі змест Стары лес

9. Кароткі змест Балотны агонь

10. Кароткі змест На ростанях

 

 

Кароткі змест Лірыка

Якуб Колас не абышоў тэму паэта і паэзіі, хоць у параўнанні з іншымі пісьменнікамі гэтай тэме прысвечана менш твораў. Эстэтычная пазіцыя Я. Коласа заяўлена ў вершах «Не пытайце, не прасіце...», «Песняру», «Пясняр», «Роднаму краю» («Знае толькі Бог адзіны») і інш.

У праграмным вершы, якім адкрываўся першы зборнік «Песні жальбы», паэт гаварыў:

Не пытайце, не прасіце

Светлых песень у мяне,

Бо як песню заспяваю,

Жаль ўсю душу скалыхне.

(«Не пытайце, не прасіце...»)

Як і яго папярэднік Ф. Багушэвіч, сучаснікі Янка Купала, Алесь Гарун, Колас не мог спяваць радасныя, вясёлыя песні, бо край быў у няволі, народ жыў у горы («...На жыццё як паглянеш, сэрца болем зашчыміць»).

У вершы «Роднаму краю» (1914) паэт гаворыць пра сваю любоў да бацькоўскай зямлі, да яе лугавін, стужак палёў і дарог, курганоў-веж, «хат, дзе красуе мох калматы на старэнькай стрэсе», спеваў птушак і гоману ніў. Карціны рэчаіснасці ніколькі не прыхарошваюцца, аўтар быццам нават знарок падкрэслівае іх звычайнасць, будзённасць (старэнькія, парослыя мохам стрэхі хат, мужычыя магілы з драўлянымі крыжамі і г. д.), выяўляючы там самым арганічнасць, натуральнасць уласнага пачуцця.

У родным краі «пануе гора люта і нуда разліта». Таму, калі паэт заспявае песню «аб знішчаным гэтым краі», то

...Не волен над сабою:

Спеў змяшаецца з слязою,

Плачам адзавецца.

У апошняй страфе верша гучыць спадзяванне, што некалі жыццё зменіцца. Аднак, «пакуль свет нам не прарвецца», песня «няхай стогне, няхай плача».

Звяртаючыся да песняра, Я. Колас просіць заспяваць такую песню, «каб душу ...паліла», каб расказвала, «як у няволі жывецца, як нам шыі здушыла ярмо» (верш «Песняру», 1910). Гэта песня павінна не толькі плакаць аб нядолі народа, але і будзіць народ, клікаць яго на барацьбу («Каб затросся узбурана вус»). Такім чынам Я. Колас адводзіць зусім пэўнае месца паэту ў жыцці грамадства: жыць адным жыццём з народам, быць выразнікам яго долі-нядолі, весці народ да лепшай будучыні.

Грамадзянская і патрыятычная лірыка

Значнае месца ў ранняй паэзіі Якуба Коласа займае апяванне сялянскага жыцця. Нярадасна, бедна жыве селянін.

Я — мужык, я — сын пакуты,

На мякіне вырас я,

Гічанамі пуза ўздута,

Ногі ў лапцікі абуты,

Бедна вопратка мая, —

гаворыць пра сябе герой верша «Мужык» (1909). Гэтак жа непрывабна выглядаюць гаспадарчыя пабудовы селяніна, вёска ў цэлым («Многа тут гразі ў нягоду, многа пылу ў летні жар»). У вершы «Вёска» (1907), адкуль узята цытата, жыццё селяніна малюецца сумным і беспрасветным:

Тут дабра не бачаць зроду,

Тут марнее гаспадар.

Тут нуда жыве людская,

Прыпынілась гора тут;

Смерць дзяцей, хвароба злая

Тут знайшла прытульны кут.

Якуб Колас рэдка шукаў выключнага, яркага ў жыцці. Прадметам яго паэзіі станавілася тое, што акружала селяніна ў штодзённым існаванні, чым селянін займаўся, пра што думаў і марыў. Тыповы вобраз жанчыны-сялянкі, тыповыя абставіны яе працы, жыцця ўзнаўляе пісьменнік у невялікім паэтычным абразку «Маці» (1908). «Непрыветна цераз вокны ночка пазірае. Ціха ў хаце. Ўся сямейка спіць, адпачывае... Толькі маці з вераценцам туліцца пры печы». У цішыні зімняй ночы праходзіць перад вачыма жанчыны ўсё жыццё, з рэдкімі пробліскамі радасці, часцей з «нягодамі, сваркамі, трасянінай». Муж «дробных дзетак ...пакінуў», памёр, не здолеўшы «свой прыдбаць куточак, хату вывезці, зямелькі прыкупіць шматочак». У астрог трапіў сын. За што? — маці не можа сабе растлумачыць, бо «ў толк не возьме ні законаў гэтых мудрых, ні парадкаў свету».

Матывы смутку і тугі, частыя на раннім этапе творчасці Я Коласа, не з'яўляюцца вызначальнымі ў ёй. Многія вершы, у якіх паўстае цяжкае жыццё селяніна, заканчваюцца аптымістычнымі акордамі. Як, напрыклад, верш «Мужык». Герой яго, паскардзіўшыся на свой лес, заяўляе:

Я — мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

Блізкім па свайму пафасу да папярэдняга з'яўляецца верш «Наша возьме» (1907). У ім паэт гаворыць ад імя ўсей сялянскай масы. На пачатку твора — знаёмая карціна гаротнага, бяспраўнага мужыцкага жыцця («Мы з голадам зрадніліся, худыя, абарваныя. Асмеяны, аблаяны, гразёю мы замазаны»). Заканчваецца верш на іншай ноце:

Адно мы добра ведаем:

Хоць вечна мы блукаемся,

А ўсё ж такі, хоць некалі,

Ды праўды дапытаемся.

У вершы «Не бядуй!», які быў напісаны разам з «Наша возьме» ў гады рэакцыі, у тым жа 1907 г., аўтар заклікаў. суайчынніка верыць, што

Не загіне край твой родны

У тэй цемені начэй!

Дымам пойдзе ўсё ліхое,

Усё, што душыць нас і гне.

Вер, брат, — жыццё залатое

Будзе ў нашай старане.

Паэт разумеў, што вызваленне само не прыйдзе. Таму, звяртаючыся да суайчынніка, найперш да селяніна-мужыка, Я. Колас вучыў яго ў вершы «Будзь цвёрды» (1912)

Не прасі, не спадзявайся

Ты на дапамогу,

Сам з нягодамі змагайся,

Сам прабі дарогу.

«У лірыцы Коласа, — адзначае I. Навуменка, — шмат тых жа матываў, з якімі мы сустракаліся ў паэзіі Багушэвіча.

Але побач з гэтым, знаёмым шмат істотна новага... Герой Коласа больш актыўны. Ён свядома імкнецца змяніць несправядлівы жыццёвы парадак. У ім абуджаецца пачуццё асобы, усведамленне сваёй сілы, годнасці. Абуджаецца сацыяльная свядомасць — герой-селянін не хоча мірыцца з такім становішчам, калі ён, той, хто корміць хлебам увесь свет, гібее ў беднасці, галечы».

Якуб Колас звяртаўся да сатырычных сродкаў. Іранічна-з'едліва ён пісаў пра бяспраўнае становішча селяніна («Асадзі назад!», 1908), пра царскую канстытуцыю, якая дакляравала свабоду, пэўную дэмакратызацыю жыцця («Канстытуцыя», 1908). На практыцы ж атрымаў народ зусім іншае: разгон Думы, бо дэпутаты яе «зашумелі аб зямлі», усюісны паліцэйскі кантроль.

Колькі ўсякіх строгіх мер —

Канца няма, краю!

Канстытуцыю цяпер,

Як пяць пальцаў, знаем, —

такі вывад робіць аўтар у канцы твора.

«Канстытуцыю» і «Вобразы самаўладдзя» (1908) можна аднесці да жанра эпіграмы. Творы ўяўляюць сабой з'едлівую, дасціпную крытыку негатыўных грамадскіх з'яў.

Куды ні глянь — адно і тое:

Усюды стрэльбы і «шнуры» —

Стаяць па пары і па трое

На скрыжаванні «каўняры».

Аж у вачах яны мігцяцца,

Усюды іх, як прусакоў...

Куды пайсці і дзе схавацца

Ад гэтых рыл і «каўняроў»?!

(«Вобразы самаўладдзя»)

Як і Янка Купала, Якуб Колас хацеў бачыць свой народ шчаслівым, вольным, незалежным. У сувязі з падзеямі Кастрычніцкай рэвалюцыі паэт, звяртаючыся да інтэлігенцыі, гаварыў пра «вялікую дарогу», якая чакае Бацькаўшчыну. Заклікаў «навукі семя засяваць», несці святло, бо «ў мроку дрэмле наш мілы край, наш родны кут», Знаходзячыся далёка ад роднай зямлі, паэт жадаў ёй і свайму народу:

Не царскі біч, не панскі хам,

Хай будзе ладу сваёй гасподзе

Ствараць народ — уладца сам.

(«Да працы!», 1917)

Грамадзянская і патрыятычная тэма цесна пераплятаюцца ў лірыцы Я. Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У вершах «Лес» (1941), «Голас зямлі» (1942), «Капайце яму, далакопы» (1942), «Мая зямля» (1943) і іншых гучаць сыноўні боль за маці-радзіму, за яе пакуты пад тэўтонскім «у сталь закованым капытом», вера ў перамогу над ворагам, заклік да змагання.

Шырокі лірычны уступ мае верш «Мая зямля». «Далёка ты, мая зямля-матуля, і цяжка жыць, не бачачы цябе», — прызнаецца аўтар, а затым «уваскрашае» вобразы роднага краю, адпачываючы сэрцам ва ўспамінах:

Стаяць бары.

Дубы, нібы магнаты,

Над рэкамі разгортваюць шатры,

А лазнякі спраўляюць сваё свята,

I штосьці сніць іх лісце ў гушчары.

I даль зямлі празрыстаю сінечай

Атульвае лясы, гаі, луку,

I, смужны плашч накінуўшы на плечы,

Ляжаць шляхі ў бярозавым вянку.

Паэт ведае, што сёння яго зямля іншая — зраненая, шчодра палітая крывёю, аднак не скораная, не пераможаная. Верш напісаны ў 1943 г., калі пачалося вызваленне Беларусі, і ў творы гучыць матыў хуткай сустрэчы з роднай зямлёй:

...Малю свой лес я толькі аб адным —

Сабрацца зноў у радасны свой вырай...

Злучыцца зноў з табой, мая матуля,

Абняць цябе, шчакой прыльнуць да ран...

Знаходзячыся далёка ад радзімы, паэт між тым чуе яе голас:

I шум дуброў, і стогн пушчы,

I рэк усхліп, і плач крыніц,

I немы зрок балотнай тлушчы

Нясуць мне весць пра чужаніц.

(«Голас зямлі»)

Але голас роднай зямлі гэта не толькі голас плачу, а і гневу, непакоры («Шумяць гнеўна твае пушчы, трасуцца помстаю бары»). Напружаны слых паэта ўсюды ловіць галасы-заклікі да помсты, да змагання «супроць тэўтонскае арды», якімі поўніцца далёкі родны край:

Змятай жалезнаю мятлою

Навалу ката-прусака!

Няхай пад цёмнаю гразою

Не дрогнуць сэрца і рука!

(«Капайце яму, далакопы»)

З'явы прыроды ў вершах Я. Коласа адухаўляюцца, набываюць чалавечыя якасці (стогнуць пушчы, плачуць крыніцы, трасуцца помстаю бары і г. д.); звяртаецца да вобразаў прыроды паэт досыць часта.

У апошнія дзесяцігоддзі лірыка Якуба Коласа набыла выразны элегічны характар. У творах гучыць роздум над пражытым і перажытым. Нават у вершы «У вераснёўскі вечар» (1945), у якім паэт гаворыць пра адбудову роднага краю, пра залечванне нанесеных вайной ран, чуваць выразныя элегічныя ноткі:

I чую ў крыку тым я праўду і дакоры,

Што год прайшоў і блізка час зімы,

А працы шмат... Ці шмат жа ўспелі мы,

Каб раны залячыць і сцішыць наша гора?

(«У вераснёўскі вечар»)

Пачуццём смутку пранізаны кожны радок верша «У родных мясцінах» (1945). Па вяртанні ў знаёмы кут чалавека заўжды ахопліваюць успаміны, з'яўляюцца думкі аб няспыннасці жыцця, незваротнасці часу. На гэта скіроўваюць тыя змены, якія адбываюцца ў наваколлі і ў лёсе самога чалавека. Адчуванне хуткаплыннасці часу абвастраецца ў вершы згадкай пра нядаўнюю вайну. Менавіта з ёй звязаны сумныя змены ў родных мясцінах, на якіх запыняюцца вочы лірычнага героя:

Стаю, маўчу, мясціны аглядаю, —

Змяніліся, і трудна іх пазнаць.

Дубоў маіх паменшылася раць,

Як і людзей у родным нашым краі.

Бязлюддзе, ціш. Высокаю травою

Вусцянскія сялібы зараслі.

Бярэзнічак заняўся на зямлі,

Атульвае разложыстую хвою.

Лірычны герой ведае, што жыццё няспыннае, «моцныя для ўзлёту яго крылы». Адродзяцца знявечаныя лясы, адбудуюцца гарады і вёскі. Аднак у жыцці асобнага чалавека бываюць незваротныя страты і вечныя балючыя раны, якія не гояцца. Таму верш заканчваецца мінорным акордам:

..Мне адно сягоння горка:

Няма таго, з кім думкі я дзяліў,

З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў,

Пагасла ты, яснюсенькая зорка.

Прыродаапісальная лірыка

«Беларускую прыроду з найбольшай сілай апеў Якуб Колас. Ні ў аднаго другога паэта не знойдзем мы столькі малюнкаў, навеяных палямі, лясамі, рэкамі, палявымі дарогамі, наогул усім тым, што акружае жыхара гэтага краю з яго першых крокаў жыцця.

Пейзажную лірыку Якуба Коласа можна падзяліць на дзве тэматычныя плыні. Да першай належаць вершы, якія зместам, ідэйнай накіраванасцю непасрэдна перагукваюцца з праявамі грамадскага жыцця або настроямі лірычнага героя («Рольнік», «Хмаркі». — Т. Г.)... Другая плынь пейзажнай коласаўскай лірыкі непасрэднай сувязі з утылітарным сялянскім клопатам не мае. У ёй развіваецца тэма «чыстай», вечнай красы. Такія вершы, як «Усход сонца», «Першы гром», «Ручэй», «Адлёт жураўлёў», «Лес» («Глуха шэпча лес зялёны»), «Зіма» («Надышлі марозы, рэчкі закавалі»), «Вясна» («Вясна, вясна жаданая!..») і многія іншыя поўны захаплення, першабытнага схілення перад сіламі прыроды, іх магутнасцю, неразгаданасцю.

...За багаццем метафар у коласаўскай пейзажнай лірыцы стаіць і нешта большае, чым адны толькі паэтычныя ўвасабленні. Ствараючы ў паэмах «Новая зямля», «Сымон-музыка», алегарычных навелах «Казкі жыцця» маляўнічыя пейзажныя карціны, паэтызуючы прыроду, Якуб Колас абапіраецца на наіўны, характэрны для нашых далёкіх продкаў погляд на прыроду як на жывую істоту. Падобнае стаўленне да прыроды бачым і ў многіх пейзажных коласаўскіх вершах...

Пейзажная лірыка Якуба Коласа мае некалькі тэм, матываў, якія нязменна паўтараюцца, вар'іруюцца, складаючы сталае, пастаяннае, у нейкай меры нават замкнёнае кола паэтычных карцін і ўяўленняў... — вясна, восень, зіма, дарога, поле, араты на полі, родны край, дрэвы, лес, навальніца, хмаркі, вецер, сонца, ноч, птушкі, жыта... Нават адзін пералік тэм, матываў лірыкі паэта выразна паказвае, што Якуб Колас выступае як паэт земляробчага народа.

...Увогуле, гром, бура, навальніца імпануюць паэту. Ён любіць праявы магутнай, вялікаснай сілы ў прыродзе. Вершы «Першы гром», «Ноч перад навальніцай», «Будзе навальніца», «Вераб'іная ноч», «Перад бурай», «Перад навальніцай» поўны паэтычнага схілення перад размахам стыхіі...

Люблю я ночы той час дзіўны,

Калі прастор, абняты сном,

Пабудзіць голас пераліўны —

Далёкіх хмар магутны гром,

Калі працягла заракоча,

Гугухне голас угары,

I шыба ў вокнах забразгоча,

I гоман пойдзе па бары.

(«Ноч перад навальніцай»)

...Ёсць нешта ад міфа, містэрыі, язычаскага гімна ў гонар цара неба і ў вершах беларускага паэта «Усход сонца» і «Заход сонца»:

На ўсходзе неба грае

Пераліўным блескам,

Сыпле золата над гаем

I над пералескам,

Чуць-чуць дрогне, праліецца

Чырвань на ўсходзе —

Гэта неба ўсміхнецца

Людзям і прыродзе.

(«Усход сонца»)

 

Абодва вершы бліскучыя па майстэрству, поўныя святочна прыўзнятага настрою. Разам з тым яны ўяўляюць сабой яркія, вельмі дакладныя нават у дробязях паэтычныя карціны ўсходу і захаду сонца, багатыя пластычнымі зрокавымі вобразамі...

«Асенні» цыкл вершаў беларускага паэта асабліва прыгнятае сваім змрочным, аднастайным настроем. З верша ў верш вандруюць падобныя вобразы, накшталт «вецер свішча», «вецер вые», «дожджык сее беспрастанку», «сыплюцца кроплі дробна і часта», «ссохлі травы, усё павяла» і г. д. I толькі ў вершы «Адлёт жураўлёў» пранізліва-шчымлівы матыў расстання з летам, пераходзячы ў лірычную, філасофскую тэму вечнага кругазвароту жыцця, недаўгавечнасці шчасця, глыбока кранае сэрца. Гэта адзін з тых вершаў, які выяўляе ў Коласе паэта вельмі глыбокага, бліскучага, здольнага перадаць самыя тонкія адценні чалавечых перажыванняў:

У бязмежным небе

Роўненькім шнурочкам

Жураўлі на вырай

Мкнуцца над лясочкам.

Меншыцца шнурочак,

У паднеб'і тае,

Вось ледзь-ледзь чарнее,

Міг — і прападае.

I стаіш ты, смутны,

Доўга пазіраеш,

Як бы нешта страціў,

А што — сам не знаеш.

(«Адлёт жураўлёў»)

...Душа лірычнага героя пейзажных вершаў як бы наросхрыст раскрыта для ўспрымання прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. Тысячы выдатных імгненняў здольна ўбачыць, запомніць, увасобіўшы ў мастацкім слове, гэта чулая, уражлівая душа».

Навуменка I. Якуб Колас. Нарыс жыцця і творчасці.

 

 

 

Кароткі змест Новая зямля

Раздзел I.

«Леснікова пасада».

Ён пачынаецца лірычным адступленнем, у якім аўтар гаворыць пра сваю любоў да малой радзімы. Далей ідзе апісанне прыроды, што акружае леснікову пасаду, і апісанне самой пасады. Аўтар у раздзеле не аднойчы падкрэслівае, што ён вяртаецца ў мінулае:

Мой родны кут, лугі, крыніца!

Цяпер для вас я — чужаніца.

Той самы лес, палеткі тыя,

Ды людзі там жывуць другія.

Мне душу смуткам напаўняе

Што ў прошласць канулі гадочкі...

Раздзел II.

«Раніца ў нядзельку».

Пісьменнік паказвае летні святочны ранак. Гаспадар Міхал усё роўна ішоў у лес, дзядзька Антоні, заўзяты рыбак, «хадзіў на Нёман ці на тоні», Уладзя пасвіў кароў, у маці было поўна клопату па гаспадарцы. Познім ранкам уся сям'я збіралася на сняданне.

Раздзел III.

«За сталом».

Паказваецца, як праходзіў сняданак у сям'і, які парадак панаваў за сталом, хоць сямейка была не малая:

Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці

Ды бацька з дзядзькам, трэцця маці;

I кожны месца сваё мае.

Калі сям'я паснедала, бацька распачаў гаворку, што за зямля прадаецца каля Заблоння.

Даўно ўжо бацька жыў думою

Разжыцца ўласнаю зямлёю

I не належаць ні да кога,

Не знаць начальства ніякога.

I зямля, і месца, як апісвае Міхал, цудоўныя. Міхал згадвае сваю службу, ліхога начальніка («Ці ж чалавек ён? азіят, душа зацятая, ліхая, такіх паноў і свет не знае»). Дзядзька Антось, маці добра разумеюць, «што тут жывеш да часу», што ў любы момант лесніка могуць адправіць у іншае месца, дзе трэба абжывацца наноў.

Раздзел IV.

«На першай гаспадарцы».

Браты Антось і Міхал мяркуюць, дзе ўзяць грошай для пакупкі зямлі. Ганна, маці, выказвае сумненні («Няпэўна ўсё і невядома, дык больш пільнуйцеся вы дому!»). Антось прапаноўвае выбраць часіну і «агледзець... як мае быць Заблонне тое»).

Аўтар знаёміць з палясоўшчыкам Міхалам, якога «ўся воласць наша знала», нават сам князь «не раз з Міхалам меў размову». За верную службу ў вёсцы лесніка любілі мала.

Стары ляснічы па-сваему

Цаніў Міхала, як служаку:

Ганяў усюды небараку,

Як бы скаціну тую нему.

Міхал, ажаніўшыся, аддзяліўся ад бацькі і пайшоў на службу. Ляснічы выдзеліў месца Міхалавай сям'і «ў страшнай дзічы... дзе рос сівец ды пырнік густа». На дапамогу брату прыйшоў Антось, які ўзваліў на сябе амаль увесь сялянскі клопат. Праз нейкі час:

У тым кутку, глухім і дзікім,

Стараннем дзядзькавым вялікім

I цяжкай працай хлебароба

...Ўсё зацвіло, загаманіла...

Але праз пяць гадоў сям'і лесніка было прапанавана іншае месца.

Раздзел V.

«Пярэбары».

Па вясне сям'я Міхала перабіраецца ў Парэчча. Там ляснічаму спатрэбіўся добры чалавек, «а не гультай які, нязграба». Дапамагаюць перавезці рэчы сваякі:

Ўсе варушыліся, снавалі,

Як бы мурашнік раскапалі —

Такая тут была трывога.

Раздзел VI.

«Каля зямлянкі».

На першы погляд нецікава

Парэчча тое выглядала...

Прыгрэбнік, хата — ўсё дачыста

Казала ясна, галасіста,

Аб непарадку, запусценні,

Аб гаспадарчым нерадзенні.

Зайшоўшы ў хату, Ганна залілася слязьмі: «Было так цёмна, няпрытульна, ў гразі-балоце ўсё агульна». Аднак тыдні праз тры Парэчча быццам памаладзела. Новыя жыхары пачалі наводзіць парадак. Праз год «згарэла хата з варыўнёю і ўвесь набытак, што быў ў дому». На пажарышчы з'явілася зямлянка.

Раздзел VII.

«Дзядзька-кухар».

Прыхілен дзядзька быў да дзетак. Ён быў настаўнікам, суддзёю...

Аўтар расказвае пра сяброўства лесніковых дзяцей з дзядзькам Антосем.

Усе гуртам ідуць у лес за бярозавікам. Дзядзька вырашыў здзівіць пляменнікаў новымі прысмакамі — клёцкамі з бярозавым сокам. Аднак нічога добрага ў дзядзькі-кухара не атрымалася.

Раздзел VIII.

«Смерць ляснічага».

Ксавэры прыносіць у зямлянку навіну, што памёр стары ляснічы. Міхал і аб'ездчык памінаюць ляснічага добрым словам:

Быў чалавек ён справядлівы,

Не фанабэрысты, праўдзівы!

Гадаючы, хто стане на месца ляснічага, Міхал упершыню падумаў — «купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут».

Усе леснікі сабраліся на панскім двары, каб выправіць у апошнюю дарогу ляснічага. Пасля пахавання трапілі ў карчму, да «цёткі» Хрумы.

Раздзел IX.

«Новы ляснічы».

Антось арэ запушчанае ранейшым гаспадаром поле, будзіць пляменнікаў-пастушкоў, якіх маці пашкадавала падымаць з сонцам. Браты за снеданнем абмяркоўваюць кандыдатуру на пасаду ляснічага. Зноў гаворка пераходзіць да набалелага: «Дабра ніколі не прыдбаем, пакуль свайго кутка не маем», — упэўнены Міхал. Антось і Ганна разважаюць практычна: «Тут грошай трэба поўна жменя — не наша голая кішэня».

Сям'я перабіраецца з зямлянкі ў новую хату. Становіцца вядомым, што ляснічым стаў пан Ракоўскі. Міхал пра яго чуў:

Лядачы нораў, лае цяжка,

Яшчэ і звычай такі мае,

Што з кулакамі налятае.

У час першай сустрэчы новы ляснічы выказаў незадаволенасць Міхалавай службай.

Раздзел X.

«На панскай службе».

Новы ляснічы прысылае загад Міхалу налавіць рыбы і завезці ў Нясвіж, а Антосю «ісці да адбору».

Спакою Міхал на службе не знае, «то дуб ссякуць, бярозку зваляць... або патравяць сенажаці». Акрамя догляду за лесам у абавязак Міхала ўваходзіла многае іншае, патрэбнае непасрэдна пану («То пастуха згадзі, служанку... касцоў наймай і жней...»). Але ляснічы ўсё роўна знойдзе зачэпку, каб аблаяць. Нахабства новага ляснічага вывела з сябе нават Ганну. Яна раіць мужу «часам агрызнуцца», выгаворвае, што не спіць, не есць, у лесе днюе і начуе — так дбайна служыць.

Пан пачаў лаяць на чым свет Міхала, пагражаць выгнаць.

Міхал маўчаў, ды нечакана

Ён сам як рушыцца на пана!..

Ляснічы зразу ўзад падаўся. —

Чаго пан гэтак раскрычаўся?

Завошта пан мяне так лае?

Згарыць яна няхай такая

I служба гэта, і пасада,

I гэта крыўда, й гэта здрада,

I гэта панская адплата!..

Раздзел XI.

«Дзедаў човен».

Жонка падтрымала мужа, але Міхал пабойваўся, каб пан не прагнаў са службы. Аднак пан пасля сутычкі быццам паспакайнеў («Нават з ім была размова, і гаварыць з сабой даваўся...»).

Дзядзьку Антосю дзед Юрка, таксама рыбак, падарыў човен. Але ў першы ж выхад на ваду човен урэзаўся ў дрэва і раскалоўся, Антось зваліўся ў рэчку.

Раздзел XII.

«Сесія».

Прыгожы панскі дом, дзе збіраліся на нарады леснікі і аб'ездчыкі, «на Міхася глядзеў астрогам, бо тут, апроч тае знявагі... у стражнікоўскім сваім лёсе нічога ведаць не прыйшлося». Аўтар паказвае стасункі паміж леснікамі і аб'ездчыкамі, грубыя, зняважлівыя «разносы» пана ляснічага.

Раздзел XIII.

«Падгляд пчол».

Парэчча стала абжытым кутом. Дзядзька Антось узяўся за новую навуку — пчалярства. Запрошаны пасля Спаса сваякі на падгляд пчол.

Гудуць пакрыўджаныя пчолкі,

Бы плачуць, бедныя саколкі,

Што праца іх неспадзявана

Людскою хцівасцю забрана.

Пасля таго, як мёд падзелены.паміж кумамі, усе садзяцца за стол адзначыць сустрэчу. Пачынаюцца песні і танцы.

Раздзел XIV.

«Дарэктар».

Паэтычнае апісанне восені:

...На ніцях белай павуціны

Прывозяць восень павучкі.

Яе красёнцы, чаўначкі

У моры лесу мільгатнулі

I лісцеў багру апранулі...

Дарослыя раяцца, як быць з навучаннем дзяцей. Вырашаюць узяць дарэктара, Базылёва Яську. Праз нейкі час хлопчыка прывозяць у Парэчча:

А сам дарэктар, з вузел ростам,

У сваім уборы бедным, простым,

У зрэбных портках і кашулі,

Стаяў, як бы яго прыгнулі...

Не ведалі на пачатку і хлопцы, як з ім паводзіць сябе. Але хутка разгаварыліся і пасябравалі.

Раздзел XV.

«Начаткі».

Бацька дае наказ хлопцам брацца за навуку, а дарэктару трымацца з імі строга. Хутка, на радасць вучням, высветлілася, што «дарэктар выдаўся мяркоўны». У Алеся не ідзе закон Божы і ён вырашыў парваць «начаткі», але так, каб падумалі на катоў. Толькі к вечару бацька прынёс новую кнігу. Алесь падбівае Костуся схаваць «начаткі» ў снег. Калі той адмовіўся, схаваў сам. На гэты раз бацька ўзяўся за папругу.

Раздзел XVI.

«Вечарамі».

Пасля заняткаў дзеці коўзаюцца на лёдзе, ідуць гуртам у гумно да дзядзькі. Антось вучыць іх малаціць. Вечарам усе дома. Антось, Міхал, Ганна пачынаюць успамінаць розныя здарэнні, якія з цікавасцю слухаюць дзеці.

Раздзел XVII.

«Воўк».

У будні сям'я уставала рана. Маці садзілася за кудзелю, мужчыны «ў сваю работу запрагаліся». Гаспадарам дапамагаў у працы дарэктар.

Міхал выпраўляецца ў абход. Пільна аглядаючы лес, ён у думках — на сваёй зямлі і ў сваёй хатцы. Раптам заўважае ваўка, які бяжыць аднекуль з сяла. Міхал здымае з плеч дубальтоўку. Аднак воўк праваліўся ў палонку. Нейкі час змагаецца з плынню, хоча выбрацца на лёд, ды гэта яму не ўдаецца.

Раздзел XVIII.

«Зіма ў Парэччы».

На пачатку — аўтарскае адступленне — разважанне пра лёс роднага краю.

Дзядзька Антось з Костусем ловяць тхара. Аднойчы ў свята дзядзька рыхтуе паляванне, загадвае хлопцам нарабіць у лесе шуму, каб зайцам задаць страху.

 

Прачнуўся лес ад бразгатання,

Ад таго шуму палявання:

I крык, і лямант захаплення,

Гудзе лес зверху да карэння.

Але паляўнічыя не ўбачылі ніводнага зайца.

Раздзел XIX.

«На рэчцы».

Аўтар паказвае захапленне Костуся прыродай, адкрытасць яго душы прыгажосці свету.

Раздзел XX.

«Каляды».

Леснікова сям'я чакае галоўнага зімовага свята — каляд. Антось з пляменнікам ходзіць на рэчку, дзе стаяць яго загарады,

Гатуецца вячэра, усе «прыбралісь і памылісь». Наступае калядны вечар. Па традыцыі на стол кладуць сена, якім пасля кормяць усю хатнюю жыўнасць. Гадаюць па зерню, «які зародзіць хлеб налета».

Раздзел XXI.

«Таемныя гукі».

Дзяцей цікавяць таемныя гукі, якімі поўніцца прырода зімой:

Стаіш і ловіш зыкі тыя,

А луг трашчыць, гудзе і вые;

То рэзкі трэск там панясецца...

Не то сякера мерна чэша,

Не то хтось кашляе ці брэша...

Растлумачыць іх хлопчыкі не могуць, дарэктар напалоханы таемным найбольш. Урэшце меншыя здагадаліся, што так трашчыць лёд на марозе. Бацька тлумачыць, чаму ён трашчыць. Костусь задае пытанне, што гэта за зоркі, якія падаюць знічкай, куды яны дзяюцца. Антось і Міхал адказаць не могуць. Тлумачыць Ганна, звязваючы чалавечае жыццё з зоркай.

Раздзел XXII.

«На глушцовых токах».

Пачатак вясны:

I вось у дзень адзін прыўдалы

Загаманілі перавалы,

I гоман, спеў і шум усюды...

Міхал з іншым службовым людам арганізоўвае «панам пацеху і забаву» — паляванне на глушцоў. Задача леснікоў і аб'ездчыкаў асачыць такавішчы, тады ўжо прыедуць паны.

Раздзел XXIII.

«Панская пацеха».

Міхал з сынам у будан вязуць з хаты «стол, услон, саломы», каб паны смачна спалі і елі. Сыходзяцца леснікі. Чакаюць у размовах гаспадароў.

Паны ў калясцы пад'язджаюць...

А пан Абрыцкі з леснікамі

Скланілісь нізка прад панамі,

Паны чуць-чуць адно зірнулі,

На іх увагі не звярнулі,

Як бы не людзі то стаялі...

Назаўтра, калі ледзь разднела, леснікі вядуць паноў на таковішчы. Міхалу дастаўся пан Свіда з Нясвіжа. За ўдалае паляванне пан аддзячыў лесніка рублём.

Раздзел XXIV.

«Вялікдзень».

Схаваны кніжкі, бо замаркоціўся дарэктар і яго завезлі да бацькоў. Хата і двор прыбіраюцца да свята, бацька, дзядзька, старэйшыя дзеці едуць у царкву на споведзь. Заязджаюць да сваякоў у вёску. У царкве поп правіць службу. Дома чакае «абрусам белым стол накрыты», святочная ўрачыстасць. Пасля малітвы» свянцонага велікоднага яйка сямейка «цешыцца ядою».

Раздзел XXV.

«Летнім часам».

У рабоце, у клопаце праходзіць вясна і настае лета. Леснікова сям'я рыхтуецца да касавіцы. Прыходзіць дзень, калі «касцы, ваякі мірнай працы, выходзяць з коскамі на пляцы». Увачавідкі змяняецца наваколле («Эх, скошан луг, — і зніклі краскі, бы тыя чары мілай казкі»). На змену касцам выходзяць «жней чародкі». Пачынаецца пара грыбоў.

Раздзел XXVI.

«Агляд зямлі».

Прайшло ў Парэччы лет нямала;

Яно ж не цешыла Міхала,

Хоць тут мясцінка гожа, міла...

Ды што краса без аўладання?

...Усё гэта — скарбы чужаніцы,

Магната князя Радзівіла...

Міхал не страціў думку-мару пра ўласную зямлю, бо яна «аснова ўсёй айчыне». Як адзначае аўтар, «ён паскупеў і нават значна», пачаў складваць капейку да капейкі.

Міхал і Антось едуць глядзець зямлю. На трэці дзень трапляюць у патрэбнае месца. Гаспадар прыветна сустракае падарожнікаў, тлумачыць, чаму вымушаны прадаваць зямлю («Няма сыноў — няма падмогі»}. Хадыка расхвальвае поле, поплаў. Браты ўважліва прыглядаюцца да ўсяго, сядзіба ім падабаецца. Пасля агледзін пакупнікоў запрашаюць на сняданак. За сталом адбываецца торг, Хадыка і Міхал з Антосем прыйшлі да згоды.

Раздзел XXVII.

«Па дарозе ў Вільню».

 

Дзядзька Антось выпраўляецца ў зямельны банк браць пазыку. У Стаўбцах просіць свайго знаёмага танна падвезці да Вільні. «На паравозе без білета» даехаў да Баранавіч, затым па сходнай цане — да Вільні.

Раздзел XXVIII.

«Дзядзька ў Вільні».

У горадзе дзядзьку многае здзіўляе, яму тлумна і млосна. Распытвае ў паноў дарогу да зямельнага банка.

З цяжкай душой Антось адкрывае дзверы ўстановы: «Забіты дух яго вякамі ўжо чуе страх перад панамі». Па парадзе аднаго селяніна дзядзька афармляе прашэнне, але, каб падпісаць яго, чыноўнік загадвае прыйсці праз тры гадзіыы.

Раздзел XXIX.

«На Замкавай гары».

Дзядзька з новым знаёмым кіруюцца ў горад, каб дзе падсілкавацца. Горад дзядзьку і захапляе, і выклікае непрыязнь, страх. Яму хочацца зірнуць на горад з гары. Антось з Грышкам купляюць білет і шыбуюць на гару.

Сябры на верх гары ўзняліся,

Аж упацелі, засапліся,

I ногі іх спынілісь самі.

А слаўны від перад сябрамі

З гары высокай адчыняўся!

Раздзел XXX.

«Смерць Міхала».

З зямлёю быў вялікі клопат. Дзядзька вяртаўся з паездак «сярдзіты, чорны, як махнуша», злосна кідаў паперы на стол. Потым адыходзіў душой, рабіўся, як заўсёды, «лагодны, добры, клапатлівы, на ўсё спагадны і руплівы». Пачынаў расказваць. Але заканчваў што яшчэ многа трэба вандравання і цяганіны. Міхал стараўся ўсяліць веру («Адзін Міхал і грэў імкненне давесці справу да сканчэння»).

У нейкі момант Міхал адчуў, што цяжка хворы. «Хвароба гэта даўно цягнулася, не з лета, і ў тым была яе сіла, што незаметна налучыла». Ні зёлкі, ні дактары Міхалу не дапамаглі. Гаспадар адчувае блізкі канец, жонка і брат імкнуцца яго падбадзёрыць.

Перад смерцю Міхал апрытомнеў. Апошнія словы, з якімі ён пакідае свет, звернуты да брата:

— Антоська!.. родны мой! канаю...

Перагарэў, адстаў, знікаю...

Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...

Бог не судзіў мне бачыць волі

I кідаць зерні ў свае ролі...

Зямля... зямля... туды, туды, брат,

Будуй яе... ты дай ёй выгляд...

На новы лад, каб жыць нанова...

Не кідай іх...

 

Мастацкія асаблівасці

«Новая зямля» была распачата Я. Коласам у Мінскім астрозе. Пра гэта мы знаходзім у апошнім раздзеле:

I ты, мае апавяданне,

...На свет радзілася бурлівы

Яшчэ далёкаю вясною

За мураванаю сцяною

Ў няволі жудаснай астрога...

Нам былі напісаны раздзелы «Раніца ў нядзельку», «Леснікова пасада», «Смерць ляснічага», «Каля зямлянкі», «Дзядзька-кухар», «Пярэбары», «На першай гаспадарцы». Напачатку твор задумваўся як вершаваная аповесць пра жыццё лесніковай сям'і. Першым напісаным яе раздзелам стаў «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў», пры ўключэнні ў паэму перапрацаваны.

У аснову твора пісьменнік паклаў матэрыял, які ведаў глыбока і дасканала. Прататыпамі герояў «Новай зямлі» з'яўляліся члены сям'і бацькі Якуба Коласа Міхайлы Міцкевіча.

Паэмай Якуб Колас вяртаўся ў краіну свайго дзяцінства, але вяртаўся ўжо сталым чалавекам, які нямала пабачыў свету, шмат над чым задумаўся. Таму мінулае ў творы не проста ўзнаўляецца ў сваіх фарбах, колерах, гуках, але асэнсоўваецца. Разважанняў, роздумаў пісьменніка над жыццём, над лесам чалавека, над узаемаадносінамі паміж людзьмі нямала на старонках паэмы. Вось як, напрыклад, Якуб Колас гаворыць у XVIII раздзеле пра вайну, што пранеслася над яго радзімай:

I ў час вялікі разбурэння

Не сцерпіць нават і каменне

Тваіх палёў, глухіх абшараў...

Каб не заплакаць з таго здзеку,

Што чалавек — звер чалавеку —

Так злосна чыніць, неўспагадна!..

Заканчвалася паэма ў 1919—1923 гг., калі жыццё карэнным чынам мянялася, калі новыя парадкі па сутнасці перакрэслілі той свет, у якім жывуць героі выдатнага коласаўскага твора.

Паэма вызначаецца цэласнай, стройнай кампазіцыяй. Яна пачынаецца разгорнутым усхваляваным аўтарскім адступленнем. Аўтарскія разважанні ў канцы апошняга раздзела скіраваны да праблемы чалавечага шчасця. «Новая зямля» заканчваецца пытаннем;

Прасторны шлях! Калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

I злучыш нашы ўсе дарогі?

Падзеі ў творы разгортваюцца няспешна, знешняе жыццё лесніковай сям'і мае ў сабе мала драматызму, дынамікі. Яно запоўнена штодзённай працай, бытавымі клопатамі. Сапраўднымі падзеямі ў ім становяцца пераезд на новае месца, падгляд пчол, рамонт старога чоўна і г. д.

Сюжэт паэмы звязаны з гадавым каляндарным цыклам жыцця селяніна: вясну змяняе лета, прыходзіць восень, потым зіма. У адпаведнасці з парой года паказваецца працоўная дзейнасць герояў, найбольш важныя святы, якія таксама ўключаны ў гадавы цыкл — вялікдзень, спас, каляды. З гэтага «замкнёнага кола» выбіваецца толькі прадгісторыя Міхалавай сям'і (раздзел «На першай гаспадарцы») і часткі, у якіх гаворка ідзе пра смерць ляснічага, куплю зямлі.

У паэме няшмат герояў, аднак аўтар здолеў паказаць жыццё селяніна ва ўсіх яго ўзаемасувязях — светапоглядных, духоўных, маральных, побытавых. Паказаць будні і святы, працу і адпачынак, радасць і гора, сувязь з мінулым і памкненне ў будучыню. «Новую зямлю» справядліва называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства канца мінулага стагоддзя.

Праўдзіва, псіхалагічна глыбока раскрыты ў паэме вобразы галоўных герояў Міхала, Антося, Ганны, сумленных, дбайных, руплівых працаўнікоў. Сярод дзіцячых вобразаў найбольш ярка паказаны Костусь, хлопчык з чыстай паэтычнай душой.

Дзякуючы майстэрству Якуба Коласа адным-двума трапнымі штрышкамі абмаляваць чалавечы характар запамінаюцца вобразы другога і трэцяга плану — дзеда Юркі, Хадыкі, аб'ездчыка «Памдзея» і інш.

Павольнае, ціхае жыццё сям'і лесніка напоўнена ўнутраным драматызмам. Сумленныя, працавітыя, гаспадарлівыя, разумныя людзі апынуліся ў залежным становішчы. Не дабрабыт, спакой у многім звязаны з настроем пана ляснічага.

Прыніжанасць свайго становішча асабліва адчувае Міхал, бо ён служыць лесніком, яго ганьбіць і бэсціць пан. «Ды будзь ты тры разы праклята і служба панская і ласка, і доля вечная падпаска!» — падобныя думкі ўвесь час снуюць у галаве героя. Таму Міхал шукае выйсце. Менавіта яму светлым маяком у будучыні бачыцца свая зямля, свой кут.

Зямля не зменіць і не здрадзіць

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне, —

да такой высновы прыходзіць герой твора.

У якасці платы за лесніковую службу Міхал мае хату і кавалак зямлі. Сям'я яго, дзякуючы працы і дарослых, і дзяцей-падлеткаў, матэрыяльна забяспечаная. Актыўнасць лесніковай сямейкі за сталом («Раніца ў нядзельку») гэта актыўнасць людзей не згаладалых, а занятых фізічнай працай. Кожны з іх, за выключэннем хіба самых малых, што і сядзяць пакуль асобна, да стала прыйшоў з лесу, з поля, з рэчкі. Ядуць яны і ў ахвоту, і уволю. Міхала турбуе не кавалак хлеба, а няпэўнасць, што вісіць над ім і сям'ёй: пан можа «ў кожную хвіліну ...пагнаць, як скаціну». Міхал баіцца страціць службу, бо пераканаўся, што знайсці іншую няпроста. З-за гэтага, пакутуючы душой, герой не адзін год церпіць несправядлівасць і прыніжэнне. I чым цяжэй яму на панскай службе, тым мацней жаданне вярнуцца да сялянскай працы, стаць гаспадаром.

Якуб Колас вельмі добра ведаў псіхалогію селяніна, паказваючы імкненне Міхала займець свой кут. Для шчасця яго герою трэба не так і шмат: жыць на зямлі з працы сваіх рук, нікому не кланяцца, ні перад кім не гнуцца. Аднак Міхал памірае не дасягнуўшы мэты. Тут пісьменнік не пайшоў за аўтабіяграфічным матэрыялам. Яго бацька купіў зямлю і змог пахадзіць па ёй з плугам і сяўнёй. Смерць галоўнага героя ў паэме невыпадковая. Тым самым пісьменнік падкрэсліваў ілюзорнасць спадзяванняў селяніна з дапамогай кавалка сваёй зямлі «з панскіх выпутацца пут».

Драматычнае змаганне Міхала за чалавечую годнасць і незалежнасць галоўная, але не адзіная сюжэтная лінія твора. Побач з гэтым паказваецца спасціжэнне чулай дзіцячай душой таямніц прыроды, прыгажосці і штмагалосся жыцця (раздзелы, героямі якіх з'яўляюцца дзеці).

Услед за Міхалам, Ганнай, Антосем, Костусем, Алесем паўнапраўнымі героямі паэмы паўстаюць беларуская прырода і сялянская праца. Найчасцей яны неадлучныя, бо праца на зямлі — гэта ўзаемадзеянне чалавека і прыроды:

Прыйдзі пад вечар ты на поле

I палюбуйся ім, саколе!

Ў якія роўныя шнурочкі

Цяпер пакладзены снапочкі!

I як прыгожа-слаўны бабкі!

Якія ладныя ў іх шапкі!

Шмат месца ў творы займаюць апісанні прыроды, якая падаецца шматпланава і шматбакова. Героі «Новай зямлі» жывуць у лесе, зразумела, «лясных» карцін найбольш у паэме:

Старыя хвоі і яліны

Далёка кінуўшы галіны

Глядзелі хораша, любоўна...

Альбо:

А знізу гэты лес кашлаты

Меў зелянюсенькія шаты

Лазы, чаромхі ці крушыны,

Алешын ліпкіх, верабіны.

Лес — гэта не толькі дрэвы, кусты, а і жывёлы, птушкі. Пра Не таксама не забываецца аўтар:

Цяпер глушэц, як на далоні,

Сядзіць бы шула, у заслоне

Хваёвых лапак, хвост мятлою,

Як бы любуецца сабою,

Балбоча, крэхкае і свішча...

Н Канкрэтна і вобразна, у самых розных ракурсах, у самыя розныя поры года, гадзіны сутак, надвор'е паўстаюць на старонках твора таксама луг, поле, рэчка. Прырода ў паэме выконвае розныя ідэйна-эстэтычныя функцыі. Яна з'яўляецца тым асяроддзем, у якім жывуць героі. Лес, поле, рэчка, сенажаць — без гэтага фону цяжка ўявіць Міхала, Ганну, Антося, Костуся.

Багацце, шматколернасць, прыгажосць беларускай прыроды выступае антытэзай сацыяльнай тэмы твора. Вольная, гарманічная прырода — і залежны, прыніжаны чалавек, раздолле палёў, лясоў, лугоў — і нялюбая, цяжкая служба . селяніна за кавалак хлеба.

У паэме паэтызуюцца не толькі карціны сялянскай працы (касавіца, жніво, малацьба), але і прылады, рэчы, якія акружаюць чалавека, зробленыя яго рукамі. Пад пяром пісьменніка высокай паэзіяй становяцца такія звычайныя, будзённыя з'явы, як снеданне ці вячэра, падмазванне калёс, падрыхтоўка да касьбы і г. д.

Самыя розныя мастацкія сродкі аўтар «Новай зямлі» скіраваў на тое, каб паказаць жыццё селяніна канца XIX ст. не толькі цяжкім, але і значным, поўным паэзіі і глыбокага зместу.

 

 

 

Кароткі змест Сымон-музыка

Частка першая

У сваёй сям'і Сымонка адчувае сябе лішнім. Бацькі яго ўвесь час папракаюць, што не такі, як усе, што «грэх адзін з ім, адно гора». Вясковыя дзеці таксама не прымаюць у свой гурт. Хлопчык палюбіў адзіноту.

На каменьчык сядзе ў збожжы,

Не схіснецца і маўчыць,

Ловіць сэрцам спеў прыгожы,

Як жытцо загаманіць,

Як зазвоняць, заіграюць

Мушкі, конікі, жучкі...

Калі крыху набралася гадкоў, Сымонка пачаў ганяць у поле жывёлу. Пасябраваў з гуртавым пастухом дзедам Курылам («Слаўны дзед, дзядок — душа, гаваркі, мастак на словы. I любіў ён малыша!»).

Аднойчы Сымонка пачуў, як гралі дудары.

Слухаў хлопчык тое гранне,

Пад сабой не чуў зямлі,

Бо ў тых зыках чаравання

Спевы ўласныя плылі,

Струны сэрца ў ім дрыжалі...

Запалонены гукамі музыкі, Сымонка забыўся і на авечак, «шкоды ў полі нарабіў», за што дасталося яму ад бацькоў і ад суседзяў. Дзед Курыла падарыў хлопчыку дудку, сэрцам адчуўшы ў ім музыку.

Калі Сымонка выходзіў у поле і пачынаў іграць («жальбу сэрца выяўляць»), серп застываў у руках жней.

Сымонка расказвае дзеду «Песню аб званах». Сярод званоў на званіцы быў адзін незвычайны, чуллівы. Струны яго ніколі не маўчалі, адгукаліся на ўсё, што было вакол, але «прарэзлівым бразгатаннем спеў яго глушылі звоны і сціхалі з насмяханнем». У няроўным змаганні «надарваўся звон чуллівы, змоўклі песень пералівы».

Курыла памёр («згас стары дзядок без болю»). Адзіны, хто горка плакаў па ім, быў Сымонка. Перад смерцю дзед аддаў свайму малому сябру скрыпку і смык — багацце, што справіў за свой доўгі век, наказваючы:

З скрыпкай збудзеш свае гора,

З ёю ты ўжо не адзін;

Скрыпка — хлеб твой і апора,

Дык шануй яе, мой сын.

Сымона са скрыпкай пачалі запрашаць на вячоркі, на яго «нават дома ...сталі йначай пазіраць». Хлопчык не вельмі ахвотна «граў «кадрылі», «кавалі»», яму быў больш блізкі «свет смутку».

Позняй восенню на авечак у полі напаў воўк, хлопчык не мог абараніць жывёлы. Бацька ў злосці прагнаў сына з хаты. Потым яго гукалі, клікалі дамоў, «ды Сымонка не вярнуўся, слыху-голасу не даў».

Частка другая

Сымонка забрыў на магілку дзеда Курылы, тут даў волю адчаю і слязам. На могілках хлопчык вырашае не вяртацца дамоў «здзек цярпець», а ісці ў свет, хоць ён бясконцы і чужы.

Блукаючы па наваколлі, Сымонка сустрэўся са старым жабраком. Дзед той быў «страшны, бледны, абарваны, жыцця пасынак, бядак». Стары прапанаваў хлопчыку ісці разам, «яго шляхам».

Шлі яны ад хаты к хаце,

З вёскі ў вёску, з краю ў край,

У сярмяжках — латка ў лаце,

З адным толькі словам — дай!

Слухаючы Сымонаву скрыпку, людзі давалі жабракам больш шчодра («Грош завёўся ў дзеда ў латах — дапамог Сымон яму...»).

Досыць хутка хлопец пераканаўся, што «дзед залішне скупават», што ён круцель і хлус. Стары вучыць Сымона: «Зверам будзь сярод звяроў, між авечачак — ягняткам» — толькі так можна жыць сярод людзей. Расказвае яму казку пра варону, якая захацела стаць арліцай, лебедзем, ды нічога ў яе не атрымалася, бо «ёй прызначан сметнік».

Ратуючыся ад навальніцы, дзед і Сымон трапілі на хутар. Выгляд хлопчыка («Загарэў, бядак, ад сонца, твар лушчыўся і ліняў, і мізерна так бясконца гэты хлопчык выглядаў!») выклікаў спачуванне ў гаспадароў. «З-за ласкавага слоўка» гаспадыні, пачутага ўпершыню, Сымонка заплакаў наўзрыд. Потым Сымон пачаў іграць на скрыпцы. Гаспадары ўражаны музыкай. Запрасілі жабракоў за стол. Сымон, граючы, заўважыў «пару ясненькіх вачок», дачку гаспадароў.

Дзеда і Сымона пусцілі начаваць у клуню. Хлопец не можа заснуць, уражаны хараством, ласкавасцю выгляду дзяўчынкі. Музыка просіцца з душы.

Ганна выходзіць на Сымонава гранне. Хлопец расказвае пра свае жыццё і казку пра непрыкметны дубок, якога крыўдзілі мацнейшыя. Дубок зрабіўся песняром.

I спяваў ён так прыўдала

У той час, як свет сціхаў,

Што аж неба замірала,

I зямля ўся замаўкала.

Злыдні ссеклі «дзіва-дрэва». Ішоў тым месцам падарожны, зрабіў з дрэва дудку і адправіўся з ёй жабраваць. Але дудка іграла ўжо не так прыгожа. Заспявае яна па-ранейшаму, калі пачуе волю.

Ганна нечакана пацалавала Сымона і знікла.

Частка трэцяя

Дзед кліча Сымона ў дарогу, але таго нідзе няма. Сымон, сагрэты чалавечай ласкавасцю, перажывае вялікае ўзрушэнне:

Ён цяпер, бы на граніцы,

...Па адзін бок — блеск дзянніцы,

Па другі — цьма, дзе ён жыў.

Ён паверыў, што можа здабыць долю. Вольны, як птушка, кіруецца ў свет.

Натрапіў на карчму Шлёмы. Убачыўшы хлопца са скрыпкай, людзі папрасілі сыграць. Насыпалі Сымону ў шапку грошай, наклалі на стол ежы за добрую музыку. Шлема прапанаваў застацца ў яго. Сымон згадзіўся. Стаў найперш хлопчыкам на паслугах: «Ён па воду, ён па дровы, ён і ў пограб і ў салаш». Перад святамі зімой Сымон «да трэціх пеўняў граў». Каб Сымон ахвотней дапамагаў на кухні, Шлема «смык і скрыпку адабраў».

Хлопец разумее, што хітры Шлема «скрыпку ўзяў у палон», каб ён не збег. Сымон думае, як вырвацца на волю. Дапамагае выпадак. Шлема і яго вялікая сям'я шукаюць батрака Яхіма з канем. Сымон вызваляе скрыпку і пакідае карчму.

На наступную раніцу ў лесе сустракае Ганну, яна збірала суніцы.

Дзяўчына запрашае яго зайсці да яе бацькоў. Сымон абяцае, але не цяпер, цяпер ён хоча «дом пабачыць». Ганна просіць на развітанне паіграць.

Частка чацвёртая

 

Ганна развітваецца з Сымонам. Нечакана з'яўляецца пан і пытае, хто тут нядаўна іграў. Ён загадвае Сымону ісці за ім. Ражком склікае з лесу іншых паноў-паляўнічых і просіць хлопца «паіграць, як ты іграў!».

Сымон трапіў у замак князя.

Зашчымела сэрца болем:

Зноў чыясь чужая воля,

Улада новых абцугоў!

Пасля снедання пан Галыга ўстроіў экзамен «сыну торбы і зямлі». Талентам Сымона капельмейстар здзіўлены. Хлопец просіць Галыгу навучыць чытаць ноты, той нічога не адказаў, адправіў Сымона ў сад, нагадаўшы, каб помніў, хто ён ёсць.

Замак Сымона прыгнятае. Ён задумваецца, адкуль Князёвы багацці:

Чые рукі з мазалямі

Тут зняслі свае дары?

Потам, кроўю і слязамі

Сцамантованы муры!

У парку Сымон сустракае дзеда Данілу, які ў час палявання выратаваў князю жыццё і той узяў яго вартаўніком, хоць дзеду «больш быў мілы бор палескі, родны бор».

Даніла расказвае, што ў парку адбываецца штосьці дзіўнае: «Хтось цярэбіць тут дарогу... Будзе змена, будзе змена!»

Сымон пытаецца, хто ў свеце размяркоўваў багацці і «дзяліў несправядліва». Дзед адказвае, што «на ўсё ёсць свая часіна... Ёсць у свеце розум нейчы, ён і піша ўсім законы». Сымон не згодны пакорліва чакаць:

Ой, не, дзедку: проціў сілы

Можна ставіць толькі сілу,

Калі хочаш ты ўстаць з пылу...

Дзед мудра зазначае, што хлопец у замак трапіў не па сваёй волі і сваё змаганне адклаў да пары. Просіць Сымона сыграць. Запрашае хлопца жыць да сябе, бо не любіць «псярні панскай».

Даніла знаёміць з паданнямі замка. Разам слухаюць стук сякеры ў парку. Гэты стук чутны кожную ноч, але ніколі дзед не бачыў ні зваленых дрэў, ні парубак.

Частка пятая

У замку ладзіцца банкет. Падгуляўшы князь загадвае падаць «музыку-хлапака».

Ён зайграў, і струны горка

Адклікаліся — гулі,

Аддавала іх гаворка

Гневам-крыўдаю зямлі...

Князь спытаў, што музыкай хацеў Сымон сказаць. Хлопец расказвае казку. Паміраў дуб, адна была на ім маладзенькая галінка, а на ёй жалудок. Паны спыніліся баляваць пад дубам, хвалячыся паляўнічым спрытам, збілі галінку з сынком-жолудам. Але вырасце з жолуда ў гаі дуб, «бура ўсходзіцца, завея», хто «зло-няпраўду сее, пажынае ліха». Сымон гаворыць, што князь «не мае волі-ўлады вольнай думцы даць парады».

Сымон жыў надзеяй, што паны навучаць «чытаць кнігі, ноты тыя разбіраць». Рашыўся прасіць аб гэтым Галыгу. Той нагадвае, што хлопец надта смела трымаўся з князем, што за такія штукі ў мех садзяць...

Вось затым сама прырода

Вас пускае слепаком,

Каб з вас менша была шкода.

Раз мужык — будзь мужыком, —

такі прысуд пана капельмейстра.

Сымону стала ў замку невыносна, душа прасіла волі. Князь выпадкова быў забіты, у замку пасяліўся страх. У навальнічную ноч дзед Даніла і Сымон пакідаюць замак.

Ганна чакае Сымона, яна вырасла ў вельмі прыгожую дзяўчыну. Маці раіць дачцы выкінуць музыку з галавы («Ён— вандроўнік, ён — жабрак, сам без хлеба, сам без хаты...»), згадвае гаспадарскага сына Кандрата.

Дамянік пабіўся з хлопцамі на заклад «сэрца Ганны паланіць», але праз нейкі час сам усур'ёз закахаўся. Ідзе да варажбіткі, каб тая дапамагла ў бядзе. Варажбітка адмовілася, бо паміж ім і дзяўчынай «хтось мілейшы ёй стаіць», з якім разлучыць толькі смерць. Дамянік не паверыў:

— Чмуціш ты і лжэш старая:

 

Гвалтам я яе вазьму!

Ён падпільнаваў Ганну ў полі. Дзяўчына кінулася ўцякаць, упала ў яміну, што яе ўратавала. Позна ноччу Ганну знайшлі непрытомнай.

Сымон развітаўся з дзедам Данілам і пайшоў да Ганны. Каля хаты сустрэў журботную Ганніну маці. Жанчына расказвае пра сваё гора:

Наша Ганна навек хвора!

Збіла краску, бы марозам, —

Памяшаўся яе розум.

Сымон просіць паказаць дзяўчыну.

Ён глядзіць ёй пільна ў вочы,

Бы увесь жар, агонь цішы,

Перанесці ў мыслі хоча

Яе зломанай душы.

Ганна ўпала ў глыбокі сон. Сымон сядзіць ля яе. Потым бярэ скрыпку. Дзяўчына прачынаецца, пазнае Сымона, але яе поўніць страх. Пад светлую Сымонаву казку яна зноў заснула. Узыходзіць сонца і асвятляе спакойную, з усмешкай на вуснах Ганну.

Пайшоў Сымон сваёй пуцінай...

Панёс ён людзям песень дар...

Рука ў руку з ім і з ахвотай

Дзяўчына мілая ішла...

I не кранала іх журбота,

Не засмучала іх імгла.

Мастацкія асаблівасці

Над паэмай «Сымон-музыка» Якуб Колас пачаў працаваць у 1911 г., знаходзячыся ў астрозе. Першы варыянт паэмы быў закончаны ў 1918 г., другі, датаваны 1923 г., аказаўся згубленым. У 1925 г. паэт зрабіў трэцюю рэдакцыю твора.

«Сымон-музыка» займае адметнае месца ў нашай літаратуры, літаратуры традыцыйна сялянскай, вясковай. Героем яе з'яўляецца мастак, музыка-самародак, для якога шырокі навакольны свет — гэта свет гукаў, таемных чароўных вобразаў. Пісьменнік даследуе працэс творчасці, паказвае нараджэнне майстра.

Пазначаныя вялікім талентам асобы заўсёды выключэнне. У іх сваё жыццё, часта далёкае ад таго, якім жывуць людзі звычайныя. Пра адметнасць творцы гаварыў Янка Купала вобразамі Гусляра (паэма «Курган») і Данілкі (драма «Раскіданае гняздо»), Гэтую адметнасць падкрэслівалі песняры новага часу Язэп Пушча (паэма «Сады вятроў»), Максім Танк (паэма «Люцыян Таполя»).

У паэме Якуба Коласа многія сітуацыі пераклікаюцца з творамі Купалы. Так, яго музыку таксама прымушае князь весяліць сваіх гасцей. Сымон грае на скрыпцы, а пасля пераводзіць гукі музыкі на словы, выказваючы блізкую да Гусляровай думку:

Князь магутны, асвячоны,

Скарбы ў князя незлічоны;

Аднаго ж і князь не можа,

...Князь не мае волі-ўлады

Вольнай думцы даць парады.

Думка ходзіць, дзе захоча:

Ад зямлі да зор і сонца

Няма думкам забаронцы.

Думка праўду кажа ў вочы

I вялікім і малому —

Гора будзе твайму дому!

Князь не карае музыку за дзёрзкасць так, як гэта адбываецца ў паэме Купалы. Сымон пакараны па-іншаму, больш цывілізаванымі сродкамі: менавіта пасля балю пан Галыга адмаўляе яму ў навучэнні нотнай грамаце («Вось затым сама прырода вас пускае слепаком, каб з вас менша была шкода»).

Узростам, паводзінамі Сымон блізкі Данілку («Раскіданае гняздо»). Данілка таксама быццам лішні ў сям'і, адзіны яго занятак і інтарэс — скрыпачка, якую ён майструе на працягу амаль усяго дзеяння. Купала не паказвае, што хлопчыка ўшчуваюць і «выхоўваюць» так, як Сымонку. Аднак пра многае гаворыць згадка ў творы, што першую Данілкаву скрыпачку бацька пасек.

Якуб Колас раскрывае складаныя ўзаемаадносіны мастака і народа. Неразуменне, нават непрыманне таго асяроддзя, дзе нарадзіўся, Сымон будзе адчуваць не толькі ў дзяцінстве. Так, дзед Даніла не разумее, навошта хлопцу навука.

Кінь ты, хлопча, абэцадлы!

Лепей плюнь на іх, эге ж!

Кнігі розум сушаць, падлы:

У сухоты ты ўпадзеш! —

гаворыць ён Сымону. Маці наказвае Ганне «пільнавацца» не вандроўніка, жабрака, а «гаспадарскага сына».

У сваёй масе народ не дарос пакуль да разумення Сымонавай музыкі, яму патрэбны «кадрылі», «кавалі». Сымона ж вабіла іншае. Яшчэ жывучы з бацькамі,

Біў ён больш на лад маркотны,

Дзе пакутаю зямлі

Аддаваўся спеў гаротны,

Слёзы жаласці цяклі,

I дзе чуўся жаль, уціскі,

Крыўда, гора бедака...

Проста весяліць сваім граннем п'яных сялян у Шлёмавай карчме ці выпешчаных паноў і паненак у Князевым замку Сымон, ніці душы якога злучалі «гук пярунаў з немым голасам цішы», не хацеў.

Разам з тым Сымон нарадзіўся ў сялянскім асяроддзі і выступае выразнікам яго інтарэсаў і памкненняў. У замку ён ні на хвіліну не забываецца «якога роду-племені»,вачыма селяніна аглядаючы і ацэньваючы багацці князя.Там, у замку, ён выразна зразумеў свае жыццёвае прызначэнне:

Песні будзе ён складаць,

Ён людзей дабром атуліць,

Каб палёгку людзям даць.

Сімвалічнай з'яўляецца сцэна ў творы, калі дзед Курыла аддае Сымонку самае дарагое, што набыў за свае доўгае жыццё, — скрыпку, а сам памірае. Дзед з'яўляецца носьбітам народнага мастацтва. Сымон, абапіраючыся на гэтае мастацтва, павінен ісці далей, дасягнуць новага, больш высокага ўзроўню і ўздымаць да яго народ. Музыка праходзіць шляхі, вядомыя таленавітым самавукам з народа — жабрацтва, карчма, панскі палац, — але ніводзін з іх яго не задавальняе, ён не адчувае сябе свабодным.

Яго шлях складаны і нязведаны, па якім ідуць адзінкі. У першапачатковым варыянце паэмы Якуб Колас паказваў, што таленавіты чалавек з народа абавязкова знойдзе свой шлях. Пазней Сымонаў лес паўстаў як шчаслівае выключэнне. Ва ўмовах паднявольнага жыцця, у штодзённай барацьбе за кавалак хлеба цяжка нарадзіцца і ацалець свабоднаму мастацтву, таму паэт пісаў:

Колькі талентаў звялося,

Колькі іх і дзе ляжыць,

Невядомых, непрызнаных,

Неаплаканых нікім,

Толькі ў полі адспяваных

Ветру посвістам глухім!

Паэма «Сымон-музыка» мае арыгінальную пабудову. У ёй арганічна пераплялося рэальнае, звычайнае, з незвычайным, рамантычна прыўзнятым. Да апошняга належыць, напрыклад, уздзеянне Сымонавай музыкі на людзей і прыроду:

Льюцца гукі ў лясной цішы

Срэбраплынным ручайком;

Лес замер, стаіць, не дыша,

Не варушачы лістком;

Прыпынілі спевы птушкі —

Скрыпцы ім не ўзяць у тон...

З дапамогай музыкі Сымон вяртае да жыцця Ганну.

Вялікая нагрузка падае ў паэме на лірычныя адступленні, у якіх гучыць як захапленне прыгажосцю роднага краю, так і роздум над самымі рознымі жыццёвымі з'явамі. Некаторыя з іх маюць форму алегарычных прытчаў, нагадваюць «казкі жыцця» Якуба Коласа.

Тры раздзелы паэмы пачынаюцца з сімвалічнай ці алегарычнай прытчы, якая звязана з лесам героя. Жыццё Сымонкі ў роднай сям'і (першы раздзел) асацыіруецца з «лістом на дрэве», які марна гіне, бо непадобны на іншых. Гісторыяй блукаючага промня аўтар гаварыў пра складанасць пошукаў творцам свайго шляху (другі раздзел). Сэнс прытчы пра агонь (пачатак чацвёртага раздзела) у тым, што мастак не можа існаваць сам па сабе, ён творыць для людзей:

Гарэў агонь, былі тут людзі,

Вянок плялі яму з галін.

Цяпер загас ён тут адзін.

Паглыбляюць змест твора ўстаўныя часткі — песня аб званах, казкі пра варону-хвальбону, заняпалы дубок, пра лілею і пташыну-песняра і інш.

 

 

 

Кароткі змест Калядны вечар

Сцішаны, прыбраны белым інеем лес, здавалася, таксама рыхтаваўся сустрэць каляды. За дзень перад куццёю ляснік Тарас выправіўся ў горад. Кожны год яму даводзілася ездзіць туды напярэдадні свята, вазіць гасцінец «замкавым панам ад пана ляснічага». Але Тарасу гэты абавязак быў прыемны, бо, вяртаючыся назад, ён забіраў з семінарыі сына. Паўлюк, бацькава гордасць, вучыўся апошні год.

Тарасава сям'я рыхтавалася да свята. Самая важная праца была ў такі дзень у хаце. Лава проці печы ужо застаўлена рознымі стравамі. У покуце на сене важна стаяў гаршчок з куццёй. Усе, дарослыя і дзеці, стараліся трымацца паважна. I ўсе чакалі Тараса з Паўлюком. Дзядзька Андрэй зрабіў пляменніку прыгожую шафку для кніг. Маці паклапацілася пра мяккую чыстую пасцель. Брат Андрэй расстараўся другую стрэльбу, каб разам схадзіць на паляванне. Малыя Пятрусь і Міхась вывучылі ўсе літары — Паўлюк ім за гэта абяцаў прывезці кніжак з малюнкамі.

Хлопчыкі, забраўшыся ў цёмны кут, гаварылі аб вячэры. Пятрусь раіў браціку не накідацца. на ежу адразу, бо маці будзе падаваць шмат смачных страў. Алесь прынёс зялёную, купчастую ёлачку і яе паставілі каля стала.

На дварэ забрахаў сабака. Да воза выйшлі дзядзька Андрэй і Алесь. Аднак тыя, хто прыехаў, чамусьці ў хату не спяшаліся. Нарэшце дзверы адчыніліся і на парозе з'явіўся адзін Тарас. Твар яго быў хмуры. «У турме наш Паўлючок!» — як стогн вырвалася з бацькавых грудзей. «I ў хаце стала яшчэ цішэй, яшчэ нудней».

 

 

 

Кароткі змест Малады дубок

Ляснік Максім Заруба заўважыў у сваім абходзе ссечаны дубок. Ён прыкрыў сляды пакражы. Дома прыслухоўваўся да ўсяго. Душу гняла трывога.

Андрэй Плех даўно прыкмеціў мадады дубок, разважыў, што з яго можна зрабіць. Улучыўшы момант, Андрэй з сякерай адправіўся ў лес. Пераадольваючы страх, паваліў дрэва, падзяліў на патрэбныя кавалкі, завёз іх дамоў. Ноччу прысніўся яму ляснік Максім. Ён папракаў, што Андрэй адабраў у яго кавалак хлеба. З Максімам у маладосці яны сябравалі.

Аб'ездчык павёў Максіма ў лес паказаць свежы пень. Пачаў лесніка абражаць і лаяць. Максім абразы не стрымаў і кінуўся на аб'ездчыка.

Андрэй надзейна прыхаваў кавалкі дрэва. Праз два дні сваяк паведаміў, што Зарубу гоняць са службы. Плех вырашыў пазбыцца крадзенага, выкінуў камлюкі ў Нёман. Аднак на душы спакайней не стала.

На месцы былой карчмы ў гурце мужчын Андрэй убачыў Максіма. Прызнаўся таму, што ссек дубок. Заруба адказаў на гэта, што яго споведзь нічога не мяняе.

Андрэй пайшоў у лясніцтва. Ляснічы, здзіўлены ўчынкам Плеха, разважыў: «Вось жа не буду ні штрафаваць, ні ў суд падаваць, калі ты гэтага просіш. А Максіма не прыму, бо ён забіяка, разбойнік». Як ні прасіў Андрэй, ляснічы рашэнне наконт Максіма не змяніў.

Вяртаўся Плех з лясніцтва паспакайнелы. Успомніў казку, якую ў шчаслівыя гады дзяцінства чуў ад бабкі. Ідучы берагам Нёмана, ён прыглядаўся, быццам чагосьці шукаў.

 

 

Кароткі змест Хмарка

Казка пачынаецца эпіграфам, радкамі верша Янкі Купалы: «Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі».

Ціхім летнім ранкам нарадзілася Хмарка. З вышыні ёй здавалася ўсё на зямлі прыгожым і шчаслівым. Не заўважала, з якой надзеяй пазіралі на яе каласкі пажоўклага жыта. Радасная, светлая Хмарка плыла ўсё далей і далей. Пад вечар апынулася сярод высокіх гор. Скала спытала Хмарку, што тая бачыла. Хмарка пачала гаварыць пра шчаслівае жыццё на зямлі. Арол не пагадзіўся з ёй: «Там палі выплакалі апошнія слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслівая Хмарка! I цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго назначаліся слёзы, каб радзіць цябе на свет для бадзяння па чужых краях...»

Паплыла далей Хмарка, але яна ўжо не адчувала сябе шчаслівай. Доўга хадзіла па свеце і нідзе не было ёй супакою. Нарэшце вярнулася туды, дзе нарадзілася. «Пажоўклыя палі, сухія травы, пагарэлая збажынка гаротна віталі Хмарку». Зажурылася яна, пацямнела і заплакала.

Стары Дуб сказаў Буслу, каб той моцна наказаў дзецям не бадзяцца дарэмна па свеце, у родным кутку работы хопіць кожнаму.

 

 

 

Кароткі змест Крыніца

Доўгія гады крынічка частавала ўсіх жывых істот найчысцейшай вадой, ля яе кіпела жыццё. Тара, якая дала ёй жыццё, пазірала на крынічку з любасцю маці. Аднойчы гара сказала, што чакаюцца вялікія перамены, якія могуць змяніць лес крынічкі, павярнуць яе ў іншы бок. Дачку словы маці-гары не спалохалі, а толькі зацікавілі, яна даўно ўжо хацела паглядзець на іншы свет. Гара перасцерагае крынічку, што «сярод чужынцаў яна згубіць свой воблік, сатрэцца з твару зямлі». Калі ж крыху пачакае, то ў родным краі злучыць сваю ваду з вадой іншых крыніц. «Тады б вы сталі магутнай ракой, і ў гурце вам не страшна было б каціцца ў свет: вас ніхто не адалее, і вы не страціце сябе на чужыне. Вы б ажывілі ўвесь гэты край, ён стаў бы багатым на зайздрасць чужынцам», — гаворыць маці-гара.

Здрыганулася зямля і на шляху крынічкі лягла цяжкая глыба. Крынічка спалохалася і пабегла ў іншы бок. Асірацела маці-гара. Нядаўна шумлівае і вясёлае месца, дзе цякла крынічка, пачало заміраць і глухнуць.

Лясны жаваранак, які адзін не пакінуў старую гару, сказаў, што да яе прыйшлі дарагія госці.

На купінах сіўца, як слёзы, блішчалі буйныя кроплі расы — часткі крынічкі, што падалася ў свет. Кроплі прасілі даравання ў маці-гары, расказалі пра сваё бадзянне. Гара ж прамовіла: «За тое, што вы не паслухалі свае маткі і кінулі сваю радзіму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце і ніколі не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках...»

Прыгрэла сонейка, заззялі і зніклі кропелькі расы.

 

 

 

Кароткі змест Стары лес

Цэлыя вякі жыла пушча згодна і шчасліва. Аднойчы з аднаго берага на другі трапіла насенне старой, усімі паважанай ліпы. На семя асіна наўмысна скінула тоўсты сук, а потым побач з ім апусціла сваё насенне. Пакуль ліпавае насенне выбівалася з-пад сука, асіна ўзышла і заглушыла ліпку.

Дзяцел расказаў пра гэта старой ліпе. Высокі вяз, крэпкі граб уступілі ў размову, пацвярджаючы, што ўжо не першы раз так робіцца на другім баку рэчкі.

Глуха зашумела пушча. Шум перакінуўся за рэчку, у другую частку лесу. За доўгія гады сумеснага жыцця назбіралася шмат крыўды і нянавісці. У спрэчку ўступілі звяры і птушкі, якія прынялі бок сваіх берагоў.

Страшная бура завыла над пушчай. Пачалі трашчаць крохкія асіны, падаць яліны. Сашчапіліся два асілкі: магутны дуб з таўшчэразным вязам, якія добрымі суседзямі стаялі многія дзесяцігоддзі па розныя бакі нешырокай рэчкі. Не вытрымаў, упаў стары вяз. Помсцячы за смерць бацькі-вяза, уключыліся ў бойку ўсе яго суседзі. На абарону дуба ўстала супрацьлеглая частка лесу. Дзень і ноч білася пушча. Пасля пабоішча ўсё ў лесе гаварыла пра разбурэнне і смерць.

Прыйшла вясна. Плакалі рэдкія ацалелыя дрэвы над нежывымі сваякамі, знаёмымі. «I нашто была нам тая трасяніна?» — казала рэшта знявечанай пушчы. Хвоі абвінавацілі ва ўсім рэчку. «Ну і ўцешцеся, калі знайшлі вінаватага!», — адказала сярдзітая сойка.

 

 

Кароткі змест Балотны агонь

Бярозка, заціснутая з усіх бакоў старымі дрэвамі, не бачыла сонца, рэдка калі патыхаў на яе свежы ветрык. Была ў яе адзіная ўцеха: ноччу глядзець на далёкі бледны агонь.

Абуджаны начнымі грымотамі вяз спытаў у бярозкі, чаму яна не спіць. Потым патлумачыў, што яна бачыць не агонь, што гэта свецяцца ўначы гнілякі.

Расчараваная бярозка стала сумаваць і тужыць. Цяпер у яе жыцці не было ніякай радасці.

Дрэвы, якія чулі размову вяза з бярозкай, доўга шумелі, але так і не прыйшлі да згоды, ці добра зрабіў вяз, развеяўшы «прыгожы туман зменнага шчасця беднай бярэзінкі».

Мастацкія асаблівасці

Якуб Колас з'яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Апавяданні побач з вершамі ён пісаў з першых крокаў у літаратуры. Так, у першым нумары «Нашай долі» пісьменнік дэбютаваў вершам «Наш родны край», у другім — апавяданнем «Слабода».

Героямі многіх ранніх апавяданняў Я. Коласа з'яўляюцца праўдашукальнікі, натуры рашучыя, смелыя, якія выступаюць супраць існуючых парадкаў. Досыць шырокае ўзнаўленне ў творах знайшла тэма рэвалюцыі 1905—1907 гг.

Апавяданне-замалёўка «Калядны вечар» — ранні твор празаіка. У той час, калі ён пісаўся (1907), аўтару не трэба было тлумачыць, за што апынуўся ў турме Паўлючок. Пасля падаўлення царызмам рэвалюцыйнага ўздыму народа пачаліся рэпрэсіі. У турму траплялі лепшыя, хто не хацеў мірыцца з несправядлівасцю і прыгнётам. Самы шырокі водгук рэвалюцыйныя падзеі мелі ў асяроддзі моладзі.

Арышт Паўлючка для ўсёй сям'і нечаканае вялікае гора і вялікая несправядлівасць. Бацька, маці, браты разумеюць, што іх Паўлючок не мог нікому нічога дрэннага зрабіць. Такім чынам Я. Колас паказаў далучэнне да падзей рэвалюцыі простых, далёкіх ад палітыкі людзей. Пра тое, што адбываецца ў краіне, у апавяданні нічога не гаворыцца. Па сутнасці ўсю мастацкую плошчу твора займае апісанне каляднага вечара. Аўтар расказвае, што робяць у апошнія перадкалядныя гадзіны члены невялікай і дружнай лесніковай сям'і. Асаблівую паэтычнасць, казачнасць святу і падрыхтоўцы да яго надаюць вобразы малых хлопчыкаў з іх верай у незвычайнае і наіўным дзіцячым практыцызмам (не наядацца адразу, а чакаць самых смачных страў). Святочны настрой герояў твора ўзмацняецца прадчуваннем радаснай сустрэчы з блізкім і любым чалавекам, з якім не бачыліся амаль паўгода. Аднак гэту радасць, а разам з ёй і адчуванне свята, адбірае ў сям'і лесніка несправядлівасць, што пануе ў жыцці грамадства.

Якуб Колас першым у нацыянальнай прозе паказаў складанасць чалавечага характару, глыбока раскрыў адчуванні і перажыванні чалавека. Герой апавядання «Малады дубок» (1913) Андрэй Плех — звычайны селянін. Ён украў у панскім лесе дубок, не лічачы гэта грахом. «Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар», — так разважаў не толькі Плех. Аўтар паказвае, што неспакой апанаваў Андрэя яшчэ ў лесе, калі ён падышоў да дубка.

Спачатку селянін баяўся пакарання за кражу, хаваў і перахоўваў кавалкі дрэва. Хутка стала вядома, што ссечаны дубок стаў прычынай звальнення лесніка Максіма Зарубы. Андрэй моцна перажывае чужое гора, адчувае сваю віну перад Максімам. Прызнаецца ва ўсім лесніку, потым ідзе да яго начальніка.

У апавяданні паўстае вобраз сумленнага, маральнага чалавека. Зусім іншым бачыцца ляснічы, персанаж эпізадычны, але важны для разумення праблемы твора. Ляснічы здзіўлены ўчынкам Андрэя, смяецца з селяніна, з яго прызнання і просьбы аднавіць на службе Максіма Зарубу. З размовы Андрэя і ляснічага становіцца зразумелым, што Заруба звольнены не за недагляд, а за тое, што не паступіўся чалавечай годнасцю, аказаўся здольным на пратэст.

Сярод празаічных твораў Якуба Коласа цікавасць выклікаюць філасофскія алегарычныя навелы, так званыя ; казкі жыцця. Да гэтага жанру пісьменнік звярнуўся на пачатку стагоддзя. У апошнія гады жыцця народнага песняра з'явіліся творы «Як птушкі дуб ратавалі», «Адзінокі курган», «Цвіркун». Праўда, з канца 20-х гадоў і да 1955 г. Якуб Колас «казак жыцця» не пісаў, што звязана з грамадска-палітычнай атмасферай у краіне. Алегарычныя філасофскія творы можна было прачытаць па-рознаму, адшукаць пры жаданні «варожыя» ідэі, і Колас да лепшых часоў адмовіўся ад любімага празаічнага жанра.

«Казкамі жыцця» пісьменнік вучыў бачыць складанасць рэчаіснасці. Сапраўды, немагчыма даць адназначны адказ, ці правільна зрабіў вяз, сказаўшы праўду бярозцы пра балотны агонь-прывід («Балотны агонь», 1918). Праўда не толькі лечыць, але можа і забіць, калі яна жорсткая і жахлівая. А прывідная мара, прыгажосць-падман могуць падтрымаць у цяжкую хвіліну разгубленага, саслабелага духам чалавека.

Няма ў жыцці нязменных ісцін, прыдатных да ўсіх сітуацый і выпадкаў— даводзіць пісьменнік-філосаф. Таму многія яго творы маюць шматзначную канцоўку, выклікаюць роздум, а то і спрэчку.

«Казкамі жыцця» Якуб Колас адгукаўся на падзеі і праблемы, народжаныя часам. Праз алегарычныя вобразы, праз карціны жыцця прыроды ён імкнуўся гаварыць з сучаснікамі і нашчадкамі пра важнае, значнае ў жыцці. У навеле «Хмарка» пісьменнік нагадваў пра абавязак чалавека перад той зямлёй, што яго нарадзіла. Гэтая думка вельмі важная для аўтара. Яна падкрэсліваецца эпіграфам да твора, двойчы з'яўляецца ў змесце (праз размову Арла з Хмаркай і Старога Дуба з Буслам). Праблемна да «Хмаркі» блізкая «Крыніца» (1921). У ёй пісьменнік гаворыць пра небяспеку, што падпільноўвае ў чужых краях таго, хто пакідае свой, родны. Як і прадказвала маці-гара, крынічка згубіла свой воблік. Вярнулася на некалькі імгненняў на радзіму кропелькамі расы. «Прыгрэла сонейка, заззялі кропелькі дарагімі каменнямі і зніклі. Куды ж яны дзеліся? Куды?» — пытаннем заканчваецца «казка жыцця».

Пра падзеі першай сусветнай вайны разважаў Якуб Колас філасофскай алегорыяй «Стары лес» (1917). Пушча, якая спаконвечна жыла мірна, у згодзе, раптам аказалася падзеленай на дзве часткі і распачала жудасную, самазнішчальную бітву. Нічога не засталося ад яе велічы і красы. Тыя, хто ацалеў, не маглі растлумачыць, чаму зрабіліся ворагамі дрэвы-суседзі. Хапала і хапае месца пад сонцам і народам-суседзям, якія пайшлі вайной адзін супраць другога ў 1914 г. За што ваявалі немцы, рускія, французы, англічане, іншыя вялікія і малыя народы, кінутыя ў вір брата-забойчай бойні?

Героямі «казак жыцця» найчасцей з'яўляюцца прадстаўнікі жывой і нежывой прыроды — Хмарка, Крыніца, Гара, Дуб, Бярозка, Камень і г. д. Як і ў створаных народам казках, гэтыя героі надзяляюцца чалавечымі якасцямі і рысамі, вобразы іх алегарычныя.

У творах Якуба Коласа часта прысутнічае вобраз апавядальніка, які называецца то баечнікам (ад слова «баяць», расказваць), то казачнікам. Увогуле пісьменнік не аднойчы нагадваў пра «казачны характар» твораў, пра блізкасць казкі і праўды жыцця. «Тут і канчаецца адно звяно казкі. А калі б хто запытаўся, што ж тут здарылася, то гэтым ён паказаў бы, што няўважна слухаў байку, чым моцна пакрыўдзіў бы баечніка», — зазначае, напрыклад, аўтар у «Залатым промні». Альбо ў навеле «Што яны страцілі»:

«Калі вы скажаце, што гэта няпраўда, а байка, дык я запытаюся: а дзе тая мяжа, што аддзяляе праўду ад выдумкі? I ці не бывае так, што выдумка ходзіць, як праўда, а чыстую праўду лічаць за выдумку?»

Адрознівае «казку жыцця» Якуба Коласа ад народнай казкі філасофскі змест. Над важнымі, істотнымі праблемамі існавання чалавека, народа, чалавецтва разважае ў творах пісьменнік.

Кампазіцыйна казка звычайна мае тры элементы: экспазіцыю, асноўную частку, дзе раскрываецца нейкая гісторыя, і заключэнне, у якім акрэсліваецца ўзнятая філасофская праблема.

 

 

 

Кароткі змест На ростанях

Кніга першая.

У ПАЛЕСКАЙ ГЛУШЫ

Кароткі змест:

Андрэю Лабановічу, маладому настаўніку «па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб'ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу...» Вёска Цельшына — першае месца яго самастойнай працы.

Сваю дзейнасць Лабановіч пачынае з паездкі ў воласць. Калега Лабановіча Саханюк знаёміць яго з мясцовай інтэлігенцыяй, з пісарам і яго памочнікам, з «пісаранкамі», дочкамі Пятра Восіпавіча, з айцом Кірылам і матушкай. Апошні ўразіў Лабановіча непрыняццем мужыка, непавагай да яго, з чым настаўнік горача спрачаецца. Разам з тым а. Кірыл лечыць і матэрыяльна падтрымлівае прыхажан. Лабановіч вымушаны прызнаць, што а. Кірыл «многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы».

Стараста Раман Круглы загадвае цельшынцам пасылаць дзяцей у школу. Лабановіч праводзіць першыя заняткі, знаёміцца з вучнямі, імкнецца з першых крокаў заслужыць іх давер. «Сваё галоўнае назначэнне як настаўніка Лабановіч вызначыў так: абудзіць і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? У чым іх прычына? »

Лабановіч знаёміцца з сям'ёй пана падлоўчага. З першага вечара маладому настаўніку кінулася ў вочы старэйшая дачка падлоўчага Ядвіся, «стройная чарнявая дзяўчына, гадоў шаснаццаці».

Справа ў школе наладзілася. Лабановіч радаваўся поспехам сваіх навучэнцаў, аддаваў ім шмат часу.

На свята, пасля вечарыны ў арцельнага старасты Бабініча, дзеці якога павінны былі хадзіць у Цельшынскую школу, Лабановіч выбраўся да свайго былога настаўніка, сябра Турсевіча. Узаемная радасць ад сустрэчы. Гаворка-спрэчка пра сэнс жыцця (пра гэта Лабановіч нямала думаў на адзіноце), пра прыгажосць роднай прыроды, служэнне свайму народу.

Турсевіч паведамляе, што збіраецца падацца ў інстытут. Лабановіч таксама адчувае патрэбу ў ведах, але інстытут яго не вабіць. «Гэта тая ж самая казарма — семінарыя, розніца толькі ў тым, што інстытут канчаткова заб'е ўсё яшчэ больш-менш жывое ў нашай душы, чаго не забіла семінарыя, і з настаўніка зробіць сухога кашчэя-чыноўніка», — гаворыць ён сябру, упершыню ў глыбі душы адчуўшы быццам нейкую непрыязнасць да яго.

Зайшоўшы па вяртанні ў Цельшына да пана падлоўчага, Лабановіч прыкмеціў, што Ядвіся ім вельмі цікавіцца. «Яе круглыя цёмныя вочы затрымліваліся на ім часта і доўга, з радасныя, то ясна-спакойныя, то крыху як бы засмучаныя, і глыбока западалі яму ў самае сэрца...» Разам з тым настаўнік адчуваў страх перад каханнем. Ён баяўся, што гэтым звяжа сябе. «Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд...» А вобраз Ядвісі стаяў у вачах і нібы смяяўся з го разважанняў. Ад старожкі бабкі Мар'і Лабановіч ведаў сямейнае жыццё свайго суседа пана падлоўчага. Першая жонка яго памерла, пакінуўшы дзвюх дачок і сына. У сям'і пан падлоўчы быў жорсткім чалавекам, біў і першую, і другую жонку. Сваёй запалоханасцю, пакорлівасцю лёсу пані падлоўчая выклікала ў Лабановіча і шкадаванне, і непавагу.

Настаўнік Саханюк прыязджае ў Цельшына «збіраць гарцы» (сяляне, чые дзеці вучыліся ў школе, даплачвалі настаўніку за працу збожжам. — Т.Г.). Пастанова была прынята ў той час, калі ў Цельшыне не было школы, аднак Саханюк лічыць законнымі ўласныя дзеянні. Лабановіч рашуча адстойвае свае правы.

Ядвіся з Габрынькай ад'язджаюць на некалькі тыдняў да бацькавых сваякоў на Гродзеншчыну.

Лабановічу здаецца, што ён, працуючы толькі з дзецьмі, робіць не ўсё, што можа і павінен рабіць як інтэлігент і патрыёт свайго краю. Настаўнік збірае зімовымі вечарамі ў школе дарослых, чытае ім лекцыі. Аднак асветніцкая дзейнасць Лабановіча палешукоў не зацікавіла. 3 кожным разам іх прыходзіла ў школу ўсё менш.

У вольныя часіны, а доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі Лабановіч іх меў нямала, ён любіў хадзіць ваколіцамі Цельшына. Аднойчы ён убачыў лёгкія прыгожыя сані, у якіх сядзела маладая паненка. Настаўнік здагадаўся, што гэта панна Людміла, пра якую нямала чуў, «тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры». Панну Людмілу Лабановіч сустрэў на наступны дзень на вечарыне ў валаснога пісара. Дзяўчыну зацікавіў цельшынскі настаўнік. У гасцях Лабановіч лішне выпіў і Саханюк, ратуючы рэпутацыю калегі, завёў яго ў самы разгар вяселля дамоў.

Ядвіся крадком прынесла ў пакой настаўніка вясновыя кветкі. Лабановіч загадаў дзецям пасля абеду прыйсці ў школу з рыдлёўкамі. Ён вырашыў абсадзіць будынак школы дрэўцамі. Доўга шукаў у лесе маладую грушку, каб пасадзіць яе на памяць аб Ядвісі. Падпільнаваўшы дзяўчыну, паклікаў на школьны двор. Паказаў дрэўца, пасаджанае дзеля яе. Ядвіся засмяялася і паабяцала яго вырваць, бо грушка такая ж калючая і дзікая, як і яна.

На Вялікдзень пан падлоўчы запрасіў настаўніка да сябе. Былі там і іншыя госці, сярод іх панна Людміла з братам.

Лабановіч пасля свята рыхтуе вучняў да экзаменаў. Даведваецца, што Ядвіся, калі не назаўсёды, то надоўга пакідае Цельшына. «Гэта вестка моцна засмуціла настаўніка. Ён адразу пачуў, што перад ім як бы ўжо расчыняецца нейкая пустота...» Паведаміла пра гэта бабка Мар'я.

 

Лабановіч ідзе да Ядвісі даведацца, ці праўда гэта. Просіць дзяўчыну дачакацца яго з экзамену.. На развітанне Ядвіся дазваляе сябе пацалаваць.

Інспектар Хрысціцкі прымае экзамены. Вучні пішуць дыктоўку, пераказ, рашаюць пісьмова задачы, потым ідуць іспыты вусна. Лабановічавы вучні былі сярод лепшых.

Ядвіся пры сустрэчы з настаўнікам ведала, што больш яго не ўбачыць. Апошні вечар дома, цёмныя вокны кватэры настаўніка — ад гэтага дзяўчыне тужліва і сумна. Яна ідзе развітацца з бабкай-старожкай, якая не раз падтрымлівала яе добрым спагадным словам. Бабка Мар'я гаворыць, што паніч, настаўнік, кахае Ядвісю, просіць напісаць настаўніку пісьмо. Ядвіся адмаўляецца.

Дзяўчына ў апошні раз заходзіць у пакой Лабановіча, на двары шукае грушку і хоча яе вырваць. Дрэўца не даецца, тады абламвае самы вяршок. Хоча сказаць гэтым, што яна злая і нядобрая.

Ядвіся сама рашыла, што гэта яе апошні вечар, сама спыніла сваё шчасце. «Не, няхай яно будзе лепш недапітым, бо, можа, на дне яго наліта атрута», — гаворыць свайму сэрцу дзяўчына.

Лабановіч спяшаецца ў вёску. Старожка паведамляе, што Ядвіся ўчора паехала. Настаўнік адчувае страшэнную адзіноту, ён так многа хацеў сказаць дзяўчыне. У парыве сваіх пачуццяў піша пісьмо, але пасылаць яго няма куды. Выйшаўшы на двор, настаўнік заўважыў знявечаную грушку, яшчэ большы жаль ахапіў яго.

Складваючы кнігі, Лабановіч знайшоў запіску ад яе. Ядвіся развітвалася, пісала, што пакідаць вёску, калі б тут быў ён, ёй было б яшчэ цяжэй. Запіска без адраса, дзяўчына нават не падпісалася.

Назаўтра Лабановіч напісаў прашэнне аб перамяшчэнні і стаў збірацца ў дарогу.

Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка-старожка заплакала.

Кніга другая.

У ГЛЫБІ ПАЛЕССЯ

Кароткі змест:

Частка першая. На Бацькаўшчыне

Едучы на фурманцы да станцыі, Лабановіч апошні раз аглядае Цельшына. Без Ядвісі ўсё там паблекла і замерла.

Цягнік вязе Лабановіча на радзіму. У мястэчку на станцыі ён сустрэў земляка-аднакашніка Алеся Садовіча. Сябры вырашылі зайсці ў Панямонь.

Калега Тарас Іванавіч Шырокі перастрэў маладых настаўнікаў на ганку фельчарскага пункта, запрасіў да сябе на абед. Потым прапанаваў хлопцам застацца, пагасціць.

У кватэру Шырокага пачала збірацца панямонская інтэлігенцыя — настаўнікі, фельчар, валасны старшыня, дзяк, памочнік пісара і іншыя, усе заядлыя карцёжнікі. Садовіч і Лабановіч спачатку назіраюць за гульнёй, але з часам садзяцца за стол і яны. «Лабановіч прыглядаецца да ігракоў. Нялюдскія цяпер у іх твары: драпежніцкія, прагавітыя, закураныя пылам і дымам. Твар у Тамары Аляксееўны асунуўся, яна як бы пастарэла».

Сябры пакінулі Шырокага з яго кампаніяй не развітаўшыся. «У іх кішэнях была пустэля, у галаве — малатарня, уваччу мітусіліся розныя фігуры карт, а на душы... кошкі скробалі». Хлопцы шкадуюць патрачанага ўпустую часу, прайграных грошай, называюць сябе «бязвольнікамі, людзьмі без цвёрдага грунту». Невясёлыя думкі разганяе прыгажосць летняга ранку.

Навіны хатняга жыцця невясёлыя. Зямля пустая, не родзіць, арэндную плату ўзнялі. Лабановіч папракае сябе, што нічым пакуль не дапамог сям'і, хоць і памагчы было цяжка, бо плацілі за настаўніцкую працу мала. Вырашае, атрымаўшы грошы за апошнія месяцы, дваццаць рублёў аддаць на гаспадарку.

Усё лета Дабановіч жыў дома, аднак увесь час адчуваў своеасаблівасць свайго становішча ў сям'і: «як ён.ні стараўся сцерці ўсякія граніцы паміж сабою і роднымі і цалкам зліцца з імі... яму гэта ніяк не ўдавалася».

Лабановіч прапануе дзядзьку палепшыць зямлю, нацягаўшы на поле з нізіны торфу. Дзядзька быццам і пагаджаецца з пляменнікам, але знаходзіць важкія адгаворкі: працы шмат, зямля не свая і інш.

Лабановіч хоча арганізаваць вяскоўцаў і паправіць грэблю. Калегі-настаўнікі нават не захацелі выслухаць Лабановіча. Сяляне, выслухаўшы, пагадзіліся, што добра было б зрабіць гэта, ды нічога не атрымаецца, людзі не пойдуць працаваць, вось каб начальства загадала.

Гледзячы, як жывуць аднавяскоўцы, слухаючы нараканні дзядзькі Марціна на ўціск і несправядлівасць, былы семінарыст ніяк не мог пагадзіць рэальнае жыццё з усім тым, што ўбівалася ў іх галовы ў час вучобы. Там вучылі, што царскі ўрад і цар клапоціцца аб народзе. Гэтыя ідэі праводзіў праз школу і сам Лабановіч.

Пісьма ад Ядвісі, якога так прагна чакаў малады настаўнік, не было. Ён атрымаў новае назначэнне, у Выганаўскую школу.

У Садовіча застаў яшчэ аднаго аднакашніка, Янку Тукалу, які быў кінуўся ў рэлігію, але не знайшоў там праўды. Лабановічу падабаецца незаспакоенасць Тукалы, тое, што ён не стаіць на месцы, мітусіцца, шукае праўды. «Няхай мы — тыя дрэвы ў полі, што стаяць пад ветрам, няхай нахіляюцца галіны ў той бок, куды дзьме вецер... Аднак здаровае моцнае дрэва будзе стаяць роўна, а галіны яго нахіляцца ў той бок, адкуль свеціць сонца. Штука ж уся ў тым, як намацаць галінамі гэтае сонца», — гаворыць ён сябру.

Хлопцы дамаўляюцца не губляцца, пісаць адзін аднаму лісты. Садовіч і Тукала застаюцца працаваць у родных мясцінах, Лабановіч ад'язджае на Палессе.

Частка другая.

На новым месцы

Лабановіч дабіраецца да вёскі Выганы. Любуецца карцінамі прыроды Пінскага Палесся. Школа зачынена і настаўнік выпраўляецца ў воласць, дзе знаёміцца з пісарам і яго памочнікам, старшынёй Захарам Лемешам, сельскім і царкоўным старастамі.

Новая школа Лабановічу спадабалася. Старожкай у школе працавала брыдкая, бязносая Ганна, якая была да таго ж цяжарная другім дзіцем. Няшчасная жанчына жыла ў вялікай трывозе, што новы настаўнік яе прагоніць (ад папярэдніка Лабановіча яна чакала дзіця). Лабановіч аддаў ёй яе летнюю пенсію і пакінуў пры школе, што ў вёсцы ацанілі па-належнаму і што спадабалася айцу Мікалаю.

Пачынаюцца заняткі ў школе. У час перапынку на школьным двары настаўнік стрыжэ і мые галоўкі маленькіх палешукоў, прывучае вучняў да ахайнасці. В У воласці перавыбіраецца стараста. Падпоеныя Захарам Лемешам сяляне зноў галасуюць за яго. Супраць выступае толькі Цімох Жыга, аднак ён спазніўся на сход і бушуе ўпустую.

Лабановіч збліжаецца з Аксёнам Калем. Гэты селянін «не можа спакойна глядзець на несправядлівасці, што чыняцца над людзьмі, і дабіваецца праўды. Яго ведае воласць, ведае і земскі начальнік як чалавека неспакойнага і небяспечнага». Некалькі гадоў выганаўскія сяляне судзяцца з панам Скірмунтам за затокі на рэчцы. Каль выступаў ад грамады як давераная асоба, аднак суд вынес рашэнне на карысць пана. Аксён Каль збіраецца падаць прашэнне цару. Лабановіч выказвае думку, што з гэтага нічога не будзе.

Некалькі дзён назад настаўнік знайшоў на ганку школы брашуру. Аўтар яе ставіў за мэту разбурыць веру ў цара, У новым асвятленні падаваліся царскія рэформы, высмейваліся царскія загады. Гэта маленькая кніжачка зрабіла пераварот у думках настаўніка, паказаўшы тое, што ён пачынаў з нейкага часу інтуітыўна адчуваць. Разам з тым яна выявіла дваістасць становішча Лабановіча. «...Ён — вясковы настаўнік — павінен праводзіць у жыццё пэўныя ідэі. Сэнс іх — замацаванне таго парадку рэчаў, у справядлівасць якога ён не верыць. Над ім ёсць вока, і гэтае вока не дрэмле». Нейкія кампрамісы яго не задавальняюць.

Лабановіч вучыць Аксёна Каля грамаце, гаворыць з ім пра палітыку. Потым да настаўніка пачалі прыходзіць бацька і сын Бязручка. «Гаварылася тут многа чаго: аб цяжкім стане народа, аб прывольным жыцці паноў і начальства, аб ашуканстве і здзеках...»

Познім лістападаўскім вечарам да Лабановіча завітала маладая настаўніца Вольга Віктараўна Андросава, якая едзе працаваць у адну з суседніх школ. Прызначэнне яна атрымала першага кастрычніка і месяц дабіраецца са Смаленшчыны да месца працы. Лабановіч гасцінна прапаноўвае дзяўчыне адзін са сваіх пакойчыкаў, дзеліцца школьным вопытам, дае перапісаць школьны расклад.

Гаворка заходзіць пра любоў да настаўніцкай працы. «—Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю?

«Ах, унь ты якая», — думае сабе Лабановіч і адчувае, як балюча ўкалола яго гэтая дзіўная дзяўчына.

— Хто ведае, што ён свядома начыняе дзіцячыя мазгі гэтаю, як вы называеце, казённаю трухляцінаю, той ёсць нягоднік або проста няшчасны, бязвольны чалавек ці проста рамеснік, гатовы за грошы рабіць ўсё, што захочаш. Але што замінае адкінуць гэтую трухляціну і накіраваць увагу дзяцей у другі бок? »

Сусед Лабановіча, дзяк Бацяноўскі, якому настаўнік не спадабаўся з першай сустрэчы, увесь час віжуе за ім. Па-за ўвагай дзяка не засталося і з'яўленне ў кватэры настаўніка маладой дзяўчыны. Аднак а. Мікалай, ляснічы, якім паведамляе навіну Бацяноўскі, паставіліся да яе спакойна.

Трымаючы абяцанне, выхадным днём Лабановіч наведвае настаўніцу Вольгу Андросаву. Вольга Віктараўна ад працы не атрымлівае ніякай радасці. Школа яе старая і недагледжаная. Лабановіч расказвае пра свой «гурток», пра падкінутую яму брашуру. Андросава дае настаўніку некалькі сваіх кніжачак.

У воласці змяніўся пісар. Замест Раманчыка, якога забралі ў салдаты, прыехаў Мацей Дулеба. Ён меў настаўніцкую адукацыю, але пайшоў на «болей смачны і прыбытны» хлеб. Дулеба лёгка зыходзіцца з самымі рознымі людзьмі. Папярэджвае Лабановіча, каб не вёў сяброўства з падазронымі людзьмі, не лез у «цёмную» справу.

Пачынаецца вайна з Японіяй. Лабановіч уважліва сочыць за яе ходам, перажывае за паражэнні і няўдачы, што церпяць рускі флот і рускае войска. Паступова пачынае заўважаць, як мяняюцца ў народзе адносіны да вайны і да цара.

За два гады працы ў Выганаўскай школе Лабановіч стаў сваім чалавекам у вёсцы, добра ведаў жыццё ўсіх выганаўцаў.

Да Лабановіча завітвае Вольга Віктараўна. Іранізуе над яго цікавасцю да вынікаў руска-японскай вайны. Настаўнік называе сябе кепскім рэвалюцыянерам, разумее, што ў адносінах да ваенных падзей сапраўды выявіў сябе «заядлым патрыётам». Андросава прапануе яму звязацца з рэвалюцыйнай арганізацыяй. Пераконвае настаўніка, што ён будзе адчуваць сябе «цвярдзей і смялей». Гаворыць, што ідзе збіранне сіл і хутка «выбухне рэвалюцыя». Яна верыць у перамогу рэвалюцыі. Лабановіч цалкам не падзяляе гэтай веры, ён ведае, якія настроі пераважаюць у сялян, як ахоўвае цара войска.

Лабановіч выпраўляецца ў Пінск на сустрэчу з рэвалюцыянерамі. «У яго ўяўленні гэтыя людзі ўсе — героі, на якіх можна пазіраць толькі з вялікай пашанаю». Вольга Віктараўна прыйшла з незнаемым хлопцам. Утраіх ідуць на явачную кватэру. Лабановіч убачыў зусім звычайных людзей, «без рамантыкі і дэманізму». На кватэры ў асяроддзі рэвалюцыянераў «было неяк нялоўка, цесна і як бы душна, а наогул непрыемна і залішне ўрачыста». Лабановіч выступіў з невялічкай прамовай, у якой раіў абапірацца на вясковага настаўніка. На развітанне «яму даюць лісткі і брашуркі, адрасы кватэр і запрашаюць надалей трымаць сувязь».

Водгулле рэвалюцыйных падзей даходзіць да Выганаў. На некалькі дзён спыніўся рух на чыгунцы. Паліцэйскаму напхалі ў кішэню пракламацый. Ляснічы шумна абураецца бяздзейнасцю ўлады. Дзяк Бацяноўскі ходзіць ды прыслухоўваецца.

Каль адшукаў старыя планы, на якіх затокі з'яўляюцца часткай сялянскіх земляў. Лабановіч загадвае збіраць сход. «Ніколі не бачылі школьный сцены такога мнагалюднага, бурлівага, неспакойнага сходу. Вякамі збіраная і тоеная крыўда, несправядлівасць і прыніжэнне цяпер усплываюць са дна сялянскай душы...» Сход просіць настаўніка дапамагчы.

Лабановіч адчувае незвычайнасць абстаноўкі і маральную адказнасць перад гэтымі людзьмі, гатовымі цяпер на ўсё: грабіць, паліць, рэзаць. А гэта дасць начальству «законнае права» жорстка пакараць сялян. Ён усё робіць арганізавана і прадумана. Сход падае петыцыю пану Скірмунту.

Вольга Віктараўна прыносіць невясёлыя навіны, што паўстанне задушана, пачаліся арышты. Школу яна закінула, амаль увесь час прападала ў Пінску.

У воласці начальства абмяркоўвае сялянскую петыцыю да пана Скірмунта. I маршалку, і пракурору вядома, хто з'яўляецца яе аўтарам, Настаўніка называюць «чалавекам небяспечным, крамольнікам». За Лабановічам пачынаюць сачыць.

Сяляне, не дачакаўшыся адказу ад пана, склікаюць другі сход, прымаюць рашэнне — прыступіць да карыстання затокамі. Чалавек дваццаць сялян ідуць лавіць рыбу. З'яўляюцца казакі і арыштоўваюць «бунтаўшчыкоў». У школе ў Лабановіча вобыск. Нічога не знайшлі і загадалі настаўніку збірацца. Далучаюць яго да арыштаваных сялян і вядуць усіх на дарогу ў Пінск.

Кніга трэцяя.

НА РОСТАНЯХ

Частка першая. Верхань

Начальства не ведала, як паставіцца да Лабановіча і яго петыцыі. Можа, сапраўды ён адвёў разгром панскага маёнтка. Настаўніка выпусцілі, прачытаўшы адпаведную натацыю, і накіравалі ў іншую школу, «на процілеглы бок краіны».

У Верхані Лабановіч заспеў свайго калегу. Кватэра, школа былі запушчанымі і бруднымі. Заняткі доўгі час не праводзіліся, вучні адсталі ад праграмы. Усё гэта настаўнік, якога Лабановіч ведаў па семінарыі, растлумачыў рэвалюцыяй.

Лабановічу балела душа за вучняў старэйшай групы, якіх маглі не дапусціць да экзаменаў. Ён паабяцаў сабе, што зробіць усё магчымае, каб дзеці скончылі школу.

Новымі знаёмымі ў Верхані сталі пісар Васількевіч, п'яніца і раўнівец, айцец Уладзімір, другі школьны настаўнік Іван Анцыпік. Аднадумцаў у асяроддзі верханскай інтэлігенцыі Лабановіч не знайшоў.

У краіне адбываюцца выбары ў Думу, працягваюцца народныя хваляванні, хоць рэакцыя становіцца ўсё больш жорсткай.

Вучні Лабановіча паспяхова здаюць экзамены. Настаўнік застаецца на нейкі час у Верхані, бо ўзяўся падрыхтаваць да паступлення ў гарадскую школу Лідачку Мураўскую, прыгожую і здольную дзяўчынку, якой ён крышку сімпатызаваў.

Лабановіч атрымаў ад Турсевіча ліст. Той паведамляў,што надумаў паступаць у настаўніцкі інстытут і хоча сустрэцца са сваім сябрам. Па запрашэнню Лабановіча Турсевіч прыехаў у Верхань. Нейкі час спрэчкі іх «не выходзілі за межы дружбы», але чым далей, тым больш разыходжанняў адкрывалася ў іх поглядах на жыццё, на палітычную сітуацыю ў краіне. Палітычным ідэалам Турсевіча была кадэцкая партыя. Дружбакі адчулі, «што сяброўства іх дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі...»

Лабановіч едзе на радзіму, каб прыняць удзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе. З'езд прыняў пастанову аб арганізацыі саюза настаўнікаў. Мэта саюза — «весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэй рэвалюцыі сярод насельніцтва...» У тую ж ноч у школу да Садовіча, дзе праходзіў з'езд, з'явілася паліцыя і забрала пратакол. Настаўнікаў адпусцілі, збаяўшыся гурту сялян, што сабраўся ля школы.

Лабановіч вярнуўся ў Верхань. Турсевіч, даведаўшыся аб правале з'езда, вырашыў за лепшае для сябе вярнуцца дамоў.

Лабановіч спачатку атрымаў пакет з міністэрства, дзе выказвалася падзяка за ўзорную падрыхтоўку вучняў да экзаменаў, а праз некалькі дзён — паведамленне аб звальненні з настаўніцкай пасады.

Настаўнік развітваецца з Лідачкай Мураўскай і яе маці, з сям'ёй айца Уладзіміра і пакідае Верхань.

Частка другая. На крыжавых дарогах

Беспрацоўнага Лабановіча запрасіў жыць да сябе старэйшы брат Уладзімір, які працаваў лесніком. Сяляне навакольных вёсак адправілі на леснікоў хутар дзяцей і некалькі месяцаў у леснічоўцы існавала «школа», Лабановіч быў заняты дарагой сэрцу справай.

У Мікуцічах застаўся, таксама пазбаўлены пасады настаўніка, Янка Тукала. Сябры часта сустракаюцца, збіраюць нелегальную літаратуру, хаваючы яе ў лесе. Упэўненыя, што некалі іх выклічуць на допыт, прадумваюць і рэпетыруюць адказы на магчымыя пытанні. Аднойчы ў леснічоўку Янка прынёс адозву да настаўнікаў Мінскай губерні, у якой невядомы аўтар заклікаў калег да салідарнасці са звольненымі настаўнікамі, пратэставаў супраць расправы над таварышамі.

Тукалу і Лабановіча запрашаюць у Мінск на канспірацыйны сход прадстаўнікоў розных рэвалюцыйных падпольных арганізацый. Там Лабановіч даведваецца, што будзе выходзіць легальная газета на беларускай мове, знаёміцца з яе рэдактарам Уласюком. Па выхадзе газеты Лабановіч становіцца яе адданым прапагандыстам, чытае аднавяскоўцам «Нашу долю». Праз некалькі месяцаў газета закрыта, рэдактар трапіў у турму. Але пачынае выходзіць другая газета, менш радыкальная «Наша ніва».

Лабановіч атрымаў кароценькае пісьмо ад Ліды Мураўскай. Былая вучаніца паведамляла, што яе ў школу не залічылі, хоць экзамены здала вельмі добра. Мяркуе, адбылося так з-за таго, што назвала прозвішча настаўніка, рыхтаваўшага яе да наступлення.

У зімовыя святы Лабановіч і Тукала наведваюць Панямонь. Іх правілам стала «не вешаць нос на квінту». На людзях яны заўсёды былі вясёлыя, прыдатныя да розных штук і забавак. Многія іх лічылі «пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч сябе, не зрабілі». Панямонская інтэлігенцыя, Тарас Іванавіч Шырокі, прымае іх досыць шчыра.

Ні маці, ні дзядзька Марцін не папікнулі Андрэя за настаўніцкі сход. Дзякуючы маці за снеданне, сын гаворыць: «Даруй мне за непрыемнасці, за прыкрасці, што я прычыніў вам. Смуткаваць жа і плакаць няма чаго. Вось каб я зрабіў злачынства людзям, простым людзям... Я ж хачу, і многія-многія сотні тысяч такіх, як я, хочуць, каб простым людзям жылося добра...»

Звольненыя настаўнікі прыехалі святкаваць Вялікдзень у родныя Мікуцічы. На першы дзень свята шумнаю гурбой яны пайшлі «аддаваць велікодныя візіты» панямонскай інтэлігенцыі.

Лабановіч атрымаў пісьмо з Вільні, у якім Уласюк запрашаў яго на працу ў газету «Наша ніва». Заробкі ў рэдакцыі былі невялікія і Лабановіч уладкаваўся яшчэ хатнім настаўнікам, атрымліваючы задавальненне ад заняткаў са здольнымі і выхаванымі хлопчыкамі обер-кандуктара Рымашэўскага.

Не ўсё ў рэдакцыі беларускай газеты Лабановічу падабалася. Нейкую няшчырасць ён заўважыў у братоў Ліскоўскіх, фактычных рэдактараў «Нашай нівы». Пасля гаворкі з Ліскоўскімі Лабановіч ішоў «з неакрэсленым адчуваннем, з непрыведзенай у парадак мешанінай у галаве... Мяжа, што раздзяляла іх з Лабановічам, засталася непяройдзенай».

Пасля папярэджання паліцыі Лабановіч вымушаны пакінуць Вільню.

З дапамогай атрыманага ў рэдакцыі «Виленского вестника» карэспандэнцкага білета Дабановіч друкуе ў чарнасоценнай газеце «Минский голос» артыкул-абвяржэнне пра настаўніцкі сход. Артыкул сыграў істотную ролю ў тым, што следства па справе настаўнікаў спынілі.

Лабановіча выклікаюць у Мінск, каб ён напісаў аб сваім удзеле ў настаўніцкім сходзе. Праз гадзіну яго выпусцілі. Паводзінамі паліцэйскага Лабановіч здзіўлены. Раскрывае іх сэнс у сваім лісце Янка Тукала, нагадаўшы пра адозву да настаўнікаў.

Янку Тукалу дзядзька знайшоў працу далёка ад роднай вёскі. З'ехалі ў Амерыку, узяўшы ўсю адказнасць на сябе, старшыня і сакратар сходу Алесь Садовіч і Нічыпар Янкавец.

 

Лабановіча і яшчэ траіх настаўнікаў выклікаюць у суд. Паўторная экспертыза не пацвердзіла, што адозву пісаў Лабановіч, аднак ён, Сымон Тургай, Уладзік Лявонік былі асуджаны на тры гады турмы. Лабановіча тут жа ў зале суда ўзялі пад стражу.

У турме Дабановіч блізка сышоўся з Сымонам, які пад сакрэтам назваў прозвішча настаўніка, што пісаў адозву. Асаблівае ўражанне на Лабановіча зрабіў Аляксандр Галубовіч, які «літаральна глытаў кнігі, даставаў іх шмат». Ён агітуе за бальшавіцкую партыю, якая цвёрда трымаецца марксізма. Лабановіч пакуль на раздарожжы, не вырашыў, куды далучацца. Выходзячы з турмы, Галубовіч звяртаецца да таварыша па камеры: «Бальшавікі адкідаюць прыгожыя словы, мы не цураемся самай чорнай работы ў імя рэвалюцыі. Трэба абудзіць народ, выхаваць, згуртаваць і павесці на рашучы і ўжо астатні штурм царызму. Ты не павінен застацца у баку ад гэтага штурму... Дазволь мне верыць, Андрэй, што ты ніколі не адступішся ад народа...»

У турме Лабановіча наведала Ліда Мураўская. Яна паведамляе, што выходзіць замуж.

На волю Лабановіч выйшаў разам з Уладзікам. Адзін з іх кіраваўся ў Мікуцічы да бацькоў, другі — «насустрач жыццю і яго прыгодам». Запавет Галубовіча «стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча ў далейшым вандраванні Пановых дарогах».

Мастацкія асаблівасці

Першыя дзве кнігі трылогіі «На ростанях» з'явіліся адпаведна ў 1922 і 1927 гг. У 1954 г. была напісана заключная частка. У аснову твора ляглі факты ўласнай біяграфіі Якуба Коласа. Галоўны герой трылогіі Андрэй Лабановіч выразна аўтабіяграфічны вобраз. Аўтар не баяўся прызнацца, што многія вобразы, падзеі, сюжэтныя лініі ўзяты ім з рэальнага жыцця. Так, у трэцяй кнізе, перад паказам велікоднага гасцявання ў Панямоні, аўтар зазначае: «Амаль паўвека прайшло з таго часу, калі мае «валачобнікі», а з імі я, хадзілі ў Панямонь... Шмат каго з тых людзей, аб якіх расказваецца тут, ужо няма на свеце. I калі я сягоння трывожу іх памяць, то мне робіцца сумна: быць можа, не так сказаў пра іх, як гэта было ў сапраўднасці, часамі, можа, недарэчы пасмяяўся або не ў меру зганьбіў каго... Калі б яны былі жывыя, дык мы паразумеліся б і прыйшлі да згоды. А так я магу толькі сказаць: «Прабачце! Я ж хацеў і хачу аднаго — праўды».

Скіраваўшы асноўную ўвагу на паказ пошукаў інтэлігенцыі свайго шляху, аўтар твора разам з гэтым не абмінае і жыццё народа. Яно паварочваецца на старонках трылогіі сваімі буднямі і святамі, драматычнымі і камічнымі момантамі. Запамінаюцца вобразы старожак бабкі Мар'і і бабкі Параскі, пакрыўджанай невядома за якія грахі і безабароннай перад усімі Ганны, палешукоў дзеда Мікіты і дзеда Піліпа, старасты Рамана Круглага і многіх іншых. Асаблівае месца ў трылогіі займае вобраз Ядвісі, цудоўнай «кветкі Палесся».

Жыццё народа, яго будучыня не аднойчы становіцца тэмай размоў і спрэчак герояў аповесцей. «Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я— англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару», — з горыччу гаворыць Лабановіч у час першай сустрэчы з Турсевічам. Спрачаючыся з Дубейкам, настаўнік рашуча абараняе права «цёмнага мужыка» нагадаць пра сябе.

«Трылогія «На ростанях» — твор з незвычайна вялікім ахопам жыццёвых з'яў, — лічыць I. Навуменка. — Перад намі вобразы з розных сацыяльных пластоў дарэвалюцыйнай Беларусі: сялян, настаўнікаў, чыноўнікаў, служачых культу, інтэлігентаў, дзеячаў палітычных партый... Пісьменнік малюе дарэвалюцыйны Мінск, Вільню, вядзе нас у асяроддзе чыноўнікаў, шчырых абаронцаў царскага рэжыму, знаёміць з рэвалюцыйнымі і прагрэсіўнымі дзеячамі.

 

Ні адно больш-менш значнае і вострае пытанне тагачаснага жыцця не абыдзена ў трылогіі».

Як і ў іншых творах Якуба Коласа, у трылогіі «На ростанях» вельмі шмат апісанняў прыроды. Прырода, як і чалавек, бывае радаснай і засмучанай, застылай і поўнай жыцця.

У пейзажных замалёўках — яркіх, дэталёва дакладных, настраёвых — Якуб Колас выступае як пісьменнік-рэаліст. Разам з тым некаторыя з іх набываюць выразны сімвалічны змест. Напрыклад, глуш і затоеная ціш асенняй ночы, якую адчувае на грэблі Лабановіч, правёўшы Вольгу Віктараўну (кніга «У глыбі Палесся»). Альбо прывідны занак, які бачыўся Лабановічу на фоне шатрыстай ёлкі. У Турсевіча была іншая «здольнасць успрымання» і ён «замак» не ўбачыў. Але па-іншаму сябра Лабановіча ўспрымаў многія з'явы ў жыцці, не толькі «малюнак» дрэў (кніга «На ростанях»).

Аўтар перакананы, што «прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба ж гэта не ёсць шчасце?» На пачатку трылогіі пісьменнік называе «важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода». Сапраўды, чалавек і прырода ў самых розных выяўленнях і стасунках сталі зместам твора Якуба Коласа.

«Палескія аповесці», якія з часам перараслі ў трылогію, задумваліся як жыццяпіс аднаго героя — Андрэя Лабановіча. Іншыя героі самі па сабе, без Лабановіча, не жывуць. Адзінае выключэнне аўтар робіць для Ядвісі. Апошні, перад ад'ездам, яе вечар у Цельшыне, развітанне з домам, з мінулым, з першым каханнем паказаны з надзвычай глыбокім пранікненнем у свет чалавечых пачуццяў і адчуванняў, гэта адна з найбольш запамінальных старонак трылогіі.

Цэнтральным вобразам, які звязвае ўсе сюжэтныя хады і нітачкі, з'яўляецца вобраз Лабановіча, сына вёскі, інтэлігента ў першым пакаленні. Аўтар паказвае некалькі гадоў жыцця свайго героя і тую складаную духоўную эвалюцыю, якую ён праходзіць.

Аповесць «У палескай глушы» прысвечана філасофскім, маральна-этычным пошукам героя. Яна прываблівае лірычнай цеплынёй, паэтычнасцю, мяккасцю мастацкіх фарбаў. Лабановіч імкнецца зразумець, дзеля чаго жыве чалавек, што такое смерць, адкуль страх перад невядомым. Ён сцвярджае сябе прафесійна, як настаўнік, адстойвае сваё ўяўленне пра інтэлігента. У першай аповесці герой знешне мала дзейсны, аднак унутранае яго жыццё напружанае, складанае, поўнае драматызму.

«У палескай глушы» Лабановіч перажывае першае глыбокае пачуццё. Каханне да Ядвісі для Лабановіча адначасова і шчасце, і пакута, ён яго прагне і баіцца. Добра разбіраючыся ў людзях, герой з першай сустрэчы адчуў багацце ўнутранага свету дачкі падлоўчага Баранкевіча. Ён не застаецца абыякавым да прыгажосці панны Марыны і панны Людмілы, але аддае перавагу зусім маладзенькай Ядвісі, бачачы перад сабой натуру незаспакоеную, глыбокую, цэласную.

Жыццё разводзіць герояў. Прычым рашучы крок робіць Ядвіся. Яна ад'язджае, не дачакаўшыся з экзаменаў Лабановіча, не пакінуўшы адраса, не прысылае ніводнага пісьма, проста знікае з яго жыцця. Пры ўсёй, здаецца, нелагічнасці такога павароту ва ўзаемаадносінах герояў, бо Лабановіч і Ядвіся шчыра, па-сапраўднаму кахаюць, іншае вырашэнне сітуацыі наўрад ці магчымае. I Лабановіч, і Ядвіся яшчэ ў пошуку саміх сябе, свайго месца ў жыцці. Яны адказна ставяцца да ўсяго, тым больш да такога кроку, як стварэнне сям'і, не хочуць звязваць адзін другому рукі. Не выпадковы момант, калі Ядвіся пытаецца, ці пагадзіўся б Лабановіч дапамагчы нейкай яе знаёмай, заключыўшы фіктыўны шлюб. Настаўнік адказаў, што аб жаніцьбе, якая б яна ні была, думае столькі, колькі дзяўчына думае аб леташнім снезе.

Ужо ў першай аповесці Лабановіч шукае больш шырокіх абсягаў дзейнасці, чым проста сумленная праца вясковага настаўніка. Аднак павесці сялян да лепшага жыцця з дапамогай асветніцкіх гутарак ці нават такіх практычных дзеянняў, як пабудова ў роднай вёсцы грэблі, Лабановічу не ўдаецца. Настаўніку балюча, і ўсё ж ён не становіцца ў позу пакрыўджанага. Час яго прыйшоў, калі сяляне вёсак Выганы і Высокае хочуць забраць у пана затокі. Лабановіч не даў выліцца стыхійнаму гневу, разбуральнай нянавісці, што поўніла сялянскую масу. На сходзе сяляне прама заяўляюць настаўніку, што ён для іх «свой», супрацьпастаўляючы яго пісару і старшыні (кніга «У глыбі Палесся»). У трэцяй частцы Лабановіч паказваецца як свядомы праціўнік самаўладдзя. Да гэтага ён ішоў праз аналіз рэчаіснасці, знаёмства з рэвалюцыйнай літаратурай. Аднак і тут адкрываецца перад героем шмат дарог, бо рэвалюцыйных арганізацый некалькі, і ў кожнай з іх свая праўда. Цікавая рэпліка настаўніка ў размове з бальшавіком Галубовічам у астрозе: «Калі б мы мелі такія вагі, дзе можна было б узважваць добрае і благое! Тады паставілі б на дарогах слупы напісамі: налева — праўда, направа — хлусня. I так лёгка б стала хадзіць па свеце, затое, відаць, было б нудна і нецікава». Лабановіч і тут не здрадзіў свайму характару — да ўсяго ставіцца ўдумліва і крытычна.

Н Трэцяя кніга трылогіі «На ростанях» пісалася ў такі час, валі для героя быць з народам азначала быць з бальшавікамі. Таму ў апошніх радках гаворыцца пра «запавет Галубовіча», які стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча.

Сваімі паводзінамі, ведамі, інтэлектуальным узроўнем Лабановіч узвышаецца над іншымі. Разам з тым аўтар не ідэалізуе героя: ён можа штосьці не разумець, у чымсьці не разабрацца (падзеі руска-японскай вайны), дзесьці не стрымацца (вечарына ў хатовіцкага пісара). Арэол ідэальнасці ў многім дапамагае зняць мяккі гумар, з якім Якуб Колас ставіцца да Лабановіча. Вось пакрыўджаны няўвагай Ядвісі настаўнік вярнуўся ў свой пакой, зняў са сцяны скрыпку, каб разагнаць думкі. «Ён нават імкнуўся выявіць ігрою свой настрой, але з гэтага нічога не выйшла. Скрыпка, як зазначыў сабе сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна, згледзеўшы свайго гаспадара».

Якуб Колас шырока паказаў жыццё тагачаснай інтэлігенцыі, стварыў цэлую галерэю характараў: настаўнікі, пісарыі іх памочнікі, ляснічыя, фельчары, старшыні, служкі культу і г. д. Такія людзі, як Андрэй Лабановіч, Алесь Садовіч, Янка Тукала шчаслівае выключэнне з гэтага асяроддзя. П'янкі, карты — вось сфера цікавасці хатовіцкай, панямонскай, выганаўскай «інтэлігенцыі». Падобныя на іх і многія аднавяскоўцы Лабановіча, што з'язджаюцца летам з усіх канцоў краіны.

Паказваючы балота абывацельшчыны, бяскрыласць, бессэнсоўнасць існавання прадстаўнікоў «інтэлігентных» прафесій, пісьменнік карыстаецца не аднымі сатырычнымі фарбамі. Пад напластаваннямі жыццёвага друзу і бруду Колас-гуманіст умее разгледзець добрае, шчырае, чалавечае. Так, мала прывабнага ў Саханюку: не саромеецца прыехаць да калегі за ссыпкай, занапісанне лістоў бярэ плату, аднак ён спыняе перабраўшага меру Лабановіча, не хоча, каб калега п'янымі паводзінамі трапіў на язык. Развенчваючы святасць божых служкаў, пісьменнік таксама знаходзіць нешта добрае, вартае ў характарах і паводзінах айца Кірыла, Мікалая, Уладзіміра і іншых. Якуб Колас імкнуўся быць не суддзёй чалавечых заган і вартасцей, а аналітыкам жыцця.