Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

1. Кароткі змест Лірыка

2. Кароткі змест Курган

3. Кароткі змест Бандароўна

4. Кароткі змест Адвечная песня

5. Кароткі змест На куццю

6. Кароткі змест Безназоўнае

7. Кароткі змест Паўлінка

8. Кароткі змест Раскіданае гняздо

9. Кароткі змест Тутэйшыя

 

 

Кароткі змест Лірыка

Янку Купалу называюць паэтам-прарокам. Гэта значыць, што ён не толькі асэнсоўваў лес народа, яго гісторыю і сучаснасць, але і паказваў шлях да будучыні, вёў за сабой, ствараў нацыю.

Станаўленне асобы творцы адбывалася ў час, калі словы «Беларусь», «беларусы», «беларускі» нічога і нікога не называлі. Паўночна-заходні край — такое найменне мела да 1906 г. зямля, што нарадзіла паэта. Таму доўгія гады Купала цярпліва і настойліва тлумачыў супляменнікам, што яны — старажытны і самабытны народ, са сваёй багатай слаўнай гісторыяй, прыгожай і мілагучнай мовай, вучыў любіць свой край. «Не шукай ты шчасця, долі / На чужым, далёкім полі», — наказваў ён сучаснікам, —

Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,

Там, дзе маці над калыскай

Табе песні напявала,

Як малога калыхала,

Толькі ўмей шукаці блізка.

(«Не шукай...», 1913)

Купала ўслаўляў і паэтызаваў роднае слова, шукаў адметныя вобразы і мастацкія сродкі, каб паказаць яго хараство, моц, сілу. У розныя гады ён напісаў некалькі вершаў з ідэнтычнай назвай «Роднае слова», што сведчыць пра тое вялікае значэнне, якое надаваў паэт беларускай мове ў фарміраванні нацыі.

Рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гг. прымусілі царызм зняць забарону на беларускую мову, яна пачала жыць «на хвалу людзей». У вершы, які з'явіўся ў 1908 г., роднае слова называецца «магутным», «бяссмертным», «свабодным»:

Бяссмертнае слова ты, роднае слова!

Ты крыўды, няпраўды змагло;

Хоць гналі цябе, накладалі аковы,

Дый дарма: жывеш, як жыло!

Аптымізмам прасякнута нават апошняя страфа, дзе паэт называе роднае слова «загнаным», такім чынам акцэнтуючы ўвагу на няроўным становішчы беларускай мовы побач з іншымі мовамі.

Загнанае слова ты, роднае слова!

Грымні ж над радзімай зямлёй:

Што родная мова, хоць бедная мова,

Мілей найбагатшай чужой!

У вершы шмат зваротаў і клічных сказаў. Рытміка-інтанацыйнае афармленне твора (ён напісаны амфібрахіем, мае розную колькасць складоў у цотных і няцотных радках — 12 і 8) спрыяе адчуванню ўзнёсласці, лёгкасці.

Першая пралетарская рэвалюцыя, не вырашыўшы сацыяльныя праблемы, дала магутны імпульс нацыянальнаму адраджэнню Беларусь Гэтым тлумачыцца аптымістычнае гучанне многіх купалаўскіх твораў, напісаных у гады рэакцыі. «Зваяваным» (1909) — паэтычны рэквіем (твор, у якім выкліканыя смерцю жалоба і смутак спалучаюцца з услаўленнем жыцця). Рэквіем ахвярам рэвалюцыі, тым, «што праўды на свеце шукалі»:

Спіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,

Хутка над вамі распалім памінкаў агні!

Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;

Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!

Вы, перамогшы усё, узняліся арламі,

Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і не згас.

...Спіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;

Збуджаны вамі, мы ўскрэслі, мы больш не заснём!

Бязмежная любоў да роднай зямлі, да скрыўджанага, абяздоленага народа вадзіла пяром паэта. Лес народнага песняра і лес Беларусі неадлучныя — такая думка прачытваецца ў многіх творах. У філасофскім вершы «Мая вера» (1905—1906), гаворачы праўласныя светапоглядныя арыенціры, Купала прызнаваўся: «У народ і край свой толькі веру. / I веру ў самога сябе».

Жыццёвыя абставіны (пошукі працы, першая і другая сусветная вайна) не аднойчы адрывалі Купалу ад роднай зямлі. Што адчуваў паэт, як яго душа ірвалася «на бацькоўскія гоні», сведчыць верш «Я ад вас далёка...» (1910).

I няма на свеце так вялікай меры,

I няма на свеце так каваных дзвераў,

Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —

Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

Асабліва ўражвае заключная страфа:

А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца, —

Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца.

I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,

Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

У грамадзянскай лірыцы Я. Купалы асобнае месца займае нацыянальна -патрыятычная тэма. Яна заявіла пра сябе ўжо на раннім этапе творчасці народнага паэта. Вершам «А хто там ідзе?» (1905—1907} Купала ўсяму свету абвяшчаў пра выхад на гістарычную арэну беларускага народа, пра яго спрадвечнае жаданне «людзьмі звацца». Тады, на пачатку XX стагоддзя, «за грамаду — не народ, а ўсяго толькі насельніцтва — як слушна адзначае даследчык літаратуры В. Рагойша, — адказваў сам паэт». Гэтая «пагарджаная век», «сляпая», «глухая» грамада павінна была стаць народам, кансалідавацца ў нацыю. Дзеля вялікай мэты Купала выступаў не толькі як асветнік, а калі таго патрабавалі абставіны, і як палітык. Ён хацеў бачыць Беларусь вольнай, незалежнай, што звязваў з аднаўленнем дзяржаўнасці.

Адраджэнне краю, якое, нягледзячы на цяжкасці, адбылася, Купала вітаў у вершы «Маладая Беларусь» (1911—1912). Сімвалічны вобраз маладой Беларусі — свабоднай, шчаслівай, упэўненай у сваім заўтра краіны — праходзіць праз усю творчасць пісьменніка. У згаданым вершы гэты вобраз ствараецца рамантычнымі сродкамі. Абудзілі ад сну Беларусь магутныя сілы-стыхіі Зямлі і Сусвету. Купала піша:

Вольны вецер напеў вольных песень табе,

Бор зялёны узняў дружным гоманам.

Сонца полымем вызвала к дружнай сяўбе,

Зоры веру ўлілі сілам зломаным.

Эпітэты, параўнанні, да якіх звяртаецца паэт, так ці інакш звязаны са святлом, сонцам, агнём: «зіхаціш і гуслярнаю песняй звініш», «смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет!», «сееш ласкавы сны залацістыя» і г.д. Зразумела, Я. Купала ў гэтым вершы стварыў рамантычны ўзвышана-ідэалізаваны вобраз будучай Беларусі, якая нараджалася. Заклік паэта:

Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі

тычыцца не дасягнутага ўжо, здзейсненага, а ён скіраваны ў заўтрашні дзень. У 1911—1912 гг. рэаліі беларускага жыцця пры ўсёй іх неадназначнасці жывілі надзею на добрыя змены ў лесе Беларусі. Але гэту надзею хутка перакрэсліла першая сусветная вайна.

Рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. нібыта давалі беларусам шанц «заняць свой пачэсны пасад між народамі». Купала разумеў, што яго слова можа аказаць уплыў на ход жыцця. Вершам «Для бацькаўшчыны» (1918) пачаўся вельмі плённы перыяд у творчасці пісьменніка. Ён браў «зноў заснуўшую было жалейку» і прароча граў для маці-Беларусі. Вершы «Спадчына», «Час!», «На сход!», «Свайму народу», «Беларускія сыны», «Крыўда», «3 павяўшай славы», «Паязджане», «Паўстань...», «Перад будучыняй» і многія іншыя напісаны ў прамежку між 1918—1922 гадамі. У іх надзея змяняецца роспаччу, светлыя сонечныя таны саступаюць месца змрочным.

Трагічна складвалася для незалежнасці Беларусі гістарычная сітуацыя, народ не выяўляў імкнення да волі. I паэт клікаў яго на сход, «на ўсенародны грозны, бурны сход» («На сход», 1918). Па Купалу народ, а не дабрадзеі-чужынцы, павінен вырашыць уласны лёс. «За сябе сам пастаяці / I за Бацькаўшчыну-маці / Йдзі, народ, на сход!» — радкі з верша «Час!» (1918). Каб абудзіць дух суайчыннікаў, паэт прыгадваў слаўнае, змагарнае мінулае:

Дняпро і Сож, Дзвіна, Вілля і Нёман

Шмат могуць што у памяці збудзіць.

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,

Сцярог ад чужака й законы укладаў;

Звон вечавы сход склікаваў народны,

I сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.

Ён кідаў горкі папрок народу:

Чужак-дзікун, крывёй упіўшысь свежай,

Запрог цябе ў няволю, ў батракі

I тваю Бацькаўшчыну-маці рэжа,

Жывую рве на часці, на кускі.

У вершы «Свайму народу» (1918), з якога ўзяты цытаты, маналог паэта напоўнены вялікім душэўным болем. Купала заклікае, прарочыць, просіць:

Паўстань, народ! Для будучыны шчасце Ты строй, каб пут не строіў больш сусед; Не дайся ў гэты грозны час прапасці, — Прапашчых не пацешыць шчасцем свет.

Сваю магутнасць пакажы ты свету, — Свой край, сябе ў пашане мець прымусь. Паўстань, народ!.. 3 крыві і слёз кліч гэты... Цябе чакае Маці-Беларусь!

Змрочная карціна жыцця беларусаў у першыя паслякастрычніцкія гады ўзноўлена ў вершах «Паязджане» (1918), «Крыўда» (1918), «Беларускія сыны» (1919). У гэты час неаднаразова мянялася ўлада, у краі гаспадарылі акупанты, гістарычная перспектыва не бачылася. Творчае ўяўленне мастака малюе трагічны вобраз паязджан, якія заблудзіліся ў снежнай імгле. Людзі рухаюцца, але гэты рух бязмэтны і бессэнсоўны:

Едуць, едуць, ані следу,

Ні праслуху, ні прагляду,

Ні прасвету, ні надзеі —

Усё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.

У полі дымна, ў полі цёмна,

Беспатольна і заломна,

Ні пуціны, ні упыння,

Як у вечнай дамавіне

(«Паязджане»)

Паязджане ў Купалы не проста людзі, якія збіліся са шляху, гэта вясельны поезд: маладая, малады, сват, свацця... Сімвалічны вясельны поезд можна спраецыраваць на знаёмы нам вобраз маладой Беларусі. Атрымаецца, што гэта яе вязуць ахопленыя жахам, пасіўныя і абыякавыя да ўсяго насельнікі краю «без днявання, без начлегу, / У бездарожжа, ў беспрыстанне». Захліпаючыся ад смеху, «папаўзуха-завіруха» цешыць паязджан ілюзіямі, шэпча «аб музыцы-дудаграі, аб пшанічным караваі».

Распачатая ў 20-я гады беларусізацыя змяніла адносіны Купалы да савецкай улады. Разам з тым ён удумліва ставіўся да ўсяго, што адбывалася ў жыцці. Так, паэт не мог прыняць вядомы пастулат, што пралетарый не мае бацькаўшчыны. Думаецца, Купала разумеў сапраўднае становішча працоўнага чалавека, аб'яўленага гаспадаром краіны. У першай страфе верша «...О так! Я — пралетар!..» (1924) выразна прачытваецца крылатае ленінскае выслоўе: «Пролетариату нечего терять, кроме своих цепей. Обретет же он весь мир». Лірычны герой твора заяўляе:

...О так! Я — пралетар!..

Яшчэ учора раб пакутны —

Сягоння я зямлі ўладар

І над царамі цар магутны!

Ужытая аўтарам гіпербала (перабольшанне) — «зямлі ўладар», «над царамі цар магутны» — прымушае думаць, што з'ява (становішча рабочага ў новым грамадстве) не сцвярджаецца, а адмаўляецца.

Прывязанасць, любоў да роднай зямлі ўспрымаецца пралетарам як недахоп, перажытак мінулага. Ён з радасцю канстатуе: «Мне бацькаўшчынай цэлы свет, / Ад родных ніў я адвярнуўся...» Але пакуль што канчаткова вытруціць з душы і памяці вобраз радзімы лірычны герой не здолеў, «не збыў яшчэ ўсіх бед»: яму «сняцца сны аб Беларусі». Апошнія радкі верша праз непрыманне пралетарыем патрыятызму гавораць пра каштоўнасць гэтага агульначалавечага пачуцця. У вершы «...О так! Я — пралетар!..» Я. Купала па-майстэрску выкарыстаў такі мастацкі сродак, як іронія. Нібыта ўхваляючы з'яву, аўтар на самай справе яе высмеяў.

Імкненне да свабоды, самапавага, пачуццё годнасці — такія якасці хацеў бачыць паэт у характары народа, імі ён вымяраў змястоўнасць жыцця людзей. У вершы «I прыйдзе» (1926) Я. Купала звяртаўся не толькі да сваіх сучаснікаў, а і да нас, далёкіх нашчадкаў:

I прыйдзе новых пакаленняў

На наша месца грамада

Судзіці суд, ці мы сумленна

Жыццё прайшлі...

Ці аб свой гонар дбайна дбалі,

I дабравольна, без прынук,

Самі сабой не гандлявалі,

Не неслі ў петлі дум і рук?

I ці пакінуці на памяць

Мы песень гэтакіх змаглі,

З якіх бы можна было ўцяміць,

Што мы свабоднымі былі?..

Аўтар папярэджвае, што «суд гісторыі цяжкі», што яна кожнаму выдасць «непадкупны прысуд». Пры ўсёй відавочнай сувязі са сваім часам верш «I прыйдзе» можна аднесці да філасофскай лірыкі. У ім выявілася Купалава разуменне сэнсу чалавечага існавання. Як трэба жыць — паэт тлумачыў ад процілеглага. Многія яго сучаснікі адышлі ад наканаванага шляху свабоды, гонару, годнасці.

I засумуецца патомак,

Калі дазнаецца аб нас,

Што нейкі з нас хоць быў не зломак,

А плечы гнуў у крук не раз;

Не йшоў з адкрытымі вачыма

У свет і сцежкі не прастаў,

А ўсёй магчымасці магчымай

Сляды таптаў, сябе таптаў.

З нацыянальна-патрыятычнай тэмай цесна звязана Купалава ўсведамленне свайго месца ў жыцці народа. На пачатку творчага шляху, тлумачачы, чаму ён, сялянскі сын, узяўся «снаваць песенькі-думкі», малады Я. Купала пісаў у вершы «Я не паэта»:

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы нікога ж не маюць,

Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

Адразу вызначыўся паэт, для каго ён стане спяваць свае песні:

Я не для вас, паны, о не,

А я для бедных і загнаных,

Я з імі мучуся ўраўне,

У адных закут з імі кайданах...

Я не для вас, паны, о не!

(«Я не для вас...», 1905—1907)

Шырокая эстэтычная праграма выкладзена ў вершы «З кутка жаданняў» (1912). Паэт хоча «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця». Адзіны скарб, патрэбны яму — «песню стварыці ясну, як неба, ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём». Ён жыве надзеяй, «што не загубяць крыўды жывую душу народа», гатовы памерці «за лепшую долю роднага краю».

Верш складаецца з 5 строф, якія пабудаваны па аднаму прынцыпу. Два першыя радкі праграмныя, аўтар у іх выказвае задачы і мэту мастака, у двух апошніх сцвярджаецца асабістая далучанасць да таго ці іншага палажэння эстэтычнай праграмы:

К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,

К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям,

Гэткай шукаю сцежкі на свеце,

Гэткаму богу і душу аддам.

Не аднойчы Янка Купала падкрэсліваў, што яго песня нараджалася сярод родных лясоў і ніў, сярод свайго, простага сялянскага люду.

Путча і ночка яе гадавалі,

Няньчылі казкамі долі нямой;

Дождж і расіца вясною купалі,

Снежныя буры тулілі зімой.

(«Мая песня», 1911)

Таму песня «службы лакейскай не знае», яна вольная і незалежная, «з небам і ніваю ў дружбу заходзе». Купала з поўным правам мог сказаць пра сябе:

Песня мая не шукае чырвонцаў — Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям...

Пісаць для народа і пісаць пра народ — асноўнае ў творчай праграме паэта. Але пісаць пра народ для Купалы было не толькі расказваць пра яго долю-нядолю, заклікаць на змаганне з сацыяльнай несправядлівасцю, а і гаварыць пра нацыянальную годнасць, адказнасць перад продкамі і нашчадкамі, весці да праўды, шукаць шляхі да шчаслівай будучыні.

Паэт, па Купалу, на асаблівым становішчы ў грамадстве. У вершы-наказе «Песняру -беларусу» (1909) ёсць такія радкі:

За родну песню будзь ваякай,

Не жджы заплаты ад людзей.

Песняр-слуга слугі ўсякай,

Пяснар і цар усіх царэй!

У 1926 г., калі досыць шырока грамадствам Беларусі адзначалася 20-годдзе творчай дзейнасці, Янка Купала напісаў верш «За ўсё...» Азіраючыся на пройдзены шлях, паэт з годнасцю гаварыў: «Я адплаціў народу, чым моц мая магла, зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла». Ён быў з народам у самыя цяжкія часы:

Для бацькаўшчыны роднай,

Для ўпаўшых яе сіл

Складаў я гімн пабедны

Сярод крыжоў, магіл.

У вершы гучыць удзячнасць за тое, што дала краіна яму, песняру.

«За ўсё...» стаў адным з першых твораў паэта, напісаным на кантрасце цемры і святла, мінулага ліхалецця і шчаслівай сучаснасці. У сярэдзіне 20-х гадоў Янка Купала пачаў пераконвацца, што жыццё народа набывае нацыянальныя абрысы, стабілізуецца. I хоць радзімая старонка аказалася падзеленай на дзве часткі (пра гэта верш «Па Даўгінаўскім гасцінцы», 1926), так званая беларусізацыя абяцала, што Беларусь зойме «свой пачэсны пасад між народамі».

Свет чалавечых пачуццяў у творчасці Янкі Купалы адлюстраваны шматгранна і ўсебакова. Душа паэта адгукалася на прыгажосць прыроды, на светлы позірк дзяўчыны, на ласкавую усмешку маці. «Старонка родная» для Купалы не толькі народ з яго доляй-нядоляй, мінулым і будучыняй, але і ўся зямля. Таму аб роднай зямлі-спадчыне, што засталася «ад прадзедаў спакон вякоў», паэту

...баюць казкі-сны

Вясеннія праталіны,

I лесу шэлест верасны,

I ў полі дуб абпалены.

(«Спадчына», 1918)

Прырода ў творах Купалы паўстае ў сваёй някідкай прыгажосці, рухомай і зменлівай. Паэт звяртаецца да рэалістычных сродкаў мастацкай вобразнасці, паказваючы звыклыя для сялянскага вока карціны:

...Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю

Абдаравала зямельку вясна.

Рэчкі бурлівыя, учора санлівыя,

Сёння ўсталі, плывуць і бурляць;

Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,

К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.

Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,

Радасна песні зайгралі свае...

(«Вясна», 1906)

Купала раскрывае радасць чалавека ад зямлі, таму ў полі зроку — з'явы, якія станавіліся падзеямі ў працоўным календары («Поле травіцаю сочнай адзелася, выйшла скацінка і дружна скубе»).

Верш заканчваецца запаветнай думкай аб долі і шчасці чалавека. Іх прыход атаясамліваецца з заканамерным наступам вясны («Грай, грай, жалеечка, грай, грай вясёлая! Выйграй з вясною і долечку мне»).

Стаў песняй цудоўны пейзажны верш Янкі Купалы «Явар і каліна» (1910), у якім зліліся прырода і каханне, радасць вясновага абнаўлення і паганскія казкі начнога лесу, сум сонных далін. Твор прасякнуты філасофскай ідэяй бясконцасці жыцця, прыроды, яе зменлівасці і абнаўлення. Пра змест верша «Явар і каліна» слушна сказаў I. Навуменка: «Гэта выказаная замілаванымі, надзвычай экспрэсіўнымі паэтычнымі радкамі хвала Жыццю, Каханню, увасобленых у вобразах дрэў.., што шэпчуцца аб чымсьці неразгаданым, таямнічым пад вечным небам».

Верш гарманічны паводле зместу і формы. Купала валодаў высокай эстэтычнай культурай слова, адчуваннем яго мастацкіх магчымасцей, што ярка выявілася ў вершы «Явар і каліна».

Як гімн жаночай прыгажосці гучыць верш «Жняя» (1911). Зыходзячы з народных маральна-эстэтычных прынцыпаў, паэт паказаў не проста дзяўчыну, а «жнейку». У гарманічнай еднасці перапляліся ў творы прыгажосць маладой дзяўчыны, сонечнага летняга дня, залатой спелай збажыны.

Як сама царыца

Ў залатой кароне,

Йдзе яна ў вяночку

Паміж спелых гоняў...

Вецер абнімае

Стан яе дзявочы,

Сонца ёй цалуе

Шыю, твар і вочы.

Намаляваўшы залаціста-сонечнымі фарбамі партрэт сялянскай дзяўчыны, аўтар у канцы верша з гонарам зазначае

Гэта жнейка наша

Ў нашаей старонцы.

Такім чынам, постаць жняі ўздымаецца ў сімвалічным абагульненні да постаці Беларусі з патрыятычных вершаў Купалы.

Лірычная гераіня верша «Лён» (1935) жыве ў іншы час, чым жняя з аднайменнага твора. Яна калгасніца, гадуе «чысты, валакністы, залацісты лянок». Паэт паказвае ўсе этапы нараджэння ільнянога валакна. «Раніцай вясны» было пасеяна ў раллю зерне. Лён рос, цвіў, «надзяваў галоўкі на сябе». Дзяўчына «рваць ішла яго ў снапы», абівала, «слала лянок на зялёным на лугу» ...Другая сюжэтная лінія ў вершы — каханне лірычнай гераіні і брыгадзіра:

Рваць ішла яго ў снапы,

Песні пела аб вясне,

Брыгадзір лічыў капы,

Час ад часу моргаў мне.

Ой, лянок, лянок мой чысты

Валакністы, залацісты!

...А як слала я лянок

На зялёным на лугу,

Дзе папаўся Міхасёк,

Цалавала на бягу.

«Лён» — адзін з вершаў «ляўкоўскага цыклу», створанага ў сярэдзіне 30-х гадоў, у якім паэт услаўляў шчаслівую працу сялян «на нашым полі, полі калгасным». У многіх творах 30-х гадоў з'явілася не ўласцівая раней Купалу ідэалізацыя, прыхарошванне рэчаіснасці, што знайшло адбітак і ў вершах «ляўкоўскага цыклу». «Лён» у даным выпадку можна лічыць выключэннем, бо той ідэальны свет, у якім існуе лірычная гераіня, звязаны з маладосцю і каханнем.

 

 

 

Кароткі змест Курган

У пачатку твора апісваецца старажытны курган. З ім звязана наступнае паданне.

Шмат гадоў назад «на гары на крутой» стаяў «белы хорам», у якім жыў князь «недаступны і грозны». Ён «спуску і ласкі не знаў непакорам».

Аднойчы была ў князя вялікая бяседа. На вяселле князевай дачкі з'ехалася шмат знатных гасцей. На трэці дзень «князь прыдумаў адну для дружыны пацеху-забаву», загадаў паклікаць старога гусляра.

Пасадзілі гусляра «на ганку, між клёнаў і ліп».

Невыдумная світка — убор на плячах,

Барада, як снег белы — такая,

Незвычайны агонь у задумных вачах,

На каленях ляглі гуслі-баі.

Князь загадвае гусляру іграць:

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —

Поўны гуслі насыплю дукатаў;

Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —

Канапляную возьмеш заплату.

Заіскрыліся вочы гусляра і заплакалі пад яго рукамі «струны жывыя». Гусляр гаворыць, які ні моцны князь, а дум ланцугамі не скуе. Ён нагадвае князю, колькі людзей стогнуць і плачуць вакол яго харомаў і ў лёхах пад імі. На золаце князя блішчыць чалавечая кроў, а брыльянты — «цёртая сталь ад кайданаў».

Князь нейкі час маўчаў, думаючы, як пакараць гусляра. Загадаў:

Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!

Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!

Закапалі старога гусляра. «Не часалі дамоўкі яму сталяры, не заплакалі бліжнія вочы». А хорам князя «гудзеў, не маўчаў, шалы, музыка ў такт рагаталі».

На тым месцы, дзе быў закапаны гусляр, вырас дуб.

Людзі кажуць, што раз у год выходзіць з кургана з гуслямі Дзед

I ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,

I на месяц глядзіць, як сам, белы.

Калі б хто зразумеў тую песню, то не зазнаў бы гора ніколі.

Мастацкія асаблівасці

«Курган» (1910) адкрываў цыкл фальклорна-рамантычных паэм Я. Купалы. Аднак у адрозненне ад «Бандароўны» і «Магілы льва» ў аснове твора — прыдуманая аўтарам легенда пра гордага непакорлівага гусляра і жорсткага князя. Тэма паэмы — лес мастака ў класавым грамадстве. Гусляр гіне, але маральная перамога застаецца за ім. Жыве ў народзе памяць пра яго ўчынак (сімваламі памяці выступаюць у творы курган на месцы смерці, дуб, што вырас на кургане).

Канфлікт паэмы звязаны з вобразамі Гусляра і Князя, якія з'яўляюцца антыподамі. З аднаго боку — незалежнасць, непадкупнасць, свабодалюбства («Гуслям, княжа, не пішуць законаў: небу справу здае сэрца, думка мая, сонцу, зорам, арлам толькі роўна»), з другога — самаўпэўненасць, пыхлівасць, уладарнасць («Знаеш славу маю, знаеш сілу маю... Князь умее плаціць незвычайна!»). Гусляр і Князь — сканцэнтрыраванае выяўленне класавых супярэчнасцей у грамадстве. Гусляр выступае прадстаўніком народа, увасабленнем яго маральнай прыгажосці, высакароднасці. Вобраз яго ў паэме выразна ідэалізаваны, рамантычна абагульнены. Князь — носьбіт заган эксплуататарскай вярхушкі. Кантраснасць вобразаў выяўляецца праз апісанне знешняга выгляду, паводзін герояў.

Паэма «Курган» стройная па кампазіцыі — як агульнай, "страфічнай (складаецца з 12 раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу мае 4 катрэны), так і звязанай з развіццём дзеяння. Першы раздзел экспазіцыйны, аўтар апісвае курган, «памятку дзён, што ў нябыт уцяклі». У заключным раздзеле-эпілозё гаворка зноў вяртаецца да кургана: на ім раз у год з'яўляецца «белы, як лунь», стары з гуслямі. Легенда пра гусляра расказваецца ў асноўнай частцы твора.

 

 

 

Кароткі змест Бандароўна

У народзе засталася песня з давен-даўна пра жорсткага бесчалавечнага пана Патоцкага і прыгожую Бандароўну.

«У слаўным месце Берастэчку» жыў Бандарэнка. У яго была дачка-прыгажуня Бандароўна:

Хараства такога ў свеце

Не было, не будзе;

Аб ёй людзі гаварылі,

Як аб нейкім цудзе.

У карчму, дзе гуляла моладзь, прыблукаўся пан Патоцкі.

Банкятуе з казакамі,

Мёд, віно п'е квартай,

К маладзіцам і дзяўчатам

Лезе смоллю ў жарты.

Бандароўна за нахабныя жарты выцяла пана па твары. Патоцкі пачаў пагражаць «усёй казачай брацці». Бандароўна кінулася ўцякаць ад панскай помсты. «Дзікая пагоня» адшукала дзяўчыну і прыцягнула ў панскія харомы.

I стаіць яна прад панам,

Як калінка тая,

Што у лузе над ракою

Вецер пахінае.

...Глядзіць смела, ані моргне,

Ворагу у вочы.

Пан Патоцкі загадаў накрыць «стол дубовы сытаю ядою», прынёс з бакоўкі стрэльбу. Спытаў у Бандароўны, што яна выбірае: з ім «піць, гуляці, ночкі каратаці ці навекі косці парыць у зямельцы-маці?» Бандароўна выбрала апошняе:

Не такую, ясны пане,

Бачыш прад сабою,

Што захоча чэсць і славу

Прадаваць з табою.

Пан застрэліў Бандароўну.

Але праз нейкі момант пачаў праклінаць сябе. Бацькі забралі мёртвую дачку, дома яе «прыбіралі, як да шлюбу».

Пан хацеў неяк загладзіць сваю віну. «шоўкам кажа абіваці гроб той дзераўляны», загадаў музыкам граць сумную мелодыю.

Бандароўну пахавалі, але вестка пра смерць дзяўчыны разляцелася па ўсёй Украіне. «Задымелі у пажарах панскія сялібы», пайшла крывавая бітва.

«З долі горкай Бандароўны» засталіся песні і ўспаміны.

Мастацкія асаблівасці

У аснову сюжэта паэмы (1913) лягла народная песня пра Бандароўну, вядомая на Украіне і Беларусі. Купала заглыбіў сюжэт фальклорнага твора сацыяльна і псіхалагічна: канфлікт у паэме не паміж Бандароўнай і панам, а паміж народам і прыгнятальнікамі. Дзяўчына гаворыць Патоцкаму: «За мной праўда і народ мой». Смерць Бандароўны стала той кропляй, што перапоўніла чашу народнага цярпення.

Вобраз Бандароўны ў паэме ідэалізаваны, падаецца аўтарам як сімвал дзявочай прыгажосці, знешняй і ўнутранай. Яна гордая, смелая, незалежная, гіне, духоўна перамагаючы пана-спакусніка.

У абмалёўцы вобразаў герояў, узнаўленні падзей побач з фальклорнымі сродкамі аўтар выкарыстоўвае рамантычныя. Так, рамантычная выключнасць, гіпербалізацыя, арганічна спалучаная з фальклорнымі параўнаннямі, эпітэтамі, прысутнічае ў партрэтнай характарыстыцы Бандароўны:

Хараства такога ў свеце

Не было, не будзе;

Аб ёй людзі гаварылі,

Як аб нейкім цудзе.

Як маліны, яе губкі,

А твар, як лілея,

Як дзве зоркі, яе вочкі,

Гляне — свет яснее.

У плынь аб'ектывізаванага апавядання ўведзены радкі суб'ектыўнага аўтарскага перажывання за гераіню, выяўлення адносін да пана Патоцкага. Купала адкрыта спачувае Бандароўне («Ой, няшчасна Бандароўна, адпачні часіну, памаліся за сябе ты, за сваю Ўкраіну!»).

Падзеі ў паэме развіваюцца імкліва, канфлікт востры і напружаны. Паэма «Бандароўна» мае падзагаловак «з народнай песні». Купала выкарыстаў у творы некаторыя кампазіцыйныя элементы песні, напрыклад, паралелізм.

 

 

 

Кароткі змест Адвечная песня

I. Хрэсьбіны

Ноччу над калыскай дзіцяці спяваюць Жыццё, Доля, Бяда, Голад і Холад. Жыццё дае яму пад уладу «як ёсць усё чыста на свеце». Доля абяцае напяваць чалавеку «аб радасці, славе, багацці», але яна ўцячэ ад яго. Бяда ж будзе з ім заўжды («I так ён зжывецца са мной, што стану яго я душой»). Голад и Холад збіраюцца «хадзіць за ім парай, наводзіць балесці і хмары». Жыццё, Доля, Бяда, Голад і Холад даюць імя дзіцяці — Мужык.

ІІ. На службе

Маленькі, босы, у парванай апратцы пастушок пасе скаціну, жаліцца на сваю долю. Прыходзіць маці, пытаецца, чаму сын невясёлы. Жанчына плача, шкадуючы свае дзіця. Пастушок яе супакойвае:

Не плач, маці, і не злуйся На жыццё,

Як я ў сілачку ўбяруся, . Змагу ўсё.

III. Вяселле

Сват і свацця запрашаюць весяліцца, хваляць маладых. Малады абяцае нявесце: «Зажывём мы па-сваёму, як ніколі, як ніхто». Маладой страшна і трывожна, бо яна пакідае родную хату, наперадзе зусім новае жыццё.

IV. Вясна

У хату Мужыка прыходзіць Вясна. Нагадвае, што ўжо прасохла ралля, трэба сеяць. Мужык жаліцца, што «зерня к севу няма».

V. За сахою

Мужык арэ, падганяе спрацаванага коніка, яму самому «ломіць косці, грудзі... пыл засыпаў вочы». Падарожны, мінаючы аратага, гаворыць пра сваю нядолю, бо ў яго няма хаты, нівы. Але бяздольным лічыць сябе і араты, які ўсё гэта мае.

VI. Лета

На ўзмежку пад грушай сядзіць Мужык. Відаць залітая паводкай сенажаць, пабітае градам жыта. На небе падымаецца чорная хмара. Лета прапануе яму весялей глядзець, працягвае серп і касу. Мужык паказвае на сваю сенажаць і поле. Лета ўшчувае селяніна:

I не стыдна табе век-вяком,

Хоць і дуж, як той дуб векавы,

Вясці гутарку ўсё са плачом,

Ніжэй гнуцца павялай травы!

Падказвае, што ў двары (у пана) ёсць заробкі. Мужык даводзіць, што двор ён знае даўно, з году ў год пакідаў там сілу.

Вынімала мне паншчына дух,

Зжыў яе — думаў, воля дасць хлеб...

Як за паншчынай, бедзен і слеп.

Лета кідае Мужыку пад ногі серп і касу. Пачынаецца моцны дождж з градам.

VII. Касьба і жніво

Гарачыня. Мужык косіць, Жонка жне. З ёю побач малыя дзеці. Мужык, звяртаючыся да касы?

Век звініш, свішчыш,

Адкляпаная,

Век плыве сляза

Неўніманая.

Жонка, абкручваючы параненую на ржышчы нагу:

Усюды бог гасціў

З сваёй ласкаю,

Толькі крыў мінуў

Ніву хамскую.

Ідзе да калыскі немаўляці і корміць яго.

VIII. Восень

Мужык малоціць. З'яўляецца Восень і пытаецца, як у яго з кормам, як жыта. Селянін адказвае, што ўсяго мала, «да паўзімкі не стане». Восень раіць прыкупіць «з пудзік хлеба», пазычыць «з воз сянца». Але на гэта ў Мужыка няма грошай.

IX. Свята

У хаце на палку двое хворых дзяцей. Іншыя поўзаюць босыя, у адных кашульках. На печы крэкча стары бацька. Мужык хоча павесяліцца, выпіць чарку. Жонка нагадвае пра нястачы:

 

Трэба новае карыта,

Каптан Зосі трэба,

Просіць фельчара Мікіта —

Ўжо не есць і хлеба.

...Не да смеху, не да гуляў, Калі бяда ў хаце.

Прыходзяць Стараста і Магазыннік, каб спагнаць з Мужыка падаткі і доўг. Мужык уцякае з хаты. Жонка плача.

X. Зіма

Мужык па калена ў снезе сячэ тоўстую хвою. Прыходзіць Зіма і прапануе яму памерацца сілаю. Той просіць яе «не мучыць абарванага», адпраўляе ісці «пад футры багатыя, ў палацы мураваныя». Пачынаецца мяцеліца. Падсечанае дрэва валіцца і забівае Мужыка. К нябожчыку прыбліжаецца зграя ваўкоў.

XI. Хаўтуры

У хаце ў дамавіне ляжыць Мужык. Галосіць жонка:

Нашто на свет раджацца,

Хто мае з ім расстацца,

I горкі жаль кідаці

Удаве, бацькам, дзіцяці...

 

Стары бацька збіраецца з унукам ісці ў свет жабраваць. («Не месца мне у хаце: не дуж я працаваці; пры кім дажыць тут веку няшчаснаму калеку?») Сталяр канчае рабіць века да труны. Дзеці і суседзі развітваюцца з нябожчыкам. Выносяць труну з хаты.

XII. На могілках

Цёмнай ноччу перад узвіжаннем на паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка. Яна хоча ведаць, як жывуць нашчадкі. З'яўляюцца тыя духі, якія былі на хрэсьбінах. Бяда паведамляе, што

Не зломлены к шчасцю вароты,

Слязы не убыло, — прыбыло.

Не згінулі Голад і Холад. Хорам духі гавораць, што «завалены сцежкі к прасвету крыжамі бясчасных магіл». Доля расказвае пра лёс дзяцей Мужыка. Адзін, як і бацька, арэ шнур, «карчомкай душу весяліць». Другі дзесьці на чужыне, трэці ў турме, чацвёрты «ў здзеку загінуў, за праўду, за крыўду сваю». Пятаму машына адсекла руку, і ён стаў жабраком. Жыццё, якое пры нараджэнні абяцала так многа, гаворыць: «Я лоўка расставіла сеткі! Папробуй расплутай вазьмі!»

Цень Мужыка просіць наноў раскрыцца магілу, бо «страшней яе людзі і свет».

Мастацкія асаблівасці

«Адвечная песня» (1908) — першая напісаная Я. Купалам драматычная паэма. У 12 частках-праявах раскрываецца жыццё галоўнага героя твора Мужыка ад нараджэння і да самай смерці. Кожная частка — пэўны этап у жыцці героя. Купала паказаў, што Мужык, як і кожны чалавек, прыходзіць у гэты свет свабодным. Жыццё над калыскай сялянскага дзіцяці спявае:

Ён будзе ўсіх чыста дужэй,

Ён будзе ўсіх чыста мудрэй...

Так будзе ён царам прыроды,

Сам найдасканальнага роду...

Аднак царом прыроды Мужык не становіцца. Нават скупы дастатак у сялянскай сям'і залежыць ад прыроды — каб не вымачыла і не высушыла збажыну, не пабіла градам і г. д.

(праява «Лета»). Дужасць, мудрасць, дасканаласць чалавека пры сутыкненні з рэчаіснасцю набываюць чыста тэарэтычны характар. У апошняй праяве, калі ўстае з магілы цень Мужыка, Жыццё смяецца над чалавекам, яно таксама супраць чалавека:

Я сілам цямрачым у рукі

Няпраўд пустазелле дало,

Хай сеюць знішчэнне і мукі,

Хай корча ўсіх змога і зло.

З Мужыком сталася так, як прадказалі на яго хрэсьбінах Жыццё, Доля, Бяда, Холад і Голад. Усе яго памкненні, змаганне, мазольная потная праца нічога не далі, ён пераможаны. Мужык у паэме памірае па сутнасці два разы. Першы раз гіне пад паваленай хвояй, другі — добраахвотна вяртаецца ў магілу, бо за яе «страшней людзі і свет». Вобраз Мужыка набывае ў паэме выразную трагедыйнасць.

Я. Купала звярнуўся да рэалістычных і сімвалічных сродкаў мастацкай выразнасці. У творы шэраг умоўных вобразаў — Жыццё, Доля, Бяда, Голад, Холад, Вясна, Лета, Восень, Зіма. Вобразы людзей — Мужык, Жонка, Араты, Пастушок, Маці, Магазыннік і інш. — абагульненыя, індывідуальна-канкрэтныя рысы ў іх адсутнічаюць.

Паэма цікавая з боку формы. Кожная яе частка-праява мае сваю танальнасць, сваю адметную рытміка-інтанацыйную арганізацыю.

 

 

Кароткі змест На куццю

У першай частцы — экспазіцыі — аўтар гаворыць пра час дзеяння. Гэта зімовая ноч, пара прывідаў, чараў, «нямых загавораў», «салодкага магільнага сну».

Ажывае старое замчышча: іскрыстым святлом заліты палац князя, залататканымі абрусамі засланы дубовыя сталы, вакол іх — «дружына вольная». Тут «духі мінулага куццю на старасвецкі лад спраўляюць». На беласнежны пасад усходзіць князь з князёўнай. Князь гаворыць, што толькі раз у год ім дазволена збірацца на «падмурках гэтых сцен», іншыя людзі занялі іх пасад і «багі другія верх бяруць» у краі. Ён хоча даведацца, як і чым жывуць нашчадкі, ці захавалася сувязь паміж мінулым і сучаснасцю. Загадвае паклікаць ганцоў, пасланых у свет жывых.

Першы ганец «у руцэ меў светач, што на здзіў усюды зводзіў цені». Ён тройчы абышоў край. I хоць там «усё той самы лад, з вачэй не зняты йшчэ павязкі», людзі, «сляпым замораныя сном», пацягнулі да святла худыя рукі. Другі ганец трымаў лук і стрэлы. Ён таксама сведчыў, «што яны ўсе... жывы». Жыхары краю «валочаць ёрмы за сабою», але калі ганец «чапнуў стралой аб лук», сотні крэпкіх рук пацягнуліся да яго зброі. Трэці ганец, з гуслямі на грудзях, даў князю такі адказ:

...Торг усё ідзе

Над іх душою патаптанай;

Яны, як цені, ў грамадзе

Маўчаць і йдуць на пір паганы.

А як ударыў па струне,

Замітусіліся, як пчолы,

I на гарэ і нізіне

Мне падавалі голас кволы.

Князь робіць вывад, што «не ўмруць ужо яны, раз хочуць сонца, славы, песні». Загадвае ганцам кожны год абыходзіць край.

Гуслямі, лукам і святлом

Будзіце, клічце і свяціце...

Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.

Ён падымае чарку за мінулае, за сучаснасць, за будучыню. Шуміць за сталом бяседа, ясней разгараецца паходня, нацягваецца лук, ракочуць гуслі. Іх розгалас нясецца на ўвесь «бел-свет». Але апоўначы старое замчышча замірае, як і раней гэта дзікая пустка. «Быў тут хто або не быў, — і так і гэтак мала веры», — гаворыць аўтар у апошніх радках твора.

Мастацкія асаблівасці

Сюжэт паэмы «На куццю» (1911) умоўна-фантастычны. Падзеі адбываюцца ў калядную ноч, калі варожаць, загадваюць на будучыню (на новы ўраджай, гаспадарку, сямейны дабрабыт і г.д.). Па народных павер'ях — душы продкаў з'яўляюцца ў гэты свет і далучаюцца да жыцця блізкіх людзей. Такім чынам, творчая фантазія Я. Купалы адштурхоўвалася ад старажытных уяўленняў народа. У творы куццю «на старасвецкі лад спраўляюць» духі мінуўшчыны.

Каб зразумець ідэйны змест твора (што аўтар хацеў сказаць узноўленай карцінай), неабходна расчытаць сімвалічныя вобразы. Здзічэлае разбуранае старое замчышча — гэта далёкае мінулае беларусаў, іх гісторыя, забытая і вытручаная з памяці жыхароў краю. «Духі мінуўшчыны» — князь, ганцы — носьбіты колішняй славы, моцы, велічы. Князь — гаспадар і ўладар сваёй зямлі, свайго народа — увасабленне мудрасці і патрыятызму. Калі меркаваць па апісаннях знешняга выгляду і зместу маналогаў, то першы ганец — асветнік, другі— воін, трэці — гусляр. Сімвалічнымі вобразамі ганцоў аўтар гаворыць, што ў даўнія часы нашу зямлю на ўвесь свет праславілі асветнікі, вучоныя адраджэнцы-рэфарматары, такія, як Ефрасіння Полацкая, Ф. Скарына, С. Будны, Л. Сапега і інш., што беларускія воіны вызначыліся ў многіх бітвах і маглі абараніць незалежнасць дзяржавы, што народ і яго таленавітыя сыны стварылі вялікае мастацтва.

Аднак Я. Купала імкнуўся не толькі выклікаць пачуццё гонару за мінулае роднай зямлі. Ён верыў, што асвета, навука, культура, мастацтва змогуць адрадзіць край, а ваяцкая доблесць і мужнасць абараніць яго ад чужынцаў. Таму і павінны ганцы кожны год абыходзіць народ, «будзіць, клікаць і свяціць».

Як і ў многіх іншых творах, у паэме «На куццю» Я. Купала супрацьпастаўляе велічнае мінулае нецікавай запрыгоненай сучаснасці. Аднак поруч з гэтым ён паказвае іх сувязь. Князь хоча бачыць свой край адроджаным. Ганцы прыносяць доказы таго, што ў цёмнай, заняволенай, знямелай грамады ёсць імкненне да «сонца, славы, песні». «На дзеле — кожны йшчэ слугой, у думках — вольныя ўжо людзі», — такімі бачыць сваіх далёкіх нашчадкаў князь. Маналог князя (IX раздзел) — гэта гімн адраджэнню Бацькаўшчыны:

 

Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,

Раз хочуць сонца, славы, песні;

Заб'юць ім зычныя званы

Прабудным звонам напрадвесні.

Сваёй забранай старане,

Скаванай мучаніцы-княжне,

Узнясуць пасад на кургане

На панаванне недасяжна.

Я. Купала верыў у адраджэнне, аднак ён разумеў, што шлях да яго няпросты і нялёгкі. Таму ў апошнім раздзеле паэмы з'яўляецца вобраз замчышча-пусткі.

 

 

 

Кароткі змест Безназоўнае

Мастацкія асаблівасці

Паэма «Безназоўнае» (1924) несюжэтная, лірычная. У ёй з'явы рэчаіснасці перадаюцца сродкамі лірыкі, праз метафарычныя і сімвалічныя вобразы. Паэма выявіла новае ў творчасці Купалы, звязанае з рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі і адначасова з'явілася працягам ранейшага.

«Безназоўнае» — вобраз, што даў назву ўсяму твору — своеасаблівая паэтычная загадка ў фальклорным стылі, калі з'ява падаецца праз апісанне яе характэрных прыкмет. «...Фактычная, паняційная абалонка гэтага вобраза, — адзначае I. Багдановіч, — распаўсюджваецца не на ўвесь кантэкст паэмы, бо ён вельмі шырокі, і многія з'явы называюцца сваімі метафарычнымі, закадзіраванымі «імёнамі». Уласна «безназоўнае» — таямнічае ўзвышанае «яно» — гэта толькі пачатак, прадспеў рэвалюцыі, выспяванне яе ў перадкастрычніцкі час... Той метафарычны змест, які выражаўся вобразам «яно», знікае пасля чацвёртай страфы першага раздзелу і пераўтвараецца ў вобраз «буралому» — гэта значыць уласна рэвалюцыі. «Яно», «безназоўнае», —перад ёю (рэвалюцыяй), перад «бураломам» і далей у змесце паэмы як вобраз не ўзнаўляецца, саступаючы месца іншым вобразам і выявам, якія працягваюць і развіваюць яго».

Рух лірычнага дзеяння нараджае новыя вобразы: «бяседы», «жывога полымя», «заручын», «вясельніцы засмучанай», «вясёлага жаніха», «Беларусі на куце» і інш. Паказаўшы выспяванне рэвалюцыі і яе самую («Скаваная сіла паўстала бурай... навалай... Надзелі чырвоныя кветкі нашы палеткі»), пісьменнік звяртаецца таксама да падзей, што ішлі ўслед за звяржэннем самаўладдзя — грамадзянскай вайны, акупацыі Беларусі:

Ой, была ж бяседа, была

Вельмі гучная бяседа!—

Не адходзіла ад стала

Плойма-чарада суседаў.

Як на рынак ці на кірмаш,

Ад нядзелі да нядзелі,

На каравай пшанічны наш

Машкарой ляцелі, елі.

Праз увесь твор ідзе супрацьпастаўленне «мінулых чорных дзён» і новай «песні-казкі». Купала верыў у адраджэнне роднага краю. Рэчаіснасць 20-х гадоў давала падставы для аптымізму: Беларусь стала дзяржаўнай, роўнай у сям'і народаў-суседзяў. У шостым раздзеле паэт паказаў Радзіму ў вобразе маладой гаспадыні, якая «на куце ў хаце сваёй села»:

Сядзіць важна, сама

Сабе гаспадыня,

I прыбрана яна —

Ніхто не закіне...

А суседзі глядзяць,

Дзівяцца суседзі:

— То ж яна з мужыкоў,

А як выйшла ў людзі!

Як міне больш гадкоў,

Што ж тады ўжо будзе?!

 

Гаворачы пра адышоўшае змрочнае мінулае, калі «сорам было выйсці ў свет з сваёй зямлі», малюючы шчаслівае жыццё беларускага народа пры савецкай уладзе, Купала далёкі ад думкі, што ўсё дасягнута. Ён нагадваў пра падзеленасць Беларусі па ўмове Рыжскага міру («Яшчэ дзесь здрадна ласка панская на беларускім едзе карку»). У восьмым раздзеле, прысвечаным 1000-му нумару газеты «Савецкая Беларусь», паэт папярэджваў, што

...Цікуе злосна вораг

Тых, што спыняцца не ў часе

У сваім паходзе ў зорах

I задрэмлюць на папасе.

Радкі-папярэджанне паўтараюцца ў раздзеле тройчы, што сведчыць пра сур'ёзны роздум мастака над будучыняй

Радзімы, разуменне ім складанасці пабудовы гарманічнага, справядлівага грамадскага ладу.

Я. Купала завяршыў паэму «Безназоўнае» нязменнада-рагой яму думкай-марай пра «вольны бацькаў кут», пра «межы без ашуканскіх крас». У апошнім, дзесятым раздзеле гучыць упэўненасць паэта ў тым, што

Пакінем спадчыну мы для патомкаў

Інакшую ад той,

Што ўзялі мы ад продкаў на абломках

Гісторыі сваёй.

З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі

Патомак гэны наш:

Згібацца ўжо не будзе і не будзе

Піць з недапітых чаш.

 

 

 

Кароткі змест Паўлінка

Асобы

Сцяпан Крыніцкі, засцянковы шляхціц, 45 г.

Альжбета, яго жонка, 40 г.

Паўлінка, дачка Крыніцкіх, 19 г.

Пранцысь Пустарэвіч, сваяк Крыніцкіх, 50 г.

Агата, яго жонка, 43 г.

Якім Сарока, настаўнік, 25 г.

Адольф Быкоўскі, 24 г.

Госці, музыкі.

Кароткі змест:

Акт І

Якім і Паўлінка раяцца, што рабіць, каб бацькі дзяўчыны далі дазвол на шлюб. Стары Крыніцкі не любіць настаўніка і не жадае мець зяця з мужыкоў. Якім прапаноўвае ўцячы і абвянчацца цішком: «Бацькі спачатку пазлуюць,

пазлуюць трохі і адпусцяцца, — ведама, бацькоўскае сэрца». Паўлінка баіцца. Дамаўляюцца, што заўтра пасля вечарынкі самы раз здзейсніць задуманае. Якім дае дзяўчыне свой фотаздымак. Паўлінка хавае яго за абраз, калі настаўнік пакідае хату.

Вяртаюцца з кірмашу п'янаваты Крыніцкі з жонкай. Альжбета пытаецца, з кім ён начаставаўся. Муж адказвае, што з зяцем, панам Быкоўскім. Альжбеце «зяць» не падабаецца. Дачка заяўляе, што пойдзе замуж толькі за Якіма Сароку. Бацька злуе і сварыцца.

У хату ўвальваецца п'яны Пранцысь Пустарэвіч з жонкай. Крыніцкі скардзіцца на дачку, што «спуталася з гэтым... бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі».

Паўлінка расказвае Агаце пра сваю бяду. Старая кабета раіць слухаць бацьку і маці, хваліць Якіма. Дзяўчына палохае Агату, што павесіцца, калі яе разлучаць з каханым.

Высвятляецца, што Пустарэвіч дрэнна прывязаў кабылу і яна ўцякла. Агата з крыкам гоніць Пустарэвіча дамоў.

Крыніцкі загадвае Паўлінцы заўтра «злавіць зяця, аб якім ён ёй сягоння гаварыў». Дастае з-за абраза куплены на кірмашы каляндар, а разам з ім — фотакартку Якіма Сарокі. Паўлінка хоча забраць здымак, бацька не аддае.

Вяртаюцца Пустарэвічы, знайшоўшы кабылу прывязанай пад паветкай. Усе разглядаюць фотакартку, потым Крыніцкі рве яе. Пранцысь прапануе выпіць хаўтурнага. Паўлінка са словамі «Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў не варты!» вырывае з рук пляшку і б'е яе. Усе здзіўлены.

Акт II

За сталом Крыніцкія і госці. П'юць гарбату. Гаспадар шкадуе, што няма пляшкі, манаполька была закрыта. Музыкі лічаць яго скнарай. Размова заходзіць пра Якіма Сароку: некаму ён падабаецца, некаму — не. Крыніцкі перапыняе гаворку, намякаючы на штосьці, паведамляе, што ён настаўніку «ўжо даў дарогу».

З'яўляецца Быкоўскі, тлумачыць сваё спазненне тым, што «жарабец панёс з гары». Пачынае хваліцца ўласнай гаспадаркай, ураджаем. Кпіны Паўлінкі і гасцей не заўважае, прымае іх за кампліменты. Паўлінка прапануе музыкам зайграць лявоніху. Быкоўскі гаворыць, што «такіх мужыцкіх танцаў не гуляе». Ён танцуе «гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту». Пачынае вучыць Паўлінку «навамодным танцам». Дзяўчына ўрэшце вырываецца.

Крыніцкія і Пустарэвічы п'юць гарбату, моладзь танцуе. Просяць Быкоўскага праспяваць, той няскладна спявае рамансы то на беларуска-польскай, то на беларуска -рускай трасянцы. Моладзь спявае беларускія народныя песні. Паўлінка запрашае на лявоніху Быкоўскага. Танцуюць і маладыя і старыя.

Моладзь разыходзіцца, ад'язджаюць Пустарэвічы. Сцяпан і Альжбета ідуць спаць. Паўлінка з Быкоўскім гуляюць у карты, Быкоўскі прайграе і ўрэшце пакідае хату, перакананы, што дзяўчыне спадабаўся.

Паўлінка ў нерашучасці. I хоча, каб з'явіўся Якім, і не хоча. Пачынае складваць рэчы. За акном чуваць шорах. Паўлінка праз акно выкідвае вузлы і збіраецца выскачыць сама. Прачынаецца бацька. Хапае Паўлінку за ногі. Камандуе жонцы несці стрэльбу, думаючы, што трымае злодзея.

Бацька і маці цягнуць дачку праз акно назад у хату. Патрабуюць тлумачэнняў. Паўлінка гаворыць, што «хацела замуж ісці».

Пустарэвіч за каўнер прыводзіць Быкоўскага, аб'яўляе, што злавіў злодзея. Быкоўскі тлумачыць, што збіўся з дарогі і хацеў запытацца ў Паўлінкі.

Крыніцкі праганяе Быкоўскага, зразумеўшы, што дачка вырашыла ўцячы за яго замуж. Паведамляе, што настаўніка, «гэнага гада за афішкі арыштавалі... ужо гэтае мужыцкае насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць».

Паўлінка падае ў непрытомнасці з крыкам «Звяры сляпыя!!!»

Мастацкія асаблівасці

Камедыя «Паўлінка» напісана ў 1912 г. у Акопах. Усе галоўныя персанажы твора мелі сваіх прататыпаў, «падгледжаных» Я. Купалам сярод сяброў і знаёмых. Пры стварэнні камедыі Я. Купала пэўным чынам абапіраўся на вопыт папярэднікаў В. Дуніна-Марцінкевіча і К. Каганца. «Паўлінка» праблемна, вобразна пераклікаецца з «Пінскай шляхтай» (зацятая абарона шляхетнасці, непаразуменне бацькоў і дзяцей), з «Модным шляхцюком» (імкненне бацькі мець за зяця «хлопца шляхецкага заводу», высмейванне грэблівых адносін да народнай культуры).

Пераканаўча, дасціпна Купала абмаляваў быт беларускай засцянковай шляхты, стварыў адметныя яркія характары Сцяпана Крыніцкага і яго жонкі Альжбеты, Пранцыся Пустарэвіча і Агаты, Адольфа Быкоўскага. За знешняй нескладанасцю, традыцыйнасцю для беларускай літаратуры канфлікту — бацькі хочуць мець за зяця не таго, каго выбрала дачка — Купала паказаў няпростыя сацыяльныя і псіхалагічныя стасункі паміж людзьмі свайго часу (а дзесьці нават і пазачасавыя).

Аўтар «Паўлінкі» гаварыў пра неразуменне, непрыманне селянінам новага. Нават калі яно тычылася імкнення бачыць усіх людзей роўнымі, жыць з дабром і справядлівасцю ў сэрцы, — такія ідэі прапаведуе Якім Сарока. Пра драматызм становішча вясковага інтэлігента, які з'яўляецца чужым у родным асяроддзі. Настаўніка не паважае і не любіць Крыніцкі, не разумее яго, нават бачыць у ім «франта» сялянская моладзь. Адзначаючы памкненні засцянковай шляхты да культуры, аўтар «Паўлінкі» са скрухой паказваў перавернутасць іх уяўленняў «пра шляхетнасць» і «панскасць». Крыніцкі лічыць культурным не інтэлігентнага, адукаванага Сароку, а фанабэрыстага Быкоўскага, з яго знешнімі атрыбутамі «панскіх паводзін».

Цікавым, поўным жыцця атрымаўся вобраз галоўнай гераіні Паўлінкі, вясёлай, дасціпнай, разумнай вясковай дзяўчыны. Яна любіць бацькоў, баіцца трапіць на язык людзям, зрабіўшы штосьці не так, і разам з тым рашуча змагаецца за асабістае шчасце. Паўлінка заяўляе Агаце: «...Я свайго такі даб'юся або згіну, каб і следу не засталося». Гераіню твора можна лічыць у поўнай ступені ахвярай патрыярхальнай адсталасці, заскарузласці светабачання бацькі. Камедыя заканчваецца на драматычнай ноце: Якім арыштаваны па даносу Крыніцкага, Паўлінка, пачуўшы пра гэта, «як сноп, валіцца на зямлю».

Даследчыкі, найперш сучасныя (напрыклад, П. Васючэнка) гавораць пра «другі план» у купалаўскім творы, пра сімвалічнае прачытанне вобразаў. Цэнтральнымі тут становяцца вобразы-сімвалы Маладой і Старой Беларусі, іх дыялектычнае адзінства і ўзаемавыключэнне.

 

 

 

Кароткі змест Раскіданае гняздо

Асобы

Лявон Зяблік, пажылы гаспадар, кульгавы, гадоў пад 50.

Марыля, яго жонка, нараклівая, замучаная жыццём кабеціна, гадоў 48.

Сымон, 24 г.

Зоська, 18 г.

Данілка, 14 г.  дзеці Зябліка

Аленка, 8 г.

Юрка, 7 г.

Старац, гадоў пад 70.

Паніч, гадоў 23.

Незнаемы, гадоў 35.

Двое дворных людзей.

Падзеі адбываюцца ў 1905 г.

Першы акт у хаце Зяблікаў, астатнія — на котлішчы гэтай хаты.

Кароткі змест:

Акт першы

З'ява I

(Час каля купалля. Поўдня. Хата Зябліка. Марыля — хворая: то сядзіць, то ляжыць на ложку. Данілка на зямлі скрыпку майструе. Старац сядзіць на лаве).

Марыля скардзіцца Старцу на хваробу, на гаспадара, які,-судзячыся з дваром, змарнаваў усю гаспадарку і нічога не дабіўся. Баіцца, каб чаго з мужам не здарылася, бо «учарнеў, асунуўся... як сам не свой».

З'явы IIIII

З сякерай у руках з'яўляецца Сымон, заяўляе, што, «пакуль будзе хоць якая магчымасць, то не дадзімся жыўцом воўку ў зубы», што ў яго хопіць сілы і за бацьку, і за сябе, і за ўсю сям'ю пастаяць. Старац папярэджвае, што не заўсёды сіла на дабро ідзе. Сымон ідзе сустрэць бацьку, які пайшоў да пана прасіць адкласці тэрмін высялення. Марыля гаворыць пра змены ў панскім двары з прыездам маладога Паніча, што ён адмовіўся здаваць зямлю ў арэнду.

З'ява IV

Зоська з кветкамі ў руках просіць Старца памаліцца за здароўе Паніча. Старац развітваецца з гаспадыняй і дзецьмі.

З'явы VVI

Зоська расказвае маці, як прыгожа на сенажаці і як яна сустрэла ля рэчкі маладога прыгожага Паніча. Марыля просіць дачку не думаць многа пра яго.

Зоська расказвае незвычайны сон. Бацька, маці, дзеці падняліся ў неба, па зорках, па млечнаму шляху трапілі ў дзівосную краіну. У ёй шмат кветак, спяваюць райскія птушкі... Марыля кажа, што гэта добры сон, што Бог на іх яшчэ не забыўся.

З'ява VII

Лявон пытаецца, як здароўе жонкі. Паведамляе, што «сягоння будуць высяляць, ужо фурманкі ў іх наладжаны». Марыля ў роспачы. Ніхто з суседзяў не хоча ўзяць сям'ю Зяблікаў да сябе. Лявон кажа, што Сымон, Зоська і Данілка служыць пойдуць, а ён з Марыляй і меншымі дзецьмі — жабраваць.

Лявон: ...Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зямелькі. Вечна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; пасеку рабілі, будаваліся... Цяпер сын і ўнукі служыць і жабраваць... гаспадарскія сын і ўнукі.

Лявон успамінае, як з бацькам ставілі новую хату і бацька падарваўся, цягаючы бярвенне, а ён пакалечыў нагу. Успамінае, як садзіў сад, працаваў на полі. «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне».

З'ява VIII

Сымон паведамляе, што заворваюць гародніну і пшаніцу. Кліча бацьку бараніць плён сваёй працы, хапае з-пад лавы сякеру. Бацька не пускае, вырывае сякеру з рук. Зоська спрабуе супакоіць брата і бацьку. Лявон павучае сына, што «трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзед твой не меў розуму, я не маю, але ты яго мей, каб з часам цябе і тваіх дзяцей не ганялі гэтак, як сягоння».

З'ява IX

Аленка і Юрка са слязьмі на вачах паведамляюць, што «нейкія людзі страху з нашае хаты здзіраюць». Зоська хоча

ісці іх папрасіць, каб не рабілі гэтага. Бацька не пускае («Годзе ўжо бацька твой спіны нагнуўся і парогаў паабіваў»). Потым гаворыць, як памешаны, як чалавек, які страціў арыентацыю, дзе ён і што вакол адбываецца. Хата пачынае трашчаць. Лявон загадвае не пакідаць яе, пакуль ён не вернецца.

З'явы XXI

Данілка заўважае, што тата сёння як не ў сваім розуме. Сымон прызнае, што добра зрабілі, адабраўшы ў яго сякеру, а то забіў бы каго. Зоська просіць брата не рабіць гэтага, бо хто дагледзіць меншых. Зяблікі збіраюцца выйсці з хаты.

З'ява XII Дворныя людзі паведамляюць, што гаспадар павесіўся.

Акт другі

Мінула два тыдні.

З'ява I

Данілка прыбівае абразок да дрэва. Марыля звяртаецца да Бога з просьбай не пакінуць яе, удаву, даць сілы выхаваць дзяцей. Тлумачыць Данілку, чаму доўга не хавалі бацьку (вялося следства). Данілка абяцае, што, як вырасце вялікі, пойдзе са сваёй скрыпачкай шукаць старонку, дзе плывуць крыніцы з жывой вадой.

З'ява ІІ

Сымон прыходзіць пасля пахавання бацькі. Лявона, як самагубцу, не дазволілі хаваць на могілках. На матчыны словы, што бацька грэшны і мусіць пакутаваць, Сымон гаворыць: «Гэта вечная пакута толькі чалавека на звера перарабляе... Я сам сябе не пазнаю. Калі кідаў сягоння на бацькаў труп зямлю, то мне здавалася, што ...засыпаю самога сябе, сваё шчасце, свае леты маладыя, засыпаю бога, людзей, цэлы свет...» Марыля хоча супакоіць сына, пераводзіць размову на становішча сям'і. Сымон не дазваляе ісці ў двор на паклон («...Не пайду туды і вы ў сене пойдзеце... Над бацькавай магілай зарок сабе даў жывым не сысці з гэтага месца, з гэтага нашага разграбленага гнязда»). Сымон гаворыць маці, што Зоська бегае у двор да Паніча.

 

З'ява III

Зоська тлумачыць, дзе яна была. Дастае з-пад фартушка сала і хлеб, што нібыта дала на памінкі цётка. Сымон не верыць сястры, папракае, што яна забылася на бацькаў наказ «не прыніжацца перад дужым дачаснікам».

З'явы IVV

Данілка вядзе малых шукаць новую дошчачку Для скрыпкі. Марыля ўспамінае, як карміла сваім малаком Паніча, і дапытваецца ў Зоські, ці праўду казаў Сымон. Зоська просіць не мучыць яе, не пытацца, бо штосьці страшнае, дзіўнае творыцца вакол яе і з ёй, чаго яна не можа зразумець. Пасля гаворыць маці, што з Панічом была не яна, а яе цень. Марыля патрабуе прысягі перад абразом. Зоська баіцца.

З'ява VI

Прыходзіць Паніч, пытаецца, што думае Сымон. Гаворыць, што з-за яго і бацькавай упартасці давялося разбурыць хату. Ён можа даць сям'і ў двары службу і хату. Марыля просіць Паніча не зводзіць дачку, той адказвае, што ўжо позна.

З'ява VII

Уваходзіць Сымон, пакручваючы ў руках сякеру. Паніч пагражае, што варта яму кіўнуць пальцам, як Сымон зазвоніць ланцугамі. Сымон гаворыць, што гэтага не здарыцца да таго часу, пакуль Панічу не абрыдне яго сястра, і што ён чакае справядлівага суда.

З'явы VIIIIX

Данілка просіць у Паніча жыл на струны і конскага хваста на смык. Нагадвае Сымону, што бацькава магіла без крыжа, варта ў Паніча папрасіць лесу.

Раззлаваны ўпартасцю Сымона Паніч пакідае Зяблікаў. Зоська хоча бегчы за ім. Сымон, пагражаючы сякерай, не пускае яе.

Акт трэці

З'явы III

Марыля шые торбы, Зоська, убачыўшы яе за такой працай, гаворыць, што маці ім, жывым яшчэ, нібыта смяротныя сарочкі шые. Маці наракае на Сымона і Зосю, што яны «пропасць сабе капаюць»: адзін сваёй «дзікай заўзятасцю», другая «сваёй шалёнай прыхільнасцю». Зоська просіць не чапаць Паніча, бо ён ні ў чым не вінаваты.

З'ява III

Сымон і Данілка прыносяць дрэва на крыж.

Марыля гаворыць, што Паніч зноў прапаноўваў ісці на службу ў двор. Сымон стаіць на сваім. Заяўляе, што маці і сястра становяцца ўпапярок яго дарогі. Зоська адказвае на гэта: «Хто ведае — можа ты горай сваёй гордасцю топчаш тое, што сею я сваім сэрцам дзявочым?»

Сымон і Марыля поначы нясуць на магілу крыж.

З'ява IV

Данілка гаворыць Зосьцы, што Паніч пасля суда «едзе кудысь за мора жаніцца». Але потым шкадуе сястру, кажа, што наманіў. Вядзе малых спаць.

З'явы VVI

Зоська збіраецца ісці да Паніча. З'яўляецца Незнаёмы і гаворыць ёй, што «склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэты сход з'явіцца... жыццё мільёнаў будзе важыцца».

З'ява VII

Зоська думае над сустрэчай з Незнаёмым. Потым збіраецца ісці да Паніча, але той прыходзіць сам.

Акт чацвёрты

Позняя восень. Сцюдзёна.

З'явы III

Марыля з малымі дзецьмі распальвае вогнішча. Данілка вяртаецца з двара, дзе яму далі патрэбных рэчаў для скрыпкі.

З'ява III

Сымон пануры вяртаецца з суда. Суд ён прайграў. Сведкі былі падкуплены панам. Марыля просіць сына скарыцца, «выкінуць гордасць з сэрца». Сымон не згаджаецца.

З'ява IV

Прыходзіць Незнаёмы, кліча Сымона на сход, на якім будуць «смока выганяць». Сымон адмаўляецца, хоць яго і цягне туды, бо павінен «рукамі і зубамі трымацца гэтай спадчыны бацькавай». Марыля таксама не пускае сына. Незнаёмы са словамі «Час, Сымоне, час!.. Агляніся, Сымоне!.. Успомні матку, сястру сваю ўспомні... і тую вяроўку, на якой бацька твой павесіўся!» хутка выходзіць.

З'явы VVI

Сымон хоча ісці ўслед за Незнаёмым, маці не пускае. Ён пытае, дзе Зоська. Маці кажа няпраўду. Сымон хапае ў Данілкі скрыпку і хоча пашчапаць яе, бо той не гаворыць, дзе сястра. Данілка закрывае скрыпку сваёй галавой.

Двое дворных людзей уводзяць Зоську з завязанымі назад рукамі. Паведамляюць, што Зоська хацела каля палаца павесіцца.

Акт пяты

З'ява I

Данілка грае на скрыпцы сумную мелодыю. Угаворвае маці ісці з торбамі ў свет. Тая не ведае, што рабіць з Сымонам і Зосяй.

З'ява ІІ

Старац слухае сумную гісторыю сям'і Зяблікаў. Марыля пытаецца, ці чуў ён што пра сход, якога цяпер шукае Сымон, той адказвае няпэўна. Старац раіць гаспадыні ісці адсюль («Час, птушка-маці, знімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых тваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты не мела ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські!»).

З'ява ІІІ

Старац палохаецца выгляду Зоські і яе слоў. Зоська, як вар'ятка.

Бачны водбліскі пажару. Усім страшна. Зоська абдымае дрэва, быццам свайго «каралевіча ненагляднага». Старац збіраецца адыходзіць. Данілка просіцца ісці з ім разам. Рашаецца ісці і Марыля з дзецьмі. Хоча адзець жабрачую торбу на Зоську. Зоська гнеўна скідае торбу. Застаецца на котлішчы адна.

З'явы IVV

Прыходзіць з паходняй у руках Сымон, бачыць, што маці і дзяцей няма. Кліча Зоську з сабой. Зоська пазнае брата, пытаецца, куды і па што ісці. Сымон, паказваючы галавешкай у процілеглы ад пажару бок, гаворыць: «На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!» Бярэ яе за руку і абое ў цемнаце знікаюць.

Мастацкія асаблівасці

Сюжэт драмы «Раскіданае гняздо» (1913) быў падказаны аўтару рэчаіснасцю. Купала, сын арандатара, добра ведаў жыццё такіх сялян-чыншавікоў, як Зяблік, і па ўласнаму вопыту, і па вопыту іншых. Дзед Купалы сутыкнуўся з такой жа несправядлівасцю, што і герой.

Аднак паказаць драму сялянскай сям'і, якая павінна пакінуць абжыты дзядамі і прадзедамі кут, толькі адна з пастаўленых Купалам у творы мастацкіх задач. Побач з гэтым аўтар гаворыць пра пошукі Беларусі шляху да новага жыцця. Пра яго думаюць, мараць амаль усе героі п'есы, уяўляючы новае, шчаслівае жыццё па-рознаму. Сымон звязвае яго са справядлівасцю, з працай на ўласнай зямлі, Зоська — з казачнай краінай, дзе цвітуць прыгожыя кветкі і спяваюць райскія птушкі, Данілка — з магчымасцю граць на скрыпачцы для ўсіх людзей, Марыля — са спакоем і лагоднасцю. Пошукі шляхоў да новай Беларусі — другі, сімвалічны план прачытання драмы «Раскіданае гняздо».

Героі яе вымушаны шукаць выйсця з рэальнага становішча, у якім апынулася сям'я пасля адмовы Паніча аддаць зямлю ў арэнду на новы тэрмін і самагубства гаспадара. Гэты, больш просты, рэалістычны план твора звязаны таксама з вызначэннем шляху. У кожнага героя ён аказаўся сваім, адметным — і вялікая дружная сям'я Зяблікаў распалася. Марыля з малымі дзецьмі і Данілкам надзяваюць жабрацкія торбы, Сымон і Зоська ідуць на Сход, па Бацькаўшчыну. Але гэта толькі напрамкі, бо не супадаюць шляхі Марылі і Данілкі (з рознымі думкамі і мэтамі яны кіруюцца ў белы свет), і вельмі непадобныя Сымон і Зоська, каб ісці адным шляхам. Сымон вырашэнне праблем чалавечага жыцця звязвае з сілай, барацьбой, што падкрэсліваецца аўтарам сімвалічнай дэталлю — герой на працягу амаль усяго дзеяння не разлучаецца з сякерай. Зоська свет чалавечых узаемаадносін спрабуе будаваць на каханні і дабрыні (яе сімвал у творы — кветкі).

Аўтар нібыта прызнае раўназначнасць усіх шляхоў, якія выбіраюць героі, прынамсі, сам не вылучае ніводзін як правільны. Так, жыццё жорстка карае даверлівасць і летуценнасць Зоські, але і Сымон нічога не дамагаецца, не можа адстаяць роднае гняздо.

Тупіковы шлях, як паказвае Купала, гэта шлях Лявона Зябліка, які спадзяваўся з дапамогай закона вярнуць зямлю. Смерць героя сведчыць, што тут шукаць ужо няма чаго. Стары існуючы лад не можа па-справядлівасці вырашыць грамадскія і сацыяльныя праблемы і ніяк не стасуецца з будучыняй Беларусі.

Істотную ролю ў творы іграе вобраз Вялікага Сходу. П. Васючэнка паказвае няслушнасць ранейшай трактоўкі гэтага сімвалічнага вобраза, адзначаючы, што «ў купалаўскай сімволіцы рэвалюцыя звязана з інакшым шэрагам вобразаў, паміж якімі — завіруха, пажар... Вялікі Сход — не помста і не бунт; каб трапіць на яго, Сымон і Зоська мусяць пайсці ў процілеглую старану ад пажару... На Сходзе будзе вырашацца лёс Бацькаўшчыны, лес мільёнаў, але дзеля таго на ім патрэбна прысутнасць кожнага, а не жменькі бунтаўнікоў, мсціўцаў».

«На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход», — пакліча Купала «аграблены, закованы народ» у 1918 г., пасля дзвюх прайшоўшых рэвалюцый (верш «На сход!»).

Я. Купала вылучаў «Раскіданае гняздо» сярод іншых п'ес. «Я памру, але «Раскіданае гняздо» зойме яшчэ на сцэне свае пачэснае месца і загаворыць на поўны голас. Я ўклаў у гэтую п'есу лепшае, што было ў маёй паэзіі і прозе», — пісаў народны паэт.

Драма ўпершыню была пастаўлена і надрукавана пасля падзення царызму.

 

 

 

 

Кароткі змест Тутэйшыя

Асобы

Мікіта Зносак — калежскі рагістратар, 25—28 г.

Гануля Зносчыха — яго маці.

Янка Здольнік — настаўнік, 25—28 г.

Лявон Гарошка — паважаны селянін.

Аленка — яго дачка, 17—19 г.

Наста Пабягунская — дзяўчына невядомых заняткаў, 23—25 г.

Гэнрых Мотавіч Спічыні — Мікітавы настаўнік, сярэдняга веку.

Усходні вучоны — носіць велікарускую вопратку і боты, барада калматая.

Заходні вучоны — носіць польскі строй, барада голеная, вусы завесістыя.

Дама.

Поп.

Спраўнік;

Пан і інш.

Усё дзеецца ў Менску. 1-я дзея адбываецца ў лютым 1918 г., 2-я — у снежні 1918 г., 3-я — у ліпені 1919 г., 4-я — у чэрвені 1920 г. 1-я, 3-я і 4-я дзеі адбываюцца ў Мікітавай хаце, 2-я дзея — на Катэдральным пляцы, называным мянчанамі «Брахалка».

Кароткі змест:

Дзея першая

З'ява І

Гануля вяжа панчоху. Прыходзіць у госці кватарант Янка Здольнік. Гануля расказвае, што сын застаўся без працы, але хоча справіць імяніны. Янка раіць сыну «падвучыцца боты шыць» ці ехаць у вёску, «дзе столькі некранутага поля ляжыць». Гануля тлумачыць, што яе Мікіта надта далікатны, не цягне яго ні да «чорнай работы, ні да зямлі». Баіцца, каб на старасці ёй зноў не давялося людзям бялізну мыць.

З'явы IIIII

Уваходзіць Мікіта з пакупкамі. Янка віншуе «кватэрнага гаспадара» з імянінамі. Мікіта просіць маці прырыхтаваць закуску, бо хутка збяруцца госці. Тлумачыць Янку, што ў яго становішчы інакш нельга, «пачнуцца ўсякія суды ды перасуды». Янка прапануе Мікіту плюнуць на тое, хто і што скажа, і жыць сваім розумам. Размова заходзіць пра палітыку. Мікіта нядаўна «цвёрда стаяў на варце святога расійскага самаўладдзя і бараніў тутэйшую рускую народнасць ад «інанародчаскага засілля». Кпіць з Янкі, што яго «сходкі ці там з'езды раскідаюцца, а саміх на казённы хлеб садзяць». Смяецца з тых, хто служыць «скупой пані» — ідэі. Ён служыць таму, хто лепей плаціць. Янка перасцерагае, што такая «лінія жыцця крывабокая, цямняцкая». Мікіта абражаны, абзывае Янку дырэктарам беларускай басоты. Янка просіць прабачэння, ідзе ў сваю бакоўку.

З'ява ІV

Мікіта гаворыць маці, што ад «нашага кватаранта бальшавіцкім духам пахне», што ён «з нашымі рангамі і клясамі абходзіцца зусім не па-чалавецку». Вучыць маці, як звяртацца і гаварыць з яго гасцямі.

З'ява V

Янка просіць у Ганулі дазволу, каб пераначавалі ў яго пакоі былая вучаніца і яе бацька.

З'явы VIVII

З'яўляецца Наста Пабягунская, ідзе з Гануляй паправіць прычоску. Мікіта прызнаецца Янку, што Наста «першая ды, мабыць, апошняя слабасць яго сэрца». Некалькі разоў рабіў ёй прапанову і не траціць надзеі дабіцца ўзаемнасці.

З'ява VIII

Наста паведамляе Мікіту, што « з пэўных крыніц мае пэўныя звесткі», што сёння ў Менску будуць немцы. Мікіта не супраць іх прыходу, толькі баіцца, каб яны не сапсавалі яму імяніны.

З'ява IX

Прыходзяць госці — Дама, Поп, Спраўнік, Пан. Крытычна аглядаюць кватэру.

З'ява Х

Гануля выходзіць на званок і вяртаецца з Аленкай і Гарошкам, якія шукаюць настаўніка Здольніка. Мікіта сустракае іх няветліва. Гануля кліча Янку.

З'ява ХІ

Янка знаёміць Ганулю з Аленкай і яе бацькам. Гануля пазнае ў Гарошку сваяка, Мікіта злуе на маці, што перад гасцямі «ўсю рэпутацыю папсавала».

З'ява ХІІ

З двух бакоў у хату ўваходзяць Усходні і Заходні вучоны. Мікіта тлумачыць, што гэта яго добрыя знаёмыя, паны вучоныя. Яны шукаюць «праўдзівых тыпаў беларускіх» і ён падказаў, што адзін такі тып кватаруе ў іх. Знаёміць з вучонымі Здольніка. Янка называе беларусамі Ганулю, Гарошку, Аленку. Пра іншых прысутных гаворыць, што яны таксама беларусы, але «з пароды рэнегатаў і дэгенератаў».

Заходні вучоны бачыць перад сабой тыповага «Всходнё-Крэсовэго поляка з немалой дозон крыві познаньско-гуральской». Усходні — «ісціно-русскій ціп Северо-Западной области і безусловно з прымессью монгольско-фінской крові».

 

Мікіта, кланяючыся, праводзіць вучоных да дзвярэй.

З'ява ХIII

Гануля прыносіць закускі. Запрашае Гарошку з Аленкай за стол. Лявон дзякуе, але да Мікітавых гасцей не ідзе. Дастае з торбы сваё.

Госці віншуюць Мікіту. Наста прапануе тост за немцаў, усе падтрымліваюць, але потым наступае непрыемная паўза. Усе ўстаюць з-за стала. Наста просіць Янку іграць на балалайцы, бо Мікіта баіцца заводзіць грамафон. Госці танцуюць і расходзяцца. Мікіта і Гануля ідуць іх правесці.

З'ява XIV

Янка распытвае Аленку, што яна збіраецца рабіць у Менску. Аленка ў Вільні праслухала настаўніцкія курсы і хоча вучыцца далей. Янка раіць пакуль ехаць на вёску і там працаваць. Вырашаюць ехаць на вёску ўжо заўтра.

Аленка дарыць Янку прыгожа вышытую кашулю і саматканы пояс, Гарошка — дзераўляную, па-мастацку зробленую лыжку.

З'ява ХV

Мікіта радасна абвяшчае, што ў Менску немцы.

З'явы XVIXVII

З'яўляецца Спічыні. Вучыць Мікіту вітацца па-нямецку. Пачуўшы стук ў дзверы, пакідае хату.

З'ява XVIII

Мікіта ў форме пажарніка вітае ўвайшоўшага немца. Немец па-тутэйшаму просіць вады. Зносак здзіўляецца. Немец аб'яўляе Мікіту, што бярэ яго, рускага генерала, у палон. Мікіта шукае ў слоўніках тлумачэнне, што ён не генерал, а калежскі рэгістратар, і не знаходзіць. Гануля просіць не браць сына ў палон. Кліча на дапамогу кватаранта і яго гасцей.

З'ява ХІХ

Янка раіць даць немцу тры рублі. Пазычыўшы ў кватаранта грошы, Мікіта адкупляецца ад палону. Немец пакідае хату Зносака.

З'ява ХХ

Мікіта са злосцю зрывае з сябе касцюм пажарнага, шпурляе на падлогУ слоўнікі. 3 наступнага дня збіраецца заняцца «свабоднай профэсіяй», гандляваць нямецкімі маркамі.

Дзея другая

Месца дзеі — кусок Катэдральнага пляца.

З'ява I

Гануля гандлюе дробнымі хатнімі рэчамі, Мікіта прадае маркі. Гандаль не ідзе. Мікіта вінаваціць маці, што ў яе няма «чуткай кемнасці ў гандлёва-прамысловых справах». Адпраўляе яе дамоў. Спадзяецца сам «злавіць ...якога-небудзь немца і ўсучыць яму ягоныя маркі».

З'ява II

Аленка і Янка чакаюць на пляцы Гарошку. Гавораць, што трэба рабіць для шчасця народнага.

З'ява III

Мікіта, не прызнаўшы Янку, прапануе таму маркі. Янка іранізуе над «свабоднай профэсіяй» Мікіты. Зносак называе яго зайздросным чалавекам і заяўляе, што з заўтрашняга дня «пераходзіць яшчэ на адну свабодную профэсію». Пры новай уладзе «здольны аратар будзе магчы купацца, як сыр у масле». Янка выказвае сумненні, што Мікіта зарыентуецца ў новай палітычнай сітуацыі, а не трапіць «на свабоднае месца ў Менскім астрозе».

З'явы IVVI

Уваходзіць з пугай Гарошка, якога немцы былі забралі ў абоз. З клункамі за плячыма і кіямі ў руках брыдуць Дама, Поп, Спраўнік, Пан. Нядаўнія Мікітавы госці тлумачаць, што часова эвакуіруюцца на Захад, «дзе сэрцу прытульней і грудзям дышыцца вальготней». Пан папярэджвае Гарошку: Каб там ваша вёска вельмі ў двор мой не перлася, бо як вярнуся...» Мікіта адмаўляецца «адступаць» на Захад, ён «як істы рускі патрыёт, вымушаны пакуль што стаяць тут на варце сваіх рангавых і рускаісціных інтарэсаў». Калі Дама, Поп, Спраўнік, Пан пакідаюць плошчу, Мікіта спахапіўся, што не прапанаваў ім купіць маркі.

З'ява VII

З'яўляецца Заходні і Усходні вучоны. Іх цікавіць пытанне тэрытарыяльных даных вобласці, «іменуемой вашым племенем — Белорусь». Янка дае іранічныя тлумачэнні, якія вучоныя запісваюць.

З'ява VІІІ

К Па адыходзе Усходняга і Заходняга вучонага Аленка гаворыць, што на іх няма ніякага ўпынку. Мікіта перад іх вучонасцю схіляе галаву. Гарошкі і Янка развітваюцца з Мікітам.

З'ява IX

Спічыні вучыць Мікіту аратарскаму майстэрству. Зносак выступае з «араторыямі» на тэму «Пралетарыят і буржуазія», «Рэвалюцыйная самадысцыпліна». Настаўнік увесь час нагадвае вучню пра палітычную сітуацыю і стойкую платформу, без чаго «араторыі» не могуць атрымацца. Убачыўшы немца, які кіруецца на пляц, Спічыні пакідае Мікіту, бо не любіць «спатыкацца з ворагам, калі ён наступае і калі ён адступае». Мікіта ўдакладняе, што вораг асабліва небяспечны, калі наступае.

З'ява Х

Немец прыходзіць з Настай. Пабягунская паведамляе Мікіту, што гэта апошні з немцаў, які, згодна з Берасцейскай умовай, пакідае «сягоння нашы Менскія палестыны», што ў Германіі таксама рэвалюцыя.

З'ява XI

Застаўшыся ўдваіх, Мікіта «паўтарае мамзэль Насце сваю адвечную прапазіцыю». Наста адказвае: дасць згоду толькі тады, калі «з пэўных крыніц напэўна даведаецца»,што Зносак не рэгістратар, а ўжо асэсар. Пакідае Мікіту, бо «мусіць збегаць у адну пэўную крыніцу».

З'ява XII

Абарванец просіць у Мікіты ахвяраванняў беспрацоўнаму, называе яго таварышам. Мікіта прадстаўляецца «буржуазам», а «буржуазія нічым не жэртвуе». Абарванец забірае пакінутае Мікітам на лаўцы партманэ і выходзіць.

З'ява XIII

Мікіта прапаноўвае «мадамам і мусьі» маркі, але не знаходзіць партманэ. Засмучаны, нейкі час сядзіць на лаўцы. Чуюцца гукі вайсковай музыкі, крыкі «Ура». Мікіта прывязвае да парасона чырвоную хустачку, махае ў такт музыцы. Крычыць: «Хай жывуць свабодныя прафсаюзы! Хай жывуць чырвоныя асэсарскія рангі!»

Дзея трэцяя

З'ява І

Гануля і Гарошка ўспамінаюць ранейшыя часы, параўноўваюць іх з цяперашнім. Гарошка згадвае свайго зяця, Янку Здольніка, яго словы: «Пакуль не зробімся самі сабе гаспадарамі, датуль ніякага ладу і складу ў нас не будзе».

З'ява II

Прыходзяць Аленка і Янка з нейкага пасяджэння. Янка заўважае змены ў кватэры Зноскаў. Гануля тлумачыць, што было ў Менску «апошнім часам нейкае палатненне, дык нас і ўпалатнілі ў адзін пакой, а іншыя — забралі».

Уваходзіць Мікіта, цягнучы за сабой каламажку, у якой чатыры партфелі і мяшочкі з прадуктамі.

З'ява ІІІ

Мікіта знаёміць з паперамі і дакументамі ў кожным партфелі, гаворыць, што адмовіўся ад усіх свабодных прафесій. Гануля расказвае пра адно з выступленняў сына, пасля якога, калі б не заступніцтва Насты, ён невядома куды трапіў бы. Мікіта тлумачыць канфуз тым, што не ўгадаў «платформу» слухачоў. Цяпер жа ён «мае шаснаццаць дзённых і восем вячэрніх пасадаў регістратара ў розных Менскіх Губэрнскіх Саўхозах, Нархозах, Камхозах, Дамхозах і іншых...» Бяда толькі, што новая ўлада спыняе сваю дзейнасць.

З'ява ІV

Уваходзяць Заходні і Усходні вучоны з пытаннем пра рыроду так званай Белай Русі. Здольнік тлумачыць.

З'ява V

Пасля адыходу Заходняга і Усходняга вучонага Мікіта згадвае, што яны тутэйшыя людзі, адзін сын дзяка, другі — арганіста. Здольнік пытаецца, як Мікіта думае дапасавацца да самай навейшай палітычнай сітуацыі. Мікіта ўжо зрабіў пэўныя захады, вучыць з гэрам Спічыні «язык» новай улады. Ён выказвае незадаволенасць, «што напладзілі сабе людзі языкоў, як тая трусіха трусянят». Каб ён быў царом, то «завёў бы ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе тады прыпяваючы». Здольнік прапаноўвае Зноску «стаць на свой тутэйшы грунт». Мікіта адказвае, што ён яшчэ не ўпаў са сваім гонарам так нізка, каб лезці ў мужыцкую беларускую кампанію.

Янка просіцца ў Ганулі на начлег. Тая выпраўляе іх у свабодны пакой.

З'явы VIVII

З'яўляецца Спічыні. Вучыць са Зноскам польскія «прывітанні шыварат навыварат».

З'ява VIII

Наста прыносіць вестку, што «нашы» занялі Менск. Мікіта крычыць праз сценку Здольніку, што ў горадзе палякі.

З'ява ІХ

Мікіта кідае партфелі. Але пасля кплівай заўвагі Здольніка загадвае маці схаваць партфелі, бо «быўшае, цяперашняе і будучае начальства заўсёды і ўсюды трэба шанаваць і мець на воку». Гануля прыбірае ў пакоі ўсё, што нагадвала б пра савецкую ўладу.

З'ява Х

Заходзяць Дама, Поп, Спраўнік. Ад Мікітавага пачастунку госці адмаўляюцца, бо ўжо паспелі выпіць і закусіць. Успамінаюць танцы на Мікітавых імянінах. Грамафон Зносак прадаў. Дама, як і першы раз, просіць сыграць на балалайцы Здольніка. Той грае, пары танцуюць.

З'явы XIXII

Поп праз акно ўгледзеў бальшавіка. Мікіта і ўсе яго госці хаваюцца. Аленка, Гарошка, Здольнік пасміхаюцца з іх пра сябе.

Чырвонаармеец просіцца перасядзець да цемнаты, бо адстаў ад сваёй часці. Мікіта і госці бяруць чырвонаармейца ў палон і вядуць яго здаваць новай уладзе.

Дзея чацвёртая

З'ява І

Гануля на спакаваных вузлах вяжа панчоху. Яна рада з'яўленню Янкі і Аленкі, віншуе іх са шлюбам. Вяселле маладыя адклалі да таго часу, калі адсюль выйдзе апошні акупант. Аленка скардзіцца, што «татку зноў у абоз пагналі». Ён іх, акупантаў, «бедны, возіць, возіць, ды ніяк вывезці не можа».

З'ява ІІ

Мікіта ў шапцы з вялікім белым арлом прыносіць вядро патакі. Янка пытае, чаму Мікіта не пакінуў горад. Мікіту «падашукалі» — не далі «пшэпустку» на выезд. Ён адгадаваў бараду, бо Наста папярэдзіла, што «пры новай палітычнай сітуацыі будуць дабравольна браць маладых мусьі і дабравольна адпраўляць іх на Урангелеўскі фронт». Мікіта соча перайсці на беларускі бок і дабівацца «беларускага ісэсарства». Просіць Янку дапамагчы яму ў «абеларушчанні», бо яго настаўнік гэр Спічыні можа толькі «адбеларушваць». Янка раіць яму паступіць на курсы. Мікіта бярэ ў маці польскія грошы і ідзе іх атаварыць.

З'ява ІІІ

Гануля жаліцца, як сын пры паляках «улез у такую кашу, што сорам і расказваць». Аленка і Янка запрашаюць жанчыну прыязджаць да іх на вёску і развітваюцца.

З'явы IVV

Уваходзяць Дама і Спраўнік, якім таксама не хапіла "пшэпусткі», каб пакінуць горад.

З'яўляецца босы, без курткі Мікіта, у руках кошык з бутэлькамі і два рэвальверы. Расказвае, як яго перастрэлі к,ва апошнія адступаючыя паны, знялі куртку і боты, бо [роблены гэтыя рэчы з іх сукна і скуры. Зняць яшчэ што-небудзь не змаглі, бо пачалі падыходзіць людзі. Гарэлку і пісталеты Мікіта называе «даходнай стаццёй», бо тое і другое новая ўлада забараняе.

З'явы VІ—VII

Наста прыносіць «смутную» навіну, што Зноскаў «ідуць трэсці». Яна раіць вывесіць праз акно чырвоны сцяг і бяжыць «дапасці сям-там у пэўныя крыніцы». Мікіта хоча схаваць пляшкі і рэвальверы. На парозе сутыкаецца з Начальнікам патруля, Двума патрульнымі, Грамадзянінам, Спічыні.

З'ява VIII

Начальнік патруля загадвае Мікіту пакласці на стол рэвальверы, успамінае леташняе знаёмства, калі Мікіта вёў яго ў палон. Мікіту ставіцца ў віну ўдзел у грабяжы, сведкам чаго выступае Спічыні. Мікіта не можа даказаць, што яго прымусілі цягаць рэчы з кватэры. Мікіта паказвае Начальніку свой польскі дакумент, дзе Спічыні чытае, што «Нікіціуш Зносіловскі служыў ...яко доносіцель». Мікіта тлумачыць, што служыў «разносіцелем», разносчыкам, але на дакуменце сапраўды стаіць іншае.

Патруль арыштоўвае Мікіту, Даму, Стражніка і выводзіць. За вокнамі чуваць песня:

Ой ты, яблочко,

Куда коцішся!

Не туда попадзёш —

Не вароцішся...

Мастацкія асаблівасці

Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922) доўгія дзесяцігоддзі лічылася супярэчлівым і слабым у ідэйна-мастацкіх адносінах творам. Быццам народны пясняр у нечым не разабраўся і чагосьці не змог пераканаўча паказаць.

У «Тутэйшых» выявілася тая ж трывога Купалы за лес Бацькаўшчыны, народа што і ў вершах «На сход!», «Час!», «Свайму народу», «Беларускія сыны» і інш. Толькі форма была абрана іншая — пра набалелае, сур'ёзнае пісьменнік гаварыў сродкамі камічнага.

Дзеянне ў трагікамедыі адбываецца ў вельмі складаны перыяд для нашага народа, калі Беларусь стала арэнай змагання паміж Захадам і Усходам, калі адна акупацыя змянялася другой (Аленка гаворыць пра бацьку, што ён акупантаў «возіць, возіць, ды ніяк вывезці не можа»). За няпоўныя два гады, што ўзноўлены ў творы, чатыры разы мянялася ўлада.

Персанажы твора, аднак, у гэтых гістарычных падзеях не ўдзельнічаюць. Ніхто з іх не абараняе тую ці іншую ўладу са зброяй у руках, не прызнае за сваю. Акрамя Дамы, Пана, Спраўніка, якіх, нібы восёнскія апалыя лісты з месца на месца бязмэтна ганяе вецер часу, усе яны застаюцца дома. Могуць толькі з'язджаць у вёску і зноў вяртацца ў горад, як Здольнік і бацька з дачкой Гарошкі.

Дом, у якім жывуць героі Купалы (у шырокім сэнсе — гэта ўся Беларусь, у вузкім — кватэра Мікіты Зноска, дзе адбываюцца амаль усе падзеі твора), няўтульны і ненадзейны. Ды і жыхары яго мала падобныя на гаспадароў. Сімвалічны ў гэтым сэнсе пачатак чацвёртай дзеі, дзе Гануля сядзіць на вузлах і вяжа панчоху.

Разам з тым Купала акцэнтуе ўвагу на іншай трагедыі народа, трагедыі «тутэйшасці». Яна выявілася ў недастаткова развітай самасвядомасці, пасіўнасці, абыякавасці, што ператварыла людзей у старонніх назіральнікаў уласнага лесу, у бязвольную інертную масу, якая не здольна заявіць пра свае правы.

Усе персанажы п'есы, незалежна ад таго, станоўчыя яны ці адмоўныя, пазначаны гэтай нацыянальнай бядой, што падкрэсліваецца ўжо назвай твора. Слова «тутэйшы» нейкі час было амаль адэкватна слову «беларус» (калі апошняе афіцыйна забаранялася і не адно пакаленне вырасла, не ведаючы, як завецца родны край). Аднак у першыя дзесяцігоддзі XX ст. сітуацыя карэнным чынам змянілася. Ад беларуса гісторыя запатрабавала не толькі любові да сваёй зямлі і хаты, да простай «тутэйшай» мовы, але ўсведамлення сябе, як народа са сваёй гісторыяй, культурай, адметным складам характару і светабачання.

У п'есе Купала вывеў прадстаўнікоў розных сацыяльных груп тагачаснага грамадства — ад настаўніка і вучонага да абарванца. I ўсе яны высвечваюцца адносінамі да свайго, роднага.

Свядомымі беларусамі ў камедыі з'яўляюцца Янка Здольнік і Аленка. Яны не толькі ведаюць, якога «роду-племені», але і займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю — збіраюцца вучыць іншых. Аднак і іх закранула хвароба «тутэйшасці». Яна выявілася ў аднабаковасці жыццёвых памкненняў, пэўнай унутранай самаізаляванасці герояў. Ці зможа Янка Здольнік стаць настаўнікам для людзей, павесці іх за сабой, калі нават цесць Лявон Гарошка, які ў цэлым вельмі добра ставіцца да Янкі, не заўсёды разумее яго заклікі і памкненні. Ад Аленкі можна чакаць яшчэ меншага, бо яна пакуль толькі вучаніца. Такім чынам у вобразах Янкі Здольніка і Аленкі Купала выявіў недастаткова высокі ўзровень падрыхтаванасці нацыянальна свядомай інтэлігенцыі да будаўніцтва сваёй дзяржавы.

Пасіўнымі носьбітамі беларускасці выступаюць Гануля Зносчыха і Лявон Гарошка. Яны прытрымліваюцца адвечных звычаяў, родная мова для іх такая ж натуральная з'ява, як хлеб і паветра. Разам з тым Зносчыха і Гарошка асобы сузіральныя, ні ў што не ўмешваюцца (скажа Мікіта маці гаварыць з яго гасцямі «ў нос, культурна», і будзе старацца Гануля патрапіць, называючы Даму «мадама музей»).

Мікіта Зносак — вобраз прыстасаванца, ідэя для якога нічога не значыць. Ён адарваўся ад сваёй мовы, культуры і як кожны рэнегат усё чужое лічыць лепшым і прыгажэйшым. (Зносак з захапленнем гаворыць нават пра «выхаванасць» паноў палякаў, якія знялі з яго фрэнч і боты). Пры змененых абставінах Мікіта Зносак паспрабуе прыстасавацца і да нацыянальнай палітыкі, пачне шукаць «беларускага асэсарства», ды карысці ад яго дзейнасці на роднай глебе, як, дарэчы, і на глебе чужой, будзе вельмі мала.

Зносак займае цэнтральнае месца ў трагікамедыі, з чаго вынікае, што прыстасавальніцтва Купала бачыў як тыповую рысу ў характары народа. Высмейваючы свайго героя, паказваючы, у які нерат завяла Зносака «вельмі простая лінія жыцця», пісьменнік жыў клопатам пра будучыню нацыі, пра яе ўнутраную здольнасць абараняць сябе, самазахавацца.

Дама, Пан, Поп, Спраўнік не толькі чужыя ўсякай ідэі, але і абсалютна апатычныя, абыякавыя, не здольныя ні да якога самаруху.

Урэшце Усходні і Заходні вучоны, гэр Спічыні гэта «ворагі беларушчыны», да вобразаў якіх не аднойчы звяртаўся Купала-паэт. Пазіцыя іх ваяўніча антыбеларуская. Аднак, і яны не аднекуль прыблукалі на нашу зямлю, а нарадзіліся і выраслі тут. Нават гэр Спічыні, які мае выразнае «замежнае» прозвішча, мясцовы.

Асаблівасцю твора з'яўляецца тое, што адны персанажы выявіліся як адметныя, паўнакроўныя характары (Мікіта Зносак, Гануля, Лявон Гарошка, Янка Здольнік, Аленка, Наста Пабягунская, Спічыні), другія з'яўляюцца вобразамі абагульненымі, дзесьці нават умоўнымі (Поп, Дама, Пан, Стражнік, Заходні і Усходні вучоны), роля трэціх — чыста службовая, функцыянальная (Абарванец, Чырвонаармеец, Начальнік патруля, Немец, Грамадзянін). Гэта не пралік пісьменніка, а менавіта асаблівасць мастацкага свету твора. Абагульненыя вобразы прысутнічаюць таксама ў драме «Раскіданае гняздо» (Паніч, Незнаёмы), у драматычнай паэме «Адвечная песня».

Лучши цены на Bio Rex.