1. Кароткі змест Лірыка

2. Кароткі змест Голас сэрца

 

 

Кароткі змест Лірыка

Творчы шлях П. Броўкі складваўся няпроста. У 30-я гады паэт аддаў даніну індустрыялізацыі, услаўленню машыны. Ён хацеў сваю паэзію бачыць «чарнарабочай у станка». Лірычны талент мастака шырока раскрыўся ў творах ваеннага часу, дзе П. Броўка гаварыў шчыра, ад сэрца. Ён знайшоў свае, непадобныя на іншых вобразы, каб паказаць трагедыю паднявольнага жыцця на радзіме («Надзя-Надзейка»), гераізм змагання з акупантамі («Кастусь Каліноўскі»), выявіць веру ў перамогу («Будзем сеяць, беларусы!»), любоў да роднай зямлі «Спатканне», «Рана»). Паэт жыў трывогамі і спадзяваннямі народа, і ў вершах шырока загучалі інтанацыі, вобразы, рытмы, формы народнай творчасці:

— Надзя! Надзейка!.. — плача жалейка —

Болей рукам тваім

Жыта не жаці,

Жыта не жаці,

Снапоў не вязаці, —

Трэцюю ночку вісне дзяўчына

На белай бярозе ля роднай хаціны.

Горачка-гора сэрца скавала,

Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?

(«Надзя-Надзейка»)

У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Броўка часта звяртаўся да жанру балады. Гэты жанр даваў магчымасць раскрыць драматызм і гераізм народнага жыцця, стварыць паэтычныя вобразы пакутнікаў і змагароў за вызваленне радзімы. Баладамі з'яўляюцца «Надзя-Надзейка», «Кастусь Каліноўскі», «Рана».

Асабіста перажытае, выпакутаванае, адчутае на вайне нарадзіла арганічны сплаў высокага паТрыятычнага пачуцця і глыбокага лірызму ў вершы «Спатканне». Яго лірычны герой гэта і сам паэт, і, шырэй, воін-беларус, які нясе вызваленне сваёй спакутаванай зямлі.

Як спяшаў я да вас,

Засмучоныя хаты,

Здратаваныя нівы,

Лугі-мурагі!..

Я вярнуўся да вас

Цвёрдым крокам салдата,

Хоць нямала пранёс

За дарогу тугі.

Хіба мог я калі -

Хоць на момант забыцца?

Вамі жыў я

I ў сэрцы хацеў зберагчы.

Мне званілі штодня

З-пад Ушачы крыніцы,

Хвалі Нёмна будзілі

Не раз уначы.

Родная зямля для лірычнага героя не толькі малая радзіма, Ушаччына, а ўся Беларусь. Яму нагадвалі пра сябе Сож, Нёман, Бяроза, Дняпро, яго «кліча Буг», каб над усёю краінай устала зарой перамога. У вершы гучыць радасць спаткання і боль за знявечаную зямлю, нянавісць да ворага, вера ў хуткую перамогу.

Пасляваенныя 40-я і 50-я гады былі маласпрыяльнымі для выяўлення шчырага пачуцця, захаплення звычайным, штодзённым жыццём. П. Броўка піша шмат, аднак нямногія яго творы становяцца з'явай, мастацтва. Голас паэта набывае уральнасць і чысціню толькі з канца 50-х гадоў.

Яны да спадобы мне, хай і старыя,

Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.

Як многа гавораць мне назвы такія —

Мінск, Пінск, Брэст.

Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,

Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,

Што продкі любілі спакойную працу —

Шклоў,

Клецк,

Мір.

...Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,

Каб звонка звінела, была, як агонь.

I сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, — Блонь,

Струнь,

Звонь!

(«Родныя словы», 1958)

Пра сваю любоў да радзімы, прыгажосць роднай мовы, спакойны, неваяўнічы, але разам з тым і незалежны характар беларусаў («А вораг находзіў — бязлітасна білі, трываць не хацелі абразы і слёз...»), паэт гаворыць без гучнай патэтыкі і высокіх слоў, згадваючы «родныя словы» — назвы беларускіх гарадоў, вёсак, рэк.

У вершы «Пахне чабор» —успамін маладосці пра вечар, сонца над борам, лёгкія дзявочыя крокі, што неслі шчасце; кахання ды так і не данеслі. А над усім гэтым — пах чабору:

Хіба пра вечар той можна забыцца?

...Сонца за лесам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор,

Пахне чабор... Пахне чабор...

Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы,

Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,

Быццам абсыпана промнямі зор.

Пахне чабор... Пахне чабор...

Пачуццё закаханасці паэтызуе, узвышае звычайныя з'явы, таму сонца параўноўваецца з жар-птушкай, а дзяўчына паўстае «быццам абсыпанай промнямі зор». "

У юнака не хапіла рашучасці «выйсці насустрач, стаць і прызнацца». Ад кахання застаўся сумна-прыгожы ўспамін, які, аднак, трывожыць, кліча да сябе.

Час той схаваўся за дальняй зарою,

Здасца хвілінай — яна прада мною...

Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор,

Пахне чабор... Пахне чабор...

«Пятрусь Броўка асабліва арганічны ў слове нягучным, някідкім, у «традыцыйных» вобразах, яго перажыванням адпавядаюць звычныя памеры і кананічная строфіка, нескладаныя рыфмы. Але за гэткай вонкавай прастатой нярэдка тоіцца вялікая прастора, схаваны глыбінныя пласты зместу. Гукавая зладжанасць, унутраная гармонія, уменне знайсці адзінае патрэбнае слова і звязаць яго непарыўна з другімі словамі — вынік сапраўднага майстэрства і натхнення», — адзначае В. Бечык.

Паэзія П. Броўкі поўніцца пачуццямі дабра і справядлівасці, чысціні і прыгажосці, яна павучальная ў лепшым значэнні гэтага слова.

Усё пакінуць

след павінна

Бо, як пачаўся белы свет,

Прамень,

пясчынка

і расіна

Нязменна пакідаюць след.

I птушка песняю сваёю,

I кропля, што імкне да рэк...

А колькі,

колькі за табою

Слядоў на свеце,чалавек!

...Вы выйшлі ў далеч, маладыя,

Вам доўга крочыць праз гады.

Не забывайцеся ж,

якія

Вы пакідаеце сляды.

(«Сляды», 1963)

Заклік рабіць дабро, быць шчырым і шчодрым, ісці па жыцці сваёй дарогай, нягледзячы на цяжкасці, гучыць у вершах «Дабро», «Ты шчодрым будзь!..», «А ты ідзі...», «З нас кожны памыляцца можа...».

Паэзія П. Броўкі дае добры прыклад душэўнай шчодрасці, умення адчуваць сваё месца ў жыцці і не перабольшваць вартасці ўласнай асобы, быць самім сабою, але і не вылучаць сябе сярод іншых. Гэтыя рысы выразна выявіліся ў вершах «пра сябе» — «Вось узялі падсумавалі», «Памыл-ка», «Калі надыдзе час спачыну».

Калі надыдзе час спачыну,

Адна ёсць просьба да зямлі:

Накрый мяне крылом арліным,

Крыло галубкі пасцялі.

Абодвум з дзён маленства босых

Зайздросціў я, як ні кажы, —

Глядзеў услед арлу ў нябёсах

Ды галубінай быў душы.

А ўсё ж калісьці, у нейкім ранні,

З праменнем першым па расе

Не клёкат грозны — вуркаванне

Няхай мне вецер прынясе.

(«Калі надыдзе час спачыну», 1968)

 

 

Кароткі змест Голас сэрца

Ліра-маналагічная паэма «Голас сэрца» з'явілася ў друку ў 1960 г. Яна прысвечана памяці маці паэта, Алёны Сцяпанаўны, якая была знішчана ў 1943 г. у Асвенціме. У 1947 г. П. Броўка разам з іншымі савецкімі пісьменнікамі (А. Твардоўскім, I. Эрэнбургам, П. Тычынай) пабываў у фашысцкім лагеры смерці, на свае вочы пабачыў «там няшчасную долю» самага блізкага чалавека. Пэўна тады, у 40-я гады, сыноўні боль быў такі вялікі, што словы застылі ў сэрцы. Выліліся яны на паперу больш чым праз дзесяцігоддзе. Аднак і прайшоўшыя «зімы і вёсны» не змаглі сцішыць яго, загаіць душэўную рану.

Паэма складаецца з чатырох частак, кожная з якіх мае сваю тэму. Цэласнасць твору надае вобраз маці.

У першай частцы паўстае, навеяны жахлівымі рэаліямі Асвенціма — калючым дротам, мулкімі нарамі, жалезнымі наручнікамі, гарой жаночых валасоў, чорнымі комінамі крэматорыя — вобраз маці-паланянкі.

Ціхай, знявечанай і ледзяною

З часу таго ты стаіш прада мною,

З болем, што сэрца мае не пазбудзе,

З нумарам, што прапаліў мае грудзі, —

гаворыць паэт. Ён нібы праходзіць у лагеры пакутніцкім шляхам маці. Страшную карціну здзеку над жыццём, якая не суадносіцца з нармальнай чалавечай свядомасцю, узмацняе згадка пра колькасць спаленых і замучаных людзей. Аўтар ужывае наступнае параўнанне: «Што між барханаў пустэльні пясчынка, // Ты ў такім моры не больш, як слязінка». У лагеры побач з ахвярамі знаходзіліся каты, «тыя, што скакалі ля вогнішча смерці». Сэрца паэта і сына поўніцца гневам ад таго, што гэтыя вырадкі і нелюдзі, непакараныя і неадпомшчаныя, дзесьці жывуць.

Горкую праўду «праклятага месца», дзе маці «збылася ў пакуце пякельнай», не хоча прымаць.сынава сэрца. Насуперак усяму яно хавае «адну спадзяванку», што родны чалавек жывы і чакае, як і раней, у «старой нізенькай хатцы». Пачатак другой часткі — гэта сагрэтыя пяшчотай і любоўю ўспаміны, якія высвечваюць хараство простай вясковай жанчыны -працаўніцы:

Не, мне ніколі таго не забыцца,

Як ты спявала, як прала, як жала,

Як шыла кашульку, як вышывала,

Як пахлі рукі твае лебядою,

I хлебам жытнёвым, і сырадоем...

Як яны нас абдымалі і грэлі,

Як твае вочы ласкава глядзелі...

У родных мясцінах пра яву, якую «сілы няма перайначыць», нагадваюць «зарослы падмурак» на месцы хаты і куст бэзу, што адзін ацалеў на былым папялішчы. Уяўленне паэта малюе вобраз маці-партызанкі. Яна «абвязвала раны белай хусцінкай, // Дзялілася з імі ( партызанамі. — Т.Г.) хлеба скарынкай». Аўтар і тут бачыць маці «адной між мільёнаў». На гэты раз сярод тых, хто змагаўся з акупантамі.

Маці! А з нашае роднае хаты

Іскраю яркай, маленькай была ты,

Іскрай, што родным, як светач, свяціла,

Іскрай, што набрыдзь-чужынцаў паліла,

Што прывяла акупантаў да скону...

I ты ёй была, адной між мільёнаў.

Сэрца сына поўніць пачуццё гонару за яе.

Скруха і боль крыху слабеюць ад разумення, што ахвяры, страты, пакуты былі недарэмнымі, што родны край адрадзіўся і квітнее. Паэт быццам чуе голас маці:

— Досыць па нас вы паплакалі, досыць.

Шануйце, пільнуйце, што збудавалі,

Каб болей пакутаў людзі не зналі.

Гэты наказ-запавет адгукаецца ў сэрцы трывогай — на планеце ёсць яшчэ тыя, для каго здабыты цаной мільёнаў чалавечых жыццяў мір не з'яўляецца каштоўнасцю. Ад імя ўсіх, каму «грукае попел у сэрца», аўтар заклікае помніць словы Юліуса Фучыка «Людзі! Будзьце пільнымі».

«Паэма-плач, паэма-рэквіем становіцца трыбуннай прамовай, перарастае ў набат» (А. Гурская). У трэцяй частцы выкрываюцца падпальшчыкі вайны, заморскія мільянеры і генералы. Яны і іх блізкія не зведалі гора: «З рэчкі, што кроўю цякла налітая, // Ім ручаінка плыла залатая». «Што гэтых людзей цягне да вайны? » — ставіць пытанне П. Броўка і адказвае: «Грошы і зброя.

Грошы заўжды павялічваюць зброю —

Растуць генералы — далараў героі.

Зброя заўжды павялічвае грошы —

Грабуць мільянеры золата коўшам».

Увагу сучаснікаў аўтар скіроўвае на нявырашаныя чалавецтвам праблемы, нагадвае пра тысячы бедных, галодных, бяздольных. Ён заклікае сродкі, якія ідуць на войны і ўзбраенне, выкарыстаць на іншае:

Давайце збудуем добрыя хаты

Заместа ракет, заместа гарматаў,

Давайце ж бальніцы, школы памножым

Заместа знішчальнікаў і бамбавозаў.

Уваскрэшаны ў такім кантэксце вобраз маці (канкрэтны і абагульнены адначасова) у чацвёртым раздзеле раскрываецца новай гранню, Пра маці паэт гаворыць як пра захавальніцу жыцця: яна гадавала дзяцей і вучыла іх любіць усё жывое. Ёй ад імя былых салдат даецца клятва берагчы спакой і шчасце роднага краю.

Вобраз маці, простай беларускай жанчыны, набыў у паэме П. Броўкі шырокую тыповасць і маштабнасць. Раскрываецца ён праз маналог сына і паэта-грамадзяніна, таму ў творы лірычна-спавядальныя інтанацыі суседнічаюць з прамоўніцка-публіцыстычнымі. Аўтару ўдалося глыбока асабістае арганічна знітаваць з агульналюдскім. Трагічны лёс блізкага чалавека праецыруецца на актуальныя праблемы сучаснасці, звязаныя з памяццю пра Вялікую Айчынную вайну, захаваннем міру, спыненнем гонкі ўзбраення