Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина

Творчасць Яна Чачота.

Творчы шлях Яна Чачота, сябра вядомага паэта Адама Мiцкевiча, даволi складаны. У час навучання ў Вiленскiм унiверсiтэце ўступiў у тайнае студэнцкае таварыства фiламатаў (фiламаты садзейнiчалi ўсеагульнай "асвеце", вывучэнню гiсторыi роднага краю, вусна-паэтычнай народнай творчасцi), дзе з'яўляўся кiраўнiком лiтаратурнага аддзела. Пасля выкрыцця царскiм урадам студэнцкiх згуртаванняў быў зняволены ў Вiленскую турму, а потым сасланы на Урал у крэпасць Кiзiл. Вярнуўшыся на радзiму ў 1833 годзе, пачаў займацца збiраннем фальклорных матэрыялаў, якiя былi выдадзены ў шасцi фальклорных зборнiках "Сялянскiя песенькi". Першыя беларускiя творы Яна Чачота непасрэдна звязаны з дзейнасцю студэнцкага таварыства фiламатаў i па форме нагадваюць iмянныя вiтаннi. Яны былi прысвечаны сябрам Ю. Яжоўскаму, Д. Хлявiнскаму, А. Мiцкевiчу, Ф. Малеўскаму i iнш. ("Да пакiньце ж горла драць", "Iмянiннае павiншаванне", "Едзеш, мiленькi Адам") i складзены па ўзоры беларускiх народных песень i iх вобразна-выяўленчых сродкаў Вялiкай папулярнасцю сярод фiламатаў карысталiся песнi "Што старыя за вар'яты", "Прэч, прэч, сум, нудоты", напiсаныя па матывах папулярных у тыя часы народных песень i, як правiла, сцвярджаючыя вольналюбiвыя настроi моладзi. Фалькларыстычныя мастацкiя прынцыпы аказалi вялiкi ўплыў i на польскамоўныя балады Я. Чачота "Наваградскi замак", "Свiцязь", "Бекеш", "Узногi", у якiх спалучылiся элементы рамантызму i сентыменталiзму. Другi перыяд творчасцi Я. Чачота (пасля вяртання з ссылкi) характарызуецца пiльнай увагай паэта-фалькларыста да беларускай народнай песеннай творчасцi. На працягу прыкладна 10 гадоў ён сабраў i выдаў у Вiльнi 6 кнiг "сялянскiх песенак" (тры з iх перакладзены на польскую мову, а астатнiя апублiкаваны ў арыгiнале, на беларускай мове). Побач з народнымi песнямi ў кнiгах змяшчалiся прыказкi, прымаўкi, фразеалагiзмы, уласныя вершы аўтара. У гэтых творах паэт з павагай пiсаў пра беларускую мову i яе носьбiтаў — сялян. Так, у прадмове да кнiгi "Сялянскiя песенькi з-над Нёмана" даследчык зазначае: "Сяляне нашы, люд добры, лагодны, працавiты, справядлiвы, павiнны абуджаць у нас самыя прыхiльныя да сябе пачуццi. З iмi можам быць шчаслiвыя. За працу iх рук аддаючы iмi працу розуму i нашай асветы, можам памножыць агульнае дабро. Не думайма, каб i ад iх мы не маглi чаму навучыцца. Многаму навучымся, вывучаючы iх становiшча i нораў: знойдзем у iх паданнi, казкi, легенды, i найбагацейшым будзе жнiво песенак, якiя дазваляюць спазнаць iх пяшчотныя, прыгожыя, тонкiя нават i глыбокiя пачуццi". У беларускiх вершах "Да мiлых мужычкоў", "Покулы сонца ўзыдзе", "Плакала бяроза ды гаварыла", "Нашто нам дым выядае вочкi", "Быў я колiсь кавалём" паэт адстойваў iнтарэсы сялян, iмкнуўся прымiрыць iх з панамi, выказваўся за маральнае ўдасканальванне чалавека працы. Асноўную прычыну цяжкага жыцця селянiна Я. Чачот бачыў у абыякавых адносiнах да яго пана, у нядобрым i злым аканоме. I таму ён заклiкаў:

 Пане ты наш, пане!

Будзь жанам ласкавы,

Не дай аканома,

Што асцёбаць жвавы.

 У змаганнi за гуманiстычныя адносiны да чалавека працы, жаданнi палепшыць яго долю, сцвярджэннi iдэi грамадзянскай роўнасцi сялян i паноў, у iмкненнi зацiкавiць пануючыя класы жыццём сялянства, а таксама маральна-этычнай змястоўнасцю i эстэтычнай каштоўнасцю народных песень вызначаецца асветнiцкая i дэмакратычная значнасць дзейнасцi Я. Чачота. Творы паэта на беларускай мове, як справядлiва зазначае К. Цвiрка, — яскравае сведчанне "нараджэння новай беларускай лiтаратуры i адначасова нацыянальнага адраджэння аднаго з самабытных i вялiкiх народаў".