Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Галя

2. Кароткі змест Memento mori

3. Кароткі змест Птушкі і гнёзды

 

 

Кароткі змест Галя

У калгасе ідзе жніво. Галіны рукі гудуць ад стомы. Падаіўшы карову,. Галя ўкладвае спаць дачку, чарнявую Сонечку. За хутарам на жытнёвым полі гудзе трактар, і ў думках жанчына з тым чалавекам, што вядзе машыну. Перад вачыма Галі праходзіць яе жыццё. Знаёмства з Сярожам Юрачкам, які з'явіўся ў іх Гаросіцы разам з дзядзькамі-краўцамі. Нядоўгае маладое шчасце, бо Сярожа вярнуўся ў сваю вёску і яго, камсамольца, хутка арыштавала польская паліцыя. Калі ў 1939 годзе хлопец прыйшоў да Галі, тая была замужам за Міколам Хамёнкам, багатым хутаранінам.

Галя ўбачыла Сярожу Юрачку ўжо ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ён з партызанамі прыйшоў на хутар забраць кабылу. Мікола Хамёнак адпусціў бараду, прыкідваўся хворым, каб не ісці змагацца з ворагам. Тады Галі было надта сорамна: «...Яна ўзяла з печы валёнкі і панесла іх перад сабой, каб хоць гэтак, хоць трошкі даўжэй не паказваць людзям, ад каго яна зноў зацяжарыла...» А потым слухала любы родны голас, стоячы ў сенцах, пакуль Мікола са схованкі выводзіў Каштанку.

Стары Хамёнак і свякруха памерлі адразу пасля далучэння Заходняй Беларусі. Муж Галі за нейкія махлярствы пасля вайны трапіў у астрог.

Доўга не можа заснуць жнівеньскай ноччу Галя, слухаючы, як іудзе на палетку трактар. «Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленая маладосць! Вярніся, заспявай мне вясёлую песню пра чорную галку, якая яшчэ ўсё твая, зірні мне ў вочы, і я сама падпалю гэты хутар, вазьму дзяцей, пайду за табой усюды, куды скажаш!» — думае жанчына.

На раніцу Галя хоча папрасіць старшыню дапамагчы пераехаць у вёску.

А ноччу зноў будзе балець душа па незваротным.

 

 

Кароткі змест Memento mori

Бліжэйшую ад месца катастрофы ваеннага эталона вёску акружылі карнікі. Усіх жыхароў сагналі ў адрыну. Зондэрфюрэр разважыў, што спаліць — самы просты спосаб расправіцца з «бандытамі». Раптам ён заўважыў у натоўпе старога печніка і загадаў, каб таго падагналі сюды. З удзячнасці, што пячнік зрабіў выдатныя печы, зондэрфюрэр вырашыў падарыць жыццё старому. Той захацеў большага: пачаў пералічваць родных, блізкіх, суседзяў, што былі ў адрыне. Фашыст незадаволены, праз перакладчыцу пытаецца, што стары хацеў бы, мусіць, забраць адтуль усю банду.

Пячнік павярнуўся і пайшоў да варот адрыны.

«I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве».

Мастацкія асаблівасці

«Лірычныя навелы Я. Брыля «нібы пранізаны сонцам, так шмат у іх сардэчнай цеплыні, трывалых вясенніх фарбаў, чароўнага абаяння маладосці, душэўнай чысціні», — пісаў яшчэ ў 50-я гады Міхась Лынькоў, радуючыся немалым ужо на той час поспехам маладзейшага паплечніка па літаратурнай справе.

Тады ж была створана і пранікнёна-задушэўная, у самых лірычных мясцінах натхнёна-прачулая, як добрая песня, «Галя» (1953)... Задумвалася гэтае ў шмат якіх адносінах тыповае для Я. Брыля савецкіх гадоў апавяданне як твор пра нягоды заходнебеларускай рэчаіснасці «за польскім часам» і прывабнасць калгаснага жыцця пры бальшавіках. Пра тыя нягоды мастак і ў «Галі», і ў некаторых ранейшых творах напісаў увогуле праўдзіва, бо ведаў іх на ўласным вопыце на ўсю глыбіню і да самых драбніц. А з калгаснай радасцю атрымалася іначай. На яе было шмат спадзяванняў, якія ў рэальным жыцці паступова развейваліся... Менавіта калгасная радасць, марай пра якую жыве брылёўская гераіня — завабліва прыгожая Галачка, праклінаючы сваё няўдалае, для яе ў вялікай ступені вымушанае жыццё на хутары, — гэтая радасць сёння ніяк не ўспрымаецца. I ўжо зусім рэжуць вуха разважанні працавітага... Галінага сына Антося пра ўласнага бацьку Мікола Хамёнку, якога бальшавікі пасадзілі за краты: «Злуйся, дурань стары, на самога сябе. Яшчэ і сыну праз цябе брыдка...»

Зразумела, гэтая дысанансная нота не была выпадковай. Яна ішла ад той ідэалагічнай устаноўкі на адлюстраванне «калгаснага шчасця»,услаўлення савецкага ладу, з якою пісалася апавяданне «Галя»... Але творчасць пісьменніка заўсёды выходзіла за межы афіцыйнай ідэалогіі... У той жа «Галі» з рэдкай і ў добрых майстроў класічнай бездакорнасцю паказаны пачуццёвы свет галоўнай гераіні, глыбокая чалавечая драма жанчыны, вясковай прыгажуні... Яна горача і безаглядна пакахала аднаго, а мусіла з-за розных прычын, сярод якіх і Галіна залішняя даверлівасць, звязаць свой лёс з іншым, з нялюбым...

Тонкі псіхалагічны аналіз, які з'яўляецца характэрнай прыкметай лепшых твораў Я. Брыля, дазволіў пісьменніку па-майстэрску ўзнавіць і асэнсаваць тыя эмацыйныя буры, што сатрасаюць душу пастарэлай ужо Галі, якой з каханым «калісьці цёпла было стаяць і на снезе», а цяпер, без яго, «холадна ўжо і на летняй расе».

Так, многае, вельмі многае страціла Галя на пакручастай жыццёвай дарозе. Але ніяк не можа яна забыць загубленую маладосць, сваё першае, ужо даўно для яе страчанае, каханне, свайго бясконца любага і цяпер Сярожку. Ён начамі працуе на трактары і ягоным гудзеннем, для звычайнага ўспрымання прыкра-надаедлівым, а для Брылёўскай гераіні поўным кранальнай музыкі, абуджае ў Галі высокае хваляванне, горкую радасць і пакутны, шчымліва-журботны боль ад усведамлення, што былое не вяртаецца, некалі зробленыя памылкі не паддаюцца выпраўленню...»

Д. Бугаёў. Служэнне Беларусі

«Калі Я. Брыль выношваў і пісаў апавяданне «Memento Mori» (1958), ні ён, ні літаратура не мелі яшчэ таго мноства фактаў, што прыйшло з кнігай «Я з вогненнай вёскі»... Не адразу скарыстаў ён для творчасці пачуты ад М. Васілька расказ пра смерць іх агульнага друга Данілы Скварнюка. Трагічная смерць блізкага сябра ўзрушыла яго і не давала спакою...

У сэнсе характару пячнік мог бы быць родным братам гераіні апавядання «Маці». Узровень духоўнага жыцця і маральныя стымулы паводзін у яго тыпова народныя, высокія... Вось у разгар карнай аперацыі яго вылучылі з натоўпу і падагналі да зондэрфюрэра: «Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць».

Партрэт гэты тонка падрыхтоўвае аб'яўленне выключнага ў звычайным, духоўнага ў будзённым, высокага ў непрыгожым... Пячнік жахаецца тут без страху за сябе: яго вочы скамянелі, а бяскроўныя губы змоўклі, бо жахлівыя падзеі не месцяцца ў яго душы... Для печніка трагедыя не толькі ва ўласнай смерці, трагедыя — у дапушчальнасці вось такой бязвіннай масавай смерці...

Са стану скамянеласці печніка выводзіць жэст ласкі і пытанні зондэрфюрэра. Дыялог з печніком — ядро кампазіцыі твора. У ходзе гэтага дыялога адбываецца канфрантацыя двух ідэалаў жыцця, дзвюх сістэм духоўных каштоўнасцей, двух характараў... Удзельнічаюць у ім двое размоўцаў і пасрэдніца — перакладчыца, фройляйн Вэра, «істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы», што, звяртаючыся да шэфа, выклікала на твар «крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі». Яна хоча зрабіць выказванні зондэрфюрэра больш зразумелымі печніку, спрошчвае іх, каменціруе, нешта ўстаўляе ад сябе... Інтэрпрэтацыя перакладчыцы не збліжае пазіцыі размоўцаў, а яшчэ больш падкрэслівае іх несумяшчальнасць...

Тое, што перакладчыца як-ніяк зямлячка, а заняла пазіцыю ворага, аказалася апошняю кропляй, якая вызваліла ў печніку сілы здранцвелай душы: «Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам узняў галаву»...

Назва «Memento Mori» узята з антычнай культуры. Старажытнаму рымляніну ці грэку гэты афарызм напамінаў, што сапраўдны чалавек павінен, як гаварыў Арыстоцель, «пагарджаць жыццём», памятаючы, што не ва ўсіх абставінах яно жаданае... Жыццё рода вышэй жыцця індывіда, жыццё народа вышэй жыцця воінаў і цара — так думаў антычны чалавек, складваючы афарызм пра памяць смерці...

Па-рознаму тлумачаць выслоўе «помні пра смерць» даследчыкі твора Я. Брыля. Для гэтага ёсць падставы: прыгаданы аўтарам афарызм, як і водзіцца, у розных кантэкстах можа мяняць сэнс, намякаць раз на незваротнасць жыцця, а другі — на немінучасць смерці. Памяць пра смерць можа адводзіць ад спакусы рабіць памылкі, перасцерагаючы, што не хопіць часу на адкупленне віны — жыццё кароткае... Памяць пра смерць можа і амнісціраваць: усё роўна памрэш, святым ці грэшным... У апавяданні Я. Брыля дзейнічае першы з названых кантэкстаў, памяць пра смерць злучае героя з лесам продкаў, з іх наказамі жыць і паміраць па-людску».

У. Калеснік. Янка Брыль.

Нарыс жыцця і творчасці

 

 

 

Кароткі змест Птушкі і гнёзды

Раман пачынаецца словамі аўтара пра планету Зямля, мінулую вайну і яе асэнсаванне ў літаратуры.

Сцюдзёны вырай

Аповесць першая «Хлопцы, настаў наш час...»

Палонны Алесь Руневіч у шарэнзе штрафнікоў ляжыць на пляцы. Пасля «гімнастыкі», муштры з поўзаннем, уставаннем, паданнем, вахман Шранк гоніць падапечных з песняй на абед. На месяц у штрафкампані Руневіч трапіў з маёнтка. Палонных упраўляючы вельмі дрэнна карміў і аднойчы яны адмовіліся выходзіць на работу. Бунт быў хутка падаўлены, а Алекс, так звалі немцы Руневіча, як падбухторшчык, трапіў зноў у лагер, у адгароджаную яго частку, дзе знаходзіліся парушальнікі.

Палонныя польскай арміі, сярод якіх побач з палякамі было нямала беларусаў і ўкраінцаў, лічыліся ў лагеры ветэранамі, іх прыгналі ў верасні 1939 г. Потым з'явілася невялікая група англійскіх маракоў, некалькі сотняў галандцаў. Урэшце за калючы дрот у пустыя баракі паплыла шматтысячная французская рака — самі «гаспадары», французы, і жыхары заморскіх калоній — мараканцы, арабы, негры. К лету 1940 г. лагер нагадваў шматмоўны, рознакаляровы чалавечы мурашнік, куды былі сагнаны рэшткі армій захопленых Гітлерам краін.

Падарожжа ў найлепшае

Шчымлівая мелодыя неапалітанскай песні «Палома», якую выконвае аркестр польскага марскога флоту, што амаль у поўным складзе трапіў у палон, вяртае Алеся Руневіча ў мірны час. У памяці юнака ў вобразах, карцінах, колерах паўстае мінулае — нядаўняе, у казарме польскай арміі, і больш аддаленае, звязанае з родным светам. Асобныя, не злучаныя паміж сабой моманты першых гадоў жыцця, паўднёвы прыморскі горад, дзе Руневіч нарадзіўся, пераезду вёску. Дзіцячыя радасці і засмучэнні, вялікая дзіцячая трагедыя — смерць бацькі.

Ява прыходзіць за сном

Пасля штрафкампані Руневіча, Мішку Веніка, знаёмага Алесю па працы ў маёнтку, і яшчэ аднаго палоннага-беларуса зноў адпраўляюць да баўэраў (гаспадароў. — ТТ.). Да. Косава, іх новага месцажыхарства, яны едуць у суправаджэнні вахмана цягніком. Пад крыкі, п'яныя песні нямецкіх салдат, якія, як і ўся Германія, жывуць трыумфам перамог, Алесь успамінае свой пачатак вайны.

 

Перакананы «талстовец», улюбёны ў чалавечнасць, дабро, справядлівасць, Руневіч увогуле не прымаў казарму з яе муштрой, тупасцю. Але ціха адбыць свой тэрмін у войску яму не давялося, вайна прымусіла ўзяць у рукі зброю, каб забіваць. Гарнізон Руневіча, акружаны амаль з першых гадзін пасля нападу Германіі на Польшчу, «тры тыдні... сцякаў крывёй у няроўным баі». Кулямётчык Алесь Руневіч быў сярод апошніх, хто стаў з салдата палонным.

Польскім салдатам ён сябе не адчуваў, як і большасць мабілізаваных беларусаў. Аднак, скажа ён самому сабе пазней, «біліся мы... не толькі за тую часовую, санацыйную Польшчу, якая была нам мачыхай, але і за Польшчу вечную — за народ, за яго жыццё, на якое абрынуўся вораг не проста дзяржаў, але ж народаў».

Трагічны для Польшчы і салдат яе арміі верасень 1939 г. прынёс даўно чаканую жыхарамі Заходняй Беларусі радасць: «Яны.— бяздомнікі і пасынкі ў чужой дзяржаве — зноў далучыліся да савецкай Радзімы».

Рослага, моцнага з выгляду Алеся на плошчы ў мястэчку адразу ж ухапіў за рукаў стары немец і павёў палоннага на гаспадарку сына. Гаспадыня, поўная спакойная мутэр, пасадзіла Руневіча за стол разам з дзецьмі. Заўважыўшы, што ён галодны, прапанавала накладваць ежу самому. Руневіч размаўляў па-нямецку і Камраты (прозвішча гаспадароў. — Т.Г.) закідалі яго самымі рознымі, сур'ёзнымі і недарэчнымі пытаннямі. Але калі гаспадыня спытала, чаму палякі не паддаліся адразу, без бою, пачаўшы даводзіць, што фюрэр не хоча вайны, у руках Алеся адразу пацяжэла лыжка і вячэра падалася нясмачнай.

У бараку, куды на ноч збіралі палонных, што працавалі на гаспадарках немцаў, Руневіча чакаў сюрпрыз. Ён сустрэў свайго сябра, якога ведаў яшчэ па службе ў войску. У першую ж ноч, лежачы побач на нарах, Уладзік Бутрым паведаў пра намер уцячы з палону. Алесь жыў гэтай думкай яшчэ да штрафкампані.

Да палонных беларусаў немцы ставіліся інакш, чым да палякаў ці французаў, У верасні 1939 г. заходнія беларусы сталі грамадзянамі СССР, а Германію і Савецкую краіну звязваў пакт аб ненападзе. Беларусы былі сабраны ў асобныя каманды і працавалі на гаспадарках. Ім абяцалася хуткае вяртанне на Радзіму. Палонныя атрымлівалі ад родных і блізкіх пісьмы і нават пасылкі. Сувязь з родным домам меў к гэтаму часу і Руневіч.

Хлеб надзённы і рэха гадоў

«Ідэі нацысцкай звышчалавечнасці ўбіваліся ва ўсе мазгі да метадычнай нудоты настойліва... Алесь адчуў іх у сям'і сваіх новых гаспадароў». Шаснаццацігадовы Курт спачатку захацеў на палонным вучыцца стрыгчы, потым.загадаў яму пачысціць боты. Гаспадыню вельмі здзівіла, што Алекс два разы не паслухаў яе сына. Як ні тлумачыў Руневіч свой учынак, мутэр так нічога і не зразумела. Гаспадынін свёкар пры сустрэчах хваліўся сынам-салдатам, які «рабіў Полен унд Франкрайх капут», які «пойдзе і на Англію. Яна павінна быць таксама пакарана».

Сярод дарослых у доме Камратаў здаваўся Руневічу людскім батрак гер Ракаў. Ён не прымаў вайну і фашызм, пра што не аднойчы гаварыў з палонным, калі яны заставаліся ўдвух у полі. Але гэты ўдумлівы, разважлівы чалавек быў спаралізаваны страхам. «Бунту ягонай душы быў... А ў шаравата-бляклых, стомленых вачах ужо да самай смерці затаіўся ніцы сум, добра такі прыпраўлены страхам.»

У другім лісце, які адшукаў Руневіча на чужыне, брат і маці прасілі яго нічога самому не прадпрымаць, бо дома клапоцяцца аб вяртанні Алеся на Радзіму. Гэтае пісьмо блытала карты, таму што прызначаны дзень уцёкаў быў блізка.

Руневіч успомніў, як некалі Толя прыняў нечаканае рашэнне кінуць вучобу ў гімназіі — пасля арышту батрака Івана трэба было дапамагаць маці па гаспадарцы. Алесю вельмі хацелася вучыцца, было крыўдна, аднак ён падпарадкаваўся рашэнню старэйшага брата. Праз гады зразумеў, чаму Толя тады меў рацыю. Можа, і цяпер брат прадбачыць тое, што пакуль не разумее ён, Алесь?

Жаданне быць на волі перамагло, Руневіч з Бутрымам нават рашылі выправіцца ў дарогу раней.

Як зацвілі верасы

«Усё гэта было — і ўпартае жалеза кратаў, якія ім удалося ўсё ж такі знізу сарваць з гваздоў і адагнуць уверх, каб праціснуцца; і дрот, палякі яны падграбліся... і першы след на сыраватай мякаці дарожнага пяску... і казытлівыя каласы пад расстаўленымі, як да лёту, рукамі...» Вопыт сведчыў, што ўцякаць лепш утрох. Але трэцяга таварыша Руневіч і Бутрым сабе не змаглі падабраць. Услед за імі за краты палезлі нечакана двое палонных, як на здзек, найгоршыя з тых, каго можна было ўзяць. Дапамогшы Алесю і Уладзіку спаражніць торбачку з сухарамі, Зданевіч і Іванюк пачалі пагаворваць пра вяртанне ў няволю. У адну з начэй Руневіч і Бутрым непрыкметна пакінулі гэтых ненадзейных людзей.

На пятнаццаты дзень ушчэнт знясіленыя голадам і дарогай уцекачы рызыкнулі зайсці на хутар. Гаспадар яго страшэнна перапалохаўся, але гаспадыня, «пажылая, дзябёлая фрау», вынесла хлеба. Потым, дагнаўшы палонных з кавалачкам сала і гуркамі ў руках, жанчына сказала: «Увесь свет — адзін дом. Ідзіце здаровы. Няхай вашы мамы не плачуць... Няхай і Эрых мой вернецца. Ён не хацеў, ой не хацеў ісці!..»

Другі раз хлопцам таксама пашанцавала натрапіць на чулую спагадлівую душу, дзяўчынку Стасю, дачку немкі і паляка.

Акрамя голаду і стомы ўцекачоў даймаў дождж, а з ім холад. Уладзік застудзіўся і моцна кашляў. На трэцім хутары Бутрыма і Руневіча здалі немцам. Пакуль з'явіліся салдаты, «маладая, лёгкая, у кароткай цёмнай сукенцы фрау» разыгрывала перад стомленымі хлопцамі ролю гасцінна-вясёлай гаспадыні.

Круг замыкаецца

Пасля допыту ў горадзе Руневіча і Бутрыма адправілі ў ` турму, памясцілі ў камеры-адзіночкі. Там ноччу ў снах, днём ва ўспамінах прыходзіць да Алеся «вобраз... яго заплаканай маці». З далечыні гадоў сын спасцігае мацярынскую любоў і ўласную неправату, часам нават жорсткасць у адносінах да самага дарагога чалавека. Алесь у думках абяцае маці вярнуцца і ўсё «зрабіць, каб яна адпачыла ад слёз, ад пакутаў сваіх, ад беспрасветнай працы...»

Праз некалькі дзён цягнік вёз уцекачоў у лагер, дзе іх чакала ўжо знаёмая Руневічу штрафкампані.

Гнёзды за дымам

Аповесць другая

Зацішша ў чэрвені

Немец Грубэр здае пакоі самым розным людзям, сярод іх — Алесь Руневіч з новым сябрам Андрэем Мазальком.

Нам трэба воля

Палонных, чые родныя жылі ў Савецкім Саюзе, зноў «рыхтуюць» для адпраўкі дамоў, які ўжо раз перапісваючы і запаўняючы анкеты. У лагеры ў гэты час з'яўляюцца антысавецкі настроеныя «эмігранты», галоўным сярод іх выступае пан Самацэвіч. Ён шукае сапраўдных беларусаў, агітуючы пры гэтым за «вольныя работы» ў Нямеччыне. Руневіч пазнаў пана Самацэвіча, да вайны ён спраўна гандляваў лёнам.

Сярод палонных Алесь сустрэў Сяргея Крушыну, заходнебеларускага паэта і земляка. Той тлумачыць Руневічу, што, каб іх вяртання можна было патрабаваць, палонныя павінны стаць савецкімі грамадзянамі.

На другі дзень з лагера Руневіча адправілі на завод крыштальнага шкла. У параўнанні з тым, што палоннаму давялося пабачыць, на новым месцы ўмовы працы, жыллё, ежа былі добрыя. Алесь наладзіў у штубе (бараку. —- Т.Г.) вучобу.

Немцы прымушаюць беларусаў «ісці на волю», г. зн. з палонных стаць рабочымі на прадпрыемствах і гаспадарках Германіі. Арбайтскаманда, у якой знаходзіўся Руневіч, рашуча адмовілася ад «волі», патрабуючы вяртання на Радзіму. Алесь, прыклаўшы да ранкі на назе соль і такім чынам «захварэўшы», вярнуўся ў лагер, каб параіцца з Крушынам, што рабіць у гэтай сітуацыі,

«Звальненнем» палонных займаліся немец Лёмаз і «настаяшчы беларус» пан Самацэвіч, якога ў лагеры празвалі Бязменам. Бязмен ажыццяўляе таксама цэнзуру пошты.

Крушына, які працаваў на пошце, дапамагаў палонным аформіць і даслаць у савецкае паўпрэдства паперы на грамадзянства. Да гэтай справы быў хутка прыцягнуты і Руневіч. Нейкі час ён таксама працуе на пошце ў лагеры, але ўрэшце вымушаны «звольніцца» як і Крушына, і другі яго памочнік Печка.

Было гэта ці не?

Руневіч і Мазалёк знялі кватэру ў Грубэра пасля таго, як пажылі ў бараку. За час адсутнасці Руневіча склад арбайтскаманды істотна змяніўся і не ў лепшы бок. «Галоўны дзень кожнага тыдня — пятніца, зарплата. Тады ўжо ў «інтэрнаце» цэлую ноч не выключалася святло, стаяла п'яная ад піва і карцёжнага азарту лаянка. А ўранні п'яныя гулякі выпаўзалі з накуранай, непрыбранай, поўнай мух адрыны...»

Інжынеру завода спатрэбіліся рабочыя, каб перацягнуць на кватэры раяль. Так Руневіч пазнаёміўся з маладой прыгожай чэшкай Іржынкай, якая моцна запала ў сэрца хлопца. Ён успамінае свае дзіцячыя і юнацкія захапленні. Пра жанчыну Руневіч думае заўсёды светла і чыста.

Пасля аазіса

Алесь у чужым цывільным касцюме едзе ў консульскі аддзел паўпрэдства (да гэтага там пабываў Мазалёк). У кабінеце таварыша Зябліка, які гутарыў з Алесем, ён убачыў два партрэты. Леніна Руневіч пазнаў адразу, потым пазнаў і другога. «І адчуў сябе, як і пад Леніным, радасна і... няёмка. Больш — няёмка. Нават — пасля — да холаду сцішнавата... Сталін...

Як гэты вобраз прымераць да самага высокага, да самага прыгожага — да чалавечнасці?..» Прыгадалася шматсупярэчлівага, незразумелага і невытлумачальнага, што было звязана з імем Сталіна. Чуў Алесь пра безліч «ворагаў народа», «польскіх шпіёнаў», якія раптам з'явіліся ў савецкай краіны. Рэпрэсаваны быў родны брат Руневіча, як і калісьці не захацеў ехаць з бацькавай сям'ёй у «буржуйскую Польшчу», бясследна з.ніклі вясковыя камуністы-падпольшчыкі, якія ратаваліся ў СССР ад польскай дэфензівы.

Шчасліва вярнуўшыся з рызыкоўнай паездкі, стомлены бяссоннай ноччу і трывогай Руневіч заснуў. Разбудзіў яго Крушына паведамленнем, што «Масква нарэшце ударыла».

Роднае гора

Некалькі першых дзён нямецкае радыё пра падзеі на Усходзе маўчала. «„..Усе немцы, з якімі хлопцы сутыкаліся, або маўчалі панура, прыціснутыя грознай невядомасцю, або нават паддобрываліся да іх, нявольнікаў, прадстаўнікоў той сілы, якая там, на Усходзе, вырашае і вырашыць штосьці неверагоднае, небывала страшнае...» Але хутка грымнуў трыумф: паведамлялася, што «ўсе атакі рускіх адбіты і нямецкія войскі пайшлі ў наступленне. У доказ — назвы захопленых гарадоў. Неверагодна! Брэст, Беласток, Мінск, Львоў, Каўнас... У доказ — чорныя стрэлкі на картах... што лезуць у сэрца ржавым жалезам — з кожным днём, з кожнай зводкай — глыбей і глыбей... У доказ — кадры кінахронікі». Нядзельным адвячоркам Руневіч і Мазалёк трапілі ў кінатэатр. «Па родным блакіце паўзлі белыя аблокі з папялістымі донцамі, а пад імі — сіва-зялёнай сталлю хваляваліся жытнія нівы... Так ён іх бачыў, Алесь, хоць хроніка была не каляровая...Ах, Беларусь, Беларусь!.. У летнім пыле гасцінцаў бясконца, нахабна, пад маршавы бяздушны свіст, закасаўшы рукавы, як разнікі, і пазнімаўшы каскі, як на вясёлых манеўрах, ідуць, ідуць, зубаскаляць і топчуць падкутымі ботамі вахманы... Ужо і нашай крывёю крывавыя «звышчалавекі», «заваёўнікі свету»!.. Гараць нявінныя хаты. Галосяць маці, плача дзетвара. Пне праца і хлеб... А ў рэдкім сасонніку, каля пакінутых ці перавернутых гармат, ляжаць... валяюцца трупамі хлопцы і дзядзькі, уткнуўшыся хто тварам, хто астрыжанай патыліцай у стаптаную, глыбокую, квяцістую траву...»

Адносіны немцаў да палонных рэзка змяніліся, часта яны звяртаюцца да іх, як да ворагаў. Руневіча поўняць пытанні, даць адказ на якія ніхто не можа: «Няўжо нашы і праўда ўдарылі першыя ? I так няўдала... Няўжо і праўда, што хацелі ўдарыць, але не выйшла? Нас ашукалі, апярэдзілі?.. Няўжо, каб нашы першыя ўдарылі — гэта было б не ў згодзе з бальшавіцкімі ідэямі, з пачуццямі і думкамі ўсіх тых, што хочуць міру і свабоды?..»

У лагер, вызвалены ад палонных 1939—1940 гадоў, пачалі звозіць чырвонаармейцаў, і было ім, пра гэта ўжо ведалі, намнога горш, чым іх папярэднікам.

Дзе твой народ?

Руневіч і яго сябры распрацоўваюць план уцёкаў, бо іх месца там, на роднай зямлі, дзе ідзе крывавае змаганне за жыццё. Першымі ў дарогу павінны рушыць Алесь і Андрэй, праверыць шлях.

Незадоўга да прызначанага дня Руневіч сустрэў земляка. Чалавек быў незнаёмы, аднак Алесь з ім разгаварыўся і нават запрасіў на кватэру падсілкавацца. Змітрук здаўся сваім, сапраўдным, толькі разгубленым, прыціснутым палонам. I Алесь, дакараючы сябе ў думках за неасцярожнасць, параіў земляку, як можна паспрабаваць вырвацца дамоў, на Беларусь.

Руневіч і Мазалёк, пераапранутыя ў цывільнае, пад выглядам немцаў едуць цягніком. План быў разлічаны на тое, што іх гаспадары, святкуючы вялікую перамогу на Усходзе, страцілі пільнасць.

Праз тры дні ўцекачы былі ля колішняй мяжы, што падзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю. Дарога кантралявалася немцамі, таму хлопцы карыстаюцца дзіркай у калючай агароджы, якую зрабіў мясцовы люд, «пралазячы з дзяржавы ў дзяржаву... не, проста з вёскі ў вёску» да сваякоў ці знаёмых.

Ноч на прадвесні

Эпілог

Алесь Руневіч у партызанскім атрадзе, служыць у коннай разведцы. Побач з ім шмат даваенных знаёмых, сяброў, у партызанах таксама — Крушына і Змітрук, якія шчасліва выбавіліся з палону. Пра Уладзіка Бутрыма стала вядома, што ён памёр у Нямеччыне. Атрад ідзе на заданне, браць «тое мястэчка... той «славуты», «непрыступны» гарнізон... Тых арыйскіх «фогеляў», плюгавых бобікаў і гандляроў-«бязменаў», што акапаліся, абгарадзіліся тут, на нашай зямлі... як адзін з апорных пунктаў гітлерызму...»

Мастацкія асаблівасці

У аснову рамана «Птушкі і гнёзды» ляглі факты біяграфіі самога пісьменніка, перажытае, перадуманае, адчутае ім у гады ліхалецця. У прадмове да твора Я.Брыль зазначае: «Для гэтай кнігі я аддаў свайму герою многае з перажытага. Але ўсё ж яна —. «не аўтабіяграфія, а — біяграфія адной душы», расказ пра яшчэ адзін шлях да святла, пра яшчэ адно месца ў страі яго абаронцаў». I наступны момант падкрэсліваецца аўтарам: «Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека — які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць».

«Шлях да святла», іншымі словамі — пошукі маладога чалавека свайго месца ў барацьбе з фашызмам — можна вызначыць як ідэю рамана. Вайна, палон прымусілі галоўнага героя твора Алеся Руневіча перагледзець некаторыя жыццёвыя прынцыпы. Ён ішоў у армію перакананым «талстоўцам», не сумняваючыся ў слушнасці маральных імператываў свайго вялікага настаўніка. У той дзень, калі ў твар дыхнула вайна, Руневіч разгублена думае: «. ..Хутка нам трэба будзе ...Нам, і мне з усімі ўжо сёння, цяпер трэба забіваць. Чалавека. Людзей. Усіх, каго загадаюць... Нядаўна яшчэ — свабодны, самастойны, закаханы ў прыгожую праўду любасці да чалавека, начытаны вялікай, светлай праўды чалавечнасці перш за ўсё і найбольш у незраўнанага Льва Талстога, упэўнены ў шчырасці, у сіле свайго маладога пратэсту супраць усякай вайны, цяпер я — толькі механізм, бязвольны, прадугледжаны нейчым артыкулам». Іншыя думкі поўняць юнака, калі ён нагледзеўся на Германію і па яго зямлі загрукалі каваныя фашысцкія боты. Ён хоча быць дома, каб змагацца з ворагам, бо зло (фашызм) можна перамагчы толькі так. Руневіча нават мучыць сумленне, што пакуль Гітлер не напаў на СССР, ён не разумеў як след пакуты іншых людзей і народаў. Частка, у якой падаюцца падзеі лета 1941 г., мае назву «Роднае гора».

Любоў да сваёй зямлі і народа, імкненне бачыць іх вольнымі, шчаслівымі многае вызначылі ў светапогляднай арыентацыі юнака. Праз усю пакутніцкую «адысею» Алеся Руневіча праходзіць думка аб Радзіме. Яго імкненне да Беларусі такое ж глыбіннае і натуральнае, як і імкненне птушкі, якая ладзіць гняздо, выводзіць птушанят толькі на роднай зямлі. Паралель-сімвал «чалавек і птушка» падкрэсліваецца назвай рамана («Птушкі і гнёзды»), а таксама назвамі кніг («Сцюдзёны вырай» і «Гнёзды за дымам»).

Рызыкуючы жыццём, Руневіч і Бутрым уцякаюць з мястэчка і за тысячу кіламетраў, церпячы голад і холад, пераадольваючы неверагодную фізічную стомленасць, кіруюць на Бацькаўшчыну. Уцёкі закончыліся няўдачай, але гэта не адбіла жадання трапіць у родны кут.

Пасля сустрэчы з Крушынам у душы Руневіча ажыло спадзяванне вярнуцца на Радзіму легальным шляхам, і ён актыўна ўключыўся ў рызыкоўную справу па афармленні палоннымі неабходных папер для прыняцця савецкага грамадзянства. Зразумела, тады Руневіч не мог ведаць, што вяртанне палонных было не больш чым палітычнай гульнёй як з аднаго, так і з другога боку. Германіі, якая ваявала амаль з усімі еўрапейскімі дзяржавамі і збірала сілы для нападу на Савецкі Саюз, патрэбны былі рабочыя рукі. Бальшавіцкі ўрад мала цікавілі нейкія беларусы ці ўкраінцы, што адстойвалі незалежнасць чужой дзяржавы і трапілі ў палон. Калі пачнецца Вялікая Айчынная вайна і мільёны савецкіх салдат апынуцца за калючым дротам, Сталін адмовіцца ад іх, паставіць гэтых людзей па-за законам. Праз дзесяцігоддзі Я.Брыль скажа, што яму і іншым заходнебеларускім хлопцам проста пашчасціла да пачатку вайны не трапіць на Радзіму, дзе іх чакаў бы у лепшым выпадку ГУЛАГ.

У Германіі Алесь Руневіч бачыў людзей і нелюдзей. Ён заклапочаны тым, каб пры разліку з фашызмам не сустрэць падобнага на Шмітке — немца, які ненавідзіць вайну, але вымушаны падпарадкавацца загаду фюрэра, стаць салдатам. Крушына на гэта гаворыць, што «гуманнасць Алесю прыйдзецца крыху адкласці». У слушнасці слоў старэйшага таварыша Руневіч пераканаецца дома, калі нечакана адкрые: «Тут — што ні немец, то гад... Тут мы бачым фашыста — захопніка, забойцу, рабаўніка...» Гэта не ёсць вынік страты Руневічам чалавекалюбства.

«...Аўтар, абапіраючыся на ўласнае веданне, паказаў звычайны фашызм, які нараджаўся пад ухвальныя крыкі адурманеных хлуслівай прапагандай немцаў. Яны паверылі энергічнаму дэмагогу з маленькімі вусікамі, спакусіўшыся на ягоныя абяцанні забяспечыць народны дабрабыт. Платай за гэтую даверлівасць сталі незлічоныя пакуты і вялікая кроў і саміх немцаў, і многіх іншых народаў, у тым ліку нашага, беларускага... Добра прасочана ў «Птушках і гнёздах», як звычайны фашызм, напачатку і не такі ўжо для ўсіх страшны, набіраючы сілу, ператвараецца ў фашызм ваяўнічы, агрэсіўны і адкрыта бесчалавечны не толькі ў дачыненні да «ніжэйшых рас», але і да ўсяго жывога, людскага ва ўласным народзе», — слушна адзначае Д. Бугаёў.

Над творам Я.Брыль пачаў працаваць адразу па вяртанні з палону (першая дата, якая стаіць пад раманам — 1942— 1944), аднак тады твор застаўся незавершаным. Галоўнай прычынай, чаму праца аж на два дзесяцігоддзі перапынілася (раман закончаны ў 1964), было тое, што матэрыял не адпавядаў схемам і стэрэатыпам таго часу.

Раман Я. Брыля «Птушкі і гнёзды» займае своеасаблівае месца ў беларускай літаратуры. За тыя дзесяцігоддзі, што прайшлі пасля яго публікацыі, з'явілася няшмат твораў, у якіх паказваецца Германія ваеннага часу і жыццё палонных (раманы Б. Сачанкі «Чужое неба», М. Аўрамчыка «У падзямеллі»).

«Птушкі і гнёзды» маюць адметную кампазіцыю: у творы прысутнічае адначасова сучаснасць і мінулае. Мінулае — гэта жыццё Руневіча перад палонам. Яно ўзнаўляецца праз успаміны героя пра блізкіх людзей, родную вёску, прачытаныя кнігі, пра сябе самога, якім Руневіч быў ў дзяцінстве і на парозе сталасці. Вяртанні ў родны і дарагі свет заўсёды эмацыянальна афарбаваныя. За выключэннем пачатку другой кнігі, дзе пісьменнік знаёміць з немцамі-антыподамі Шмітке і Грубэрам, іншыя падзеі і персанажы ў рамане падаюцца праз успрыманне Руневіча, набываюць такім чынам суб'ектыўнасць.

Сюжэт рамана небагаты на знешняе дзеянне, аўтара цікавіць унутраны стан героя, тыя змены, якія адбываюцца ў светаадчуванні чалавека пад уздзеяннем рэчаіснасці. Прыхільнасць Я. Брыля да лірычнай прозы выявілася і ў рамане «Птушкі і гнёзды».