Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

"У васкросшую верыць краіну..." (творчасць Цішкі Гартнага)

Мой верш — мая душа

І думка шчырая мая!

У кожным слове маё я.

Мой верш — мая душа.

Ц. Гартны

Цішка Гартны ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як актыўны творца і наватар, пачынальнік буйной беларускай прозы, адкрывальнік рабочай тэматыкі. Дарэвалюцыйныя вершы паэта навеяны ідэямі нацыянальнага адраджэння, рэвалюцыйна-вызваленчым рухам. Некаторым з іх уласціва лозунгавасць, абстрактнае ўхваленне перамогі рэвалюцыі. У вершы "Роднай краіне" паэт стварыў вобраз роднага краю, дзе "раскінуліся шэрыя вёскі" са старажытнымі курганамі, "Дзвіна й чысты Нёман... свае воды ў мора нясуць", чуюцца песні — "долі людской адгалоскі". Заканчваецца верш прызнаннем лірычнага героя ў яго бясконцай любові да тых месц, дзе ён нарадзіўся і вырас. Ідэю ўваскрэсення краіньі паэт звязвае з "нястрыманай яскравай свабодай", што хутка "заззяе для народа" (верш "Да надзеі"). Паэт, на думку Ц. Гартнага, павінен прыняць актыўны ўдзел у абуджэнні народа, барацьбе за знішчэнне рабскіх устояў:

Размахні рукою і званова сэрца

Скалыхні сярдзіта. Хай грымяць удары,

І хто спіць, хто дрэмле, ўстане-скалыхнецца

І спяшыць на зовы. Не праспі, званару!

Тэма паднявольнага жыцця селяніна і яго цяжкой працы знайшла адлюстраванне ў вершах "Да Нёмна", "Касьба", "Песня жняі", "Сявец". Захапляючыся спорнай працай касцоў, паэтызуючы працу жняі, пад сярпом якой "хутка жыта гнецца, сноп за снопам у радок покладам кладзецца", аўтар сцвярджае высокія маральныя нормы селяніна:

Праца павінна прыносіць асалоду,

задавальненне, бо

Праца ўвесь свет ускарміла,

Праца нам шчасце дае.

Працаю сілы прыроды

К людзям у слугі ідуць,

З ёю ж у свеце народы

Лепшае долі прыждуць.

У вершах "Каваль", "Гарбар на вандроўцы") "Песні гарбара" Ц. Гартны ўпершыню ў беларускай літаратуры звярнуўся да вобраза рабочага, выказаў веру ў яго вялікія магчымасці. Апісваючы кавальскую і гарбарскую працу, разважаючы пра цяжкую долю гарбара (яго ў жыццёвых вандроўках заўсёды суправаджае гора), паэт стварае абагульнены вобраз "рыцара працы цяжкой", які ганарыцца сваёй прафесіяй і верыць, што ў працы адшукае лепшую долю, выкуе сваё шчасце. Сярод празаічных твораў Ц. Гартнага найбольш значны — раман "Сокі цаліны", які з'яўляецца першым шматтомным творам у нашай нацыянальнай літаратуры, дзе праўдзіва адлюстравана грамадска-палітычная атмасфера тых часоў, жыццё горада і рабочае асяроддзе. У структурным плане ён складаецца з 4 кніг (квадраў), аб'яднаных галоўнай ідэяй аўтара: паказаць, як "багатая сокамі цаліна агромнай краіны расціла маладыя пасынкі". Дзеянне ў рамане ахоплівае цэлае дзесяцігоддзе, у межах якога змясціліся такія значныя падзеі, як першая сусветная вайна, Лютаўская рэвалюцыя, а таксама шматлікія мітынгі, дэманстрацыі. Галоўным героем твора з'яўляецца вытрыманы ва ўсіх адносінах, адданы рэвалюцыйнай справе, свядомы пралетарый Рыгор Нязвычны. У першай кнізе "Бацькава воля" расказваецца аб прыездзе Рыгора з Рыгі ў вёску Сілцы, яго ўзаемаадносінах з Зосяй Прыдатнай, яе бацькамі і іншымі аднавяскоўцамі. Рыгора не магло задаволіць ціхае, замаруджанае жыццё ў вёсцы, бо ён прагнуў рэвалюцыйнай дзейнасці, змагання за людское шчасце, у надыход якога свята верыў. Дзеянне ў наступных кнігах ("На перагібе", "Крыжавыя дарогі", "Чырвоныя зарніцы") адбываецца ў вёсках Сілцы, Смагін, Ступкі, а таксама ў Мінску, Рызе, Пецярбургу. Крыжовыя дарогі сталі суровым выпрабаваннем для герояў твора. Многія з іх мужнелі, загартоўваліся, іншыя, наадварот, гублялі веру ў ажыццяўленне рэвалюцыйных ідэй. Рыгор практычна ва ўсіх жыццёвых сітуацыях паказаны бездакорным бальшавіком, усе клопаты якога скіраваны на грамадскую дзейнасць. Аўтар захапляецца ім, прыўздымае над іншымі персанажамі і як бы не заўважае яго халоднага рацыяналізму, душэўнай чэрствасці, нячуласці, абыякавасці (стаўленне да маці, развагі пра Зосіны пакуты, адносіны да арышту Петруся). Катэгарычным, але рэвалюцыйна "правільным" з'яўляецца сцвярджэнне Рыгора аб сялянстве як непаўнацэнным і ніжэйшым, у параўнанні з 'рабочымі, класам. У выніку гэтага вобраз набыў спрошчаны, дэкларатыўны і ў многім штучны характар, што, безумоўна, паўплывала на мастацкія вартасці твора.