Javascript must be enabled in your browser to use this page.
Please enable Javascript under your Tools menu in your browser.
Once javascript is enabled Click here to go back to �нтеллектуальная Кобринщина


Пяць месцаў, якія варта наведаць у Кобрыне

Каб пахваліцца, што “я быў у Брэсце”, трэба наведаць Брэсцкую крэпасць, у Гродне – Каложскую царкву, у Віцебску – летні амфітэатр. А без чаго нельга на 100% адчуць атмасферу Кобрына?

Разам з дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Аленай Бабенка мы склалі рэйтынг найбольш цікавых і знакамітых з гістарычнага пункту гледжання аб’ектаў горада.

 

 Пункт першы – Дом-музей імя А. В. Суворава

Кабрынчане вельмі ганарацца гэтым домам, таму не дзіўна, што ўсіх гасцей у першую чаргу вядуць сюды. Горад і гэтая сядзіба былі падараваны ў 1795 году палкаводцу імператрыцай Кацярынай ІІ. Сувораў жыў у Кобрыне з 1797 па 1800 гады.  Паглядзець на яго былы побыт, паслухаць расказы пра маленькага Сашу Суворава можна, заказаўшы экскурсію. Ну, і сам музей імя А. В. Суворава варты наведвання, хоць бы нават з той прычыны, што ён з’яўляецца адным са старэйшых музеяў Брэстчыны.


Пункт другі – парк імя А. В. Суворава

Парк быў закладзены ў 1768 годзе паводле распараджэння падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза.  Праз 27 гадоў парк разам з сядзібай перайшоў Сувораву, пасля маёру Гельвігу, а з сярэдзіны XIX стагоддзя цэнтральная сядзіба належала Аляксандру Міцкевічу (брату паэта Адама Міцкевіча). Сувораўскім парк назвалі 63 гады таму. 

 

Пункт трэці – Свята-Аляксандра-Неўскі сабор

Гэта адзін з самых старых будынкаў горада. Будаўніцтва сабора было прысвечана адмене прыгоннага права. А яшчэ раней, у 1812 годзе, калі сабора яшчэ не было, тут праходзіла бітва паміж часцямі рускай арміі і саксонскай брыгады генерала Жана Луі Рэнье. Бой цягнуўся больш за дзевяць  гадзін. Помнік у гонар гэтай падзеі знаходзіцца недалёка ад сабора. 

 

Пункт чацвёрты – помнік князю Уладзіміру і ягонай жонцы Вользе

Дзякуючы ім 724 гады таму Кобрын быў унесены ў летапіс. У Іпацьеўскім летапісе ў 1287 годзе ёсць запіс пра тое, што валынскі князь Уладзімір Васількавіч пакінуў горад сваёй жонцы Вользе Раманаўне. 

 

Пункт пяты – гістарычны цэнтр

Па вуліцы Суворава патрэбна дайсці да плошчы Свабоды, а пасля праз будынак ЗАГСа выйсці на набярэжную. І ўздоўж берага ракі Мухавец дайсці да Спаскага манастыра.

Аднак спіс цікавых гістарычных аб’ектаў Кобрына можна працягваць і працягваць. Больш падрабязна даведацца пра гістарычную спадчыну горада вам дапамогуць у музеі імя Суворава, які арганізоўвае экскурсіі па горадзе.

Настасся ЗАНЬКО