Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

Гістарычнае мінулае ў прозе Уладзіміра Караткевіча.

Ты верны рыцар

Слоў крывіцкіх, гойных,

Якія не загубяцца нідзе.

Твой цень відушчы

Па забытых гонях

Ідзе

І за сабой сляпых вядзе.

Р. Барадулін

Уладзімір Караткевіч вядомы ў беларускай літаратуры як празаік, паэт, драматург, сцэнарыст, публіцыст, перакладчык, літаратурны крытык. Але перш за ўсё ён — заснавальнік нацыянальнага гістарычнага рамана. Мастацкаму ўвасабленню гістарычных падзей прысвяціў У. Караткевіч раманы "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Каласы пад сярпом тваім", "Чорны замак Альшанскі", "Леаніды не вернуцца да Зямлі"("Нельга забыць"), аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха". Са старонак гэтых твораў паўстаюць змагары за народнае шчасце, прарокі, інтэлігенты, рыцары і прыгоннікі, кардыналы і чароўнай прыгажосці дзяўчаты. Яны ўмеюць па-свойму любіць, ненавідзець, пакутаваць, адстойваць свае погляды. Іх лёсы неадрыўныя ад гістарычных падзей і абумоўлены імі. І ў кожным творы — эпоха, складаны і часам трагічны лёс Белай Русі, народ, які не скарыўся перад нястачамі і прагне волі. Пісьменнік не толькі ўзнаўляе карціны жыцця сярэднявечча і наступных эпох, але і асэнсоўвае гістарычны працэс, што дазваляе зразумець таямніцы чалавечага быцця, аснову ўзаемааадносін людзей з навакольным светам. Падзеі ў аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" адбываюцца ў канцы 80-х гадоў ХІХ стагоддзя, Вучоны-фалькларыст Андрэй Беларэцкі (галоўны герой твора) трапляе ў маёнтак Балотныя Яліны, дзе становіцца сведкам самых незвычайных здарэнняў. Уладальніцай маёнтка з'яўляецца апошняя прадстаўніца калісьці магутнага роду Надзея Яноўская. Па начах у доме бачаць Малога Чалавека і Блакітную Жанчыну, прадвеснікаў смерці кагосьці з роду Яноўскіх. Страх на ўсё наваколле нагадяе дзікае паляванне караля Стаха, падчас якога (два гады назад) быў забіты бацька Надзеі. Яно ж пагражае смерцю дачцэ. Беларэцкі вырашыў раскрыць таямніцу гэтых з'яў і дапамагчы ўладальніцы Балотных Ялін. З бібліятэчнай кнігі герой твора даведваецца пра караля Стаха і радавое пракляцце Яноўскіх. У пачатку XVII ст. Стах Горскі, у жылах якога цякла каралеўская кроў, вырашыў дабіцца незалежнасці. Стах меў вялікае войска і карыстаўся падтрымкай у сялян. Аднак дасягнуць самастойнасці Стаху не давялося: ён быў забіты сваім сябрам Раманам Яноўскім, якога незадоўга да гэтага выратаваў ад смерці. У перадсмяротны час кароль Стах праклінае ўвесь род Яноўскіх. Гэта пракляцце праз стагоддзі дайшло і да Надзеі. Андрэю Беларэцкаму ўдалося выкрыць таямнічыя сілы і разам з сялянамі атрымаць перамогу над прафесійнай бандай. Высветлілася, што легенду пра Стаха жорстка выкарыстаў апякун Надзеі Яноўскай Дубатоўк, які стаў кіраўніком палявання. Ён прагнуў смерці Надзеі, каб стаць гаспадаром Балотных Ялін. Заканчваецца твор ад'ездам Беларэцкага і Надзеі Яноўскай (яго будучай жонкі) з Балотных Ялін. У рамане "Каласы пад сярпом тваім" пісьменнік паказаў шырокую панараму народнага жыцця напярэдадні сялянскага паўстання 1863 г., стварыў цудоўны вобраз рэвалюцыянера-дэмакрата і рамантыка Алеся Загорскага, сапраўднага змагара за лепшую долю свайго народа, дзеля свабоды якога ён гатовы ісці ў бой і ахвяраваць сабой. Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" прысвечаны падзеям беларускай гісторыі XVI ст. У цэнтры ўвагі пісьменніка — жыццё праўдашукальніка, пакутніка і змагара Юрася Братчыка, які па волі лёсу вымушаны быў выдаваць сябе за Хрыста. Разам з дванаццацю апосталамі ён вандраваў па Беларусі, рабіў цуды, наводзіў справядлівыя парадкі (дапамагаў бедным, караў царкоўнікаў, магнатаў, гандляроў, змагаўся з татара-манголамі). З самых неверагадных сітуацый герой твора выходзіў пераможцам. Народны заступнік Юрась Братчык — сын сярэднявечай эпохі з яе рэзкімі кантрастамі, інквізіцыяй, барацьбой царкоўнікаў і прадстаўнікоў улады з асветнікамі і вучонымі, нараджэннем парастакаў Рэнесансу. Герой твора, спасцігнуўшы вялікую веру ў чалавека, спрабуе вызваліцца ад путаў сярэднявечча, хоча засвоіць духоўныя набыткі новага часу, запаліць агонь чалавечнасці, шукае шляхі да пабудовы вольнага жыцця. У. Караткевіч паказаў, што такія людзі выяўляюць дух Беларусі, нязломны і непераможны народны характар, узнавіў тую глебу, на якой нараджаліся гуманістычныя ідэі беларускага сярэднявечча, і прыгодніцкі сюжэт твора напоўніў сацыяльна-філасофскім і псіхалагічным зместам. Дзеянне ў рамантычнай легендзе "Ладдзя роспачы" адбываецца ў беларускім горадзе Рагачове ў XVI ст. Галоўны герой — дваранін Гервасій Выліваха — за свае грахі аказаўся на тым свеце. Але і ў падземным царстве ён не губляе жыццёвага аптымізму, бадзёрасці, гумару. Смерць не можа перамагчы Гервасія, у вобразе якога пісьменнік увасобіў тыповыя рысы нацыянальнага характару беларусаў — непакорлівасць, стойкасць, аптымізм, жыццялюбства. Падзеі ў псіхалагічным дэтэктыве "Чорны замак Альшанскі" разгортваюцца на працягу ХVІІ—ХХ стагоддзяў. Антону Космічу, спецыялісту па сярэдневяковай гісторыі, удалося раскрыць злачынствы як чатырохсотгадовай даўнасці, так і мінулай вайны і сучаснасці (хто з'яўляецца забойцам Ганны Альшанскай і яе каханага Валюжыніча, Мар'яна Пташынскага, Людвіка Лапатухі і іншых сумленных людзей, куды зніклі фамільныя скарбы, што адбылося ў замку ў апошнюю вайну?). У раскрыцці злачынстваў Космічу дапамагаюць супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі Хілінскі і Шчука, вясковыя настаўнікі Змагіцель і Шаблыка, айцец Жыховіч, вартаўнік замка і касцёла Мультан. У рамане сцвярджаецца, што чалавек павінен заставацца чалавекам у самых крытычных і экстрэмальных сітуацыях. Твор вучыць любіць сваю Бацькаўшчыну, развівае цікавасць да гісторыі свайго народа, бо, кажучы словамі Косміча, "хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго". У. Каракевіча называюць гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Гэта так. Пісьменнік дасканала ведаў гісторыю свайго краю, якая стала арганічнай часткай яго духоўнага жыцця, яго стыхіяй і натхненнем, яго болем і адчаем. Творы выдатнага мастака слова не толькі паглыбляюць нашы веды па гісторыі, але і вучаць любіць і берагчы чалавечнае ў чалавеку, змагацца з бездухоўнасцю, знаходзіць ідэальнае і гарманічнае ў жыцці і прыродзе.

 

 

Раман Уладзiмiра Караткевiча "Каласы пад сярпом тваiм, яго асноуныя праблемы.

Раман У. Караткевiча "Каласы пад сярпом тваiм” (1968) прысвечаны адной з гераiчных старонак беларускай гiсторыi - перыяду падрыхтоукi паустання 1863г. Раман складаецца з дзвюх частак. У першай ("Выйсце крынiц") даецца кароткая характарыстыка палiтычнага i грамадскага жыцця напярэдаднi рэформы 1861г., апiсваецца голад Беларусi. Акрамя таго, расказваецца пра дзiцячыя i юнацкiя гады князя Алеся Загорскага.

Бацькi аддаюць яго на "дзядзькаванне” - выхаванне у сялянскую сямью Кагутоу. Такое выхаванне зблiзiла Алеся з простымi людзьмi, народным жыццём, мовай беларусау i iх традыцыямi. Можа, па гэтай прычыне сваю прамову у дваранскiм клубе князь гаворыць па беларуску. Другая кнiга ("Сякера пры дрэве") расказвае пра вучобу Алеся у Пецярбургскiм унiверciтэце, удзел у падпольнай арганiзацыi "Агул", пра сустрэчы з К.Калiноускiм, пра сялянскае паустанне на чале з Корчакам. Дзеянне рамана завяршаецца у 1861г., калi цар адмянiу прыгоннае права.

Алесь -- адзiн з прадстаунiкоу прагрэсiуна настроенай шляхты. Яшчэ да адмены прыгоннага права ён дае волю сваiм сялянам. У вобразе Алеся увасоблены лепшыя рысы грамадска-культурных дзеячау мiнулых часоу, для якiх радзiма была найдаражэйшым скарбам, святыняй, часткай iх самiх.

Аднауляючы для чытачоу падзеi больш чым стогадовай даунасцi, перыяд, калi неабходнасць сялянскай рэформы дыктавалася самiм жыццём. У. Караткевiч iмкнууся гiстарычна падыходзiць да асвятлення падзей 1863г. Ён аналiзавау iх сацыяльна-эканамiчную сутнасць, iх гiстарычнае значэнне для лёсу бел. народа, iх уплыу на далейшае развiццё нацыi. Пры гэтым характэрнай асаблiвасцю твора выступае аутарскае разуменне гiсторыi як працэсу, у якiм дыялектычна узаемазвязаны гiсторыя, фiласофiя, эстэтыка i публiцыстыка.

Сваю увагу пiсьменнiк канцэнтравау на наступных асноуных напрамках. Па-першае, гэта мастацкi аналiз побыту, сацыальна-палiтычнай атмасферы жыцця прыдняпроускага дваранства, перадавых (Вежа) i рэакцыйных (Кроер) яго плыней, якiя у многiх вызначалi i поспехi, i няудачы паустаушых сялян; па-другое, гэта прыход да паустання 1863г. прадстаунiкоу перадавога бел. i польскага дваранства (сюжэтная лiнiя прадстаулена Загорскiм, Калiноускiм i Серакоускiм); па-трэцяе, перарастанне неасэнсаваных стыхiйных выступленняу сялян у арганiзаваную барацьбу супраць прыгнятальнiкау (распрацоука вобразау тут вядзецца па лiнii Кагуты-Корчак); па-чацвёртае, паказ жыцця высокiх палiтычных колау.

 

 

 

ВІЛЬНЮС – ЧАСЦІНКА МАЙГО СЭРЦА

ГОРАД мой! Любоў мая да цябе зарадзілася так даўно, што я нават не помню калі. І думаю, што буду любіць, пакуль жыву.

Я ўдзячны табе за светлыя веснавыя ранкі над Нерыс, над Вільняй, калі жыхары спяшаюцца да працы, за спякотныя поўдні на Росах, за золкія кастрычніцкія змярканні ў блытаніне вулак старога горада, за жоўтыя і залатыя лістапады на Антолакі, за язычок зыркага агню – Анну, за ўніверсітэцкі квартал са Святаянскімі мурамі, у якіх столькі ўсяго перажылі героі маіх твораў, за цішыню музеяў і за агенчыкі ўтульных, гасцінных “корчмаў”. І яшчэ за цішыню тваіх архіваў, у якіх адрабіў чорт ведае колькі гадзін.

Праходзячы па тваіх плошчах, я збіраў усё ў сваю пісьменніцкую кайстру – і кінуты кімсьці жарт, і вобраз прыгнечанага бядой чалавека, і шчаслівую, светлую ўсмешку дзіцяці, якое ляжыць у калясцы, і разумную размову са старым мастаком у ягонай майстэрні, і ўважлівы позірк бабулі, што прысела на лаўцы.

І я тут столькі набраў ружаў і шыпшыны, нікчэмнасці і высакароднасці, чалавечай сціпласці і няўвядальнай красы, што цяпер, калі б усё гэта вытрас з сваёй кайстры, стаў бы зусім бедным.

Але Вільнюс... Вільня – гэта не толькі адзін з любімых маіх пісьменніцкіх “палігонаў”, да кварталаў якога я “прыстасоўваю” характары і ўчынкі сваіх герояў, ён сапраўды часцінка майго сэрца, таму што тут я дыхаў на поўныя грудзі, таму што тут я проста – жыў!

Колькі перамералі крокаў мае ногі па тваіх гарбатых тратуарах! Колькі вершаў я тут напісаў! Колькі нечаканых і цудоўных думак нарадзілася тут (горад – гэта каталізатар, які абуджае вялікія, часам парадаксальныя думкі)! Колькі падарыў ты мне нязмернай радасці і бязмежнага болю, за якія я роўна бласлаўляю цябе.

Тут спляліся культуры нашых народаў, як карані літоўскіх і беларускіх дрэў на мяжы (але хіба ёсць тая мяжа?), як плынь беларускіх і літоўскіх рэк. Непадзельная і выпакутаваная нашымі пакаленнямі гісторыя – з першых яшчэ няцвёрдых крокаў, з тых дзён, калі падужэлыя ўжо, разам рушылі на Грунвальд біць крыжакоў і там зрабілі канец іх крывавым нашэсцям, - да самых апошніх часоў.

… Мой Вільнюс, мая Вільня, хадзіў-папахадзіў я тваімі вуліцамі-вулачкамі. Але адзін дзень прынёс мне светлай тугі больш за ўсе іншыя. 10 сакавіка1964 года, калі споўнілася сто гадоў, як пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага, я яшчэ ў прыцемках прайшоў увесь яго шлях: ад Дамініканскіх муроў на рагу вуліц Гараліса і Гедрыса (там ён быў зняволены) да Лукішак, дзе ля сцен кляштара св. Якуба стаяла шыбеніца.

 

А пасля таксама пехатою пайшоў на месца, дзе хавалі павешаных (на тэрыторыі тагачаснай цытадэлі), падняўся на гару Гедыміна. Я не ведаў, дзе там ляжаць яго косці, але сеў пасядзець і бачыў, як над горадам абуджаецца ранак.

У тую раніцу ў горадзе выпала шэрань, тонкая і сыпкая, нібы цукровая пудра, галінкі дрэў пакрыліся лёгкім інеем. Сонца, узыходзячы, пазначыла ружовай фарбай верхавіны званіц, а потым перада мною раскінуўся горад – увесь пафарбаваны ў ружовы колер ад праменняў сонца і лёгкі, як хвост райскай птушкі.

Вось так я і ўшанаваў памяць Кастуся Каліноўскага. Нібы разам з Беларуссю і Літвой чакаў світання новага дня, за які так упарта – аж да смерці змагаўся ён.

Цяпер я ведаю, што шмат чаго можа прадракаць мне лёс – як і кожнаму іншаму чалавеку, - але ў маім жыцці, поўным усялякіх нечаканасцей, акрамя ўсяго іншага, быў Вільнюс, Вільня, і той ранак на гары Гедыміна.

Горад мой, ты не абнесены мурамі, але самыя лепшыя муры – сэрцы вільнюсцаў: літоўцаў, беларусаў, палякаў – усіх.

Людзей.

І маё сэрца – гэта каменьчык, пакладзены ў гэтыя муры.

Пераклад з літоўскай

Яліны КІСЯЛЁВАЙ

 

ЛІСТ УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА

ДА ВУЧНЯЎ ГУДЗЕВІЦКАЙ СШ

Дарагія вучні! Вельмі ўзрадаваны, што ваш гурток займаецца такой добраю справай. Рабіце яе і надалей. Вывучайце, ведайце, любіце нашу вечна жывую беларускую мову і нашу літаратуру.

Кніга наша за апошнія часы вырасла да сапраўдных вышынь. Літаратура наша выходзіць паступова ў рады лепшых літаратур свету. І я веру, што пройдзе час і яе паважаць і любіць будуць на ўсёй Зямлі, магчыма, нават, на народнай, на жывой нашай мове. Бо літаратура наша адна з тых рэдкіх літаратур, якая, нягледзячы на інтэлектуалізм, ніколі не губляла сувязі з чалавекам працы, з яго мовай, а значыць моцная не толькі розумам і прыгажосцю, але і сілай, чысцінёй, прастатой, непадробнай народнасцю.

Я даволі шмат чытаю.Паверце мне, многімі нашымі паэтамі і пісьменнікамі мог бы ганарыцца кожны на Зямлі народ. Ганарыцеся і вы. Ганарыцеся сваімі літаратурай і мовай.

Ваш

Уладзімір КАРАТКЕВІЧ

8 лютага 1966 г.

“ЛЮБУЮ СПРАВУ РАБIЦЬ ХВАЦКА”

Пазнаць таямніцы мастацкага свету Уладзіміра Караткевіча без шчырай, адкрытай гаворкі з ім немагчыма. Да таго ж трэба ведаць усю яго творчасць, каб адчуць хваляванне яго аналітычнага розуму і яго імкненне да раскрыцця складаных праблем мінулага Беларусі. Часта ў творах

У .Караткевіча пераплятаецца старажытная веліч і дынаміка прыгодніцкага апавядання ў легендарна-паэтычным пераламленні гістарычнай рэальнасці. Стыль яго нагадвае мне чымсьці старажытны, амаль бязлюдны замак, як замак Яноўскіх ,”Дзікае паляванне караля Стаха”, які адраджаецца майстэрскаю рукою ўлюбёнага ў справу і спрактыкаванага рэстаўратара…

Пакуль ветлівы гаспадар гатаваў каву, я, седзячы ў выгодным крэсле, магла агледзецца: у доме пiсьменнiка – асаблiвая, артыстычная утульнасць. На сцяне вiсяць старажытныя беларускiя скульптуры з дрэва. А з кутка мудра глядзiць на мяне Майсей – таксама драўляная скульптура, як пазней растлумачыў Уладзiмiр Караткевiч, знойдзеная проста ў балоце, у адной з шматлiкiх яго экспедыцый па роднай зямлi

I вось ужо цёпла дымяцца кубкi, i гаркава-чорны напой схiляе да гутаркi.

- Вельмi дзiуна атрымалася са мною,- усмiхаючыся, пачынае ён. – Шчыра кажучы, я не збiраўся стаць пiсьменнiкам. Але пiсаць пачаў даўно, яшчэ ў школе. Пiсаў i вершы i прозу – у асноўным для сябе. Сёе-тое з маей пiсанiны было змешчана ў школьным рукапiсным часопiсе. А аднойчы разам з сябрам вырашыў пабываць на радзiме нашага любiмага Янкi Купалы. Пешшу дайшлi да Вязынкi. Аб гэтым падарожжы я напiсау i паслаў жонцы паэта Уладзiславе Францаўне лiст. Яна ўключыла яго ў зборнiк “Янка Купала. Збор матэрыялаў аб жыццi i дзейнасцi паэта”. Так з’явiўся мой першы друкаваны твор… У гэтым жа годзе адзiн мой знаёмы папрасiў, каб я прыслаў яму проста так, пачытаць, свае вершы (тады я настаўнiчаў на Украiне), i ён занёс iх у “Вожык” i “Полымя”. З “Вожыка” я атрымаў пiсьмо прыблiзна такога зместу: “Малады чалавек, з Вашым талентам лепш бiць i брукаваць каменне на бруку”. Мяне гэта, прызнацца , не вельмi i засмуцiла . А вось у “Полымi” пасля гэтага цалкам ужо нечакана для мяне з’явiўся мой верш “Машэка”, i я падумаў, што ўсе ж нешта змагу рабiць. Пасля паступова пачалi друкаваць мяне i iншыя часопiсы.

- Перш чым пачаць пiсаць, чалавек пачынае чытаць. Цi помнiце першую прачытаную вамі кнiгу?

- Шчыра кажучы, першую кнiгу не помню, таксама як i не помню сябе такога, каб не умеў чытаць. Пачаў чытаць у трохгадовым узросце: непрыкметна навучыўся ад старэйшых. Дома была вялiкая бiблiятэка, i я захапляўся мастацкай лiтаратурай, часцей за ўсё не па ўзросце. Пазнаёмiўся паступова з беларускаю, рускаю i ўкраiнскаю лiтаратурамi, пазней – з польскай.

- Зразумела ж, як i ва ўсiх, у вас былi любiмыя аўтары, любімыя творы?

- Што датычыць любiмых твораў, то iх вось так – раз i назаўсёды – няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў i багоў. Чытаю кожнага ў залежнасцi ад настрою. Калi ён светлы – то Пушкiна, гнеўны – ранняга Купалу, Багдановiча,Шаўчэнку, калi настрой фiласофскi i грэблiва непрымiрымы да смуроду i пошласцi - проста хоць на дуэль – Лермантава, Гарэцкага i Льва Талстога, роўны – добрыя гiстарычныя раманы Сянкевiча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога.

I, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывiцца, перад працай, якая патрабуе разлiчанай, завостранай думкi, вельмi люблю чытаць добрыя дэтэктывы. Сапраўды добрыя. Да iх залiчваю не толькi Сiмянона i лепшыя раманы Агаты Крысцi, але й роднага па духу Стывенсана. I, калi браць вяршынi, на якiя нават дыхаць цяжка, - “Братоў Карамазавых”.

- А ў каго з іх вы вучыліся пісьменніцкай справе?

- А у каго вучыўся? Складанае пытанне. Бадай што, нi ў кога не вучыўся манеры і спосабу мыслення. Затое ва ўсіх вучыўся любвi да чалавека i людзей; людства i жаданню па меры сваiх слабых сiл таксама хоць крышку дапамагчы iм. Хоць бы на адно кароткае iмгненне.

Вучыўся іхняму жаданню падаць чалавеку, калі яму, можа, сумна і самотна, сігнал: “Смялей. Ты не адзін”. З беларускіх пісьменнікаў вучыўся гэтаму, мабыць, найбольш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Іншых ужо назваў. Ага… сярод іх ледзь не забыў Кіплінга. Аднак заўсёды стараюся заставацца ўсё ж самім сабою. Калі добрая думка, якая хвалявала мяне гадамі, выльецца на паперу, а пасля я сустракаю нешта падобнае і выказанае глыбей і лепей у творах іншых сучасных пісьменнікаў, адчуваю вялікае задавальненне. Гэта азначае, што думка насілася ў паветры, што так думалі і іншыя, што я не адзін.

- Што больш за ўсё хвалюе вас, калі пачынаеце працаваць над новай кнігаю?

- Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра. Маё своеасаблівае правіла: я не прытрымліваюся “эстэтыкі пакрэсленнага рукапісу”. Любую справу трэба рабіць хвацка. Дзесяць гадоў вучыўся, але калі ўзяўся за сякеру, дык сячы як належыць. Думаю над кожнаю фразаю, варочаю яе ў мазгах нават сто разоў, кожны раз мяняючы, вымаўляю яе ў голас, перабіраю мноства варыянтаў і толькі тады запісваю самую, на мой погляд , удалую, начыста і намёртва.

- Пра што вы пішаце, або іншымі словамі: асноўная рухаючая сіла вашай творчасці?

- Справа ў тым, што ў наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае аддзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы - ці будзе гэта ў Маскве, ці ў Мінску, у Вільні, у Рызе… Але ж кожны народ у многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, скажам да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі – можна зрабіць цудоўную мазайку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў свой воблік, меў свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа, выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследваць, жыць такім сваім яскравым, непадобным, страшэнна працяглым жыццём.

- А для каго пішаце?

- Для тых, хто любіць і чытае мяне – каб парадаваць іх. Для тых, хто не любіць – каб раззлаваць. Для тых, хто яшчэ не ведае гісторыі, даўняй культуры і літаратуры Беларусі, - каб абудзіць іх цікавасць.

- Часта сюжэты ў вас мудрагелістыя…

- Так. І гэта таму, што я стараюся пражыць свой век як найцікавей, каб дзень не быў падобны на дзень. Калі працую - ну, тады, вядома, дні больш-меньш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сення пішу, тады я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу. А вось калі работы часова няма – то тады я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах… Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей… Еду ў іншыя гарады і прападаю там па кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей… Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па весках, складаю ў капы сена, адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага свяшчэнніка – здымаюся. Трэба “пагутарыць” з мядзведзем – гутару. Трэба бервяно абчасаць – умею.

- Карастаючыся пачатай тэмай, запытаю: што вам найбольш падабаецца ў самім сабе?

- Абсалютна нічога.

- А што не падабаецца?

- Вы што, допыт мне ўчыняеце? – з усмешкаю і ўяўнай строгасцю пытае ен. – А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце. Падабаецца блукаваць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах пад старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі… І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бедаў. Нядаўна, напрыклад, два таварышы ўздумалі паўтарыць адзін апісаны мною маршрут і моцна пацярпелі там. Я прашу ў іх прабачэння і засцерагаю: перш чым узяцца за нешта такое, спытайце ў мяне. Мінулі гады і ўчора адносна бяспечнае месца можа сёння пагражаць, скажам, абвалам ці нават нечым горшым. Не рызыкуйце там, дзе рызыкаваў я. Бо там, дзе я ішоў на рызыку, я, урэшце, адказваў толькі за самаго сябе. Сабой, а не пакутамі сумлення за кагосьці.

- А калі паставіць пытанне так: ці знаёма вам пачуццё творчай няўпэўненасці?

- Не. Я ніколі не бяруся пісаць аб тым, да чаго ў мяне не ляжыць душа. Калі я ведаю аб чым я хачу пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды сюжэта. Накіды гэтыя падобны на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асоб аж да таго, што відаць з кожнага акна. Падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але, ведаючы іх, я ведаю, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры герояў, іхнія ўчынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след – сядаю за стол. Калі штосьці не клеіцца, пахаджу па пакоі, пакуру, каву згатую – і зноў за работу. Слова павінна ўлезці на сваё месца адразу, як цвік. І апошняя гэта справа сто разоў выцягваць яго абцугамі і забіваць зноў.

- Уладзімір Сямёнавіч, а чаму вы назвалі свой апошні празаічны твор “Зброя” аповесцю? Ці не з’яўляецца яна своеасаблівым працягам рамана “Каласы пад сярпом тваім”: галоўныя героі адны і тыя ж?

- Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца. Дзеянне адбываецца ў Маскве. Але гэта не Масква Пушкіна і Бялінскага, дзе жывуць высокімі ідэаламі ці, прынамсі, добрымі манерамі, дзе ветліва цалуюць ручкі дамам, дзе гутараць аб высокіх матэрыях, дзе пануе павага да людзей. Гэта Масква Сухараўкі і Хітрова рынка, маскоўскае дно, якое і Гіляроўскаму не снілася.

- Значыць, аповесць трэба ўспрымаць як самастойны твор, калі я не памыляюся?

- Толькі так. У нас у Прыдняпроўі, норавы заўседы былі і ёсць такія: калі гулянне – сдаў апошні рубель, калі просіш – то ад душы, а пагражаеш каму-небудзь – яму не здабраваць! А тут Алесь трапляе ў абсалютна чужое, незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць – умей хітрыць, выкручвацца, хлусціць.

- Але ж мэта ў Алеся і яго сяброў застаецца па-ранейшаму тая ж.

- Так, ім трэба знайсці і купіць зброю, хоць бы 3000 ружжаў для паўстанцаў. А гэта справа далёка не простая.

- Пэўна, таму аповесць называецца “Зброя”, ці яе назва мае і іншую, унутрана-падтэкставую нагрузку?

- Ваша праўда, назва – сімвалічная. “Зброя” – гэта значыць, што так нельга жыць далей грамадству, у якім жыве Алесь, што наступіў час мяняць самадзяржаўны лад, што народ прыйшоў да гэтага і рыхтуе сваю зброю.

- Як растлумачылі б вы сваю нязменную цікавасць да гістарычных сюжэтаў?

- На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю мастацкую матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт – гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў ў сабе?

- А што вы скажаце пра свой раман “Чорны замак Альшанскі”? У чым побач з прыгодніцка-дэкрутыўным – і гісторыя, і сучаснасць.

- Гэта чысты дэтэктыў. І нічога больш.

- Дазвольце не згадзіцца. Ва ўсіх вашых творах (і гэты раман не выключэнне), на мой погляд, прысутнічае як характэрны ўнутраны падтэкст гісторыка-патрыятычны пачатак, які нясе ў сябе сапраўдную ўлюблёнасць ва ўсё роднае: прыроду, гісторыю і культуру Беларусі. І калі адкінуць усё гэта і глядзець на раман толькі як на займальны “чысты” дэтэктыў то, напэўна, - гэта не Караткевіч.

- А я ніколі не лічыў дэтэктывам раман пра маера Проніна. Дэтэктыў, калі яго разумець як трэба, гэта таксама добрая літаратура (другая справа ці здолеў я ў “Замку” узняцца да яе). Перш за ўсе таму, што там не павінна быць голай схемы, па якой дзейнічаюць загадзя ясныя нам героі, а павінны быць жывыя людзі. І яшчэ павінна быць смяротная нянавісць да зла.

- Кажучы пра сувязь гісторыі і сучаснасці, я хацела б пачуць вашу думку аб тым, па якой прычыне некаторыя пісьменнікі і творы з часам “старэюць”.

- Цяжка адказаць на гэта пытанне адназначна… А вы ўспомніце, колькі шэрых клетак у чалавечым мазгу. Яны адміраюць. Стамляецца і старэе пісьменнік, а разам з ім і чытач. Старэюць праблемы. Старэюць часы. Не так ужо рэдка бывае, што целам чалавек яўэ малады, а душою безнадзейна стары і наадварот. Гэта – бяда. Крыўдна і тое, што маючы ў галаве шмат новых сюжэтаў, ты не можаш, як у маладосці, сядзець за сталом па дзесяць-дванаццаць гадзін не ўстаючы… Я хачу сказаць вось што. Творы, напісаныя пісьменнікам на ўзлеце сіл, часцей за ўсе і астаюцца яго лепшымі творамі, жывуць доўга. Думаю, што мала хто цяпер стане перачытваць “Астравы ў акіяне” Хеменгуэя, але тое, што ен напісаў на ўзлеце сваіх сіл – будзе хваляваць яшчэ доўга.

- Прабачце, я мела на ўвазе тое, што некаторыя пісьменнікі (або іх асобныя творы) праз гадоў 20 – 30 , а то і меньш, ужо не цікавыя і да іх не вяртаюцца. Напэўна, у маім пытанні не так прагучала слова “старэюць”. Працягваючы пачатую думку, я спытала б: якія чалавечыя якасці вы больш за ўсе цэніце ў пісьменніка? Якія якасці не старэюць?

- Праўдзівасць! Ніколі не хлусі, калі пішаш. Асабліва пра дужа важныя пытанні зла і дабрыні, любві і нянавісці, смерці і бяссмерця, гуманізму і чалавеканенавісніцтва.

Але нават і ў малых дробязях дзейнічае гэты закон: не хлусі, пішы так як ёсць (другая справа, што выпадкі могуць быць неймаверныя). Усё адно: калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро.

Была са мной адна гісторыя: атрымліваю ліст ад аднаго чытача маёй “Чазеніі”, вучонага-біёлага, які абвінавачваў мяне ў тым, што схлусіў, апісваючы эпізод з леапардам (там ён адгрызае галаву ў забітага ім звера). Маўляў, такога не бывае. Ведаю я звычкі многіх звяроў, сам шмат назіраў за імі на далекім Усходзе. Расказвалі мне пра такую прывычку і шматлікія палясоўшчыкі, з якімі я сустракаўся там. Але відаць для майго біёлога і гэтага мала. Тады мне давялося-такі палазіць па кнігах. І ўрэшце я ўсё ж знайшоў. У кнізе “Запаведнік “Кедравая падзь”, выдадзенай да 50-годдзя гэтага запаведніка, я ўрэшце чорным па белым прачытаў на старонцы 43: «Интересно, что у всех его (леопарда) жертв, даже если они не полностью съедены, всегда отсутствует голова».

Кнігу гэтую ў ліку іншых, пісаў дырэктар запаведніка, мой добры знаёмы А.Панкрацьеў. Трэба пісаць так, каб не хлусіць ні ў вялікім, ні ў малым (якім бы неверагодным не было тое, пра што расказваеш). Трэба, каб табе неаглядна верылі. Тады ў цябе будзе больш шанцаў, што ты даўжэй не “састарэеш”.

- Фолкнер аднойчы сказаў: “Калі хочаш даведацца, хто добры пісьменнік, запытай у яго калег, яны ўкажуць на яго сваёй непрыязнасцю”. Колькі ў гэтай парадаксальнай думцы рацыі?

- Ну калі, скажам, прымяраць гэтую думку на мяне, то няма на Беларусі “горшых” пісьменнікаў, чым Барадулін і Танк, Панчанка і Брыль, або, скажам, Быкаў. Ніколі ў жыцці я не “ўказваў на іх сваёй непрыязнасцю”, хоць я не ўсяедны і некаторыя іхнія рэчы могуць мне не падабацца. Гэта пісьменнікі, якія б зрабілі гонар кожнай літаратуры. А Фолкнер? Што ж, магчыма, Фолкнер па-свойму ў чымсьці мае рацыю. Гэта, мабыць, было сказана ў хвіліну цяжкага расчаравання ў сабе і ў людзях, калі на хвіліну падумаў, што праца твая дарэмная, у хвіліну, калі табе ў адказ на парыў душы адказалі ўдарам. Крывадушныя людзі не пераводзяцца.

- Уладзімір Сямёнавіч, уявіце сабе, што вас папрасілі скласці анталогію з пяці аўтараў сусветнай літаратуры. Якіх бы вы выбралі?

- Я ўжо адказаў. Гэта ўсё адно, што выбраць пяць чалавек, якіх можна ўзяць ва ўратавальную шлюпку. Толькі пяць, а астатнія загінуць. Не ўжо! Я бяру з сабою ў шлюпку ўсіх, а калі яна пры гэтым затоне разам са мною, то няхай . Нельга пакінуць кагосьці. Усе яны аднолькава пакутавалі над словам і над лёсам людзей. – Паказваючы на кніжныя паліцы, ён працягвае: - Усе яны мае любімыя пісьменнікі. Іх так шмат, і кожны з іх мне да смерці дарагі. Усе яны са мною і толькі пяцёх з іх – я не магу назваць. Вазьміце ўсіх, хто любіў людзей, мучыўся за іх і быў сумленны. Вазьміце ўсіх, хто ўзяў за правіла цудоўныя словы Дон-Кіхота: “Сеньёры, вас пяцёра і вы напалі на аднаго. Значыць, няма вашай рацыі. Бараніцеся, сеньёры!”

Усё жыццё найлепшыя з нас стараюцца быць вернымі гэтаму прынцыпу. Былі верныя. Верныя зараз. І дасць бог… будуць яшчэ.

А як гэта ўдавалася ў кожнага – хай судзяць людзі.

З У. Караткевічам гутарыла Роза СТАНКЕВІЧ.

НАЙПЕРШ – СУДЗІЦЬ ЧЫТАЧУ

- Уладзімір Сямёнавіч, атрыманне літаратурнай прэмі, няма сумневу – падзея для пісьменніка прыемная, радасная…

- І, як мне здаецца, крышачку сумная… Чаму? Бачыце, калі пачынаюць пісьменніку даваць прэміі, узнагароды, часцей за ўсё яму ўжо не 20 год. На жаль… Значыцца, чалавек ты немалады або зусім стары. А хто з гэтым хоча пагадзіцца?

- Я як Вы ставіцеся да папулярнасці, да шырокага чытацкага прызнання?

- Да фанфарна-барабаннага – ніяк. Хоць бы яго і не было. А вось калі адчуваеш сапраўдную павагу да таго, што ты кажаш, няхай сабе ў чымсьці і не згаджаюцца, - гэта заўсёды радуе і хвалюе. Скажу вам па сакрэце: усё-такі прыемна, калі зойдзеш у бібліятэку і жартам спытаеш сваю кнігу, а бібліятэкарка разводзіць рукамі: “Прабачце, два месяцы як апошні экземпляр сцягнулі…” Або калі выпадкова сустрэнешся з выпадковым чалавекам, які выпадкова тваё штосьці чытаў і нават выпадкова запомніў тваё прозвішча… Слова за слова, глядзіш – разгарэлася спрэчка, а там – нехта некага і на лапаткі паклаў. Вось гэта мне падабаецца.

- Літаратурная прэмія, якую Вам прысудзілі, носіць імя Івана Паўлавіча Мележа і гэта, мабыць, выклікае нейкія асаблівыя думкі, пачуцці…

- Я люблю Мележа. І як чалавека, і як пісьменніка. У шмат якіх пытаннях літаратуры, мастацтва наогул, хочацца верыць, мы былі аднадумцамі, хоць і здараліся гарачыя мужчынскія спрэчкі. Аднак не помню ў нашых адносінах адчужанасці, няшчырасці і за гэта ўдзячны лёсу. І таму прысуджэнне гэтай літаратурнай прэміі – дял мяне з’ява вельмі асабістая і радасць мая замешана на жнівеньскай журбе…

- А якім Вам бачыцца звяно Мележа ў беларускай літаратуры, наогул у нашай нацыянальнай культуры?

- Як і шмат каму – залатым. Ніколі не забуду тое непараўнанае ўражанне, якое зрабілі на мяне “Людзі на балоце”. Гэта было падобна на выбух бомбы. Жывыя людзі. Жывыя стрэхі на хатах. Жывое балота навокал. ПАЛЕССЕ. Вельмі хацелася б напісаць так густа, так глыбока, як напісаны гэты раман, як напісаны лепшыя старонкі іншых мележаўскіх кніг. Цяпер да гэтага яшчэ абавязвае і прысуджаная прэмія яго імя.

- У чым, на Вашу думку, думку аўтара, сакрэт такога шчаслівага вяртання рамана “Нельга забыць” да шырокага чытача?

- Твор гэты – шматпланавы, у пэўнай меры экперыментальны. Гісторыя тут суседнічае з сучаснасцю, проза – з паэзіяй, лірыка – з жыццёвым сухім рэалізмам. Такое спалучэнне было тады навіной у нашай літаратуры, ды й цяпер яшчэ рэдка сустракаецца. Мабыць, у гэтым адна з прычын таго, што раман чытаецца… Адна з прычын – але не галоўная, бо, акрамя чыста літаратурных прыёмаў і формаў, чалавек у творы заўсёды знаходзіць яшчэ штосьці сваёй, глыбока асабістае…

- І апошняе, традыцыйнае пытанне: над чым Вы цяпер працуеце?

- У выдавецтве “Беларусь” рыхтуецца да друку вялікі альбом, прысвечаны надзвычай цікаваму старажытнаму гораду – Мсціславу. Гэта радзіма мае маці, а значыць – і мая радзіма. Напісаў да гэтага выдання невялікі ўступ, які апошнімі днямі дашліфоўваю. Што атрымаляся – найперш меркаваць чытачу.

З Уладзімірам КАРАТКЕВІЧАМ

гутарыў Уладзімір ЯГОЎДЗІК.

РОДНАЯ МОВА

 

Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце... А можа тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Таму што мільёны тваіх людзей сваім існаваннем сваім з самага пачатку дзён кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным, здеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе. І славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі.

Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якіх – легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучовых і кампазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце – ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.

Мова першай матчынай калыханкі і апошняга “бывай”, мова старадаўніх архіваў і новых школ на Палессі, можа пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё; можна сказаць словы невыказаннай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш. Гнуткі, спявучы, адвечна новы інструмант, без якога радасць не ў радасць, каханне не ў каханне, бяседа не ў бяседу, сяброўства не ў сяброўства і нянавісць не ў нянавісць.

Няма цябе – і вось няма суцяшэння ў горы. Няма цябе – і вось нямы язык, і нельга сказаць словаў радасці. А калі ўбіць сабе у галаву цалкам дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе не будзе, то... нашто нам тады такая будучыня?

Таму што ўсе мы – ад настаўніка да паэта – любім цябе, таму што ты – самы важлівы наш здабытак, і мы ў меру сіл нашых не дазваляем і не будзем дазваляць, каб нехта выказваў да цябе пагарду.

Тым больш дзіка, што яшчэ нядаўна зламысныя ёлупы прарочылі табе знікненне. Мала таго, самі дбалі аб ім са стараннем, вартым лепшага ўжывання. Што ж, Іваны Бязродныя вартыя толькі пагарды, як усе тыя, якія, адвярнуўшыся, праходзяць ля матчынай хаты.

Яны проста не ведаюць, які ўдзел рыхтуе лёс таму чалавеку, які пазбавіўся мовы. А каб ведалі, то жахнуліся б. Толькі ж нават гэтага не дадзена іхнім бедным мазгам.

...Старая хроніка данесла да нас жудасную і горкую гісторыю. Тэўтоны захапілі землі прусаў, і старая пруская мова паступова знікла, і вось на турнір мейстерзінгераў прыйшоў апошні прускі спявак і паэт – вайдэлот. Ён спяваў дзівосныя песні пра подзвігі продкаў, пра каханне і смеласць, пра вернасць і дружбу. Ён апяваў прыгажосць сваёй зямлі, але ніхто яго не разумеў. Яму не далі скончыць, бо рыцары рагаталі, як ашалелыя. І паднеслі старому вайдэту прыз... сто гарэхаў свістуноў.

Глыбокі сэнс гэтай гісторыі ясны, як божы дзень: нямы той чалавек, які забыў мову продкаў, і не можа ён спаўна выліць сваю душу, выявіць сябе. Па пальцах можна пералічыць выпадкі, калі, напрыклад, пісьменнік стварае на чужой мове нешта нават не геніяльнае, а проста вартае друкавання, а не сметніка (скажам, паляк Кажанеўскі стаў англійскім пісьменнікам Джозефам Конрадам). Але нават геніяльны Пушкін, дасканала ведаючы французскую, пісаў на ёй дужа пасрэдныя вершы. Тое самае можна сказаць пра польскія вершы Лучыны і рускія – Багдановіча. А яны ж таксама большую частку жыцця чулі рускую і польскую.

Нібы нейкі лёс неўблажымы кіруе рукою таго, хто піша. Нібы цень маці, прамаці ўсіх продкаў, што прайшлі па зямлі з дня з’яўлення на ёй людзей і народаў, і калі пачынаеш пісаць не так, як думалі і гаварылі яны, - немінуча пачынаеш фальшывіць.

У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. Але і тады мовы былі практычна неўміручыя. Тая ж самая латынь не толькі нарадзіла ўсю сям’ю раманаўскіх моў – ад Аргенціны да Румыніі, - не толькі, будучы ўжо мёртвай, цэлымі стагоддзямі была мовай паэзіі і навукі, але і зараз уплывае на нас творамі Катула і Вергілія, Гарацыя і Авідзія, прымушаюць смяяцца і плакаць. Што ўжо хадзіць далёка за прыкладам: новая беларуская літаратура пачыналася з пераробкі Вергіліевай “Энеіды”, і той жа самы Вергілій вадзіў па пекле аснавальніка новай італьянскай паэзіі, першага паэта новага часу Дантэ.

У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Нават неразвітая ўладна ўплывае на сваіх сыноў. Ян Баршчэўскі ў мінулым стагоддзі напісаў па-польску “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, але і зараз мала хто з такой выразнасцю паказаў быт беларуса, псіхічны склад ягонай душы, яго нацыянальны характар і самую Беларусь. Міцкевіч піша па-польску, але рэаліі яго твораў цалкам беларускія, але і старэйшыя і навейшыя яго даследчыкі лічаць, што сам склад яго мыслення быў беларускі, але творы ягоныя страката перасыпаны вялікім мноствам беларускіх слоў і тых беларуска-польскіх барбарызмаў, што былі ўласцівы шляхце беларускага паходжання. Нездарма ж у паэта Канстанты Галчынскага ёсць верш, герой якога, чытаючы Міцкевіча, нападае на слова “свежоп”, перагортвае ўсе, якія ёсць слоўнікі польскай мовы, не знаходзіць такога і, не смеючы не верыць Міцкевічу, з’язджае з розуму.

Ужо шэпчуць вакол:

Што гэта зрабілася

з хлопца!

Дзякую, пане Адам!!!

Я ахвяра свежопа.

(Пераклад. – У.К.)

А на самай справе Міцкевіч проста “палянізаваў” звычайную беларускую “свірэпку” або “свірэп”.

Не толькі беларусізмы былі ў яго творчасці. Чытаючы ў Парыжы лекцыі аб славянах, ён сказаў пра беларускую мову, што гэта найбагацейшая і найчысцейшая з усходнеславяскіх моў, адзначаная ўзнёслай прастатой.

Мова неўміручая. Воляю абставін ірландцы, напрыклад, амаль страцілі яе. Свіф, і Уайльд, і Шоў, і дзесяткі іншых людзей, што з’яўляюцца гонарам англійскай літаратуры, былі ірландцы, любілі свой народ, але пісалі воляю няшчасных абставін па-англійску. І вось цяпер ірландская, як і валлійская, баскская, іўрыт, як мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова – душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.

Наш лёс быў такі. З часоў росквіту старажытнай беларускай мовы прайшлі стагоддзі вынарадавання, забыцця свядомага забойства. Акрамя гушчы народнай толькі ў нешматлікіх прыватных школах з закуранымі бэлькамі, у школах, дзе настаўнічалі адстаўныя салдаты ці старыя дзячкі і дзе вучылі акрамя псалціры хіба начаткам пісьма і лічэння, гучала яшчэ беларуская мова. Але было гэта ад беднасці, а не ад багацця.

Кніганошы насілі кнігі з-за мяжы, і за гэтыя беларускія кнігі ім часта плацілі кулямі салдаты з кардонаў. Але ніхто ўсё адно не мог адштурхнуць народ ад сваёй кнігі.

Кнігі палілі, супраць іх выдавалі ўказы, забаранялі самыя словы “беларуская мова”. Але ўсё гэта, як і насмяханне над “паўночна-заходні нарэччам” – нічога не дало і не магло даць, пакуль беларуская баба стаяла з рагачом ля печкі, пакуль гэтая баба спявала калыханку над ліповай калыскай.

Мала таго, усе разумелі ўсё з большай яснасцю, што без яе, без гэтай мовы, немагчыма. Яна ўладна грукала ў светлыя дзверы.

Нават панам і гандлярам яна неабходная.

“Моцныя свету гэтага, – без яе вы падсячэце ногі эканоміцы і разваліце гаспадару, бо не на французскай жа вам размаўляць з тымі, хто працуе, і без каго вы здохлі б з голаду!”

Але, не кажучы ўжо аб гэтай публіцы, яна неабходная і сапраўдным.

“Фалькларысты – вы збядніце чалавецтва на адзін з самых багатых фальклораў на зямлі”. І вось забароненая мова, амаль разбураная ў сваёй літаратурнай, друкаванай галіне, рассыпаецца самацветамі ў запісах Шэйна, Раманава, Федароўскага і многіх дзесяткаў іншых.

Лінгвісты таксама пачынаюць разумець, што беларуская мова гэта скарб таго, што вымерла ў другіх мовах, што, акрамя самастойнай вялікай каштоўнасці, яна – запаведнік, у якім “сохранилось очень много древнего и важного для истории” (И.И.Срезневский), і без ведання якога немагчыма славянскае мовазнаўства наогул, немагчыма вывучэнне і зразуменне іншых славянскіх моў і іхняй гісторыі.

Рэлікт? Так, калі хочаце, рэлікт, які перажыў стагоддзі. Але рэлікт, што расце, развіваецца, дыхае, ідзе наперад волатавымі крокамі, які жыве і будзе жыць вечна.

Усе пачынаюць больш і больш разумець гэта. Сама гісторыя ўладна і неабходна штурхае на прызнанне, на павагу, на захапленне багаццем і прыгажосцю беларускай мовы. І нават тыя, што адышлі ад яе – я разумею найлепшых з іх ,– рана ці позна вяртаюцца да звонкага дзе і густога чаго. Бо толькі так ім можна сказаць усё.

Чачот запісвае народныя песні і сам складае вершы па ўзору гэтых песень. Марцінкевіч ад польскага верша прыходзіць спачатку да беларускіх, не вельмі яшчэ спрытных вершаў, а пасля стварае шэдэўр менавіта на беларускай мове і антуражу драматургіі – “Пінскую шляхту”.

Усё, здавалася б, занядбана, але невядомы піша “Тараса на Парнасе” і яго ведае напамяць бадай што кожны беларус. І вось Багушэвіч, якому й бог загадаў, здавалася б, па выхаванні і становішчу, забыць усё – выбухае палымянымі радкамі ў абарону ўсяго гэтага, забытага, стаптанага царамі і саноўнай сволаччу, і грыміць супраць ворагаў мовы і народа , голас Каліноўскага. І ўжо у слоўнік Насовіча ўваходзіць больш за трыццаць тысяч адметных, паўнакроўных, жывых, іскрамётных слоў. І ўжо геній Купалы і Багдановіча ўстае над зямлёй і займаецца над ёю далёкі яшчэ пакуль водсвет заранкі.

Першыя настаўнікі выходзяць на новую ніву. І гэта іхняй неўміручай працы, іхняму дбанню, іхнім бяссонным начам у многім і многім павінны мы быць удзячнымі за тое, што мова наша стала яваю для мільёнаў, што яна мае права патрабаваць токой жа самай павагі, як і ўсе мовы зямлі.

Мы (я кажу “мы”, бо я таксама былы настаўнік) ніколі не павінны забываць, наколькі годная наша праца і хто стаяў ля яе вытокаў, самі настаўнічалі, самі складалі першыя буквары і чытанкі Цётка, Купала і Колас. І, мяркуючы па ўсім, някепска ведалі сваю справу і зусім нядрэнна правялі яе ў жыццё. Яшчэ на зары нашага стагоддзя.

Дбаннем іх і соцень іншых мова набірае сілу, цвёрдая, як сталь, грубая, як сялянскія далоні і пяшчотная, як спеў беларускага гівала. Яшчэ часам запінаючыся на абстрактных тэрмінах, яшчэ нясмела вымаўляючы навуковыя і філасоўскія тэрміны – яна ўладна бярэ разбег. Яе ўжо не стрымаць. Першая сучасная трагедыя (я не маю на ўвазе сярэдневяковых містэрый і аповесцяў), першы раман, першая паэма – і паўсюль глыбокая зямляная праўда і дыяменты дажджу на пахучых майскіх галінах, і што ні слова, то жэмчуг падае на срэбны шчыт. І як бы часам ні было цяжка – з ёй ужо нічога не могуць зрабіць, як бы ні душілі – яна ўстае , і з яе мёртвай царкоўнаславяншчынай выходзіць Якуб Колас, а са сцен школы, дзе вучаць “хто ты естэсь?” – адзін з найлепшых сучасных празаікаў Янка Брыль. Беззямельныя перасяленцы цягнуцца на Далёкі Усход – і праз семдзесят год я чую ў беларускіх вёсках на Ўсуры і Суйфуне яе, маю мову, нечапаную, родную адвечна сваю. Прыходзяць і адыходзяць акупанты, усе гэтыя пілсудчыкі і эсэсманы, і след іхні знікае на твары зямным – а яна стаіць, бо карані яе ў глыбінях, дзе спяць тыя, хто стагоддзямі песціў, шліфаваў, бярог яе, лаканічную, гнуткую і цвёрдую адначасова, спявучую, тую, што з найлепшай яснасцю і дакладнасцю перадае думку чалавека, які жыве між Гродняй і Оршай, між Асвеяй і Лельчыцамі. Думку тых, якія казалі: “Хай не будзе ў таго святла, хто на досвітку табе здрадзе.”

Яна вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах – мякка, а за тры вярсты чуваць. “Эль” – як салодкае віно, “дзе” – як шкляной палачкай па крышталю, мяккае “с”, як, соннае ціўканне сінічкі ў гнязде. І побач “р”, як гарошына ў свістку, і доўга, спявуча, адкрыта гучаць галосныя. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзецку, каб перастаў сніць дрэнны сон.

Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе. даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!

І ў тым, што жывая ты, што неўміручая ты, павінны ўсе мы. Сялянка, што спявае, варушачы сена, - і чалавек, які складае слоўнік, дзеці, што гуляюць у “піва”, - і дзяды, што баюць аб даўнім, паэты і вучоныя. Але яшчэ – і гэта ледзь не самае важнае – у тым, што ты неўміручая – шмат паслугі першай настаўніцы школьнай і выкладача літаратуры ў выпускным класе.

Іхняму таленту, няўрымслівасці, працавітасці і любові мы павінны дзякаваць за тое, што ты моцна, уладна і назаўсёды пасяляешся ў душах дзяцей і ўнукаў. А ў гэтых дзяцей і ўнукаў таксама будуць настаўнікі – праваднікі вялікіх ідэй чалавецтва ў дзіцячыя душы.

Праваднікі вялікіх ідэй на вялікай роднай мове і таму самі вялікія людзі.

Самая цікавая навука – жыцце

У якім узросте Вы адчулі патрэбу пісаць? Што з’явілася стымулам для гэтага?

У.К. Вельмі рана.* Чытаць пачаў у тры з паловай гады (можа, нават крыху раней, так што не помню, як вучыўся гэтаму), чытаць лацінкаю і пісаць – крыху пазней (кепска – чытаў лацінкаю таксама ў тры з паловаю). Вершы спачатку голасам гаварыў і напяваў, а пасля на паперы пісаў, - год з шасці. Пасля апавяданні пачаў пісаць і нават “міні-п’есы”. Сам іх ілюстраваў. Стымул пісання? Сам не ведаю. Можа, процьма добрых кніг вакол і жаданне паспрабаваць і самому, няхай сабе і слабей. Можа, тое, што у сям’і (і сваякі таксама) не брахалі, але фантазіраваць любілі і ўмелі, падтрымлівалі пахвалой добрую, вясёлую і вынаходлівую выдумку і ніколі з яе не смяяліся, хоць бы і зусім малы прыдумаў.

 

Якім Вы памятаеце сябе ў дзяцінстве? Што з уражанняў дзяцінства, на Вашу думку, найбольш спрыяла развіццю таленту? Якія творы народнай творчасці найбольш падабаліся Вам? Кім Вы хацелі быць у дзяцінств, у падлеткавым узросце? Любімыя гульні, заняткі? Любімыя ў дзяцінстве кнігі? Калі Вы пачалі цікавіцца гісторыяй Беларусі, у прыватнасці? Што ў з’явах прыроды найбольш цікавіла Вас?

У. К. Што спрыяла? Зноў жа асяроддзе. Сваякі (і на суседзяў шанцавала) былі людзі спявучыя, вельмі музычныя, многія з добрымі галасамі, з апавядальным талентам (здзіўляюся, чаму не стаў прафесійным спеваком бацька, пісьменнікамі дзядзькі, асабліва адзін). Усе з гумарам і схільнасцю да іроніі (у тым ліку да самаіроніі).

Ну і рос, як усе. З іхняй бясконцай цікавасцю да ўсіх з’яў і праяў жыцця. З прынцыпам, які і зараз ува мне не выветрыўся: “гэта цікава: а значыць я павінен гэта ведаць.” (не датычыцца асабістых сакрэтаў людзей: гэтым у нас усе грэбавалі), “нехта ўмее – значыць магу і я”.

Нехта плавае, скача ў ваду, ловіць змей дзеля яду, баброў, умее лазіць па скалах – значыць і я магу. І павінен гэта рабіць добра, бо дрэнна нешта рабіць сорамна.

Народныя творы падабаліся ўсе – ад лірычных да грубых.

Быць хацеў ледзь не ўсім на свеце (за выключэннем, можа, вучонага-матэматыка), і сапраўды многае ўмею.

Любіў, што і ўсе дзеці, падлеткі, юнакі, што любіў, тое рабіў добра, а што не любіў – і кіем нельга было прымусіць рабіць гэта. Ніхто і не прымушаў. Фізічнае ўздзеянне ў нас выключалася. Хіба што шлепака аднаго гады ў рады дадуць.

Гісторыя была вакол, і таму цікавіўся ёй з самага ранняга ўзросту. І гісторыя Беларусі была цікавей за ўсё, бо побач (а кніг на гэту тэму было шмат). З’явы прыроды і зараз для мяне цікавей за іншыя кнігі. Мне шкада, напрыклад, што будоўлі пагубілі найбольшую і найцікавейшую ў Мінску і наваколлі ферму тлей, заведзеную мурашкамі-“жывёлагадоўцамі” (трохі не даязджаючы да павароткі аўтобуса № 38 з вул. Веры Харужай на бульвар Шаўчэнкі, на беразе ручаіны – Канавы). Надта цікавае жыццё там кіпела.

І ўсе з’явы прыроды захапляюць. Дагэтуль.

Для Вашай кнігі “Зямля пад белымі крыламі” і наогул для ўсёй Вашай творчасці неабходны самыя разнастайныя веды пра Беларусь. Што Вам дала самаадукацыя? Якія навукі найбольш цікавяць?

У. К. Веды пра Беларусь і панесла пераважна самаадукацыя, назіральнасць, цікаўнасць. Мала месцаў, якія не выхадзіў бы ўласнымі нагамі.

Навукі цікавяць усе. Дакладныя – менш. А больш за ўсё самая цікавая навука – жыццё.

Якія мясціны Беларусі Вы найбольш любіце і ведаеце?

У. К. Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш – Прыдняпроўе, Палессе, Прыдзвінне, Наваградчыну… А ўсе ведаю і ўсе люблю. І яшчэ Далёкі Усход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасля Беларусі, больш за ўсё – мора.

І іншыя краіны люблю. І нават калі ў нейкай не бываў – почасту ведаю яе літаратуру, геаграфію, гісторыю лепей за некаторых тамтэйшых ураджэнцаў. Ведаць – гэта адзінае вартае на зямлі. Пасільна ўмець – другое. А ведаць і ўмець – гэта і ёсць фундамент чалавека, якім ён, чалавек, павінен быць.

Дзе Вам найлепш працуецца: у горадзе, вёсцы, доме творчасці і г.д. Ці любіце Вы сам працэс пісьма? Чым пішаце ці друкуеце на машынцы? Ці любіце свой рабочы стол, кабінет? Калі можна, апішыце іх. У які час дня Вам найлепш працуецца? Пішаце кожны дзень? Па колькі гадзін?

У. К. Найлепш працуецца ў тым месцы, якое дае настрой для працы. Таўталогія, але так. На гары ў адрыне, у хаце на вёсцы, у купэ, у кватэры ў сябе за сталом. Паўсюль, калі ёсць настрой жыць і паўната гэтага жыцця.

Толькі пішу. Добрым пяром на добрай паперы. Машынкі не разумеюПрацэс пісання – адна з найвялікшых асалод на зямлі, калі ёсць настрой. І трэба ўмець гэты настрой выклікаць.

Люблю свой стол і кабінет. Многа кніг, стол, тахта, рэчы з розных канцоў зямлі, з якіх кожная можа быць вусным апавяданнем пра нейкі выпадак у жыцці.

Улюбёнага часу працы – няма. Раней больш любіў працаваць ноччу. Цяпер – калі з’явіцца настрой.

Працую не кожны дзень. Магу адну думку, адзін сказ у дзень запісаць, а магу сядзець і па дзесяць гадзін, тыдзень, месяц, некалькі месяцаў.

Якія кнігі Вы ў асноўным збіраеце? Ці ёсць у Вас падзел: чытанне з пэўнай мэтай, напрыклад, навуковай, чытанне,так сказаць, для душы ці нават проста для таго,каб адпачыць ад працы? Калі падзел ёсць, што чытаеце для адпачынку? Чым любіце займацца ў вольны час?

У. К. Кнігі спецыяльна не збіраю. Толькі ўлюбёныя мастацкія, слоўнікі і даведнікі, геаграфія, гісторыя і археалогія. Асядаюць і кнігі, прыдбаныя з пэўнай мэтай, для работы, і для душы, і для адпачынку (кнігі-дзівакі, кнігі-загадкі, кнігі рэдкага лёсу, дэтэктывы і г.д.)

У вольны час люблю ездзіць, проста швэндацца між людзей, знаёміцца з людзьмі цікавымі і “небывалымі” (дужа памыляюцца тыя, што клічуць мяне “рамантыкам”. Няма ў мяне амаль тыпаў выдуманых, падзей, якіх не было або не магло быць. Я проста валодаю спаўна здольнасцю знаходзіць такіх людзей, трапляюць у абставіны рэдкія. І, апісваючы іх, я карыстаюся вымыслам у найменшай ступені.

Ці лічаце Вы, што ў Вас ёсць дзівацтвы? Які, на Вашу думку, у Вас характар, тэмперамент? У якіх адносінах знаходзіцца ў Вас фантазія з лагічным мысленнем? Ці любіце Вы марыць, даваць волю фантазіі? Ці верыце ў мастацкую інтуіцыю?

У. К. Пісанне ўжо само па сабе дзівацтва, нешта не зусім будзённае. А ў мяне, да таго, і ў штодзённым жыцці дзівацтваў хапае. Лічу, што без іх пісьменніка няма. Аб характары і тэмпераменце маім сведчыць лепей за ўсё маё жыццё і мае кнігі.

Фантазія неадлучна ад логікі, свайго фундамента. Іначай гэта – грушы на вярбе.

Марыць і даваць волю фантаціі – першае, што складае пісьменніка. Мастацкая інтуіцыя – таксама.

Назіральны Вы чалавек? Якая ў Вас памяць? Ці ёсць кніжкі для запісаў? Ці ствараеце папярэдне план твора на паперы?

У. К. Думаю, што я назіральны, часам нават вельмі. Памяць добрая на тое, што трэба. Што не трэба – забываецца адразу. Нават важнае з бытавога боку. Магу памятаць адценне, пах, імгненны вобраз – гадамі і забыць аб учарашняй важлівай але нецікавай размове.

Кніжкі для запісаў ёсць. Многа. Менавіта для назваў, імён і інш. А то, бывае, бачыш чалавека, як жывога, а назву вёскі забыў. “Бранебойную” дэталь памятаеш, а колькі год гэты чалавек працуе, скажам, падводным археолагам – вылецець з галавы (круціцца, а не ўспомніш).

План – абавязковы. Спачатку агульны, пасля ўсё больш і больш удакладнены (аж да асобных рэплік). І зноў, і зноў. Урэшце план ужо амаль твор (у гэты момант ён перапэцканы так, што і чорт не разбярэцца). А пасля пішу начыста, амаль без правак. Бо ўсё ўжо ясна. Часам, праўда, героі пачынаюць хуліганіць, весці сябе не так, яе было задумага. І я іх заўсёды слухаюся і даю ім волю. Бо калі яны ўжо робяцца самастойныя – гэта азначае, што рэч удаецца, што яна жыве.

Вы – пісьменнік рамантычнага складу. Значыць, Вас цікавіць усё незвычайнае. Што канкрэтна (хоць і па творах можна, безумоўна, многае ўявіць, але ўсё ж не ўсё, ад аўтара пачуць – важней)? Ці ёсць прататыпы ў Вашых “негістарычных” асоб, напрыклад, у “Чазеніі”?

У. К. Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў – хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў. Я, можа, больш чым хто, авантурыст (хоць ніколі не шукаў у авантурах выгады), і жыцце падсоўвае мне і такіх людзей, і такія выпадкі, якія не назавеш штодзённымі. “Ищущий обрящет». «Ищите и обрящете» – гэта яшчэ і святое пісьмо гаварыла.

Вось, скажам, падзеі толькі дзесяці дзён верасня 1987 года. З 9-га па 21-га. Палёт у Душанбэ. – Паход у Варзобскую цясніну. – Пастухі, што спускаліся з гор з чародамі. – Старажытная крэпасць у Тісары. Рынкі і іх людзі. – Музеі. – Кераміка і яе вывучэнне.- Будоўля Нурэкскай ГЭС. – Над гарамі ў Самарканд. – Узбекскае вяселле ля Гур-Эміра. – Абсерваторыя ў Афрасіябе. – Начны кішлак ў Вярзобе. – Пералёт у Абхазію і выхад у мора з рыбакамі, якіх ведаю шмат год.

І на маім шляху егеры, змеяловы, чабаны, начлег на Марыяцкай вежы ў Кракаве, скалалазы, ганчары, свяшчэннікі, народныя майстры скрыпак, следчыя і г.д.

Гэта не рамантыка. Такім жыццём жывуць многія тысячы людзей. І я хачу жыць і жыву, як яны, і люблю іх, і апісваю. А тое, што мне на гэта шанцуе – ну што ж, літасць лёсу.

…Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: “Каго затрымалі? Мы яго шмат год ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах”. Мне гэтыя словы – самая дарагая ўзнагарода.

Прататыпы заўсёды ёсць, нават у “негістарычных” маіх асоб. У “Чынезіі” гэта Няпіпіва (Шчукін, капітан МРС-200), чэмпіён – яхтсмен Ляпін, энтамолаг з Харкава Лісоўскі (дзядзька Сакрат). Ясна, што яны ў чымсьці багацей і разнастайней, а ў чымсьці бяднейшыя за арыгіналы.

Якія гастарычныя асобы, якія перыяды сусветнай гісторыі Вас найбольш цікавяць? Жыццёвы лёс якога дзеяча культуры, якога мастака Вас найбольш захапляе? Якія архітэктурныя збудаванні ў Мінску Вам найбольш падабаюцца і, наогул: ці па таму шляху ён развіваецца?

У. К. Асобы і эпохі, якія цікавяць. Ключавыя эпохі (а Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала, яна ўся з гэтых эпох), калі вырашаецца лёс Краю, лёс Чалавека з вялікай літары. І людзі такія цікавяць. Якія адстойваюць у сабе Чалавека, нягледзячы ні на якія абставіны і хлусню (асабліва).

Наконт дзеячаў культуры пакуль не скажу. Доўга гаварыць. Таму што кожная культура – тысячы такіх дзеячаў. І толькі ў шматлікай разнастайнасці асоб яна і нараджаецца, сапраўдная культура. Іначай “грамада-сіфанафора” ў Максіма Багдановіча, злачынная аднастайнасць.

Таму і Мінск, якім яго хочуць зрабіць некаторыя архітэктары – злачынства. А ў ім павінны жыць і ўжывацца разнастайныя элементы.

Як Вы ўспрымаеце сучасны быт наогул і, у прыватнасці, народную стылізацыю ў ім? Як, на Вашу думку, неабходна выхоўваць нашу моладзь у любві да нацыянальнай культуры?

У. К. Сучасны быт, народная стылізацыя. Калі ўдалыя – вельмі падабаюцца.

Ёсць на гэтым шляху, ясна, і выдаткі, але і яны патрэбны. Бо лепей нават з крывой мордай, чым зусім без яе.

Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. І – у сучасным – працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абудженні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей – грамадства здолее ўсё.

Вось некалькі слоў. Можа, калісьці яшчэ вярнуся да гэтага.

 

 

Мастацкае асэнсаванне нацыянальнай гісторыі ў рамане У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.

Пісьменік ніколі не бывае выпадковасцю, але заўсёды гістарычная неабходнасці, ён — з'ява, выкліканая да жыцця духоўнай працай нацыі, насычаная яе творчай сілай, апраўданая яе патрэбай бачыць сваё жыцце адлюстраваным мастацтве.

М. Горкі

Першая і другая часткі гістарычнага рамана Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» былі надрукаваны ў 1968 годзе. Збылася нарэшце задума юнацкай пары пісьменніка — увасобіць у мастацкай форме нарастанне рэвалюцыйнай сітуацыі ў Беларусі ў 50—60-х гадах мінулага стагоддзя, прасачыць шляхі, якімі ішлі да паўстання 1863 года яго ўдзельнікі, стварыць высокамастацкія вобразы кіраўнікоў паўстання, у тым ліку і вобраз Кастуся Каліноўскага.

«Задума,— расказвае Ул. Караткевіч аб стварэнні рамана,—з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх—паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за «нашу і вашу свабоду». А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя «мосцікі» ў Вільню, Пецярбург, Варшаву». І як аказалася потым, «мосцікі» гэтыя былі для аўтара аб'ектыўнай неабходнасцю. Яны не толькі не знізілі ідэйна-эстэтычны ўзровень рамана, а, наадварот, зрабілі яго больш маштабным, пераканальным, дапамаглі пісьменніку адлюстраваць дух эпохі, зразумець гістарычныя заканамернасці развіцця грамадства.

 

Мне здаецца, што раман Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта, бадай што, першы ў сучаснай беларускай літаратуры буйны шматпланавы, нават панарамны, твор пра больш ці менш аддаленае гістарычнае мінулае беларускага народа. Аднаўляючы для чытачоў падзеі больш чым стогадовай даўнасці, перыяд, калі неабходнасць сялян-скай рэформы дыктавалася самім жыццём, Ул. Караткевіч імкнуўся гістарычна падыходзіць да асвятлення падзей 1863 г. Ён аналізаваў іх сацыяльна-эканамічную сутнасць, іх гістарычнае значэнне для лёсу беларускага народа, іх уплыў на далейшае развіццё нацыі. Сваю ўвагу пісьменнік канцэнтраваў на наступных асноўных напрамках. Па-першае, гэта прыход да паўстання 1863 года беларускага і польскага дваранства (сюжэтная лінія прадстаўлена Загорскім, Каліноўскім і Серакоўскім); па-другое, перарастанне неасэнсаваных стыхійных выступленняў сялян у арганізаваную барацьбу супраць прыгнятальнікаў (распрацоўка вобразаў тут вядзецца па лініі Кагуты—Корчык); па-трэцяе, паказ жыцця высокіх палітычных кругоў (галоўныя дзеючыя асобы Валуеў, Мураўёў). А калі дадаць, што ўсе лініі рамана ўзаемазвязаны з рознымі сферамі жыцця герояў — побытам, выхаваннем, вучобай, палітычным жыццём, то можна яшчэ раз адчуць сілу мастацкай глыбіні аўтара, яго разуменне філасофскай сутнасці гістарычных падзей. Ул. Караткевіч ішоў да паўстання 1863 года праз даследаванне шляхоў сталення галоўнага героя, яго асабістых адносін да прыгоннага сялянства, мясцовых дваран, яго інтымнага жыцця. Дзіцячыя гады Алеся Загорскага ў ся-лянскай сям'і Кагутоў, вучоба ў гімназіі і Пецярбургскім універсітэце, знаёмства з Кастусём Каліноўскім, нарэшце, кіраўніцтва падрыхтоўкай паўстання ў Прыдняпроўі—усё гэта штрыхі да стварэння вобраза героя прывабнага, цэласнага, здольнага на гераізм і самаахвярнасць у імя народа.

Аб тым, што пісьменнік не паступіўся гістарычнай праўдай, зрабіўшы адным з кіраўнікоў паўстання Алеся Загорскага, сведчаць і наступныя словы У. I. Леніна. Характарызуючы вызваленчы рух 40— 60-х гадоў мінулага стагоддзя, ён пісаў: «Пакуль народныя масы Расіі і большасці славянскіх краін спалі яшчэ непрабудным сном, пакуль у гэтых краінах не было самастойных, масавых дэмакратычных рухаў, шляхецкі вызваленчы рух у Польшчы набываў гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай).

 

Алесь Загорскі разумее і ўсю недарэчнасць царскага маніфеста 1861 года аб скасаванні прыгону. Фармальна народу давалі волю, а на самой справе адзін від эксплуатацыі замяняўся другім, больш вытанчаным. «Бедныя, бедныя людзі!—думаў Алесь, слухаючы тэкст маніфеста.— Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая «неабходнасць» не можа даць ім палёгкі і волі і шчасця — тым лепей. Тады па сваёй «неабходнасці» яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць».

У Загорскага, як і ў многіх іншых рэвалюцыянераў 60-х гадоў мінулага стагоддзя, адметна бачны моцныя і слабыя бакі тагачаснай рэвалюцыйнасці: непрыняцце насільніцтва і эксплуатацыі і імкненне да барацьбы, з аднаго боку, і цьмянасць ідэалаў і невыразнае ўяўленне аб канчатковых мэтах гэтай барацьбы, з другога.

Але менавіта вобраз Алеся Загорскага хваляваў пісьменніка. Аб гэтым сведчыць аповесць Ул. Караткевіча «Зброя». У яе аснове — выкананне Загорскім даручэння К. Каліноўскага: закупіць зброю для паўстанцаў.

 

Сярод рэальных асоб, што дзейнічаюць у рамане «Каласы пад сярпом тваім», адметнае месца належыць Кастусю Каліноўскаму. «Шляхецкія рэвалюцыянеры,— пісаў Ул. Караткевіч,— якія ўзнялі паўстанне, рэвалюцыйныя дэмакраты, накшталт Каліноўскага, былі, калі карыстацца вядомым ленінскім вызначэннем, прамымі папярэднікамі марксізма». Праўда, у першых дзвюх кнігах рамана вобраз К. Каліноўскага падаецца пісьменнікам эпізадычна — праз успрыняцце другіх герояў, праз яго пісьмы, сустрэчы з рознымі людзьмі. Вось першая сустрэча К. Каліноўскага з Алесем Загорскім, калі ён смела назваўся беларусам; патрэбна адзначыць пісьмо Каліноўскага аб тым, што ён едзе вучыцца ва універсітэт у Маскву і хацеў бы па дарозе сустрэцца з Алесем; яшчэ адно пісьмо, цяпер ужо з Пецярбурга; заслугоўвае ўвагі спрэчка паміж прадстаўшкамі «чырвоных» і «белых», Серакоўскім і Каліноўскім, які стаяў за самастойнасць нацыянальнага самавызначэння; нарэшце, пісьмо да Загорскага з указаннямі, як рыхтаваць паўстанне: «...Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу... Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце». Розныя моманты з жыцця Кастуся Каліноўскага, прыведзеныя ў рамане, усё ж даюць чытачу ўяўленне аб ім як аб чалавеку дзейсным, для якога адзіна правільны шлях—гэта барацьба за вызваленне народа ад прыгоннага ўціску і свавольства царскага самадзяржаўя. Менавіта ў ім, як у фокусе, канцэнтруюцца ўсе перадавыя ідэі тагачаснай рэвалюцыйнай Беларусі.

Вобраз К. Каліноўскага атрымаў сваю далейшую распрацоўку ў трагедыі «Кастусь Каліноўскі». Тут К. Каліноўскі пададзены пісьменнікам у ролі кіраўніка паўстання ў перыяд з мая 1863 па сакавік 1864 года.

Задачу паўстання сялян К. Каліноўскі тлумачыць наступнымі словамі: «...Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю—браць. Паноў лютых—вешаць. І благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзілі — выспятка ім. Затое мы —за вас. Да канца». І ўсімі сваімі дзеяннямі К. Каліноўскі сцвярджае гэтыя словы. ЁН займае непахісную пазіцыю ў спрэчках з «белымі» аб мэтах і задачах барацьбы, прынцыповы ў адносінах да людзей, якія здраджваюць агульнай справе, бязлітасны ў адносінах да ворагаў, верны ў сваім каханні.

Раман «Каласы пад сярпом тваім» не толькі аб пярэдадні паўстання 1863 года. Прасякнуты ідэяй гуманізму і патрыятызму, ён даследуе працэс абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, раскрывае тэму пошукаў чалавекам свайго месца на зямлі, яго ролі ў гістарычным працэсе, па-казвае неадрыўнасць мінулага ад сучаснасці і будучыні. Ведучы размову аб асэнсаванні Ул. Караткевічам гісторыі роднай Беларусі, нельга не спаслацца на думку такога спецыяліста па беларускай літаратуры, як балгарскі крытык Сімяон Уладзіміраў. У прадмове да сафійскага выдання кнігі Ул. Караткевіча «Паром на бурнай рацэ» ён піша: «Уладзімір Караткевіч не проста любіць гісторыю, яго творчая мэта — уваскрэсіць мінулае свайго народа, і ажыццяўленню гэтай мэты ён аддае ўвесь свой талент і нястрымную фантазію. У апавяданні «Барвяны шчыт» ён развівае ідэю аб тым, што чалавек не можа жыць толькі ў рамках вызначанага яму прыродай часу, які абмежаваны датамі яго нараджэння і смерці. Чалавек жыве і тым, што засталося яму ад дзядоў, і — чым прасякнута ўся яго свядомасць, і тым, што прыйдзе пасля яго і што здзейсніць яго мары».

 

Размова аб распрацоўцы Ул. Караткевічам гістарычнага жанру дае падставу для шэрагу вывадаў, якія, на наш погляд, могуць быць сфармуляваны наступным чынам. Па-першае, гэта грунтоўнасць гістарычнага мыслення, якая базіруецца на разуменні сутнасці гістарычнага працэсу, з аднаго боку, і дыялектычнай узаемасувязі гісторыі, філасофіі, эстэтыкі і публіцыстыкі, з другога, на аснове якой пісьменнікам фармулююцца законы і правілы гістарычнай раманістыкі, вызначаюцца межы жанру і перспектывы яго далейшага развіцця. Па-другое, гуманістычная насычанасць твораў. У пошуку і асэнсаванні «слядоў даўно мінуўшых год» тоіцца вялікі чалавекалюбны сэнс—праз гістарычную памяць народа, духоўнае засваенне мінуўшчыны ўплываць на свядомасць сённяшняга і наступных пакаленняў, фсірміраваць у іх разуменне простай і мудрай ісціны, што наша гісторыя з’яўляецца тым бясцэнным багаццем, без якога не магло бы быць нас сённішніх і не можа быць нас заўтрашніх.

Я лічу, што Ул. Караткевіч стварыў у літаратуры нашу гісторыю, стварыў наша мінулае, з яго лёгкай рукі вякі загаварылі з намі як добрыя субяседнікі, цікава і даходліва. Дык няхай жа гэта размова працягваецца на вякі як памяць аб мастаку рэдкай і непаўторнай сілы, рыцару духу Уладзіміру Караткевічу.

 

 

Каханне ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — адзін з буйных твораў сучаснай літаратуры і, на маю думку, адзін з самых цікавых. Галоўнай дзей-най асобай гэтай кнігі з'яўляецца Алесь Загорскі — сын князя Юрыя Загорскага. У пачатку рамана мы знаёмімся з малым дванаццацігадовым хлапчуком, і, паступова чытаючы далей, з яго жыццём да таго часу, пакуль ён не становіцца сапраўдным мужчынам. Што ж здарылася за гэты час? Якія змены адбыліся ў жыцці і характары Алеся? Пра ўсё гэта можна даведацца са старонак кнігі. А я звярну ўвагу на тое, чаму пісьменнік адвёў значную частку рамана каханню, асабліва ка-ханню Алеся Загорскага і Міхаліны Раўбіч.

Першая сустрэча хлопчыка і дзяўчынкі адбылася ў хаце Алеся ў час яго пострыгу. Ужо тады ў сэрца Але-ся запала маленькая, прыгожая дзяўчынка з вост-ранькім языком, з худзенькімі, як пруцікі, ручкамі. Увесь той вечар яны былі разам: танчылі, гулялі, раз-маўлялі... Пакляліся адно аднаму, што назаўсёды бу-дуць братам і сястрою. Калі развітваліся, Майка на-ват падаравала Алесю медальён са сваімі прыгожымі валасамі. Пазней яны сустракаліся на каляды, а по-тым абодва вучыліся і доўга не бачыліся. I вось пер-шы ў жыцці Майкі і Алеся баль, на які Майка збірала-ся вельмі старанна. Цяпер Уладзімір Караткевіч паказвае нам не дзяцей, а дарослых людзей. Майка — сапраўдная дзяўчына, а Алесь — юнак. Яны, як заўсё-ды, былі разам, але на першы погляд магло падацца, што Майка яго не кахае, бо яна ўсё рабіла для таго, каб прымусіць Алеся злаваць і крыўдзіцца. Але яна па-сапраўднаму яго кахала. Ды і як такога хлопца мож-на было не кахаць? Прыгожы, добра выхаваны, пава-жае дарослых, шануе сваю радзіму... Чым не ідэал?

Таму і было ў Міхаліны шмат саперніц: Ядзенька, Сабіна, потым Гелена. Але Алесь аддаваў перавагу толькі Майцы. Тое лета было для іх летам шчасця. Яны шмат былі разам, ездзілі адно да аднаго ў госці. Але іх каханне з-за непаразумення ледзь-ледзь не за-гінула. Справа ў тым, што па маёнтку папаўзлі пра Алеся плёткі. Майка гэтым плёткам паверыла і заба-раніла Алесю прыходзіць да яе. Хіба ж, калі сапраўды кахаеш, можна верыць хлусні? Безумоўна, не. А вось дзяўчына паверыла, і гэта вера плёткам ледзь не ста-ла самай вялікай памылкай у яе жыцці. Пасля ўсяго Міхаліна вырашыла выходзіць замуж за другога, які яе вельмі кахаў, не думаючы пра тое, ці кахае яго яна. А Алесь пачаў болын займацца гаспадаркай, каб за-быцца на ўсё. I вось тут, я думаю, адбываецца немагчы-мае: Алеся спакушае другая. Безумоўна, тая другая, Гелена, яму падабалася, але яна была за яго старэйшая, з болыным вопытам жыцця, ужо жанчына, а ён жа яшчэ юнак... Нечакана для абоіх Гелена зацяжарала. Здавалася б, усё: Алесь павінен будзе з ёй ажаніцца. Але Гасподзь убачыў, каго на самай справе кахае Алесь, і не дапусціў таго, каб ён быў з Геленай. Гелена сама пайшла да Майкі і прымусіла тую не злаваць на Але-ся, а ісці да яго і прасіць прабачэння, бо потым такога выпадку можа і не быць: Алесь ад'язджае надоўга. Майка так і зрабіла — пайшла да Алеся, яны паміры-ліся, і можна Гелене падзякаваць за яе добры ўчынак. Безумоўна, Гелену шкада, бо яна засталася адна з дваімі дзецьмі і, мабыць, хацела, каб Алесь быў разам з імі, але разабралася, каго ж кахае хлопец.

Алесь дараваў Майцы, але яны па-ранейшаму не маглі адкрыта сустракацца. У гэты час бацька Міха-ліны вырашае, што вяселле дачкі з Хаданскім адбу-дзецца ў самым хуткім часе. Тут Алесь дзейнічае як сапраўдны мужчына: крадзе каханую і вянчаецца з ёй. Вось і ўсё, скончыліся іх пакуты, ужо ніхто і нішто не парушыць іх шчасце: ні Яраш Раўбіч, ні дуэль паміж Алесем і Франсам Раўбічам.

Бясспрэчна, у жыцці будзе шмат іншых праблем, але Алесь і Майка кахаюць адно аднаго, а гэта — самае вялікае шчасце. Каханне дапаможа ім перанесці ўсё цяжкасці жыцця, бо маладыя людзі знайшлі ў сабе сілы перамагчы ўсялякія спакусы лёсу і застацца ра-зам, каб яшчэ раз даказаць усяму свету: ёсць яно на зямлі, каханне! Ёсць!

 

 

Гістарычная праўда і мастацкі вымысел у рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

«Каласы пад сярпом тваім» — адзін з найболып] вядомых твораў Уладзіміра Караткевіча. Гэта гіста-рычны раман. Падзеі ў ім адбываюцца напярэдаді паўстання 1863 года. Зразумела, што сам пісьменнік не мог пры іх прысутнічаць. Яму былі вядомы толькі гістарычныя звесткі пра становішча ў краіне напярэ-дадні паўстання, пра само паўстанне, пра людзей, якія ў ім удзельнічалі. Але ўсё гэта дае вельмі агульную карціну, не паказваючы нічога канкрэтнага. Таму аўта-ры гістарычных раманаў вымушаны змяшчаць рэаль-ных персанажаў гісторыі ў абставіны, якія створаны фантазіяй пісьменніка.

Раман «Каласы пад сярпом тваім» не з'яўляецца выключэннем. Большасць персанажаў у ім, нават галоўны герой твора Алесь Загорскі, наўрад ці існавалі на самай справе. А такія рэальныя гістарычныя асобы, як Каліноўскі, Урублеўскі, Сыракомля, Дунін-Марцінкевіч і Шаўчэнка не маглі ўдзельнічаць у здарэннях, што апісваюцца ў рамане. I зараз мы дакладна не ведаем, якія яны мелі характары, ці рабілі такія ўчынкі, ці падобныя яны на вобразы, што былі створаны Караткевічам. Аднак гэтага і не патрабуецца. Мэтай аўтара, які піша гістарычны раман, не з'яўляецца дакументальнае апісанне гістарычных падзей. Тым больш, што зрабіць гэтае немагчыма. Нават чалавек, які быў іх сведкам, не зможа дакладна назваць матывы і прычыны ўчынкаў людзей, ведаць іх думкі і пачуцці. У гістарычным рамане аўтар стараецца перадаць людзям сваё разуменне падзей, што некалі адбываліся. А таксама ён ставіць перад чытачамі самыя розныя пытанні і праблемы, як і ў любых іншых творах. Уладзімір Караткевіч, дзякуючы добраму веданню падзей, што адбываліся ў 1863 годзе, змог намаляваць вельмі дакладную і рэалістычную карціну таго часу. Гэтыя ж веды дапамаглі яму ўключыць у раман, амаль не адступаючы ад рэальных фактаў, выдуманыя падзеі і персанажаў. У рамане Караткевіча мастацкі вымысел і гістарычная праўда дапаўняюць адно аднаго. Пісьменнік змог намаляваць поўную карціну жыцця Беларусі ў тыя часы так, як ён яе бачыць і разумее, змог яскрава і дакладна паказаць тагачасныя праблемы. Удалося Уладзіміру Караткевічу ўключыць і распра-цаваць у рамане тэмы кахання, радзімы, гістарычнага лёсу народа.

 

Як бачна з усяго вышэйсказанага, Іістарычная праўда і мастацкі вымысел аднолькава важныя ў гістарыч-ным рамане. Рэальныя факты расказваюць аб стара-жытных падзеях, мастацкі вымысел дапамагае аўтару закрануць у творы вялікую колькасць тэм і праблем. Уладзімір Караткевіч здолеў па-майстэрску аб'яднаць іх у сваім рамане. Яму ўдалося са спалучэння гіста-рычных звестак і сваёй фантазіі стварыць найціка-вейшы твор, якім будуць захапляцца яшчэ шмат чытачоў.

 

 

 

Вобраз радзімы ў творчасці У. Караткевіча.

Вобраз радзімы ў творчасці Караткевіча раскрыва-ецца, калі ён піша пра бясконцую роўнядзь веснавой паводкі на Палессі (апавяданне «Блакіт і золата дня»), калі любуецца магутным шматвекавым дубам у апа-вяданні «Дрэва вечнасці», калі думае пра трагічны лёс сваіх герояў (апавяданне «Кніганошы»), калі з трыво-гай і болем і, адначасова, з захапленнем і радасцю апа-вядае пра Палессе ў нарысе «Званы ў прадоннях азёр» і калі натхнёна вітае ў сваіх нарысах Віцебск і Тураў.

Я думаю, што спіс будзе няпоўны, калі не прыгадаць раманы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі».

Цэнтральнае месца ў творчасці Уладзіміра Карат-кевіча займае раман «Каласы пад сярпом тваім». I хоць пісьменнік напісаў толькі дзве кнігі шырока задума-нага эпічнага твора пра паўстанне 1863—1964 гадоў, але ў гэтых кнігах змог перадаць грамадскую атмасфе-ру пярэдадня паўстання і вызначыць яго рухаючыя сілы. У рамане паказана, што паўстанне было шля-хецкім і адначасова сялянскім. У ім дзейнічаюць як рэальныя гістарычныя асобы, так і персанажы, наро-джаныя мастацкай фантазіяй аўтара. Падзеі разгорт-ваюцца галоўным чынам на Магілёўшчыне, а таксама на Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбургу, Варшаве.

Галоўны герой рамана Алесь Загорскі з'яўляецца першым ворагам самадзяржаўя і бескампрамісным змагаром за народнае шчасце. Ён выступае за сацы-яльнае і нацыянальнае вызваленне. На думку Алеся, перамогу будучаму паўстанню можа забяспечыць толькі яднанне рэвалюцыйных сіл. Алесь думае: «А трэба мне ўсё. I перш за ўсё воля ўсім народам і маёй радзіме». Алесь паказаны як перакананы рэвалюцыянер і шчы-ры патрыёт свайго краю.

У дзяцінстве Алеся аддалі на «дзядзькаванне», гэта значыць на выхаванне, у сялянскую сям'ю Кагутоў. Паз-ней галоўны герой скажа: «Магчыма, мяне тым дзядзь-каваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа». У час дзядзькавання Алесь пазнаў народнае жыццё, засвоіў яго мараль, этыку, палюбіў мову. У далейшым размовы і перапіска з Кас-тусём, спрэчкі з Вежам, знаёмства са старажытнымі ру-капісамі спрыялі ўсведамленню Алесем сваёй нацыя-нальнай прыналежнасці. Ён пачынае разумець, што «мужыцкая» гаворка з'яўляецца мовай цэлага народа, які жыве на зямлі пад назвай «Белая Русь».

Для Алеся і Кастуся дарагімі былі імёны Васіля Вашчылы, Міхася Крычаўскага, Мурашкі і інтттых кіраўнікоў паўстанняў на тэрыторыі Беларусі. У спрэчцы з шавіністычна настроеным Ямантам, які беларусаў і літоўцаў лічыў галінамі польскага племені, а іх мовы — дыялектамі польскай мовы, Віктар, старэйшы брат Ка-стуся, у абурэнні прывёў наступныя факты: «А Кірыла Тураўскі, а паданні? А тое, што наша друкаваная «Біблія» з'явілася раней, чым у многіх у Еўропе? А тое, што зако-ны Статута Літоўскага склалі мы?.. А тое, што трыста год мовай княства была беларуская мова?..»

Алесь прызнаецца Майцы: «Але радзіма мне дара-жэй за ўсё. I калі радзіме маёй дрэнна — мне таксама няміла нічога, акрамя яе бяды»

Уладзімір Караткевіч выступае ў рамане як чалавек, улюбёны ў сваю родную зямлю. Яго любоў выяўляецца тады, калі ён піша пра сям'ю Кагутоў ці падае гісторыю роду Загорскіх, калі думае пра лёс беларускага народа ці калі любуецца краявідамі роднага Прыдняпроўя.

 

Вобраз радзімы раскрываецца і ў рамане «Чорны за-мак Альшанскі» праз гістарычныя экскурсы аўтара і ў апісаннях пакручастых шляхоў-дарог герояў. Косміч, як патрыёт і грамадзянін Беларусі, аднойчы ў вагоне асадзіў рэзкім словам пасажыра, які, гледзячы з акна вагона на прыдарожны беларускі пейзаж, прамоўвіў, што немцы мелі рацыю, калі называлі гэты край «шэйзэланд».

Неабыякавасць да жыцця, увага да кожнага чалавека, шчырая і моцная любоў да радзімы, актыўная жыццё-вая пазіцыя садзейнічалі поспеху Косміча ў пошуках скарбу Альшнанскіх і ў высвятленні забойцаў яго сябра.

 

 

 

Вобраз Алеся Загорскага ў рамане У. Ка-раткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

Назва рамана і яго дзвюх частак не выпадковыя. Каласы — людзі, якія, нібы серп, зразае смерць з палет-каў жыцця. Серп, хутчэй за ўсё, — уціск царызму, прадбачанне пісьменнікам трагічнага «жніва». «Вый-сце крыніц» — гэта вытокі маладога пакалення, звяза-нага крэўнымі сувязямі з бацькоўскай зямлёй, з Айчы-най. Прадстаўнікі гэтага пакалення — Алесь Загорскі і Кастусь Каліноўскі — павінны аб'яднаць, згуртаваць людзей, павесці іх за сабой, каб кроплі народнага гора паступова зліліся і ператварыліся ў магутную раку гневу і помсты. «Сякера пры дрэве» — гэта сялянс-кая зброя, якая чакала свайго часу, і «зброя» генерала-вешальніка Мураўёва, які жорстка расправіўся з уд-зельнікамі паўстання.

Алесь Загорскі — галоўны персанаж рамана. Яго можна ўспрымаць як гістарычную асобу, але пры гэ-тым не трэба забываць, што гэта ідэалізаваны, а не канкрэтны герой. Ён увасобіў спрадвечную мару бела-рускага народа аб месіі, збаўцы, які абудзіць родную зямлю ад доўгага сну, верне яе да жыцця. У гэтым выяўляецца адна з рысаў рамантызму, якая бярэ пача-так з вуснай народнай творчасці. I хаця Алесь не робіць нейкіх звышнатуральных учынкаў, ён — рамантычны герой, бо ў яго душы спалучаюцца рысы сапраўднага змагара за народнае шчасце і наіўнага летуценніка, які верыць у ідэалы дабра і справядлівасці, змагара, які выяўляе памкненне ўсіх пакаленняў: вольна, свабод-на жыць на роднай зямлі. I можа, ніхто не адчуваў так востра гэтай патрэбы, як чалавек працы — селянін. Таму аўтар ідзе на свядомае парушэнне гістарычных рэалій: Алеся аддаюць на дзядзькаванне, хаця ў XIX стагоддзі гэтага звычаю шляхта ўжо не прытрым-лівалася. Чалавек, нават калі ён і шляхціц, павінен з дзяцінства зведаць на ўласным вопыце цяжкую ся-лянскую працу і побыт. Толькі ў гэтым выпадку ён будзе ведаць іх сапраўдны кошт і зможа выступіць у абарону тых, хто бяднейшы за яго і мае менш правоў. Такім уяўляецца аўтару шлях станаўлення сапраў-днага беларуса, выратавання яго спадчыны і роднай культуры.

Вобраз Алеся грунтуецца не толькі на рамантыч-ным, але і на рэальным светаўспрыманні. Алесь вы-ступае як рыцар з высакародным і шчырым сэрцам, якое чула рэагуе на ўсе беды народа. У сям'і Кагутоў ён навучыўся цаніць гонар і годнасць простага чалаве-ка, не прыніжаць іншых і самому ні перад кім не пры-ніжацца, ашчадна адносіцца да духоўнай спадчыны сваіх продкаў і тых каштоўнасцяў, якія набывалі для іх часам значэнне сакральнага сімвала. Адным з сімва-лаў чалавечай працы і поту быў хлеб. У гэтым плане паказаны той эпізод з рамана, калі юны князь Загорскі падымае кавалак хлеба, які ўпаў са стала, і цалуе яго са словамі: «Даруй, Божухна!» Алесь — не толькі рамантык, які бачыць у сне белых коней, увасабленне свабоды і светлых ідэалаў, але, адначасова, і рэаліст, які думае аб самых звычайных, паўсядзённых спра-вах. У вобразе маладога Загорскага выяўляюцца рысы характару і паводзінаў рэальнага чалавека.

Грамадзянскае сталенне Загорскага, такім чынам, адбываецца не толькі на рамантычным грунце. Бацькі Алеся добра ўсведамлялі, што, каб быць патрыётам сваёй зямлі, патрэбна найперш ведаць яе мінулае — тое, што надае змаганню мэту і служыць светлым ідэ-алам гэтага змагання. Вялікую ролю тут адыграў ста-ры Вежа, дзед Алеся, прозвішча якога таксама не вы-падковае. Вежа — гэта нібы маяк, на які павінна арыентавацца маладое пакаленне. Нездарма дзед кажа, што «трошкі лепшы» за ўнука. Дзед навучыў Алеся таму, што павінен ведаць сапраўдны грамадзянін: праў-дзе аб прыгоне і парадках, якія панавалі ў Расіі, аб шляхах грамадскага развіцця. I, пазнаючы гэту праў-ду жыцця, Алесь разумее, што здольны змяніць рэчаі-снасць, але яшчэ не ўсведамляе як. Гэты разрыў паміж здольнасцю і немагчымасцю ажыццявіць задуманае — яшчэ адна рыса героя рамантычнага характару. Разу-меючы, што нельга ахапіць неабдымнае, Алесь дае сабе клятву змяніць хаця б нешта, тое, на што ў яго хопіць моцы.

«Колас да коласа — сноп будзе», — кажуць у на-родзе. Загорскі ўсведамляе, што адзін ён — як колас у полі, што патрэбна вялікая сіла, каб зварухнуць ака-мянелыя пласты жыцця. Сустрэча з Каліноўскім нат-хніла Алеся на адданае служэнне справе, за якую ах-вяраваць можна не толькі каханнем, але і жыццём. Увабраўшы ў сябе ўсё лепшае ад простага народа і ўзбагаціўшыся веданнем сапраўднай мінуўшчыны, герой уступае ў дарослае жыццё, выразна ўсведамля-ючы цяжкасці на шляху дасягнення выпакутаванай мэты.